
Андрэй Брызін ляжаў на вузкім тапчане ў прыхожай, дзе ён заўсёды, калі начаваў
дома, прачынаўся пасля шырокага разгулёну, і галавой чалавека, які некага забіў,
на кавалкі пасек і пад плотам закапаў, падлічваў страты з учарашняй п'янкі. Грошы
- само сабой, іх і лічыць няма чаго, хоць і шкада: мог купіць бензапілу. Ён напружыў
кулакі, якія маглі б сціскаць зараз ручку бензапілы, але ад уяўлення пра тое,
як бы яна выла і скрыгацела, у яго падцяліся вушы, і ён падумаў, што хрэн з ёю
з той бензапілою. Тым болей, што ў прыхожай не вісела ягоная куртка, а грошы былі
ў куртцы. Скураная куртка - раз, прапітыя грошы - два. Што яшчэ ў куртцы?
...Ключы ад дому, бо ён кідаў Машы, каб адчыніла, каменьчыкі ў акно. Звону не
помніў, значыць, шыбу, як мінулым разам, не пабіў, і шкліць не трэба.
...Ключы ад работы, бо яны былі ў звязцы з ключамі ад дому.
...Ключы ад машыны, хоць яны і былі асобна. Калі ключы ад дому можна ўзяць дома,
ключы ад работы - на рабоце, дык ключы ад машыны нідзе не ўзяць. Трэба здымаць
замок. І гэта сёння - заныла ў патыліцы - бо з абеду ехаць.
Дакументы?.. Пашпарт - не, здадзены ў авір, каб паставілі гэтую б...кую пячатку,
што ён можа падацца ва ўсе канцы свету. Патрэбная была пячатка новая, старая скончылася
ў той дзень, калі ён выязджаў з Брэста, і праз гэта, як ні качаў правы, казлы-пагранцы
яго не выпусцілі. Ён вярнуўся, асабліва рабіць, спланаваўшы выезд у Прагу, не
было чаго, дзень-другі патрываў - і напіўся. Паліцэйскае царства! Нідзе ў свеце
пагранічнікі не разам з ментамі.
Што яшчэ? Нібы нічога. Запальнічка, цыгарэты, розная драбяза... Вадзіцельскія
правы!.. Гэта страта, хоць ёсць і яшчэ адны. Дарэчы, дзе яны, дома ці на рабоце?..
Ну ды недзе ёсць. Здаецца, што ўсё. З матэрыяльным - усё.
Цяпер - што з духоўным?.. Забіў - раз. Пасек і закапаў - два. Пад плотам - тры...
Няўжо больш нічога? Не можа быць... Мардабой у рэстаране - гэта духоўнае, ці матэрыяльнае?..
І з чаго мардабой? Сініцын яму сказаў, што пераспаў з Нінай. Дык прычым тут Сініцын?
З Сініцыным у яго кантракт на пастаўкі алюмініевай пудры, а ён яму - ці не ў парашок
зубы. Ай-я-яй... Трэба званіць, трэба падымацца і ехаць. Калі гэта сапраўды ўсё...
Нібыта ўсё, а нібы і не... Пацягнуўся ён яшчэ пасля рэстарана і мардабою да Ніны,
каб сказаць, што яна курва. Ніна яго не ўпусціла, таму адкрычаў, хто яна ёсць,
праз дзверы. Ды гэта няважна, праз дзверы, ці не, бо так яно ёсць - і гэта не
духоўная страта. З ёй даўно пара завязваць, хоць і салодзенькая. Ды ці такая ўжо
салодзенькая? - ён з ёй цвярозы і не быў ні разу. А п'яному і кісляк не ў аскому...
- Маша... - слаба паклікаў Брызін, і ў галаве прашумела ша... ша... ша...
З гасцёўні выйшла ягоная дзевятнаццацігадовая дачка, якая глядзела на яго любоўна.
Яна заўсёды глядзела на яго любоўна, бо ён не шкадаваў для яе грошай, і наогул
яны сябравалі.
- Ну, што табе, п'янтос? Піва?
- Тэлефон.
Дачка прынесла тэлефон.
- Набяры Сініцына на мабільнік. Спытайся, ён не ў зубнога?
Маша набрала.
- Сам пытайся.
- Артур, - спытаў Брызін, і ў галаве пратуркала тур... тур... тур... - ты не ў
зубнога?
- А пасоў ты... - свістануў Сініцын і адключыўся.
- Ты яму зноў зубы выбіў? - забраўшы тэлефон, спытала Маша.
- Не знаю. Ён не сказаў.
- Тады, можа, і не выбіў, - супакоіла яго дачка. - Звычайна ён гаворыць.
- Ну, - згадзіўся Брызін. - Звычайна гаворыць.
Любімая дачка спагадліва глянула на любімага бацьку.
- Калі ён цябе не расстроіў, дык, можа, і мне цябе не расстройваць?
- Расстройвай, - склаў рукі на грудзях Брызін. - Чым?
- Жонка твая зноў ад цябе сыйшла.
- А... - пацягнуўся Брызін. - Ты мяне сапраўды любіш.
- Але на гэты раз неяк рашуча сыйшла. Са срэбрам і золатам. Я нават пабудзіць
цябе хацела.
- Малайчына, што не пабудзіла. Вернецца.
- Ну, глядзі, табе жыць. Яшчэ ў тваім жыцці я нечым магу памагчы?
- Вольная. Грошай няма, прапіў.
- Я ў цябе ўчора і на заўтра ўзяла, - прызналася Маша. - Прадбачыла.
- А чаму не сказала? - з папрокам спытаў Брызін.
Маша нахілілася да яго.
- Дык зараз кажу, не чуеш?..
- Я не пра грошы, - абняў яе Брызін. - Чаму не сказала, што нап'юся, калі прадбачыла?
- Тады б жонка твая засталася, - чмокнула яго ў балючы лоб дачка. - І пілавала
б яна цябе зараз, як бензапіла.
- О-о-о... - прастагнаў Брызін, у галаве якога заскрыгатала і завыла. - Адкуль
ты пра бензапілу ведаеш?
- Я ўсё пра цябе ведаю, - ускочыла Маша і пачала апранацца. - Ніколі яблыні на
дачы ты не абрэжаш!
- Чаму?
- Таму што бензапілы ў цябе ніколі не будзе. Ты прафесійны прапойца бензапілаў.
Ці лепей, мусібыць, сказаць прапільшчык. Бай-бай, папраўляйся, я ў інстытут.
І за дачкой зачыніліся дзверы.
- А вось і будзе, - сказаў у дзверы Брызін. - І сёння. І я распілую Нінку напалам
разам з яе дзвярыма.
Сітуацыя трохі праяснілася, і Андрэй, трымаючы твар у руках, панёс яго рамантаваць,
мыць ды галіць, каб на людзях паказацца. Заадно прыкідваў, што найперш рабіць?..
Жонкай займацца яму не хацелася, ды і чым займацца? Тое, што яна сыйшла рашуча,
забраўшы свае бразгаўкі, яшчэ нічога не азначала. Хоць лепей было б, каб азначала.
Яна, праўда, няслаба дапамагала Машуні ў ангельскай і французскай, што было не
апошняй прычынай, па якой з ёй, былой сваёй сакратаркай, ён і ажаніўся, а дакладней
- сышоўся і жыў, але Маша ўжо лапатала па-іншаземнаму не горш за яе, і вялікай
патрэбы ў хатняй настаўніцы болей не мелася. Ва ўсім жа астатнім Таісія Арчыбальдаўна
толькі шкодзіла. Надумаўшы сабе нейкае ўзорнае каханне, па якім, як казала, сумавала
ў бацькоўскім доме і два разы замужам, яна знервавала ім і сябе, і Брызіна, умешвала
ў сямейныя справы радню, знаёмых, і кожная падзея, дата, любая сходка ў гасцях
ці дома ператваралася ў аператыўны разбор брызінскіх палётаў. На мінулым яе дні
нараджэння, калі Брызін пачаў абавязковы ў такіх выпадках тост, ну, і сказаў,
бо трэба было, як многа яна для яго значыць і як ён яе кахае, Таісія ўскочыла,
закрычала: "Так кахаеш, што ніяк падсцілак сваіх у мой ложак не перацягаеш!"
- і пры ўсіх надзела яму на галаву місу з салатам. Нават Арчыбальд, бацька Таісіі,
сказаў тады: "Андрэй, яна, канечне, мая дачка, але як ты яе трываеш? Я б
яе ці на салат пакрышыў, ці прадаў бы татарам". Чаму татарам?.. Забілі Арчыбальда
Інакенцьевіча, шкада. Развясёлы быў злодзей і гуляка. Так гуляў, што незразумела
было, калі паспяваў красці. І нічарта Таісіі не пакінуў!.. І Брызін быў перакананы,
што не толькі праз тое, што не рыхтаваўся да смерці. Але джэнтэльменскі набор
- кватэру ў горадзе і катэдж на Мінскім моры, машыну, гараж - Арчыбальд з сабой
не забраў. Пакуль нібыта ўсім валодае ўдава, але гэта фармальна, так што Таісіі,
дзякуй Богу, ёсць куды пайсці ад любога мужа. Хоць бы не вярнулася...
Зазваніў тэлефон.
"Яна!" - падумаў Брызін і не памыліўся.
- Я ад цябе пайшла, - трагічна прадэкламавала дачка Арчыбальда, які да таго, як
стаць постсавецкім злодзеям, быў савецкім драматычным акцёрам.
- Знаю. Мне Маша сказала.
- Назаўсёды! - крыкнула Таісія, ад чаго ў Брызіна ледзь не адляцела неадрамантаваная
галава.
- Можа, не будзем спяшацца... вернешся? - зноў асцярожна прытуліўся вухам да трубкі
Брызін, з жахам думаючы пра тое, што ён Таісіі Арчыбальдаўне прапаноўвае.
- І што?.. - праз паўзу спытала Таісія.
- Бензапілу купім... Яблыні абрэжам, - сказаў Брызін, каб нічога не сказаць, і
не маючы на ўвазе нічога кепскага.
- Ты ска-ці-на! - крыкнула Таісія Арчыбальдаўна так, што ў яго сапраўды адляцела
б галава, калі б ён прадбачліва не аднёс ад вуха слухаўку. І кінула трубку.
"Вернецца, - з тугой падумаў Брызін. - Калі так крычыць, дык вернецца...
І чаму я ўсё сам не магу ёй сказаць?.. Ну ды выкруцімся. Праўду кажа Маша: ануча
і тая выкручваецца".
Падышоўшы да дзвярэй, Брызін успомніў пра ключы і ўжо хацеў раззлавацца на самога
сябе яшчэ і за тое, што не сказаў Машы, каб аддала свае, але тут убачыў на паліцы
каля люстэрка ключы Таісіі. Пакінула!.. Раней не пакідала. Гэта яму здорава прыдало
імпэту - і на вуліцу ён выйшаў хоць з нейкай надзеяй на нейкую будучыню.
Артура Сініцына злавіў ён на выяздзе з офісу. Артур Сініцын казаў пра сябе: "Я
ва ўсім супадаю з жыццём і часам, але ў мяне не надта супадаюць імя і прозвішча.
Толькі ў тым мая праблема, але яе я перажыву". Сініцын лічыўся камерцыйным
дырэктарам камбіната будаўнічых матэрыялаў у Бабруйску, аднак офіс меў у Мінску,
дзе стараўся не так на камбінат, як на сябе. Убачыўшы Брызіна, ён не стаў спыняць
машыну - і Брызін зрабіў крок пад левае крыло сініцынскай "Мазды". Сініцын,
скрывіўшыся, затармазіў, усім сваім выглядам паказваючы, што зрабіў зусім не тое,
што хацеў бы зрабіць: пераехаць Брызіна пярэднімі коламі, а пасля, калі ён пачне
з-пад іх выпаўзаць, дадушыць заднімі. І ў якасці кантрольнага стрэлу яшчэ раз
праехацца заднім ходам - туды-сюды па галаве.
- Артур, з мяне штука зялёных, - сказаў Брызін. - Не крыўдуй.
- Сасунь сваю стуку ў сваю сялёную саку, - салаўём прасвістаў Сініцын, і Брызін
зразумеў, што гэтая фраза далася яму няпроста.
- Колькі? - спытаў ён са спагадай.
Сініцын паказаў тры пальцы.
- Пярэднія? - спытаўся Брызін з жалем і непадробным спачуваннем.
- Ты, сука, сдзекуеся яссэ! - упоперак перакрывіла Артура. - Садусу! - і Брызін
ледзь паспеў адскочыць ад рвануўшай на яго "Мазды".
Кантракту кранты. Сініцын знойдзе іншага пасярэдніка, калі ўжо не знайшоў, ён
сам пасярэднікаў і выбірае. А гэта табе не штука, гэта многа-многа штук па штуцы.
Брыльянтавыя зубы з плацінавамі сківіцамі можна ўставіць. Во гэта страта, а ён
правамі застраціўся! Ай-я-яй... І што рабіць? Да каго і ў які бок бегчы? Да курвы
Нінкі?.. Да курвы Нінкі, больш няма да каго. Калі нехта Артура і ўламае, дык толькі
яна. Праблема Сініцына не толькі ў тым, што ў яго імя з прозвішчам не супадаюць,
а яшчэ і ў тым, што, калі ўжо ён западае на бабу, дык па вушы з шапкай.
Клопаты з машынай выглядалі цяпер дробязнымі, але ўсё ж Брызін пазваніў на фірму
свайму намесніку, які быў не столькі ягоным намеснікам, колькі бегунком туды і
па тое, куды і па што пашлюць. Брызін сказаў яму, каб усё ён к чорту кінуў і знайшоў
чалавека, які б зняў з машыны замок і падрабіў ключы.
- Чалавека я знайду, але як яго ў гараж усунуць?.. Дзе ад гаража ключы? - спытаўся
намеснік, які не строіў з сябе бізнесмена і без крыўды адклікаўся на мянушку Бегунок.
- Нідзе, - сказаў Брызін. - Каб былі ад гаража, то былі б і ад машыны. Купі бензапілу
і зрэж замок.
- А чаму бензапілой? - не зразумеў Бегунок.
- Бо бензапіла, як і машына, на бензіне, - растлумачыў яму Брызін і выключыў тэлефон.
Ніна Цымішкіна, ці, як яна сама называла сябе, Нінэль, што, як і ў выпадку з Артурам
Сініцыным, не надта стыкавалася з прозвішчам, была дома, але дзверы адчыняць,
зразумела, не заспяшалася.
- Ідзі да курвы, - сказала яна Брызіну. - Тут табе не бардэль. До ўжо гэтага:
Нінэль, у пасцель! А для ўсяго астатняга - Нінка.
- Нінэль, - пайшоў прыніжацца Брызін, - зараз у мяне няма з сабой грошай, але
толькі за тое, што ўпусціш, з мяне дзвесце пяцьдзесят.
- А чаму дзвесце пяцьдзесят? - спытала зацікаўленая Нінэль.
- Ну трыста, - накінуў Брызін. - Клянуся.
- Спадзяюся, не рублямі аддасі? - адчынілася Нінэль. Была яна, як заўсёды,у незашпіленым
шоўкавым халаціку на голае цела, і голай яна хадзіла, як даволі хутка пасля знаёмства
з ёй зразумеў Брызін, не з таго нават, што сапраўды выглядала спакуслівай сексбомбачкай,
а таму што голасць і была яе сутнасць. Па-за гэтай голай сваёй сутнасцю Нінэль
Цымішкіна ўся і адразу канчалася.
- Артур у цябе быў сёння ўночы? - прайшоўшы ў пакой з шырачэзным ложкам пад ружовым
балдахінам, дзе і выяўляла сваю сутнасць Нінэль, спытаў без прэамбулы Брызін.
- Быў, - не стала таіцца Нінэль. - І чуў, як ты да мяне ламіўся... Нашто ты яму
зубы выбіў, прыдурак?
Брызін біўся з Сініцыным не раз і не два, яго раздражняла ў самаўлюбёным Артуры
ўсё: як ён з іголачкі апранаўся, як паліў найтонкія, підарскія нейкія цыгарэты,
як хадзіў балеруном, як размаўляў, еў і піў, адтапырваючы мезенец, а найбольш,
бадай, раздражняла ўдачлівасць гэтага пісклявага бавіяна, які, калі і на гаўне
паслізнецца, дык усё адно на грошы ўпадзе. Цвярозы ён яго трываў, бо што было
рабіць, а п'яны, калі не мог сябе кантраляваць, зрываўся. І для ўчарашняга мардабою
Нінэль была толькі зачэпкай, хай з ёй спіць хоць табун, ён жа сам яе Сініцыну
і падсеяў, але Брызін састроіў адчайна-вінаваты твар і сказаў:
- Узраўнаваў я, Нінэль, так, што асляпіла... Таму і ламіўся да цябе. Калі б адчыніла
- забіў бы.
Нінэль сціснула кулачкі на грудзях:
- А Божа!.. Ты кахаеш мяне, Брызін?
- Што ты ўсё Брызін, Брызін!.. Андрэй я, а не Брызін! - падвысіў Брызін голас
- і адразу ніякавата суцішыўся. - Выбачай, я нават не думаў, што так... Усё ж
неяк было па п'янцы, па гульбе... Аказалася, што я і піў з таго, што не з табой.
- А што табе замінала быць са мной?.. Я цябе ніколі не выганяла.
- А сям'я? Жонка?.. - І, коратка ўздыхнуўшы, нервова паляпаўшы па кішэнях, нібы
ў хваляванні шукаў цыгаркі, Брызін выдаў галоўнае:
- Сёння я разышоўся з ёй.
- Што?.. Як разышоўся?
- А як разыходзяцца?.. Я не ведаю, дагэтуль не даводзілася. Мая першая жонка памерла
пры родах, цудам дачка засталася жывая. А Таісіі я проста сказаў, што мы болей
не муж і не жонка, бо я кахаю іншую. Ды мы і не былі мужам і жонкай. Так, жылі.
- Я не веру табе, - ужо ва ўсё паверыўшы, - спалохана сказала Нінэль. - Не, я
не веру...
- Пазвані, - падняў трубку тэлефона Брызін. - Можаш да Таісіі, можаш да Машы...
Я адразу і ёй усё сказаў, чаго тут цягнуць?..
- І што цяпер будзе? - спытала Нінэль. - І як мне з Артурам?..
- З Артурам праблема, - паклаў трубку і пацёр далонямі скроні Брызін. - І не толькі
ў цябе. У мяне таксама. Ён мне ўсё-такі сябар, але надта крыўдлівы, ты ж яго ведаеш,
і цяпер з нічога можа выкруціць такое...
- Ніякі ён табе не сябар, - перапыніўшы Брызіна, адразу данесла на Сініцына Нінэль.
- Сёння нараніцы ён некаму званіў і сказаў, што з табой у яго ўсё.
- Як гэта ўсё? - зрабіў выгляд, што не зразумеў яе, Брызін. - Па п'янцы па зубах
стукнуліся - і ўсё? Не можа быць, нешта ты не тое пачула. Ён жа мужык.
- Ой, які ён мужык! - ускінула полы халаціка Нінэль. - Пеўнік на шастку.
- Выбачай, але для мяне гэта не мае значэння, - стрымана сказаў Брызін, стараючыся
не спыняцца позіркам на Нінэль, з якой, як толькі шоўкава ўзляцеў халацік над
яе сутнасцю, яму адразу занецярпелася пераляцець пад ружовы балдахін.
Нінэль, зразумеўшы яго па-свойму, падкрыўдзілася.
- Як не мае значэння?
- Ну, разумееш, Артур мне, як брат, якога ў мяне няма, як частка мяне самога.
І, можа, нават большая, чым я сам.
- Што ж ты сам сабе ў зубы не даў? - даволі ўдала для яе сутнасці здзівілася Нінэль.
- Праз такіх жанчын іншым разам і браты б'юцца, - упаў тварам у яе калені Брызін,
абняў - і Нінэль затрапяталася. - Я хачу быць з табой, Ніна... Ідзі да мяне, Нінэль...
І Нінэль пайшла, і была ў сваёй сутнасці сапраўды салодкай...
- Давай усё ж падумаем, як яго ўламаць, - запальваючы цыгарэту, сказаў Брызін.
- Не дам - і ўламаецца, - са шчырай адкрытасцю сказала Нінэль. - Чаго тут думаць?
Брызіна гэта нечакана торгнула.
- Што, ён так да цябе?..
- А ты да мяне як? Да мяне хіба іначай можна?.. - не прамінула скакетнічаць і
кошкай пацёрлася аб Андрэя Нінэль. - Хай сабе ён пеўнік, але ж з хвосцікам...
- Правільна, не давай, - сказаў Брызін. - Ну яго...
- Ну, дык ну, - згадзілася Нінэль.
- Ты пра што занукала?
- Калі зусім не дам, дык не ўламаецца... Пасля ўсё ж давядзецца даць, каб даламаць...
А так за што?
- Ну, дай, - з трэшчынаю ў голасе сказаў Брызін. - Але раз! І апошні.
- Табе будзе балюча? - ласкава пагладзіла яго Нінэль.
- Невыносна, - адвярнуўся Брызін ад каханай, каб яна не бачыла пакут на ягоным
твары і слёз у ягоных вачах. - Толькі ён мне ўсё ж амаль брат... І як толькі падумаю,
што мы страцім адзін аднаго ў гэтым жыцці... Не, не магу. Зрабі гэта, Нінэль.
Толькі адзін раз, заклінаю цябе!
- Адзін брат, дык і адзін раз, - разважліва сказала Нінэль. - А нашто два?
Брызін пачаў збірацца.
- Дык з цябе трыста? - праводзячы яго да дзвярэй, не забылася ўдакладніць Нінэль.
- Як абяцаў, - уважліва паглядзеў на яе Брызін. - Але я быў падумаў, што япер
гэта ўжо так...
- Так я для цябе даражэй абыйдуся, Андрэй... Значна даражэй.
- Добра, дарагая мая, - пяшчотна абняў яе на развітанне Брызін. - Трыста, а пасля
ўсё астаняе. Толькі вярні мне брата.
І тут у дзверы пазванілі.
- Брат вярнуўся, - без асаблівага спалоху сказала Нінэль. - Бачыш, як хутка. то
рабіць будзем?
- Не адчыняй, - прашаптаў Брызін. - Няма цябе дома.
- Дык я ключ яму дала сёння... Скуль я ведала?
У дзверы пазванілі яшчэ раз і, пачакаўшы, ціха пастукалі.
- Ладна, - рашыўся адчыніць Брызін. - Адыйдзіся - голая тут.
У дзвярах стаяў хлапчук са сподкам у руках.
- Выбачайце, болей няма ў пад'ездзе нікога, а мяне па суседзях паслалі. У нас
масла скончылася, а мама бліны не дапякла. Нам якую лыжку...
- Пачакай, зараз! - крыкнула з кухні Нінэль. І ў разлятайным сваім халаціку вынесла
пачак масла:
- На.
- Нам гэта залішне, - сарамліва сказаў хлапчук, засаромеўшыся зусім не з лішкі
масла.
- А гэта табе яшчэ зарана, - адвярнуў яго за плечыкі Брызін. - Ідзі пакуль бліны
есці, а то не ўсё ў цябе вырасце.
- Цёця, а вы курва? - павярнуўся, адыходзячы, хлапчук.
- Брысь адсюль! - тупануў на яго нагой Брызін. - А то масла забяру.
- Курва, курва, - сказала Нінэль і шырэй расхінула халацік. - Твая мама не такая.
- Ну і курва!.. - у захапленні выдыхнуў хлапчык, ссыпаючыся ўніз па лесвіцы. -
Мая мама не такая...
Брызін рассмяяўся.
- Ты чаго рагочаш? - уз'елася Нінэль. - Кожны байструк тут абзывацца будзе!
- Мужчына ён, а не байструк, - не згадзіўся Брызін. - Хоць пакуль і ў перспектыве.
Бачыш, як цяміць, што для чаго. Для чаго масла, для чаго мама, для чаго ты. Змена
расце, Нінэль, юная змена... Жыццё не спыніш, ідзе, як па масле. - І, падумаўшы,
дадаў: - З усялякімі, блін, блінамі.
- Ідзі, - штурхнула яго ў спіну Нінэль.- Хутка твой зменшчык на бліны прыдзе.
- А ў цябе масла скончылася! - пацягнула ўжо да вясёлага Брызіна.
- Нічога, - супакоіла яго Нінэль. - Не першы блін, каб комам. - І яна зачынілася
ў сваёй сутнасці з шырокім ложкам і ружовым балдахінам, пакінуўшы Брызіна з ягонай
місай праблем на тым самым месцы, дзе толькі што са сваім сподачкам стаяў хлапчук.
А Нінэль яшчэ сказала з-за дзвярэй:
- Раззлаваў ты мяне пад канец, Андрэй. Не ведаю, чаму, але раззлаваў і расстроіў.
У Брызіна ўжо не ставала часу на тое, каб разбірацца ў прычынах злосці і расстройства
Ніны Цымішкінай, і ён толькі падумаў, што, канечне ж, курва Нінэль - не дачка
Маша, якае стараецца не расстройваць любімага бацьку. Праўда, неяк яно так выглядае,
што і адно, і другое - трохі за грошы. Грошы, грошы, грошы... Яны могуць буль-буль
- патануць, фыр-фыр - адляцець, і наогул дзір-мір-зір - пад бензапілу папасці...
Галаву Брызіну ўсё яшчэ не адпусціла, хоць Нінэль і памагла. Гэта ці з Нінэль,
ці не з Нінэль, а галаве памагае. Мы толькі праз гэта тым і займаемся, а вы думаеце,
што з распусты. Стаміўшы галовы ў напружаным мысленні... А лекі ў нас якія? Якая
ў нас, тваю маць, фармакалогія?!.
Па скверыку насупраць аптэкі ішла дачка Маша ў абдымку з віхлявым неграм, які
падаваўся ў рытм хады ўзад-уперад галавою і выкручваў у бакі нагамі, думаючы,
мусіць, пра сябе, што ён грацыёзная жырафа. Не, ну з неграм, дык з неграм, зараз
не шасцідзесятыя гады, Брызін і сам лячыў галаву з негрыцянкамі, але чаму з гэтым?
Не ў тым сэнсе, што Брызін яго ведаў ці не ведаў, горшы ён ці лепшы за іншых неграў,
але чаму з ім? Ды Брызін яго ўпершыню бачыў!.. Ён нават уявіць не мог, што Маша
замест інстытута цягаецца з неграмі!
Кінуўшы жырафіцца, нібы раптам музыка скончылася, негр абваліў Марыю Андрэеўну
Брызіну на лаву, абвіўся вакол яе прасмоленым канатам - і яны пачалі цалавацца.
Брызін набраў нумар мабільнага тэлефона любімай дачкі. Не перапыняючы інтымнага
працэсу, Маша залезла адной рукой у сумачку і дастала тэлефон. Брызін чакаў, чакаў,
чакаў, а яна паволі, паволі, паволі падносіла тэлефон да вуха - і нарэшце рыбінай
выкруцілася з прасмоленых канатных сецяў.
- Ты чаго так доўга не адказваеш?
- Занятая.
- Чым?
- З неграм цалуюся.
- Дзе?
- У скверы.
- Гэта не найлепшае месца.
- Чаму?.. Нармальнае. Сёння цёпла, негр не мерзне.
- А гэта не найлепшы жарт.
- Бо не жарт, таму і не найлепшы.
- Дык ты не жартуеш?
- Не.
- А інстытут?
- Прагуляла.
- З неграм?
- З неграм. Але ў яго такія белыя зубы - ты б не стрываў, каб не выбіць.
- І ты пры ім так не жартуеш?
- Дык ён жа негр...
- Маша!
- Што?
- Кінь свае жарцікі! Дурныя нейкія!
- Усё, кінула.
- І каб я такога не чуў болей!
- Чаго?..
- Таго!
- Чаго таго?.. Ты чаго злуешся?.. Памагчы чым-небудзь?
- Не.
- А чаго звоніш?
- Так. Я проста так і пазваніць ужо не магу?
- Ды ўсё ты можаш... Што з табой такое?
- Нічога.
- Ты дзе?
- Нідзе.
- Ты дома?.. На рабоце?..
- Ты калі з інстытута вернешся? Я ключы згубіў...
Пакуль яны размаўлялі, негр не губляў дарма часу, цёрся шчакою аб шчаку Машы,
цягнуўся да яе з пацалункамі, яна адпіхвала яго - і ўрэшце такая некамфортная
сітуацыя негру абрыдла, ён падняўся і танцуючай жырафай падаўся па скверы. Брызіна
чамусьці гэта ўскрыўдзіла.
- Алё, - усур'ёз устрывожаная, гукнулася праз паўзу Маша, абыякава зірнуўшы на
экзатычны танец жырафы. - Ключы табе Таісія пакінула... Але дзе ты?
- У Сініцына.
- І што ён табе сказаў?
- Ён сказаў, каб я табе сказаў, а ты свайму негру сказала, што я белыя зубы ягоныя
на белым сподачку пералічу.
- Ты не ў Сініцына.
- Я не ў Сініцына.
- Дык дзе ты і што з табой?
- Я ж табе сказаў: я нідзе. І нічога са мной...
Убачыўшы, што Маша пачала азірацца, Брызін адключыў тэлефон і з аркі каля Саюза
кампазітараў, адкуль шпіёніў ён за ўласнай дачкой, нырнуў у старыя двары і падаўся
імі далей да Нямігі, дзе быў ягоны офіс, а за офісам і гараж. Пара было колы займець
ды ў Прагу ехаць, бо дзень перавальваў на другую палову.
Маша ніколі не маніла. Ні яму, ні каму б там ні было. Не тое, каб яна не ўмела
казаць няпраўду, іншым разам любімая дачка любімага бацькі такое выдумляла, што
вушы вялі, але тое былі фантазіі, якія ляталі над побытам і не тычыліся штодзённых
узаемаадносін са сваімі і чужымі людзьмі."Без маны ў жыцці болей адбываецца
ўсяго астатняга", - пераканана казала Маша, не ўдаючыся ў падрабязныя тлумачэнні
таго, што мела на ўвазе, і што ўяўлялася ёй цалкам зразумелым без каментарыяў.
У Брызіне гэтая якасць натуры дачкі выклікала з аднаго боку бацькоўскі гонар,
а з другога - чалавечы жаль, бо сам ён па натуры быў закончаны манюка, з усіх
бакоў перакананы ў тым, што не надурыш - не пражывеш. Таму будучыня дачкі, якая
не разумела і не хацела разумець гэтую жыццёвую мудрасць, шмат у чым уяўлялася
яму небяспечнай, трывожыла яго і непакоіла. Казаць пра гэта наўпрост было нязручна,
дзяцей усё-ткі трэба вучыць найлепшаму, перадаваць ім найшляхетнае з таго, што
ў сабе маеш, але папярэдзіць дачку і перасцерагчы Брызіну карцела, і ён раз ад
разу карыстаўся дзеля гэтага туманнымі намёкамі на відавочныя няўдачы праўдалюбцаў,
якія заміналі сваёй праўдаю жыць і сабе, і іншым, і ўрэшце трэскамі знікалі ў
каламутным віры жыцця. Але Маша нават гэтак закамуфляваных ягоных хітрыкаў аднойчы
не вытрывала - і недзе з паўгода назад зусім не з той вольна-сяброўскай інтанацыяй,
якая неяк сама сабой для размоў паміж імі выбралася, а адчужана і нават раздражнёна
спытала:
- Ты што туману напускаеш, продак?.. Маніць я і без цябе навучуся, калі захачу.
Але я не хачу, разумееш? Магу я жыць і не хацець маніць? Гэтаксама, як ты жывеш
і не маніць не хочаш?
- Можаш, - разгубіўся і пакрыўдзіўся Брызін, - ды я і не збіраюся вучыць цябе
маніць, з чаго ты гэта ўзяла? Проста ў мяне большы вопыт, і я хачу, каб ты яго
хоць неяк скарыстала. Ну, хоць бы не збівала лоб да крыві там, дзе можна сіняком
абыйсціся.
- Вопыт?.. Які ты маеш вопыт? Калі гэта ты сказаў праўду і за тое паплаціўся?
Пры мне такога не было - і ў сямейным архіве такое не зафіксавана.
- Ты хочаш сказаць, што твой бацька ілгун? - не стрывала ўжо ў Брызіне крыўда.
- Давай без крыўды, - сказала Маша. - Я ж не крыўдую на цябе за тое, што ты такі,
які ёсць. Я цябе такім і люблю, хоць іншым разам...
- Што іншым разам?.. Ты дагаворвай, дагаворвай, - канчаткова ўжо заняў акоп несправядліва
пакрыўджанага Брызін.
- Не разумею, як ты не разумееш... Маніць - гэта значыць потым пераманьваць і
пераманьваць, а ўрэшце ўсё адно выйдзе не лепш і не горш за праўду. Дык нашто
ісці да таго, што павінна быць, не напрасткі, а кружнымі шляхамі?
- Хоць бы для таго, каб выйграць час, - адчуваючы несумненную перавагу ў вопыце,
рэзанёрскім тонам адказаў Брызін.
- І шмат ты яго, згубіўшы на кругі, выйграў? Што вы ўсе з гэтага выйгралі?
- Хто мы ўсе?
- Ты, Сініцын, тваё пакаленне, старэйшае?.. Вось вы ківаеце зараз на камсамол,
на партыю, на савецкаю ўладу - усе вас падманвалі! А хто быў у камсамоле, у партыі,
у савецкай уладзе? Не вы?.. Вы ж манілі насустрач адзін аднаму - і ў тым ядналіся.
Вы разам з'ілгалі ўсе на свеце, перавярнулі нармальнае чалавечае жыццё з ног на
галаву. Каб не гэта, дык і савецкая ўлада была б не горшай ад іншых. Ва ўсякім
разе не горшай за цяперашнюю, на вяршынях якой вашы чэмпіёны - манюкі з манюк.
І вам крыўдна не з іх ілгунскай улады, а з таго, што яны раней за вас туды паспелі.
І вы ўнізе бегаеце і пагаўкваеце, бо маніць манілі і маніце, а паспець не паспелі
і не паспяваеце.
- Калі гэты ты палітыкай пачала займаццца?
- Ды не палітыкай я займаюся, а жыццём. Высокародным відам спорта.
Апошняй яе фразы Брызін і тады не зразумеў, і потым яна да яго не дайшла... Новае
пакаленне.
Праходзячы піўнуху на Нямізе, Брызін прыпыніўся і спытаў у самога сябе: "Андрэй,
ты хочаш кульнуць куфель піва? Толькі адразу праўду кажы, ідзі да піва наўпрост,
а не кружнымі шляхамі". І Андрэй адказаў Брызіну: "Хачу. А калі давядзецца
за рулём ехаць і з якім-небудзь срулём з палкай разбірацца, дык ты, Брызін, мяне
адмажаш. І пайшло яно ўсё на фіг".
Зрэшты, можна было абыйсціся і без такога складанага ўнутранага дыялога, бо з
піўнухі выскачыў з недапітым куфлем Савелій Рудзянскі і вольнай рукой ляпнуў Брызіну
па плячы:
- Брыза, прастаўляй піва, бураціна! Я твайму Бегунку кульгавага Юрыка на тваю
тачку падсеяў, без мяне ён фіг бы яго ўгаварыў!
- Бегунок тут быў?
- Тут. З пілой.
- Якой пілой?
- Бензінавай. Прыпёрся ў піўную з пілой - цырк. Ударнік лесапавалу.
- Даўно?
- Ды мінут пяць, як пайшлі. Ну, можа, дзесяць, - удакладніў Савелій, глянуўшы
на недапіты куфель. - Не болей.
Выходзіла, што спяшацца не было куды: работы з замком і ключамі хопіць гадзіны
на дзве нават для кульгавага Юрыка. А калі ён пад мухай, дык і на дзве з мухамі.
- Яны пілі?
- Не, бочку пілавалі. Ты як спытаеш...
- Ладна, пайшлі. Прастаўляю.
У піўной было не густа і не пуста. Апроч яго ды Савелія, два адасобленыя інтэлігенты,
адзін з якіх, у акулярах, старанна разбіраў на газеціне залацістага ляшча, а другі,
са слядамі акуляраў на пераноссі, аблізваючыся, чакаў; задуменны з відавочна маштабнага,
не меншага ад брызінскага, перапою, трохі чужаваты тут у сваёй форме міліцэйскі
маёр, а яшчэ напаўзнаёмы мужык Віталік, спіты былы хакеіст са сваёю высокай і
нейкай пустэльна сумнай чарговай сяброўкай.
- Брыза! - радасна раскінуў рукі насустрач Брызіну і паплыў ад высокай сяброўкі
амаль роўны з піўной стойкай Віталік. - Глядзі, якую я ўчора кроквіну адарваў!
І ведаеш, як яе завуць? Капіталінай!.. Клянуся, я ў пашпарце бачыў! Хочаш, напалам
яе распілуем? Тут і Бегунок твой недзе з пілой... Табе якую палавіну? Верхнюю
- дык за куфель, ніжнюю - дык за два.
- Ты з ім п'еш? - спытаў Брызін Савелія.
- Я п'ю толькі з тымі, хто прастаўляе, - адказаў Савелій, з чаго вынікала, што
піць тут яму, апроч як з Брызіным, няма з кім. Хоць глядзі ў акулярах, хоць без.
- Лізавета, ты не паверыш, але я без грошай, - абыйшоўшы Віталіка і ніжнюю палавіну
ягонай сяброўкі, павітаўся Брызін з буфетчыцай.
- Каму ж тады верыць, калі не табе, - без асаблівай ветлівасці, але са згодай
кіўнула буфетчыца, якой і піва, і піўная, і півасосы, і ўсё чыста ў яе жыцці каля
піўной бочкі даўно апаскудзела. - Усіх паіць будзеш, ці толькі Саву?
- А хто яны мне, каб іх паіць? - спытаў Брызін, аглядаючы выпадковы піўны калектыў.
- Мінулым разам, значыць, тут былі адны браты твае ды сёстры, - сказала Лізавета,
наліваючы піва.
- Ну,- сказаў Брызін. - Былі і ўсе памерлі.
- Шкада, - сказала Лізавета. - Столькі народу...
Яны ўзялі з Савеліям па піву і адыйшліся да самай дальняй стойкі, выбраўшы ў суседзі
інтэлігентаў з ляшчом. Тыя незадаволена на іх зыркнулі, бо вольных стаякоў паўсюль
хапала, але нічога, паколькі інтэлігентныя, не сказалі.
- Што, так і будзем піва піць? - недаўменна спытаў Савелій. - А разбавіцель?
- Ліза пабаіцца, - кіўнуў Брызін на маёра.
- Каго пабаіцца? Яроху?.. Ды яго самога не сёння - заўтра выпруць з міліцыі за
п'янку. Жонка ўжо выперла.
- Ладна, ідзі далівай, - махнуў рукой Брызін. - Толькі мне піпетку, не болей.
Савелій узяў куфлі, адсёрбнуў з кожнага па глытку з пенай, вярнуўся да Лізаветы
і тая, не хаваючыся, даліла ў піва гарэлкі.
- Лізавета, і мне, - ікнуў маёр, які, аказалася, і ў задуменні ўсё бачыў.
- Ішоў бы ты дамоў, Ярохін, - спагадліва сказала буфетчыца, якая прафесійна не
любіла міліцыянтаў, але традыцыйна паважала форму і пагоны. - Прападзеш тут -
і ніхто табе не паможа.
- Я памагу, - адазваўся Віталік. - Маёр, хочаш палавіну Капіталіны?
- Эх, Віталік, - уздыхнуў маёр. - А якую васкрэсенскаму "Хіміку" шайбіну
закаціў... Ад варотаў да варотаў...
- Ты помніш? - устрапянуўся Віталік. - Ты помніш, Ярохін? - І гэтак жа раптам,
як і ўстрапянуўся, абмяк. - Мала хто помніць...
Брызін выпіў куфель піва ледзь не адным глытком - так хацелася.
- А кузбаскаму "Металургу", - доўжыў успаміны Ярохін. - Эх, Віталік...
- Выбачайце, а як ваша прозвішча, - павярнуўся да Віталіка інтэлігент у акулярах.
- Акуляры здымі, - сказаў Віталік.
- "Профессор, снимите очки-велосипед..." - працытаваў маёр Ярохін.
- Маякоўскі, - сказала Капіталіна, і зусім нечакана ў яе аказаўся глыбокі і чысты,
са срэбным адлівам голас.
- О, - сказаў Віталік. - О, голас!.. Не, мужыкі, верхняя частка - таксама два
куфлі.
- І не абрыдла табе? - сумна спытала срэбраным голасам Капіталіна.
- З мяне чатыры куфлі за абедзьве часткі, - раптам сказаў інтэлігент без акуляраў,
але са слядамі ад іх. - І кіньце выступаць у другой раённай лізе. Калі вы думаеце,
што гэта смешна, дык не.
- А я вас ведаю, - пустэльна ўсміхнулася яму Капіталіна. - Вы таксама паэт.
- Але не Маякоўскі, - сказаў маёр Ярохін. - Куды яму да Маякоўскага... Ку-ды яму
да Віталіка... Куды яму наогул...
- Да задніцы мне, смешна табе, ці не смешна, - грозненька прыстукнуў напаўпустым
куфлем Віталік.
- Цыц! - цыкнуў маёр. - Не замінаць працэсу!
У Брызіне - ці з таго, што завёўся на старых дражджах, ці з таго, што набраў абароты
на разбавіцелі - працэс пайшоў інтэнсіўна: зашумеў у галаве прасторны вецер, закалыхаліся,
пакаціліся адна другой наўздагон цёплыя хвалі.
- Лізавета, - шчоўкнуў пальцамі над галавой Брызін, - піва! Усім! А хто хоча -
з разбавіцелем.
- Мне асобна, - сказаў маёр Ярохін. - Непрафесійны ў вас да п'янкі падыход, з
таго і ўсе вашы праблемы.
- Браты ўваскрэслі? - спыталася Лізавета.
- І сястра, - адказаў Брызін, зірнуўшы ў тую пустэльную далеч, у якую ўглядалася
Капіталіна.
На парозе піўной з'явіліся два чужыя інтэлігенты, у нечым падобныя да сваіх, але
маёр Ярохін, мусібыць, вырашыў, што іх тады будзе занадта, і шугануў новенькіх:
- Рэвізія!
Інтэлігентаў прасторным ветрам змяло.
- Зачыні дзверы, Савелій! - загадаў Ярохін. - Са сваімі пабудзем.
- Я вам зачыню! - крыкнула Лізавета. - У мяне план, а ў вас тут на ўсіх - адзін
Брызін у доўг!
Усе, апроч інтэлігента-паэта, які нарваўся на канфлікт з Віталікам і праз тое
пагардліва адвярнуўся ад ягонай кампаніі, паглядзелі на Брызіна.
- Сава, ты ў якім званні? - спытаў Брызін.
- Не магу знаць. Даўно ў ваенкамаце не піў.
- Але не маёр?
- Ты што!.. Мне столькі не выпіць. Ад сілы - старшы лейтэнант.
- Дык выконвайце загад маёра, старшы лейтэнант!
Савелій паціснуў плячыма, падышоў да дзвярэй і накінуў на абедзве ручкі металічную
скабу, якая вісела на глухой дзвярной палове, прывязаная шпагатам.
- А то распусціліся, - буркнуў Ярохін. - Прэзідэнт ім не прэзідэнт, маёр ім не
маёр...
- Здымі я табе сказала! - крыкнула Лізавета.
- Ты якую ўчора касу здала? - спытаў Брызін.
- Чатыры семсот!
- З мяне пяць. І можаш не здаваць...
Лізавета моўчкі стала наліваць піва.
У куток да інтэлігентаў, які не праглядваўся з вуліцы, Савелій з Брызіным падцягнулі
стойкі маёра і Віталіка з Капіталінай, аб'яднаўшы кампанію гэтым простым дзеяннем
і ў часе, і ў прасторы. Ніяк і ні з кім не яднаўся напачатку толькі прыціснуты
да сцяны паэт. Ён грэбліва адсунуў ад сябе пададзены Лізаветай куфель, але сябрук
ягоны спытаў з мяккім дакорам: "Ты што, Валодзя?.." - і паэт зразумеў,
што можа папасці пад таварыскі суд за адрыў ад народа. "Нам што, Лёня, больш
няма чаго рабіць, як з імі піць?" - паспрабаваў ён яшчэ ашчэрыцца, як воўк
за сцяжкамі, але ў сітуацыі безвыходнай дружбы вымушаны быў падціснуць хвост і
здацца, што і прадэманстраваў, пасунуўшы да сярэдзіны кампаніі ляшча на газеце.
- Гарэлку даваць? - спытала Лізавета.
- Даваць! - першым сказаў паэт, каб пра яго ўжо чорт ведае што не падумалі.
- О, - сказаў Віталік. - А то паэт, паэт!.. Я таксама шайбу ганяў.
- За дружбу! За сапраўдную мужчынскую дружбу! - падняў куфель Брызін.
- І жаночую, - сказала Капіталіна.
- І жаночую, - згадзіўся Брызін. - Лізавета, ідзі да нас!
- Я сама з сабой падружкуюся, - запаліла цыгарэту Лізавета. - А гарэлкі ў вас
на дружбу толькі пляшка засталася, у мяне больш няма.
- Я збегаю? - адразу прапанаваўся Савелій.
- Ды пачакай ты, - выпіўшы, паморшчыўся Брызін. - Ты лепей скажы што-небудзь.
- А што? - паціснуў плячыма Савелій. - Мне няма чаго сказаць, я не паэт.
- Хай паэт скажа, - дапамог Савелію маёр Ярохін. - Даўно я паэтаў не слухаў, ад
вайны...
- Ад якой вайны? - не зразумеў Брызін, але Ярохін, відаць, забыўся, ад якой, і
прамаўчаў.
- Я пачакаю, пакуль ён успомніць, - неяк усё ж не па-сяброўску сказаў паэт Валодзя.
- Тады я за Савелія скажу, - дацягнуў сваё да сябе Брызін. - Сказаць, Савелій?
- Кажы сабе, мне што, абы не я, - зноў паціснуў плячыма Савелій, які паціскаў
плячыма ў адказ на ўсё, што б яму ні сказалі, нібы нічога падобнага раней не чуў
і нават не ўяўляў, што такое можа быць у свеце.
- Во-во, абы не я і хата не мая, з гэтага і пачнем, - падхапіў ягоныя апошнія
словы Брызін. - Якраз па гэтым прынцыпе жыў і жыве ўвесь час, колькі я з ім знаёмы,
грамадзянін Савелій Рудзянскі па мянушцы Сава. Мянушку гэтую яму яшчэ ў школе
далі - і зусім не па сугуччы з іменем, як павярхоўна і паспешліва можна падумаць.
Справа ў тым, што Савелій, хоць і не насіў ніколі акуляры, - прыжмурыўся Брызін
на сябра паэта Лёню, - але з маленства кепска бачыў. Выбарачна, так скажам, кепска...
Чытаць чытаў, пісаў лінейка ў лінейку, аднак іншым разам проста слеп. Засціла
яму... Ну, скажам, не мог разабраць, у форме перад ім маёр Ярохін, ці без формы?..
І аднойчы ён не ўбачыў, як два п'яныя менты збілі на матацыкле ягоную аднакласніцу
Машу, якую ён праводзіў са школьных танцулькаў дахаты. Побач быў, а не ўбачыў...
Сказаў, што яны ішлі з Машай па розных баках вуліцы. Ну, можа, і так, але ж па
розных баках адной і той жа вуліцы. Калі Маша памерла ў бальніцы, і абласны горад,
дзе яны жылі, забурліў, хоць не надта бурліць і дазвалялася, нейкі на дзіва прынцыповы
следчы прыціснуў Саву - і Сава даў паказанні... Сказаў, як яно было: што так,
што сапраўды збілі міліцыянты, якія запалохалі не гэтак яго, як ягонага бацьку,
таму ён і маўчаў. А на судзе Сава ад сваіх паказанняў адмовіўся, сказаўшы на гэты
раз, што яго застрашыў следчы. Да таго ж нешта праяснілася ў ягоных вачах - і
ён дакладна ўспомніў, што тыя матацыклісты былі не ў міліцэйскай форме, а ў камбінезонах,
якія з ягоным дэфектыўным, то прападаючым, то вяртаючымся зрокам можна было прыняць
і за форму... У выніку судзілі і прыгаварылі да вышкі двух рабочых малаказавода,
якія, як на грэх, п'янымі папаліся перад тым ментам са скрыняй скрадзенага масла
ў люльцы матацыкла. На іх жа навесілі яшчэ і нашумелае згвалтаванне з забойствам,
якое доўга вісела ў ментоў нераскрытае... А самае ва ўсім гэтым цікавае тое, што
Сава і на следстве, і на судзе іх апазнаў!
- Ты што, Брыза? - даўно ўжо гледзячы на Брызіна ў мітуслівым неразуменні, падняў
плечы і разведзеныя рукі Савелій - і так і застаўся стаяць. - Ты што гародзіш?Гэта
ж усё пра цябе, а не пра мяне...
- Калі б гэта ты расказаў, - ткнуў у яго пальцам Брызін, - дык было б пра мяне.
А я расказаў пра цябе. І першым, што ўсе тут чулі, я табе сказаць прапаноўваў.
Так што без прэтэнзій, Сава.
- Як без прэтэнзій, калі мяне там нідзе не было?
- А дзе ты быў?.. Дзе ты быў, калі дырэктар школы на лінейцы - на лінейцы! пры
ўсёй школе! - Толю Самусенку мёртвымі галубамі па твары лупіў? Нібыта гэта Толя,
які гэтых галубоў падкормліваў, іх жа і пазабіваў! А гэта п'яны фізрук з біялагічкай
на гарышчы трахаўся і галубам галовы паадкручваў, каб не ляталі і не какалі! І
ты адзін гэта бачыў, і адзін гэта ведаў, і аднаму мне пра гэта расказаў, а стаяў
на лінейцы, глядзеў на бычыную морду фізрука, калаціўся і маўчаў! І Толю са школы
выперлі, і ён сышоў з дому, і прапаў, і з той пары ніхто і не ведае, дзе ён і
ці жывы! Нідзе цябе не было?.. Скуль жа ты ўзяўся, каб мне па плячы ляпаць: "Брыза,
бураціна, прастаўляй!.."
Брызін рвануў да сябе куфель, расплюхаў піва па стале, рукавом выцер. Піць не
стаў, нервова пастукваў, гледзячы ў куфель, пазногцямі па шкле. Кампанія няўтульна
маўчала.
- Бывае, - сказаў нарэшце маёр Ярохін.
- У нашым доме, - успомніў, пазяхаючы, Віталік, - адзін мужык таксама нараніцы
прачнуўся, а ўвечары павесіўся.
- Для чаго вы гэта расказалі?.. Ды яшчэ пад тост за дружбу? - спытаў паэт Валодзя.
- Скуль я ведаю?.. - зацягнуўся Брызін амаль дапаленай цыгарэтай, якую ўзяў з
губ усё яшчэ нерухомага Савелія. - А нашто наогул нешта расказваюць? Каб цікава
было.
- Такое не расказваюць малазнаёмым людзям...
- А знаёмым тым больш! - падаўся, перакуліўшы куфель, Брызін да Валодзі. - Дык
каму расказваць? Каму сказаць, што ты скаціна? Каму прызнацца?.. Дачцы? А як пасля
ў вочы ёй глядзець?.. Маёр, - зноў выцер Брызін рукавом стойку, - ты б расказаў
сваёй дачцы, што спаў сёння з курвай толькі для таго, каб яна твайго сябра надурыла?
Грошы дапамагла з яго выдраць? Расказаў бы?..
- Я бяздзетны, - адказаў Ярохін. - Мая сям'я - мая міліцыя.
- А жонка? - з'едліва здзівілася Лізавета. - Чаму вамі-мужыкамі жонкі ў сем'і
не ўключаюцца?
- Жонкі - гэта ўнутраныя войскі, - прыкінуўшы нешта сам у сабе, сказаў маёр Ярохін.
- Вы ўсё самі пра сябе прыдумалі?- дапамагаючы Брызіну дачысціцца, пустэльна спытала
Капіталіна. - Але для чаго?
- Прыдумваць - гэта па ягоным ведамстве, - кіўнуў Брызін на паэта Валодзю. - Прыдумай
што-небудзь, эй, паэт?.. Вясёлае, а то сумна ўсё...
- Ды нічога ён, падла, не прыдумаў, толькі ўсё наадварот... - яшчэ вышэй падняў
плечы Савелій, але маёр Ярохін паклаў на іх свае рукі, ціскануў уніз - і плечы
ў Савелія зламана павіслі разам з рукамі, як у драўлянай лялькі.
- Цыц! - сказаў маёр Ярохін. - Праехалі. Я вам не такое расказаць магу.
- Дык раскажы, - прапанаваў Брызін. - Твой тост. Даўно не слухаў маёраў...
- Значыць, даўно не сядзеў, - сказаў Ярохін. - У мяне, дарэчы, брата пасадзілі,
з чаго я і запіў... Ад бяссілля... Па ранейшых часах я б яго ім не аддаў, а цяпер...
- Каму ім? - спытаў Брызін.
- А ты думаеш, у міліцыі ўсе свае?.. Хрэна. Я да міністра дайшоў, а ён мне: на
кантролі ў прэзідэнта, чысціня мундзіра, тралі-валі, панёс фіговіну.
- Дык твой брат таксама мент? - спытаў Віталік, які ўжо, здавалася, стоячы спаў
пад пахай у Капіталіны.
- І брат мент, і бацька, і ўсе мы менты, - абвёўшы кампанію задуменным позіркам,
сказаў маёр Ярохін.
- А давайце вып'ем за жанчын, - падняў куфель Лёня, сябар паэта Валодзі. - Капіталіна,
у вас такі цудоўны голас вольнай пустэльнай птушкі - вам трэба на сцэну. Там вам
будуць дарыць астры - і вы будзеце спяваць у гэтай бясконцай прасторы, дзе чалавек
ад чалавека так далёка-далёка, што ніхто адзін аднаго не чуе, як ні стараецца
дагукацца. Бо гукаемся мы не з тым, што найлепшае ў нашай душы, а лезем адзін
да аднаго з брудам, брыдотай - і праз тое адзін аднаго асцерагаемся і баімся.
Ёсць у кожнай чалавечай душы і цёмныя завулкі, не без таго, але чаму мы не ходзім
па светлых? А толькі таму, што часцей падаем, чым уздымаемся, бо падаць лягчэй...
Часцей ненавідзем, чым кахаем, бо ненавідзець прасцей... І мы аддаёмся найлёгкаму
і найпростаму, здабываем сабе дабрабыт, грошы, славу, святкуем свае перамогі,
а побач з намі плачуць жанчыны... Я хачу выпіць за тое, каб яны не плакалі ў золаце,
а спявалі ў кветках і ў каханні. За вас, Капіталіна! За вас, Елізавета Аркадзьеўна!
За жанчын, за каханне і кветкі!
- Ох, Лёня!.. - уздыхнула, шмыгнуўшы носам, Лізавета. - Першы б раз я цябе чула...
- Прыгожа, - пацёр лоб даланёю Брызін, які, слухаючы тост Лёні, згадаў і Машу,
якой трэба было б пазваніць, каб не непакоілася, і Таісію, якой трэба было б сказаць,
каб вярталася, і курву Нінэль, якая не такая ўжо курва... - А ты хто будзеш?
- Таксама паэт, - сказаў Валодзя неяк глуха і з хрыпатцой.
Лёня ўзяўся было за ляшча, смакуючы яго гэтак жа інтэлігентна, як толькі што казаў
тост. Але інтанацыя Валодзі, які відавочна пазайздросціў таму, што калега ягоны
паспеў, мяркуючы па Капіталіне, якраз туды, куды збіраўся паспець ён сам, змусіла
Лёню развіваць поспех.
- Я што вам, ды не вам, усім нам хацеў сказаць?.. Як адна толькі жанчына магла
нас нарадзіць, вымаліць любоўю з небыцця, так адна толькі жанчына можа нас і ўратаваць,
засланіць любоўю ад смерці. Для кахання смерці няма, сам Бог гукае нас галасамі
заканых. І мне да слёз і болю шкада, што вось мы ўсе тут нібыта разам, блізка
- і ні Бога, ні адзін аднаго не чуем, а я так хацеў бы хоць некага з вас пачуць.
Няхай сабе пакуль яшчэ ціха, здалёку, як зорка зорцы голас падае...
- Ку-ку, - падаў голас Віталік, выпадаючы пад стойку з-пад пахі Капіталіны, якая
кінула кантраляваць і ахоўваць ягоны стаячы сон, усёй сваёй самотнай пустэчаю
пацягнуўшыся да лятучага Лёнінага міражу.
- Гарэлкі! З ляшчом! - гукнуўся з-пад стойкі Віталік.
- Лешч сваё адплаваў, а ты сваё адпіў, - сказаў Брызін, падымаючы Віталіка за
каршэнь і засоўваючы яго пад паху Капіталіны. - Што ён у цябе падае?.. Эй, ты
чаго спіш? Эй, Віталік?
- Для Капіталіны сплю, - сказаў Віталік.
- Не хвалюйцеся, не паб'ецца, - з аднолькавай абыякавасцю і да Віталіка, і да
Брызіна, і да ўсіх астатніх, апроч Лёні, сказала Капіталіна. І ўсім была абыякавай
яе абыякавасць, апроч паэта Валодзі, які глянуў на Капіталіну, як на птушку, што
выблыталася з сіла, нервова наліў паўшклянкі гарэлкі і адзін выпіў. Лёня на гэты
час ад яго адвярнуўся і пераможна паслаў Капіталіне паветраны пацалунак. "Глядзі
ты, - падумаў Брызін, - і ў гадах мужыкі, а якія страсці... Цікавы народ гэтыя
паэты. Нінэль ім падсеяць, ці што?.."
Ён зірнуў на гадзіннік: дзве гадзіны праляцелі, як імгненне, вось што значыць
кампанія. Успомніў, што Маша, мусібыць, хвалюецца, дзе гэта ён адключыўся і прапаў,
уключыў тэлефон - і той адразу зазваніў сустрэчна. Але гэта была не Маша.
- Андрэй, - заўхліпвала курва Нінэль, - Сініцын звар'яцеў... Ён адчуў, што я была
з табой, узняў скандал, і я сказала, што ты ўзяў мяне сілай... Ён як шалёны выскачыў
забіваць цябе, нож са стала схапіў, я баюся... Яму штыфт у сківіцу забівалі, замарозка
пачала адыходзіць...Ты не чапай яго, ён жа не ў чым не вінаваты...
- Нічога я яму не зраблю, - сказаў Брызін, - няхай забівае. Канчай хліпаць.
- Ага, - хліпнула Нінэль, - табе добра...
- Мне добра. Даўно ён пабег мяне забіваць?
- З паўгадзіны... Можа, болей... Ці меней...
- Што ж ты раней не пазваніла?
- Я званіла, ты ж адключаны...
- Адключышся тут, як жа,- сказаў Брызін ужо не ў тэлефон. - Ну што, народ?.. Хто
хоча паглядзець, як мяне забіваць будуць?.. Ніхто?.. А я б паглядзеў, бо сам даўно
не бачыў... Шкада вас пакідаць, харошая вы кампанія - менты, паэты, хакеісты...
Не кожны раз такую збярэш. Карацей, мне пара ісці, а ў гаражы ў мяне мора каньяку.
Адборнага, крадзенага. Армяне яго ў Арменіі крадуць, я тут яго прадаю - і з таго
багаты. Так што тых, каму не смярдзіць каньяк клапамі, запрашаю. Гэта побач, ніякіх
затрат на транспарт.
- Як гэта маёр міліцыі крадзены каньяк будзе піць? - спытаў маёр Ярохін. - Дзе
логіка?
- Глыбіннае пытанне, - сказаў Брызін. - За каньяком у гаражы і абмяркуем. Туды
да нас вялікія логікі павінны пад'ехаць, калі ўжо не пад'ехалі...
Пайшлі не ўсе. Не пайшоў Савелій, які пасля таго, як маёр Ярохін абламіў яму плечы
з рукамі, аднёс сваё піва на ранейшую сваю стойку і дэманстратыўна піў яго спінай
да кампаніі, і не пайшоў паэт Валодзя, якому, мусіць, без патрэбы быў каньяк без
Капіталіны, няхай яго п'юць з ёй былыя сябры. Паміж паэтамі прабегла кошка, якая
паспрабавала яшчэ вызваліцца і ад Віталіка, пакінуўшы спаць яго для Лізаветы,
але тая катэгарычна запрэтаставала: "Забірай сваю клюшку, я зачыняцца буду!"
- і Капіталіне давялося пакінуць Віталіка каля сябе на прыгрэтым месцы. "Куды
яго?.. Можа, я адвяду?" - прапанаваў Капіталіне свае паслугі Лёня, але Віталік
з-пад прыгрэтай пахі Капіталіны паказаў яму дулю, і на Лёніным твары самотна заблукала
сумненне ў тым, ці правільна ён выбраў паміж сяброўствам і каханнем.
- А ў вас як у паэтаў? - спытаўся ў Лёні па дарозе Брызін. - Заўсёды кажуць па-прыгожаму,
ці іншым разам і па праўдзе?.. Ты вось па праўдзе хоць раз сказаў што-небудзь?
- У паэтаў няма няпраўды, - адказаў Лёня. - Усё, што яны кажуць - праўда.
Брызін нават спыніўся.
- І як гэта выходзіць?
- Прыкладна так, як выйшла ў вас сёння... Вы нам і манілі - і ў той жа час казалі
праўду. Пацягнула?..
- Адцягнуўся я на вас, - рушыў далей Брызін. - Знайшлі ў піўной месца, дзе праўду
слухаць.
- Дык у царкву не ходзім, - сказаў Лёня, бо яны якраз праходзілі міма царквы.
Брызін паспрабаваў успомніць, калі ён сам апошнім часам заходзіўся ў царкву, і
не ўспомніў. Пакуль жывая была маці, яна званіла яму і на Вялікдзень, і на Каляды,
змушала схадзіць паслухаць службу і памаліцца. Служба Брызіна стамляла, ніякай
малітвы, апроч "Отча наш..." да паловы, ён не ведаў, таму ставіў свечкі,
з гадамі усё таўсцейшыя і даражэйшыя, бо багацеў, і сыходзіў. Аднойчы, калі прастудзілася
і цяжка захварэла на запаленне лёгкіх тады яшчэ зусім малая Маша, ён пайшоў да
царквы на Хрышчэнне, каб набраць вады - маці пазваніла і сказала, што вада паможа...
Каля царквы ён убачыў дзядка, які, паслізнуўшыся, нерухома ляжаў на лёдзе, і ніхто
не дапамагаў яму ўстаць, ніхто не схіляўся нават глянуць, ці жывы... Усе душыліся
за той вадой, нібы яна вось-вось скончыцца, адпіхваючы адзін аднаго ад звычайнай,
падключанай да вадаправода, трубы. І Брызін тады ўпершыню падумаў, што не толькі
ён, а ўсе гэтыя людзі - ніякія не хрысціяне. Яны паганцы, сутнасць веры якіх на
Хрышчэнне - вада, таксама як на Купалле - агонь. І свечкі ў царкве людзі гэтыя
ставяць, бо свечкі - агонь. "А людцы! А што ж вы робіце!" - загаласіла
нарэшце нейкая цётка, якая патузала нерухомага дзядка і падумала, што той памёр.
Дзядок, дзякуй Богу, ачомаўся, толькі, здорава страсянуўшыся, не мог стаяць на
нагах і, пакуль Брызін вёз яго да бальніцы, усё шкадаваў, што не дасталося яму
вады. Брызін прапанаваў сваю, але дзядок не ўзяў. "Не, - сказаў, - яна памагае,
як сам набярэш. Я ўсё жыццё да царквы прахадзіў, ведаю..." Ну, хіба не паганец?..
Але Машы вада сапраўды памагла - вось табе і вадаправод. Хоць, калі б згадзіўся
ўзяць дзядок у Брызіна тую ваду, дык што б - Маша памерла?.. Усё гэта выпадак,
гульні жыцця. Высакароднага віду спорта, як кажа Маша. Трэба пра гэта падумаць.
Ён назваў дачку Машай на ўспамін пра сваё першае каханне - тую дзяўчынку, пра
якую для сябе самога нечакана расказаў сёння ў піўной кампаніі. Расказаў амаль
так, як яно было, хоць было яшчэ страшней. Калі тых двух рабочых з малаказавода
асудзілі на смерць, у хату Брызіных прыйшла маці аднаго з іх, якая паўдня размаўляла
з маці Андрэя, і ўрэшце яны паставілі яго перад абразом і сказалі: "Кляніся
прад Богам, што не зманіў. А зманіш зараз, Бог цябе пракляне, і праклён Ягоны
будзеш несці і па гэтым, і па тым свеце". І Брызін, у якім не было ўжо нічога,
апроч страху і адчаю, прызнаўся, што зманіў. І адразу зразумеў, што прызнаўся
дарма, бо маці ягоная сказала: "Тады я цябе прад Богам праклінаю. І не пазбыцца
табе майго праклёну, пакуль не замоліш грэх, пакуль Бог не даруе. Ідзі з майго
дому, ідзі ад мяне..."
Паўтары гады Андрэй пражыў з бацькам, які, як пазней аказалася, быў апошнім гаўнюком,
ментоўскім агентам, пад прымусам якога Андрэй і "апазнаў" на судзе тых
двух рабочых... Пасля Брызін з'ехаў вучыцца ў Мінск, а з маці болей так і не бачыўся
- яна толькі званіла і змушала хадзіць у царкву і маліцца. Іншым разам яшчэ пыталася,
як там Маша расце, але да канца жыцця так і не даравала.
З жанчынаю з іменем Маша, з якой пазнаёміў яго Сініцын, ён і ажаніўся. Калі яна,
маладая і здаровая, памерла пры родах, дык першае, пра што падумаў Брызін - пра
праклён. Ён запанікаваў, замітусіўся, тросся над дачкой, якую выразалі з мёртвага
ўжо цела жонкі, як жабрак не трасецца над апошняй капейчынай і багацей над усім
сваім багаццем. У тым, каб хадзіць да царквы і шчыра маліцца, патрэбы ён так і
не знайшоў, але і без таго ўсё ў іх было добра; было добра да той пары, пакуль
у апошні раз не пазваніла маці і не сказала, што хутка ёй паміраць, і перад смерцю
яна б хацела пабачыць унучку. Брызін учапіўся за гэта, у яго ўзнікла нават надзея,
што праз Машу пашле яму маці дараванне, не каменнае ж у ёй сэрца, але выйшла інакш:
трынаццацігадовай Машы, як на споведзі, маці перад смерцю ўсё і пра ўсіх расказала...
Адзіная сустрэча ўнучкі з бабуляй абыйшлася і для Машы, і для Брызіна дорага.
Апроч таго, што гады чатыры між імі нічога не ладзілася /тады Брызін і завёў у
доме, як пасярэдніцу, Таісію Арчыбальдаўну/, у Машы пачаліся цікозныя сутаргі,
перасмыкаліся то мышцы твару, то плячэй - і ўрачы казалі, што гэта вельмі сур'ёзна.
Брызін, не шкадуючы грошай, вазіў дачку на блізкія і далёкія курорты, паказваў
яе найлепшым дактарам, але гэта мала дапамагала. Можа, і не дапамагло б, калі
б клін клінам не выбіла.
Тры гады таму, калі Машы пайшоў семнаццаты, яны на машыне, якой Маша сама ўжо
някепска кіравала, паехалі ў Сочы - і ў нейкі дзень падаліся ад мора на горнае
возера , вяртаючыся адкуль, прыдумалі павячэраць у прыдарожным рэстаране. Было
цудоўнае падарожжа, быў мяккі паўднёвы надвячорак, быў смачны рэстаран з грузінскай
кухняй, усё хораша клалася адно да аднаго, і ці не ўпершыню за доўгі час паміж
імі пачалася размова большая ад той, калі ён пытаўся: "Як ты сябе пачуваеш?",
- і яна адказвала: "Нармальна". З асцярожнай радасцю Брызін убачыў,
як Маша ў здзіўленні акругліла вочы і нават хуценька ўсміхнулася, калі перад імі
паклалі на стол шашлык на такім шампуры, які без натугі мог раўняцца з добрай
казацкай пікай, а на тупы канец шампура была ўздзета да таго ж чырвоная бантавая
сурвэтка з надпісам: "Смачна з'есці!"
- Хоць як-небудзь яго б з'есці, - хуценька ўсміхнулася Маша, і тут у дзверы таго
прыдарожнага рэстарана, дзе, апроч Брызіна і Машы, вячэралі яшчэ чалавек трыццаць,
уварваліся два мужыкі ў чорных масках з пісталетамі ў руках, і адзін з іх адразу
бабахнуў у столь:
- На падлогу ўсім! Ляжаць! Грошы і золата перад сабой! Ну!.. - І яшчэ два разы:
ба-бах! ба-бах!..
У акругленых вачах Машы здзіўленне змянілася застылым жахам, раней яна бачыла
такое толькі ў кіно, ды й Брызіну не здаралася трапляць у такое, і ён не ведаў,
што рабіць, але імгненна адчуў, зразумеў, што, калі зараз спаўзе на падлогу, то
ўжо ніколі з яе ў акругленых вачах дачкі не падымецца. Таму ён, не зварухнуўшыся,
застаўся сядзець, як сядзеў.
- На падлогу я сказаў! - падскочыў да іх стала той бахальшчык, стаўшы якраз насупраць
вострага канца шампура, і Брызін, левым бокам схіляючыся нібыта на падлогу пад
стол і надаючы інерцыю целу, правай рукой усадзіў шампур бахальшчыку пад ніз жывата.
Мужык скурчыўся, выпусціў пісталет, і Брызін ужо з-пад стала пальнуў з яго ў другога
налётчыка, страляць якому, перакрываючы Брызіна, замінаў напарнік. Куля пацэліла
другому амаль туды ж, куды першаму шампур, і Арчыбальд, бацька Таісіі, не прамінаў
потым выпадку назваць Брызіна "стралком па яйцах".
- Цябе маглі забіць, - першы раз за апошнія гады зусім яшчэ па-дзіцячаму заплакаўшы,
сказала Маша, калі пасля тыдня гераічнай гульбы ў гасцях у гаспадара рэстарана,
які аб'явіў Брызіна сваім крэўным братам, яны вярталіся ў Мінск.
Брызін зняў з руля правую руку і абняў дачку.
- Не плач... Цябе таксама маглі забіць... Але тады я пра гэта не падумаў. Думаў
пра іншае, даруй.
- Нас абодвух маглі забіць!.. - кінулася яму на грудзі Маша. - Ні за што, як тых
двух рабочых...
Брызін ледзь утрымаў на дарозе машыну, спыніўся на абочыне і сам, не стрываўшы,
заплакаў...
Тыя хвіліны, якія яны разам праплакалі тады ў машыне, дзіўным чыным сталіся ці
не самымі шчаслівымі хвілінамі ў ягоным жыцці.Яму было горка і сорамна, балюча,
крыўдна, душа вінавацілася перад Машай-каханнем, Машай-жонкай і Машай-дачкой,
перад тымі двума рабочымі, перад маці і прад усім светам, але вінавацілася душа
не ў безвыходнасці і не ў цемры, як яно раней здаралася, а ў прасвятленні, у пранізлівым
адчуванні нескарыстанай высокай сілы, што была ў ім самім - і ён падумаў, што
гэта і ёсць царква, якая заўсёды там, дзе чалавек здольны павініцца ў грахах сваіх,
пакаяцца і шчыра памаліцца. Над гарой, пад якой яны стаялі, за нейкае імгненне,
як яно бывае на поўдні, сабралася навальніца, заляскалі грамы і засляпілі маланкі,
з гары без першых кропляў, адразу зваліўся такі дождж, пад якім аж прысела машына,
і пад гэтым дажджом, пад грамамі і маланкамі Андрэй плакаў нязнанымі ім раней
слязьмі, якія давалі палёгку, вінаваціўся і маліўся да той пары, пакуль не заўважыў,
што Маша на ягоных грудзях спіць, не чуючы грамоў і не бачачы маланак. Калі навальніца
гэтак жа нечакана, як і пачалася, скончылася, Брызін перанёс Машу на задняе сядзенне,
прыкрыў пледам і ціха паехаў. Ён ціха ехаў, а за ягонай спінай спакойна і роўна
дыхала ў сне дачка - амаль суткі... І нічога ў свеце не было страшнага, нічога
непапраўнага, усё можна было змяніць і перайначыць да лепшага.
Не адразу пасля гэтага знікла паміж імі адчужанасць, кожны дзень, кожны крок збліжэння
даваўся з намаганнямі, але цікі і сутаргі прапалі, як іх і не было, Маша ўсё болей
вальнела ў адносінах з Брызіным - і пачало ў іх паціху ладзіцца жыццё. Толькі
кожны раз, калі Маша лавіла Брызіна на мане, хоць на самай дробязнай - многае
адкідвалася назад. Не абрушвалася, але паўзло...
Каля ягонага гаража стаяў натоўп. Ну, не натоўп, але таўклося на звычайна пустым
месцы паўдзесятка чалавек, а непадалёку - міліцэйскія "Жыгулі".
- Гэта не па твой крадзены каньяк прыехалі? - спытаў маёр Ярохін. - Калі па яго,
дык наўрат ці вып'ем.
- Ды не, - сказаў Брызін. - З чаго па яго?..
Ён нічога не адчуў, зусім нічога - і пасля з гэтага здзіўляўся.
- Хачу каньяку... Хачу каньяку... Каньяку хачу... - з-пад пахі Капіталіны заныў
Віталік, і Лёня раптам сказаў рашуча, ледзь не загадаў:
- Капіталіна, кіньце яго! Нешта ў гэтым жыцці заўсёды трэба кідаць! Нашто вы яго
цягаеце?..
Капіталіна, нібыта толькі таго і чакала, адпусціла Віталіка, і той, пахістаўшыся
ўзад-уперад, зноў знайшоў раўнавагу і нават паспрабаваў па-хакейнаму крутнуцца
на адной назе, што ў яго не выйшла, але ён даволі ўдала і, мусібыць, утульна ўваліўся
азадкам у круглую сметніцу, з якой не захацеў выбірацца.
- А я цвярозы... Вам столькі не накідаць, колькі я накідаў...
Міліцэйскія "Жыгулі" бокам перакрывалі машыну з пабітым перадам, і калі,
пакінуўшы ў сметніцы Віталіка, яны падыйшлі бліжэй, Брызін пазнаў у пабітай машыне
сініцынскую "Мазду".
"Забіваць ён мяне прыехаў, мудзіла!.." - падумаў Брызін, і тут з гаража
выйшаў Бегунок у скрываўленай кашулі, а за ім два міліцыянты, лейтэнант і сержант.
- Ён нават не прытармазіў... - убачыўшы Брызіна, вінавата развёў рукамі Бегунок.
- Яна толькі выязджаць, а ён як ехаў, так і ўляцеў у гараж... І кульгавага Юрыка
яшчэ скалечыў...
Брызін схаладзеў.
- Дзе Маша?
- Дык "Хуткая" забрала...
- Куды?
- Вы гаспадар? - спытаў лейтэнант, але Брызін адпіхнуў яго і ўскочыў у гараж,
з якога несла каньяком, як з бочкі. Ягоны "Масквіч" з задраным капотам
і сарваным з крапяжу маторам ляжаў амаль на баку, левымі коламі ў рамонтнай яме,
паўсюль пагромна былі раскіданы скрыні, інструменты, бутэлькі, бітае шкло - і
Брызін усё зразумеў.
- Куды павезлі?.. - выскачыў ён з гаража.
- Вы гаспадар? - зноў спытаў лейтэнант, і Брызін амаль узмаліўся да маёра Ярохіна:
- Ярохін... Дачка...
- Адвязіце яго! - не зусім упэўненым, але ўсе ж загадным голасам кінуў міліцыянтам
Ярохін. - Астатняе бяру на сябе.
Міліцыянты запераміналіся.
- Там левага каньяку паўгаража... - пачаў лейтэнант, але Ярохін ужо рэзка перапыніў
яго:
- Ваша справа - дарожна-транспартнае здарэнне. З гэтым высветлілі?
Сержант дастаў паперы.
- Усё зрабілі і сведкаў перапісалі, таварыш маёр...
- Ну дык і едзьце! А незаконна набыты каньяк грамадзянін Брызін дабраахвотна перадае
дзяржаве, для чаго і я тут з супрацоўнікамі, - кіўнуў Ярохін на Лёню з Капіталінай.
- Гэта ўжо мая справа, зразумела?
- Паехалі, - сказаў сержанту лейтэнант, і яны пайшлі да машыны, у якую ўслед за
Брызіным паспрабаваў сесці Лёня.
- Я з вамі. Вас нельга пакідаць аднаго.
- Ды пайшоў ты! - адштурхнуў яго Брызін і ляснуў дзверцамі.
- Не лупі так, - сядаючы за руль, сказаў сержант. - Не твае.
- Моцна яе, мужыкі? - спытаў Брызін.
- Мы не дактары, - павярнуўся да яго лейтэнант. - Скуль у цябе каньяку столькі?
- Ды што вы з гэтым каньяком!.. Я вам яго, колькі хочаце, прывязу... Як усё выйшла?
Лейтэнант адвярнуўся, запаліў цыгарэту і стаў глядзець на дарогу. Сержанту стала
ніякавата.
- Мы не бачылі. Са слоў толькі...
- Ну, са слоў...
- Пацярпелая пачала на "Масквічы" выезд з гаража, а пацярпелы на "Маздзе"
адкінуў "Масквіча" назад у гараж лабавым ударам... Тры чалавекі ў бальніцы.
- А куды яна ехала?.. Куды яна ехала?..
Сержант здзіўлена зірнуў на Брызіна ў люстэрка задняга агляду.
- Адкуль нам ведаць?.. Гэта вы ў яе спытайцеся.
Лейтэнант зацягнуўся цыгарэтай.
- Тут крымінал, так што ва ўсім будзем разбірацца. Твой служка кажа, што вырвала
ў яго ключы, цябе шукаць хацела. Чакала, чакала, званіла паўсюль... Пры такіх
запасах каньяку слабенькая ў цябе машына. Быў бы які "Мэрсэдэс" - лягчэй
бы ўсё абыйшлося. Грошы шкадуеш, ці маскіруешся?
Брызін прамаўчаў.
- Маўчыш?.. Ну, памаўчы пакуль... А Ярохін табе хто?
- Ніхто. Хто мне Ярохін?
- Вось і я пытаюся: хто?
- Я ж сказаў, што ніхто. Маёр міліцыі. Вам лепш ведаць.
- Ведаю, хто яго не ведае... Ярохін - легенда. Але былая. Так што дарма ён сюды
ўлез.
Брызін, ледзь разумеючы тое, пра што гаворыць з ім лейтэнант, асмеліўся нарэшце
спытацца:
- Як яна?.. Жывая?..
У сержанта да яго было болей спагады, чым у лейтэнанта, і сержант нават уздыхнуў:
- Забіралі жывую...
Глянуўшы на лейтэнанта, ён уключыў мігалку з сірэнай, і да бальніцы ўжо было не
да размоў.
- Заўтра мы цябе выклічам, - каля бальніцы хуткай дапамогі сказаў лейтэнант. -
Пра каньяк не забудзься...
"Чаму толькі сюды возяць, на край горада?.. - наўздагад пабег у першыя адчыненыя
дзверы Брызін. - Там жа зусім побач бальніца ёсць, другая Савецкая..."
Пра Машу сказалі, што яна ў аперацыйным пакоі.
- Я нічога ні пра каго не ведаю, - адварочвалася ад яго залатазубая, паўнагрудая
сястра. - Тут праз кожныя пяць мінут некага прывозяць, дактароў чакайце.
- Маша... Маша Брызіна... - зазіраў ёй у вочы Брызін. - Ну, дзяўчынка такая, светленькая...
Сястра падпіхнула яго да крэсла.
- Маша, Маша, светленькая... Сядайце і чакайце. Усе ў нас дзяўчынкі светленькія,
не Эфіопія ў нас...
Брызін сеў чакаць.
"Што ж сталася?.. Маша-каханне, Маша-жонка і цяпер - Маша-дачка?.. Госпадзі,
не!.."
Ён тройчы перахрысціўся.
За ягонай спінай скрыгатнуў ліфт, Брызін павярнуўся - і сутыкнуўся позіркам са
спуджаным паглядам Сініцына. На Сініцыне быў гіпсавы ашыйнік. Убачыўшы Брызіна,
Сініцын задам засунуўся ў ліфт і зачыніўся. Ліфт зноў скрыгатнуў, Брызін за ліфтам
не пабег. Нікуды Сініцын не падзенецца. Сініцына ён пакладзе пад колы, і Маша
па ім праедзе.
Значыць, Сініцын ашалела выскачыў ад Нінэль, дагнаў да гаража і думаў, што з гаража
выязджае Брызін... Камікадзе адмарожаны...
Гадзіны праз паўтары дзверы аперацыйнага пакоя адчыніліся, з іх выйшаў худы доктар
ростам з Капіталіну. Глянуўшы на Брызіна, які ўскочыў з крэсла, доктар азірнуўся
па баках.
- Вы адзін?
Брызін таксама азірнуўся.
- Адзін.
- Гэта добра, - чамусьці сказаў доктар. - Вы каго чакаеце?
- Дачку... Брызіну Машу...
Доктар, нібыта цягнучы час, яшчэ раз спытаў абы-што:
- Дачку?.. Вы бацька?
Брызін, чакаючы, кіўнуў.
- А маці дзе? - зноў азірнуўшыся, зноў спытаў доктар.
- Па... Памерла... - не адразу здолеў прагаварыць Брызін.
Доктар не зразумеў і ўскінуў рукі:
- Не!.. Хоць стан цяжкі. Пераломы, траўмы органаў... Працуе толькі сэрца. Мы зрабілі
ўсё, што маглі, але...
- Я магу яе бачыць?
Доктар адмоўна паківаў галавой.
- Яна ў рэанімацыі.
На гэты раз азірнуўся Брызін, паглядзеў на ліфт.
- Як у рэанімацыі?
- Праз другі выхад. Тут два ліфты.
- Доктар...
- Гэта катэгарычна забаронена.
- Доктар, за ўсё... за ўсё, што заўгодна... за любыя грошы...
Гэта доктара не тое, каб раззлавала, але ён стаў нібыта яшчэ худзейшы з твару.
- Паразбагацелі вы, а багатымі быць не ўмееце... Ледзь што - за любыя грошы...
Каб за грошы можна было купіць здароўе і доўгае жыццё, вам бы капейчыны не дасталося.
Брызін не ўцяміў, што ён сказаў.
- Чаму?
- Знайшліся б тыя, хто грошы ў вас зубамі б вырваў... Я сам бы рваў.
Да Брызіна дайшло.
- Ну, гэта, хто ў каго... Я зубамі за іх не грызуся.
- Я не пра вас асабіста... - як быццам прабачыўся доктар. - Едзьце да раніцы дахаты,
няма вам тут чаго рабіць, толькі змучаецеся... Я ў ноч дзяжурны, так што можаце
пакінуць тэлефон.
Брызін таропка, нібы гэта нешта магло значыць, дастаў з партманэта візітоўку.
- Золатам па мармуры, - глянуў на візітоўку доктар. - Брызін Андрэй Аляксандравіч,
генеральны дырэктар. Калі што - пазваню, Андрэй Аляксандравіч. Гэта ўсё, што магу
пакуль абяцаць...
- Самсон Самсонавіч!.. - як з пажару, выскачыла з дзвярэй аперацыйнага пакоя маладзенькая
медсястра ў збітай на вуха шапачцы, і ў Брызіна ледзь не падкасіліся ногі. - Там
гэты калека ўсіх калечыць, без вас нікому не даецца!..
- Я ж сказаў, што ў рэанімацыя ваша дачка... Едзьце дахаты, тут вы без патрэбы,
- крануў Брызіна за плячо Самсон Самсонавіч і пайшоў за медсястрой. - І дзе ён
цябе скалечыў?.. І чым, калі ў яго ні рук, ні ног?..
Брызін прысеў на край крэсла, падняўся, зноў прысеў... "Тут вы без патрэбы..."
А дзе і каму ён без Машы ў патрэбу?..
Выходзіла, што нідзе і нікому.
Тым не менш размова з доктарам нібы давала нейкую надзею. Каб усё было безнадзейна,
хіба стаў бы доктар абы-што казаць?.. Пра тыя ж грошы?..
Брызін устаў з крэсла, спусціўся ў прыёмны пакой. Спытаўся ўжо ў другой, але таксама
паўнагрудай медсястры, дзе рэанімацыя? Тая, не падымаючы галавы ад нейкай паперчыны,
коратка адказала:
- Нельга!..
Андрэй выйшаў з бальніцы, зусім не ведаючы, куды ісці і што рабіць. На выхадзе
яго чакалі Лёня і Капіталіна.
- Нам сказалі, што не ўсё безнадзейна, - глянуўшы на Брызіна і заморгаўшы вачыма,
сказаў Лёня, якому ніхто і нічога не мог сказаць.
Брызіну не хацелася іх бачыць. Чужыя людзі з выпадковай кампаніі - для чаго?..
Але ж прыехалі. Сініцын у ліфт схаваўся, а яны прыехалі.
- Яна ў рэанімацыі... - сказаў Брызін. - Толькі сэрца працуе... - У тым, што працуе
сэрца, таксама была надзея.
Капіталіна расчыніла сумку.
- Я каньяку вашага ў гаражы тры пляшкі прыгрэла... Гэта нічога?
- Нічога... Але піць я не буду.
- А што рабіць? - спытала Капіталіна.
Каб ён ведаў.
- Тут дзядзька мой працуе. Ён лічыць, што я наркаманка, і ў нас канфлікт. А так
бы я магла спытацца.
- Самсон Самсонавіч? - угадаў Брызін.
Капіталіна не здзівілася.
- Самсон Самсонавіч Самсонаў. У мяне яшчэ адзін дзядзька ёсць і ён таксама Самсон.
Дзед такі дзіўны быў, Самсонаў...
Размаўляць не было пра што. А пра тое, што было - не было з кім. Чужыя людзі.
Самсонавы.
- Вы едзьце, - махнуў рукой у бок вуліцы Брызін.
- А вы? - спытаў Лёня. - Некуды ж вам трэба падзець сябе. Я разумею, што мы не
вялікія памагатыя, чужыя людзі, але ж і не аднаму вам быць. Хоць хто яго ведае...
- Я ведаю! - рашуча сказала Капіталіна, беручы Брызіна пад руку. - Да мяне паедзем.
Я пакажу вам свой дом-музей.
Брызін заўпарціўся.
- Куды я адсюль паеду?.. Вы што?.. Я тут буду.
Лёня зірнуў на Капіталіну.
- Можа, хай застаецца... Я таксама б не паехаў.
Капіталіна ўчэпіста Брызіна не адпускала.
- І што з таго?.. Які толк?.. А ў мяне і другі дзядзька хірург, нараніцы з Прагі
вернецца. Мы ад мяне адразу да яго - і з ім сюды.
- Адкуль вернецца? - спытаў Брызін.
- З Прагі. Ён свяціла, ва ўсім свеце яго ведаюць.
Брызін мог зараз быць у Празе - і ўсё было б інакш. Але ён тут - і ўсё так, як
ёсць. Выпадак. Гульні жыцця.
Якраз, бы на тое пайшло, падкаціла таксі.
- Сядайце ззаду, - падштурхнула Лёню з Брызіным Капіталіна. - Мне там ногі няма
дзе падзець.
- Ды чакайце вы! - паспрабаваў яшчэ паўпірацца і нават раззлавацца Брызін. - У
мяне і без вас ёсць людзі, да якіх я магу паехаць!..
- Няма, - упэўнена сказала Капіталіна. - Калі б яны былі, яны б тут былі.
Дарогай, пакуль ехалі ў таксі, гаварыў адзін Лёня.
- Бездапаможнасць - самае няшчаснае пацуццё. Ты гатовы зрабіць усё, а не можаш
зрабіць нічога. І ты мізэрны, нікчэмны. Я аднойчы ў сне бачыў, як хлапчук праваліўся
пад лёд і стаў тануць. А я кранаю нагой лёд - ён адразу трушчыцца, кроку ступіць
не магу. Мне страшна, я сам баюся ўтапіцца. І я бегаю па беразе, крычу, а хлапчук
тоне. Не ведаю, ці патануў. Калі прачнуўся, дык падумаў: хоць бы на яве такога
не сталася. Роўна праз год сталася. Такім было ўсё падобным, быццам паўтарыўся
сон, нібы я сплю. Каб нешта рабіць, каб толькі не пачувацца бездапаможным, я кінуўся
на лёд, як быў, ні дошкі не ўхапіўшы, ні вяроўкі. І не дабраўся да хлапчука. Мяне
выцягнулі, а яго не. І ўсё адно на яве было не так страшна, як у сне. Думаць пра
страшнае страшней, чым у ім быць. Калі я толькі думаю, толькі ўяўляю - я сплю.
І ў сне бегаю і крычу. Бездапаможны, ні на што не здольны бегаю і крычу, а хлапчук
тоне...
"Разуменне дэманструе, - непрыязна падумаў Брызін. - Лепш бы казаў прыгожа..."
Кватэра Капіталіны ў старым доме за Акадэміяй навук сапраўды нагадвала даўно не
парадкаваны і не прыбіраны музей. На ўсіх сценах у вялізнай прыхожай і яшчэ большай
гасцёўні віселі карціны, гадзіннікі, дываны са скрыжаванымі на іх шаблямі і старадаўнімі
стрэльбамі, на паліцах пыліўся крышталь і фарфор, бронзавыя і гліняныя статуэткі,
а ў кабінеце, да столі застаўленым кнігамі і тэлескопамі, высіўся на падстаўцы
каля пісьмовага стала мужчынскі бюст з чорнага мармуру, і збоку ад яго - гармата.
Не самая вялікая, без лафету, але баявая гармата часоў апошняй вайны, якую незразумела
як сюды зацягнулі...
- У мяне і снарады ёсць, - па-дзіцячы пахвалілася Капіталіна. - Праўда, адзін
і стрэляны, але ўсё адно ўсе баяцца... Калі хто палезе - як грымну!..
- Гэта Сувораў? - спытаўся Лёня пра мармуровы бюст. Несупадзенне Капіталіны з
піўной пры Віталіку пад пахай і Капіталіны з дома-музея пры гармаце са снарадам
да разгубленасці яго збянтэжыла, але ён стараўся зрабіць выгляд, быццам і не такое
бачыў-перабачыў, нібы і ў ягонай кватэры поўна снарадаў і яшчэ нядаўна стаяў бюст
Суворава, толькі ён яго выкінуў.
- Гэта дзед мой Самсонаў... У вайну ён быў артылерыстам, цягаў такую во гармату,
а пасля стаў вялікім вучоным, генералам. Засакрэчанай нейкай навукай займаўся,
звязанай з оптыкай... Кватэру гэтую ён мне пакінуў, дык дзядзькі і злуюцца. Усё
ў наркаманкі мяне запісаць хочуць, каб забраць.
Брызін раптам адчуў сябе, як на могілках.
- І пры ім тут ягоны бюст стаяў?
- Не, гэты помнік на магілу зрабілі, але чаго яму там стаяць? Там і так хораша,
дрэвы растуць... А тут я з ім усё ж не адна. Прачынаюся, кажу: "Добрай раніцы,
Самсон Самсонавіч!" І ён мне кажа: "Добрай раніцы, Капіталіна Самсонаўна!
Не забудзься паснедаць і не палі да сняданку..." Так і жывём. Ну, што, павячэраем?..
У меню яйкі і пельмені.
У авальнай, з круглым сталом, асобнай ад кухні сталовай віселі насупраць адзін
аднаго жаночы і мужчынскі фотапартрэты. Жанчына нагадвала Капіталіну, а мужчына
- доктара Самсона Самсонавіча. Было відаць, што на фотаздымку мужчына і жанчына
былі некалі разам, а для фотапартрэтаў іх разрэзалі: на плячы жанчыны ляжала мужчынская
рука.
- Бацькі? - спытаў Брызін, калі Капіталіна, падаўшы праз акно з кухні яечню і
пельмені, увайшла ў сталовую. - Зарэтушаваць руку можна было.
- Можна было, - паглядзела на адзін і другі партрэт Капіталіна. - Але так відаць,
што яны абняўшыся... Прыгожыя і закаханыя, праўда?
- Прыгожыя...
- І закаханыя... - паклаў Капіталіне руку на плячо Лёня і спытаў пра тое, пра
што ўжо можна было не пытацца: - І дзе яны ў вас, Капіталіна Самсонаўна?
- Прапалі ў змаганні за шчаслівую будучыню Анголы, - пагладзіўшы, зняла з пляча
Лёніну руку Капіталіна і паправіла партрэт бацькі, хоць ён і так вісеў роўна.
- Яны абодва ўрачамі былі, іх туды і не пускалі разам, дык яны дзеда ўпрасілі
- і дзед пастараўся... Іх там з нашымі параненымі ў палон узялі, параненых пасля
абмянялі, а іх - не... Ворагі братняй Анголы сказалі, што не было ніякіх дактароў.
І нашы потым пацвердзілі, што не было не толькі дактароў, але і параненых... Джунглі.
- А дзед?.. - спытаў Брызін. - Ён жа генерал.
- Дзед рапарт напісаў аб адстаўцы, яго пад хатні арышт узялі. Тут у нас варта
стаяла, жылі ў прыхожай. З тэлефонам нейкім спецыяльным, з пісталетамі... Мне
падабалася.
- І даўно гэта было? - пацікавіўся Лёня.
- Паўжыцця назад... А, можа, і ўсё жыццё... Каньяк п'ём?
Брызін адсунуў ад сябе кілішак.
- Без мяне... - І амаль што прызнаўся ў тым, з-за чаго ўсё ж да Капіталіны паехаў.
- Пазваніла б ты дзядзьку, ці яшчэ каму, як яна там?.. Сказала б, што знаёмая
твая, сяброўка... Можа, лекі якія купіць... Нешта ж трэба рабіць, не магу я так
сядзець...
Капіталіна ўзялася разліваць каньяк, Лёня пераняў бутэльку:
- Капіталіна, у мужчынскай кампаніі...
- Я сама сабе кампанія, - страсянула валасамі Капіталіна, і Брызін толькі цяпер
заўважыў, якія ў яе прыгожыя, колеру спелага лёну, валасы. - Вып'ем - і пазваню.
Тады мне і з ім, і з кім заўгодна прасцей размаўляць будзе... Я хачу выпіць за
тое, каб ваша дачка была жывая-здаровая. А вы - не?..
Брызін перахапіў пустэльны, з сухім бляскам позірк Капіталіны і адчуў у ёй небяспеку.
- Мы што, апроч, як піць, нічога больш не ўмеем?
- Дык вы - не? - перапытала Капіталіна.
Як і ўсе паганцы, Брызін меў свае забабоны, след чорнага ката не пераходзіў...
Гэтак закручанае Капіталінай змушэнне да выпіўкі яго раздражніла - і ён замест
кілішка падсунуў да сябе фужэр.
Лёня наліў на донца.
- Поўны, - сказаў Брызін. - Каб была жывая і здаровая.
- Ой, які каньяк! - з асалодаў выпіла Капіталіна. - Некалі ў нас заўсёды такі
быў, дзед любіў... Казаў: Капа, накапай...
Брызін выпіў праз сілу.
- Цэлы дзень п'ём... Дзе ў цябе тут ванна, ці басейн з вышкай?.. Мне б асвяжыцца
трохі...
- Там... - махнула рукой на дзверы Капіталіна, і Брызін выйшаў са сталовай.
У ваннай, якая ў параўнанні з астатнімі апартаментамі аказалася нечакана маленькай,
быў гэткі гармідар, што мыцца ў ім расхацелася... Па ўсіх кутах былі раскіданы
трусікі, станікі, нямытыя ручнікі і бялізна, да ракавіны і да рагоў самой ванны
прыкарэлі абмылкі, мачалкі, выціснутыя цюбікі зубной пасты, шкляныя і пластмасавыя
бутэлечкі са слоічкамі, а на палічках шафкі з запырсканым люстэркам, у якое Брызін
глянуў і не ўбачыў сябе, былі рассыпаны разам з бігудзі і заколкамі прэзерватывы
і шпрыцы...
Брызін абмыў рукі і твар і выцерся насоўкай.
Выйшаўшы з ваннай, ён штурхнуў дзверы насупраць - і яны расчыніліся ў спальню.
На двух ложках, раздзеленых тумбачкай з таршэрам, ляжалі мужчына і жанчына, падобныя
на бацьку і маці Капіталіны. У звечарэлым святле, якое малаком цадзілася скрозь
шторы, твары іх былі спакойнымі, яны спалі. Брызін, ледзьве не сказаўшы "выбачайце",
ніякавата пасунуўся назад, але нешта ў апошні момант здалося яму ў гэтых тварах
ненатуральным - і ён запаліў люстру.
У ложках, акуратна накрытыя вышыванымі коўдрамі, ляжалі лялькі. Гумавыя, у рост
чалавека, Брызін бачыў такія ў секс-шопах... Лялька-жанчына ляжала бліжэй да Брызіна,
і каля яе ложка вісеў на гнутай вешалцы халат і стаялі тапкі... Ранкам яна прачнецца
і ўзрадуецца, што дачка пра яе паклапацілася... Накіне халат, суне ножкі ў тапачкі,
выйдзе ў прыхожую і гукне: "Капіталіна Самсонаўна!.. Ай-яй-яй, ты яшчэ не
ў ваннай!.. Падымайся, соня мая, пара ў школу збірацца!.."
На тумбачцы пад таршэрам ляжалі два шпрыцы і прэзерватыў.
Брызін выключыў люстру і зачыніў дзверы спальні.
Тут не толькі нарката, тут болей...
Асцярожна прамінуўшы прыадчыненыя дзверы сталовай, Брызін рушыў да выхаду, узяўся
за замкі, але рукі ў яго дрыжэлі, і ён ніяк не мог тры гэтыя замкі адолець, які
з іх у які бок круціць, адзін замок ляснуў, як стрэліў - і ў прыхожую выйшла Капіталіна.
- Я пазваніла... А вы куды?
- Па цыгаркі... Скончыліся.
- У мяне ёсць што паліць... Вы збегчы хацелі?
- Не... Што сказаў Самсон Самсонавіч?
- Спытаў, адкуль у мяне такія знаёмыя...
- І ўсё?..
- Сказаў, што раніцай будзе мой дзядзька з Прагі, ён таксама Самсон Самсонавіч...
- Ты казала пра гэта! - адштурхнуўся ад дзвярэй Брызін.
- І таксама хірург - і тады будзе відаць...
- Што будзе відаць?..
- Вытрымае ваша дачка яшчэ адну аперацыю, ці не...
Высунуўся захмялелы Лёня.
- Крык нейкі чуецца ў інтэлігентнай кампаніі...
- Няма ніякага крыку, - прайшоў у гасцёўню Брызін і сеў на скураную канапу каля
балконнага акна. - Нічога няма... Дайце, што ў вас там запаліць ёсць.
Капіталіна вынесла са сталовай "касяк" - папяросіну з падоўжанай, сцягнутай
з муштука і набітай гільзай.
- Гэта расслабіць вас, толькі не супраціўляйцеся самі сабе... Вам адпачыць трэба.
- Я адзін папалю.
- Добра, паліце адзін.
- Капіталіна Самсонаўна, вы цуд!.. - прыпадняўся на цырлы, каб пацалавацца з ёй,
Лёня, і на цырлах падаўся за ёй у сталовую. - А ў нас яшчэ і каньяк, і кветкі,
і чароўная ноч...
Брызін яму пазайздросціў.
"Дзе кветкі?.. Якія кветкі?.. Ніякія, абы на цырлах, абы прыгожа..."
"Траўку" ён спрабаваў і раней, таму запаліў спакойна, нічога не чакаючы...
Можа, сапраўды дапаможа трохі расслабіцца.
Кватэра Капіталіны нагадвала яму яшчэ адну, таксама генеральскую, у якую ён патрапіў,
калі заляцаўся да будучай жонкі. Тая прывяла яго ў сям'ю сяброўкі, нібыта на агледзіны.
Гаспадар з гаспадыняй амаль не звярнулі на Брызіна ўвагі, бравы генерал, вітаючыся,
прадэкламаваў толькі: "Андрэй, не дурэй, не дзяры капоты..." - і дадаў
на вуха: "Не жаніся, не будзь дурнем", - затое дачка іх адцягнулася
на Брызіне, як хацела. Беласкурая з чорнымі валасамі, адкормленая, пародзістая,
яна бокам ляжала на тахце ў кітайскім халаце, і на выгнутым, круглым яе клубе
нервавалася рука з даўжэзнымі, на паўпальца, пазногцямі пад крывава-чырвоным лакам.
Насмешліва гледзячы на Андрэя, яна папстрыквала сваімі кіпцюрамі і расказвала
пра тое, у якое захапленне прыводзяць яе простыя людзі з правінцыі. Аднойчы бацька
не змог паслаць за ёй машыну, ёй давялося паехаць у тралейбусе, і калі тралейбус
паварочваў каля Вечнага агню на плошчы Перамогі, вясковы дзядок страшэнна здзівіўся
і амаль крыкнуў сваёй спадарожніцы:
"Глянь, старая, агонь на вуліцы гарыць!"
"Ну!.. - таксама здзівілася старая. - Мусібыць, дзеці запалілі".
- Як натуральна! Як проста! - пстрыкаючы кіпцюрамі, захаплялася генеральская дачка
Аліса. - Правінцыялы ўсё-ткі лепшыя за нас, несапсаваныя гарадской культурай і
прагрэсам. А я змагла б жыць у вёсцы, як вы думаеце, малады чалавек?..
У куртатым каверкотавым касцюмчыку Бабруйскай фабрыкі і ў шкарпэтках з дзіркамі
на пятах Андрэй сцята сядзеў на хісткім пуфіку, піў каву і, стараючыся не засвяціцца
пятамі, думаў толькі пра тое, як бы не раструшчыць найтонкі, бязважкі, нібыта
з нічога зроблены кубачак. Каву ён піў упершыню ў жыцці, яна зусім яму не падабалася,
але Андрэй не асмельваўся адмовіцца, калі Аліса, бачачы, як ён душыцца гэтым горкім
пойлам, адтапырвала крывава-чырвоны мезенчык і прапаноўвала:
- Вам яшчэ кавы, малады чалавек? Без цукру?..
Нават на тое, каб, не хочучы, не піць каву, незалежна ад таго, хто ёй частуе,
Брызіну спатрэбілася нямала гадоў... І яшчэ болей часу мінула, пакуль ён аднойчы,
гледзячы на парад ветэранаў і на новае, маладое, пыхлівае начальства, якое тэатральна
ветэранаў вітала, зусім па-іншаму зразумеў тое, што сказала пра Вечны агонь тая
старая ў тым тралейбусе.
Правінцыйнасць маладога чалавека не перашкодзіла Алісе на другі дзень пасля шлюбу
ягонага з яе сяброўкай зацягнуць Брызіна ў ложак... З гэтага нават ад правінцыяла
яна зацяжарыла і, панічна баючыся бацькі-генерала, данасіла дзіця амаль да пяці
месяцаў. Пад гэты час бравы генерал папаўся на буйным крадзяжы вайсковай маёмасці,
яго арыштавалі і саслалі на Кушку, куды паехала за ім і генеральша. Рабіць аборт
было позна - і ў спусцелай генеральскай кватэры тры найлепшыя сяброўкі Алісы,
адна з якіх вучылася ў медінстытуце, выклікалі Алісе штучныя роды. Маша-жонка,
якая пры тым прысутнічала і сама была цяжарная, расказала Андрэю, як яны не ведалі,
куды падзець дзіця. Са страху закруцілі яго ў газеты і кінулі ў смеццеправод...
Зрабіла гэта - закруціла і кінула - Маша-жонка, моцная ў яе была натура. Брызін
часта пра тое ўспамінаў, калі яна памерла пры родах.
Аліса пачала піць, прадавала рэчы - і даволі хутка тая генеральская кватэра прыйшла
ў яшчэ большае запусценне, чым гэта... Разбураныя генеральскія гнёзды.
Але жыць - неяк адразу і адчуў, і падумаў Брызін - усё ж хораша... Яму згадаўся
анекдот пра мужыка, які ў хаце сваёй сабраўся быў вешацца. Прывязаў вяроўку, намыліў
яе, стаў на зэдаль, надзеў пятлю - і ў апошні момант убачыў на стале трохі недапітую
пляшку. "Я павешуся, а нехта дап'е? - падумаў мужык. - Э, не, так не пойдзе..."
Злез, дапіў, зноў надзеў пятлю - і ўбачыў амаль напалову недапаленую цыгарэту,
здаравенны бычок. "Я павешуся, а нехта дапаліць?.." Злез, запаліў, выйшаў
на балкон... Уверсе птушкі пяюць, унізе дзеўкі-танкеткі абцасікамі цокаюць...
Мужык пстрыкнуў бычком з балкона, азірнуўся на вяроўку, пацягнуўся і сказаў: "Э,
не... Я павешуся, а жыццё, бач ты, возьме ды наладзіцца!"
Брызін дапаліў папяросу - і яго пацягнула прылегчы. Ён лёг спінай на канапу і
пачуў, як спачатку аднекуль зверху, а потым і знізу, і з усіх бакоў ціха загучала
музыка. Са столі пацякло па сценах, па дыванах, зазіхацела на старадаўняй зброі
жаўтаватае святло, нібы гасцёўня напаўнялася сонцам. Святло цякло хвалямі, набягала
само на сябе, як вада на ваду пры беразе, і адна хваля падхапіла Брызіна, пад
яе яшчэ мякчэй паслалася другая, яны прыпаднялі Андрэя, загушкалі, пасля ўплылі
ў яго - і ён сам стаў лёгкай хваляй на хвалях, разам з якімі плаўна-плаўна, паволі-паволі
і ў той жа час неверагодна хутка то ўздымаўся вышэй ад столі і неба - да самых
зорак, то ападаў ніжэй ад падлогі і зямлі - да самых нетраў...
Ён быў нідзе і ўсюды, ні ў чым і ва ўсім - без канца і пачатку... І ён не адчуваў
асалоду, а быў самой асалодай, якая гранічна сама сябе адчувала... Тое зусім маленькае,
што яшчэ заставалася ў гэтай асалодзе Брызіным, баялася асалоды не вытрываць і
ад яе памерці...
"Гэта немагчыма, не па сілах чалавечых вытрываць такое, але, калі такое ёсць,
дык нехта ж гэта адчувае, павінен адчуваць, калі такое ёсць, але хто?.."
- думала тое, што было ў асалодзе Брызіным, і Маша-каханне, хваля-каханне, якая
была і часткай асалоды і ёю ўсёю, казала, гучала музыкай: "Я, я, я ўсё гэта
адчуваю, я і ёсць твая асалода, і маці твая тое ж адчувае, скажыце яму, Марыя
Андрэеўна, хай ён не мучаецца, што нас няма, гэта яго самога яшчэ нямашака..."
- і Маша-маці, хваля-маці люляла яго і люлялася ў ім, і казала не асобна, а музыкай
гучала разам з Машай-каханнем: "Гэта знак табе, каб ведаў, чаго можаш не
зведаць і не адчуць, бо грэх на табе, а ты і не сплаціў яго, і не замаліў, табе
і Маша пра тое скажа..." - і Маша-дачка, хваля-дачка ахінула яго, прылегла
з ім побач і пачала да яго ласціцца, цалаваць і распранаць, казаць, гучаць музыкай:
"Ён мяне любіць, любіць, за ўсіх вас любіць, ён праз мяне грахі свае сплаціў
і замаліў, глядзіце, які ён чысты, я нават магу пацалаваць яго там, дзе нельга..."
- і хваля-дачка стала цалаваць яго там, дзе нельга, і ён паспрабаваў адштурхнуць
яе, бо сапраўды нельга, бо гэта грэх над усімі ягонымі грахамі, але рукі ягоныя
ўплылі ў яе русалчыны валасы, і яна перакруцілася разам з ім, падплыла, паслалася
пад яго - і ён, увайшоўшы ў хвалю-дачку і жахаючыся гэтага, выліваўся ў яе хваля
за хваляй, канаючы ад асалоды...
Колькі гэта доўжылася па часе, ён не ведаў, бо не было ніякага часу... Наогул
не было нічога - і было ўсё... Ён уздымаўся і заміраў ад страху, што не апусціцца
з гэтай вышыні, апускаўся і заміраў ад жаху, што не ўздымецца з гэтых нетраў.
Хваля за хваляй, хваля за хваляй...
Калі сціхла музыка, згасла святло і апалі хвалі, Брызін, вярнуўшыся з палётаў,
знайшоў сябе голага на скураной канапе ў абдымках голай Капіталіны.
Выйшла ўсё, як заўсёды, толькі пад наркатой. Ды яшчэ дачка ягоная, з якой ён зараз
грэшна кахаўся, трызніў сябе ў ёй на пару з Капіталінай, была ў бальніцы.
Госпадзі, чаму з дачкой, чаму Маша падмяніла ў гэтым трызненні Капіталіну?.. Брызін
чуў і чытаў пра ўсялякія эдзіпавы комплексы, але яго гэта ніякім бокам не чапляла
- ненармальнасць нейкая, хвароба, такім эдзіпам толькі яйцы адстрэльваць... Іншым
разам ён раўнаваў Машу, загадзя перажываючы тое, што дастанецца яна цыбуку нейкаму
ў жонкі - і давядзецца яе з цыбуком тым дзяліць. Ці яшчэ з якім неграм... Але
ж гэта бацькоўскае, нармальнае, што можна ўсвядоміць і зразумець, а ў падсвядомасці
- такое!..
- А Лёня дзе?.. - спытаў Брызін.
- Па кветкі пайшоў... - прамармытала Капіталіна. - Я салодкая табе?..
- Як кава з цукрам...
- Я не п'ю каву з цукрам...
- Я ведаю...
- Адкуль?..
- Генеральскія дочкі каву з цукрам не п'юць...
- Я не дачка, я ўнучка...
"Сапраўды, - успомніў Брызін. - Да ўнучак ужо дабраўся, педафіл..."
- Табе колькі гадоў?..
- Дваццаць чатыры...
"Выглядаеш маладзей", - хацеў сказаць Брызін, але не сказаў, бо Капіталіна
выглядала і на дваццаць чатыры, і на чатырнаццаць, і на трыццаць пяць.
- І даўно ты...
- Даўно...
- Я не паспеў яшчэ спытацца...
- Я зразумела... Ты заходзіў і ў ванну, і ў спальню, я забылася замкнуць... Але
я гэта кіну...
- Кідай...
- Хоць гэта не больш шкодна, чым піць...
- Гэта больш небяспечна, чым піць...
- Небяспечна жыць, ад гэтага паміраюць...
- Ніхто не памірае...
- Як гэта?..
- Калі памрэш, зразумееш...
- А ты памёр?..
- Памёр...
- Як мае бацькі?..
- Як твае лялькі...
- Шкада...
- Чаму?..
- З табой добра...
- А ты са мной была?..
- З табой... А з кім яшчэ?..
- Ну, ці мала з кім... З Лёням... З бацькам...
- А...
- Што "а"?..
- Гэта "траўка" такая, яна падмяняе... Усё ў нас саміх, а яна вызваляе...
- Дык з табой было такое?..
- Не... Мяне п'яны бацька без ніякай "траўкі", на яве, на гэтай самай
канапе... Яны праз тое і ў Анголу з'ехалі, я бачыць яго не магла... Павесіцца
спрабавала... Каб не дзед...
Брызін сеў на канапе.
- Як гэта на яве? Бацька?..
- Ты чаго ўсхапіўся? - зашукала яго рукамі Капіталіна. - Хіба не чуў пра такое?..
Давай паляжым...
- Холадна, - падняўся Брызін і пачаў выварочваць на правы бок штаны, сцягнутыя
з яго Капіталінай разам з трусамі і шкарпэткамі. І штаны, і трусы, і шкарпэткі,
і пінжак з кашуляй у генеральнага дырэктара Андрэя Аляксандравіча Брызіна былі
новыя, без дзірак.
У прыхожай раптам прыглушана зайгралі гімн Савецкага Саюза.
- Колькі ж часу?.. - пачаў шукаць гадзіннік Брызін, але ўспомніў, што Савецкага
Саюза няма. - Што гэта?..
- Званок такі дзвярны, - прыпаднялася Капіталіна. - Лёня кветкі прынёс, адчыні...
- А ты?..
- Што я?..
- Ты ж голая, апранайся.
- Я і голая магу кветкі ўзяць, - пайшла да дзвярэй Капіталіна... Брызін пераняў
яе, заштурхаў разам з трантамі ў ванну і тады ўжо адчыніў дзверы.
Лёня быў без кветак.
- Я ў бальніцу з'ездзіў... - ціха і вінавата прагаварыў Лёня, не пераступаючы
парог. - Самсон Самсонавіч прабачаўся... што да вас не дазваніцца...
На Лёніным твары ўсё было напісана, хоць ён не ведаў, як пра гэта ўсё сказаць.
- Вы самі пазваніце...
- Зараз, зараз... - палез па кішэнях шукаць тэлефон Брызін, але яго хіснула да
сцяны, ён прываліўся да яе спінай і асеў на падлогу.
Лёню ў дзвярах і Брызіна на падлозе і застала Капіталіна, мокрай і голай вышаўшы
з ваннай з трантамі ў руках.
- А кветкі... - пачала Капіталіна, асеклася і на мокрае цела пры іх пачала апранацца...
- Каб я магла памяняцца з Машай, я б памянялася, - апрануўшыся, зусім цвяроза
і зусім сур'ёзна сказала Капіталіна. - Так мне абрыд гэты мульцік, што болей не
магу...
З Лёнем, з Капіталінай ды яшчэ з Бегунком Брызін Машу і пахаваў. Не стаў званіць
ні яе сябрам і сяброўкам, ні Таісіі. Труну несці наняў чужых людзей з пахавальнай
канторы. Самсонавых.
Два дні пасля хаўтур ён не выходзіў з дому. Не піў, не еў, нічога не рабіў, ні
пра што не думаў - ляжаў бервяном.
"Ты страшны чалавек, Андрэй, ты страшны чалавек!.. Як ты жывеш?.. Табе нельга
жыць!.. Ты страшны чалавек..." - круцілася ў мазгах адна фраза, як на кружэлцы.
На трэці дзень ён спусціўся ў падвал, дзе ў яго быў прыхаваны пісталет, вярнуўся
ў дом, замкнуўся, паклаў пісталет на стол у кухні і доўга на яго глядзеў...
Як гэта зрабіць?..
Запіску пакінуць?.. Але каму?.. Машы ўсё ён хутка сам раскажа...
Ці не?.. Гэта ж страшны грэх - самазабойства... Можа, і не спаткаецца ён з Машай?..
Там будзе відаць...
Трэба некаму пазваніць, каб заўтра зайшлі... А то ён згніе тут, у Таісіі ключоў
няма...
А каму пазваніць?.. Хоць ты сам сабе пазвані...
Пачакаць трэба, пакуль яму нехта пазвоніць... Хто першы - той няхай заўтра і прыходзіць...
Дажыўся - пахаваць няма каму...
А, можа, загадаць?.. Калі пазвоняць хутка і пазвоніць жанчына, значыць, Маша яго
чакае... Калі не хутка і мужчына, значыць...
Брызін уключыў тэлефон, падцягнуў яго да тапчана ў прыхожай, паставіў на падлогу,
паклаў побач пісталет, лёг і стаў чакаць...
Мінула пяць марудных хвілін, доўгіх дзесяць, невыносныя паўгадзіны... Не званіў
ніхто...
Брызін падняў трубку - гудок быў. Кладучы трубку, ён выпадкова націснуў кнопку
аўтаадказчыка.
Тэлефон зашапацеў, матаючы мікракасету.
"Тата, я забылася табе раніцай расказаць, які мне дзіўны сон прысніўся...
Быццам мама жывая, такая прыгожая, ні на адным фотаздымку яе такой няма, і я неяк
перанарадзілася ў вас, ну, нарадзілася зноў, нанава. І мама кажа табе: давай выкінем
яе, нашто нам яшчэ адна такая самая?.. І ты адказваеш: праўда што, адной Машы
досыць. А я ведаю, што я не яшчэ адна, а адна ў вас адзіная, той Машы ў вас ужо
няма. Мне самой цікава, дзе яна целам падзелася, бо я ў ёй не памірала - і яна
ўва мне засталася. Але сказаць пра гэта - дык выдаць сябе, вы ўбачыце, што я ўсё
разумею: і хто вы такія, і што адбываецца... А мне хочацца абхітрыць вас і ўсіх,
расці, ад пачатку ўсё чыста ў свеце разумеючы, толькі робячы выгляд, быццам я
звычайнае немаўлятка. Ты кажаш маме: давай я дзе-небудзь на вуліцы яе пакіну,
не ў акно ж выкідваць, і я разумею, што ты хітруеш, нідзе мяне не пакінеш і нікуды
мяне не выкінеш, а завязеш у Сочы да свайго названага брата, каб я там шашлыкі
на піках ела. Ты паклаў мяне на задняе сядзенне, у дарозе пачалася навальніца,
страшная, з грамамі і маланкамі, мы схаваліся ад яе ў цёмны-цёмны і доўгі тунель,
а калі з яго выскачылі - цябе за рулём не было, машына, як шалёная, сама імчалася...
Дзе ты падзеўся?.. Ты нікуды не едзь сёння, чуеш?.. Нармальны бацька за дачкой
не сочыць, як шпіён, і праз тое, што яна з неграм цалуецца, нікуды не прападае.
І нашто я ў такога яшчэ раз нарадзілася?.."
Бі-бі, бі-бі, бі-бі.
"Цябе так і няма нідзе... Нінэль званіла, пыталася, ці буду я мамай яе называць...
Што ў цябе за бабы ўсе нейкія адмарожаныя?.."
Бі-бі, бі-бі, бі-бі.
"Тата, што адбываецца?.. Зноў званіла Нінэль, істэрычна плакала, каб ты Сініцына
не забіваў, у яго зубы баляць... А ты яго забі, каб зубамі не мучаўся".
Бі-бі,
бі-бі,
бі-бі.
А ты
я-го
за-бі.
"Андрэй Аляксандравіч, гэта доктар... Ваш мабільны не адказвае, але я абяцаў
пазваніць... Я ад яе не адыходзіў, была надзея, што яна справіцца... Сэрца стала,
мне вельмі шкада..."
Шка-да,
шка-да,
шка-да.
"Андрэй... Не ведаю, што сказаць... Якія ад мяне спачуванні... Мне пазванкі
на шыі вывернула, грудзі пабіла... Зразумець не магу, як яно выйшла... Павер толькі,
што не хацеў... Ні цябе, ні тым болей Машу... А следчы палохае, што пайду за наўмыснае...
Калі толькі ты, як бацька, не заявіш адваротнае... Што не было ніякіх прычын,
не магло быць такога... Тады можна будзе круціць што-небудзь тэхнічнае, з тармазамі...
Штук за дзесяць яны гэта зробяць... Падумай, Андрэй, прашу цябе... Што табе з
таго, што я сяду?.. Машу не вернеш... А нам неяк далей жыць трэба... Кантракт
падпісаны сам ведаеш, які... Прашу цябе, Андрэй... Я для цябе ўсё, што хочаш,
зраблю... Каньяк твой на сябе вазьму, скажу, што за ім і ехаў... Толькі не цягні,
бо гэта трэба рабіць зараз, пазней назад нічога ўжо не адкруцім... Чакаю твайго
званка... Андрэй, прашу цябе..."
Бі-бі, бі-бі, бі-бі.
"Андрэй, пазвані мне... Хоць скажы, што надумаў... Зрабі што-небудзь, Богам
заклінаю..."
Ну, калі Богам...
Брызін пракруціў касету аўтаадказчыка назад.
"... каб ты Сініцына не забіваў, у яго зубы баляць. А ты яго забі, каб зубамі
не мучаўся".
Ці аддаць сініцынскую споведзь ментам?.. Ты не падумаў, мудзіла, што так магу
зрабіць?.. Не падумаў, не да таго было...
Паляжаўшы яшчэ і падумаўшы, ён набраў нумар тэлефона Сініцына.
- Ты "Маздзе" сваёй перадок адкляпаў?
- Не... Не да таго было...
- Вазьмі на фірме машыну. На дачу да мяне з'ездзім, Маша прасіла сад абрэзаць...
Там і перагаворым.
- Дык я ехаць не магу... Шыю не павярнуць, рукі ледзь падымаю...
- Я паеду, у мяне шыя нармальна круціцца. Хай машыну ў мой двор прыгоняць.
Сініцын засумняваўся.
- Нашто некуды ехаць?.. Давай у мяне, ці ў цябе спаткаемся...
- Ну, не хочаш - не едзь. Адзін паеду.
- Якая дача, Андрэй...
- Я ж табе сказаў: Маша прасіла.
- Добра, - згадзіўся праз паўзу Сініцын. - Да Нінэль заедзь, я ў яе...
"А дзе табе яшчэ быць?.. Таксама пахаваць няма каму будзе, Нінэль не пахавае".
- Не паеду я да Нінэль. Каб час не губляць, ідзі да майго гаража. Пілу ўзяць трэба...
Сініцын таптаўся каля гаража з Нінэль.
Брызін, не вітаючыся, абыйшоў іх, адамкнуў гараж - Бегунок усё прыбраў. "Масквіч"
без матора стаяў на яме, каньяку ў гаражы не было. Значыць, Капіталіне апошняй
дасталося.
Знайшоўшы бензапілу, Андрэй даліў бензіну ў бачок, паспрабаваў завесці... Піла
завялася адразу і весела.
- А ну на х . . пайшла, курва! - схапіўшы пілу, з перакошаным тварам выскачыў
Брызін з гаража на Нінэль. - Напалам да п . . . . распілую!!!
Нінэль вырвала сваю руку з-пад рукі Сініцына, якога нібыта падтрымлівала, і кінулася
бегчы. Зачапілася абцасам за бардзюр, увалілася ў тую ж круглую сметніцу, у якую
сто год таму сеў на азадак Віталік, выкараскалася, закульгала подбегам, не азіраючыся,
далей.
"Як удала нехта сметніцу паставіў..." - падумаў Брызін.
- Я адзін з табой не паеду, - заявіў Сініцын.
Андрэй паклаў бензапілу ў багажнік новенькага "Форда", прысланага Сініцыным,
і зноў зайшоў у гараж.
- Хадзі сюды! - паклікаў Сініцына.
Сініцын адступіўся.
- Не пайду.
- Ды ідзі, пакажу нешта...
Сініцын нерашуча ступіў крок, другі...
- Ідзі, чаго ты баішся сярод белага дня ў цэнтры горада?.. - І як толькі Сініцын
увайшоў, Брызін сунуў, амаль кінуў яму ў рукі пісталет: - На, патрымай.
З нечаканкі Артур схапіў пісталет абедзьвюма рукамі.
- Патрымаў?.. - паклаўшы насоўку на руку, забраў у яго пісталет Брызін. - Цяпер
ведаеш, што будзе?.. Цяпер будзе пісталет з тваімі пальцамі, - абгарнуў ён пісталет
насоўкай. - Цяпер будзе, што ты дачку маю забіў і мяне забіць хацеў, а я бараніўся...
Гэтай во манціроўкай бараніўся, - перакрыўшы Артуру выхад, узяў манціроўку Брызін.
- І раструшчыў табе галаву!
Сініцын пабялеў і сеў на край ямы.
- Я раструшчу табе галаву, скіну ў гэту яму - і сгніеш тут, - адкінуў манціроўку
Брызін. - Тут ты забіў маю дачку, Артур, і забіць тут цябе было б самае тое. І
я хацеў гэта зрабіць, але не зраблю. Для пачатку замест пабітага "Масквіча"
ты аддаеш мне "Форд", а там пабачым... Паехалі, пісталет я ў гаражы
пакіну, каб ты па дарозе ў штаны не наклаў.
Артур не ўставаў, пакуль Брызін не засунуў пісталет пад скрыню з інструментамі
ў дальнім куце гаража.
- Дык нашто ехаць, калі пра ўсё дамовіліся? - насцярожана падняўся Артур на ногі.
Брызін падштурхаў яго да дзвярэй і замкнуў гараж.
- Пакуль мы з табой толькі пра машыну дамовіліся... А пра астатняе нам дамаўляцца
і дамаўляцца... Прыгожы ў цябе ашыйнік, табе пасуе. Хадзі ў ім, калі нават паправішся.
Дарогай Артур крыху супакоіўся.
- Дарма ты так на Нінэль, яна перажывае, мучаецца... На могілкі мяне ўчора зацягнула,
мы кветкі паклалі... Я баяўся, а яна змусіла... Помнік трэба паставіць, найлепшаму
скульптару заказаць... Гэта я на сябе бяру...
- А з кантракту колькі сам бярэш, колькі мне даеш? - супакойваў яго далей Брызін.
- Трыццаць... Ну, трыццаць тры...
- Пяцьдзесят.
- Добра, пяцьдзесят.
- І з усіх наступных пяцьдзесят.
- Не, Андрэй, так не бывае... Мне з партнёрамі разлічвацца. З наступных - трыццаць...
Ну, трыццаць тры.
- Нос падатры. Пяцьдзесят.
- Я магу сказаць, што пяцьдзесят, але ты ж ведаеш, што так не бывае... Трыццаць
тры.
- І бярэш мяне сваім намеснікам.
- Бяру, гэта не праблема.
- Праблема... Мы кожны дзень будзем бачыць адзін аднаго...
- Мы і так амаль штодня бачыліся.
- Тыя дні іншыя былі, Артур. Такіх ужо не будзе.
Андрэй рэзкавата тармазнуў на скрыжаванні, прапускаючы трактар, які, паварочваючы,
ледзь не зачапіў іх нагружаным дошкамі прычэпам, і Сініцын войкнуў.
- Цішэй ты... Галава адваліцца.
"Таксама варыянт..." - падумаў Брызін.
- Можам не сядзець разам, - асцярожна паправіў галаву над ашыйнікам Сініцын. -
Заставайся ў сваім офісе. А ўсе расходы з мяне.
- Разбагацею я з табой... А грошы куды? Нашто яны мне, Артур?
- Ну, спытаў... Дом на моры купіш... На Кіпры, у Іспаніі, ці дзе яшчэ... Адпачываць
будзеш па-чалавечы... А то што ў цябе за дача?.. Шпакоўня садоватаварыстская.
- Глянь ты, выгаварыў, - здзівіўся Брызін. - Хутка табе зубы ўставілі.
Сініцын так супакоіўся, што нават пакрыўдзіўся.
- Не хутчэй, чым ты выбіў.
За паўвярсты ад дачы спыніліся на чырвонае святло чыгуначнага пераезда, які Брызін
хоць і добра ведаў, але яшчэ раз уважліва да яго прыгледзеўся. Амаль адразу за
пераездам міма невялічкага возера, у якім Маша любіла купацца, дарога падымалася
на гару, дзе і пачыналіся садоватаварыстскія дачы. "Мне памыцца - толькі
з гары скаціцца!" - кожную раніцу крычала маленькая Маша і бегла да возера
ў любую пагоду.
Справа паказаўся таварны поезд, і калі да пераезда яму заставалася метраў сто
пяцьдзесят, Брызін рвануў цераз пераезд.
Сініцын, уціснуты ў спінку сядзення, заплюшчыў вочы.
- Ты што?!.
Брызін узляцеў на гару, падвярнуў да дачы, ляпнуў па рулі "Форда".
- Звер-машына! На "Масквічы" б не праскочылі...
- Я апошні раз з табой еду, - расплюшчыў вочы і выбраўся з машыны Сініцын. - Апошні
раз.
- Можа быць, - не стаў пярэчыць Брызін.
На дачы, дзе ніхто не быў ад вясны, грады Таісіі пасохлі, кветнік Машы зарос,
затравянеў.
- Зарастае ўсё, - сказаў Сініцын. - І гэта зарасце...
- Што гэта? - дастаючы бензапілу, спытаў Брызін, хоць і зразумеў, што мае на ўвазе
Артур. Той падышоў да прагнутай пад цяжарам яблыкаў антонаўкі і замест адказу
спытаўся:
- Хто ж сад сярод лета абразае?
- Сярод вясны не выйшла, - завёў бензапілу Брызін. - Пілы і пагоды не было. А
да восені ці дажывём мы з табой...
Артур сарваў яблык, надкусіў і кінуў у траву.
- Зялёны яшчэ... Што ты мяне ўсё палохаеш? Я паміраць пакуль не збіраюся.
- А Маша збіралася?.. - рушыў на яго Брызін.
Сініцын падаўся ад пілы, аступіўся на яблыку, упаў на спіну... Брызін навіс на
ім, прыціснуў нагой да зямлі і крануў пілой гіпсавы ашыйнік. З-пад пілы пырснуў
белы пыл - і твар Сініцына стаў падобны на пасмяротную маску.
Брызін сціскаў ручкі бензапілы, яна выла і скрыгацела - і ўсё можна было скончыць
зараз. Але Машы прысніўся дзіўны сон...
Андрэй заглушыў бензапілу і паклаў яе пад яблыню.
- А кажаш: паміраць не збіраюся... Не заракайся. Мой дзед казаў: чалавек, як толькі
народзіцца, так рыхтуецца да смерці.
Сініцын ляжаў нерухома.
- Падымайся, не прыдурвайся... Ашыйнік на табе сталёвы, піла не ўзяла.
- Нічога не бачу, - слаба прагаварыў Артур. - Нічога... І ўстаць не магу... Хрумснула
нешта ў шыі і ў спіне... баліць...
- І зубы ў цябе, і шыя, і спіна... Нашто табе жыць інвалідам?
- Хачу так... - выдыхнуў Сініцын. - Каб жыць...
Брызін падцягнуў яго да машыны і паспрабаваў падняць на пярэдняе сядзенне. Маска
на твары Артура зморшчылася.
- Не садзі... Пакладзі на задняе...
"Як па сцэнары... - падумаў Брызін, адчыняючы заднія дзверцы і бервяном запіхваючы
ў іх Сініцына. - Толькі грамоў з маланкамі не стае".
Ён завёў матор і зрушыў з месца.
- А сад?.. - раптам спытаў Сініцын.
- Сад я пазней адзін абрэжу, цябе Маша не прасіла.
- Куды мы?..
- На кудыкіну гару. А з яе да Самсона Самсонавіча. Пабачым, ці дапаможа.
Брызін ад'ехаў ад дачы і стаў перад спускам з гары, якая кацілася ўніз амаль да
самага чыгуначнага пераезда. Заставалася толькі дачакацца цягніка...
"Калі з'явіцца злева - я разам з ім... Калі справа - ён без мяне, я неяк
сам пасля..."
- Ты страшны чалавек, Андрэй... - выразна сказаў за ягонай спінай Артур, нібыта
агучыў запіс на кружэлцы.
Брызін сцяўся.
- Чаму?..
- Ты нікога не любіш, абыходзішся з людзьмі, як з лялькамі... Табе нельга даверыцца,
ты падманіш і здрадзіш... Ты раўнадушны і баязлівы, а цябе ўсе баяцца... Цябе
і Маша баялася...
- Калі гэта мяне Маша баялася?
- Увесь час, да апошняга... У той дзень яна сказала Нінэль, што хоча выйсці замуж
за негра, але баіцца, што ты заб'еш і яго, і яе... Яна збіралася з'ехаць з ім
ад цябе ў Анголу...
- Куды з'ехаць?
- У Анголу...
"Пабрацімская нейкая краіна...", - змрочна падумаў Брызін. Толькі Артур
брэша. Брызін помніў, як Маша абыякава глядзела ўслед негру, калі той танцорнай
жырафай адыходзіў ад яе па скверы. Гэта была для яе гульня, забаўка. Так не глядзяць,
калі замуж збіраюцца. Ён павярнуўся да Сініцына.
- Дык ты яе не пусціў?..
На гэта Артуру не было што сказаць, а ў Брызіна знайшлося, хоць ён і не надта
хацеў - само загаварылася.
- Мы абодва з табой гаўно сабачае, але ты - куча большая. І не спрабуй мяне рамантаваць,
позна. Каб ты такую размову завёў раней, я б, можа, цябе і паслухаў. А ты пра
што са мной гаварыў? Толькі пра тое, як і дзе вырваць грошы, як і каго надурыць.
А мы дваццаць гадоў з табой знаёмыя. Дваццаць гадоў, яшчэ Машы не было! І ўспомні,
што ты зрабіў у той дзень, калі яна нарадзілася, а жонка мая памерла? Забыўся?
Дык я табе напомню! Ты прыпёрся да мяне з пузатым маскоўскім начальнікам, якога
трэба было недзе напаіць і бабу пад яго падкласці! Хто гэта зробіць? Брызін, ён
мастак у такіх справах! Я вам талкаваў, што сёння, ну, ніяк, не да таго, а той
пузаты паслухаў і анекдот расказаў пра грузіна, які спачатку засумаваў, калі жонка
памерла, а пасля заскакаў з радасці, што адын, савсэм адын! І калі я юшку яму
пусціў, ты абмыў яго, забраў дахаты, напаіў, суцешыў і падклаў пад яго Кацю! Бо
ён з дзяржплану, бо ад яго ўсё залежыць! І Кацю - жонку сваю! - ты не раз яшчэ
змушаў падкідваць тых, ад каго ўсё залежыла. Каця кар'еру тваю на сабе падкідвала,
а калі нейкі п'яны начальнік грудзі ёй цыгаркамі прапаліў, ты ў блядзі яе запісаў
- і развёўся! І гэта ты мне будзеш казаць, што я нікога не люблю, што людзі для
мяне - лялькі? І хочаш, каб я паверыў, што гэта ты з-за рэўнасці, з-за Нінэль
мяне забіць хацеў? Мудзіла!..
- А з-за чаго?.. - спакойна і, як здалося Брызіну, нават з цікаўнасцю спытаў Артур.
- А з-за таго ж, з-за чаго я зубы табе выбіваў! З-за нянавісці! Праз тое, што
я адзіны, хто ў любы час можа сказаць: "Ты гніда! Ты слізняк!" - і ты
гэта з"ясі, праглынеш, бо ты і гніда, і слізняк! Ты ўсяго набраў, нахапаў
- і што?.. Усё адно дамываешся маімі абмылкамі! Ты сам сабе смярдзіш, як толькі
пра мяне падумаеш! Я табе замінаю, жыць не даю! Але і ты мне ўпоперак! Калі б
цябе не было, дык я нават не ведаў бы, што такое нянавісць! А з табой ведаю! І
не толькі таму, што праз цябе ў мяне не стала дачкі! Так было заўсёды! Гэта ўсё,
што было паміж намі і ёсць! Было, ёсць - і зараз скончыцца!
Артур, па-ранейшаму на дзіва спакойны, паглядзеў на Брызіна пранізліва, наскрозь
неяк глянуў і ціха сказаў:
- Няшмат мы з табой займелі... Але нічога ў нас не скончыцца, не крычы...
Брызін сам не чакаў, што пад канец, калі ўсё вырашана, сарвецца на крык, і яму
не спадабалася ні тое, як Артур спакойна гаварыў, ні тое, як пранізліва глядзеў.
Нібыта ў нечым зараз Сініцын перайграваў яго.
- Філасофію разводзіш? - спытаў Брызін, суцішваючыся. - Я ж табе сказаў: позна.
- Ты сваё сказаў, я сваё скажу... Куды спяшаешся, цягнікоў хопіць...
"Здагадаўся... - вяла здзівіўся Брызін. - Ну і хрэн з табой".
Артур папрасіў нечакана:
- Запалі і дай зацягнуцца...
Брызін зірнуў на чыгунку - пакуль пуста. Ён дастаў цыгаркі.
- Ты ж не курыш...
- Мала што... Апошняе жаданне...
Запаліўшы цыгарку, Андрэй перагнуўся цераз спінку сядзення і навесіўся над Сініцыным,
даючы яму зацягнуцца. Сініцын зацягнуўся і, выпускаючы дым, паспрабаваў плюнуць
Брызіну ў твар. Рот у яго перасох, таму плявок не ўдаўся, і Сініцын закашляўся.
Нейкія пырскачкі ўсё ж паляцелі, Брызін выцерся рукавом.
- Нават плюнуць, гаўнюк, не можаш...
- Лічы, што плюнуў, - сказаў Сініцын. - Цяпер слухай... - Ён зрабіў паўзу, даволі
працяглую. - Гэта не ў цябе дачкі не стала. Маша мая дачка.
Артур зноў сціх, чакаючы, відаць, як Брызін на гэта зрэагуе. Брызін ніяк на гэта
не зрэагаваў, дапальваў цыгарку і маўчаў.
- Калі я пазнаёміў цябе з яе маці, тая панікавала ўжо, што цяжарная... Я не надта
разлічваў, што ты з ёй ажэнішся, тым больш так хутка, але падумаў: а раптам...
Сам я не хацеў, ды й ніяк не мог, у мяне была Каця... Бацька ў яе шышка, яна што
заўгодна магла прыдумаць - і толькі б заікнулася бацьку... Я малады камуніст,
а тады ж не проста з партыі выключалі, выкідвалі з жыцця... Тут ты жэнішся, пасля
яшчэ смерць пры родах... І я з усяго выскокваю... Чысты, за мной нічога... Так
склалася, што лепей не прыдумаць... Толькі дзяцей у мяне ні з кім болей не выходзіла,
а Маша падрастала, я глядзеў на яе і...
З таго, што Брызін чуў, ён не верыў і не збіраўся верыць ніводнаму слову, бо слухаў
нават не ману, а вярзенне насмерць перапалоханага чалавека, і ўсё ж міжволі перапыніў
Сініцына, рэзка спытаўшы:
- Ты казаў пра гэта Машы?..
І не пазнаў свой голас.
- Казаў...
- Калі?
- Калі да маці тваёй вазіў развітацца... Ты ж не паехаў, а Маша так плакала, што
да істэрыкі даходзіла... Я сказаў, каб так не плакала, бо памерла чужая ёй старая
жанчына...
- І ўсё?
- Не... Растлумачыў яшчэ, чаму чужая...
Дапаленая цыгарэта прыпякала Брызіну пальцы, ён збіраўся ўжо выкінуць яе, але
раптам нібы пружына перакінула яго цераз спінку сядзення - і ён утыркнуў бычок
у зубы, увагнаў яго ў рот Сініцыну. Той заматляў галавой і, апечанымі губамі адплёўваючы
тытунь з попелам, узвыў.
- Мандзець не будзеш! - непазнавальным голасам прышыпеў Брызін, прытушваючы іскры
на сядзенні, каб не ўзгарэлася.
- Вазьмі ў мяне ў кішэні ліст, падла!.. - западвываў Сініцын. - Вазьмі і прачытай,
што Маша напісала!..
- Дзе?
- У пінжаку, у левай...
Цягнік паказаўся злева.
І справа паказаўся цягнік.
Альбо наадварот: справа і злева?
Андрэй, уцягнуўшыся ў разборкі з Сініцыным, не паспеў заўважыць, з якога боку
з'явіўся першы. Ён убачыў абодва адразу, сустрэчныя - пасажырскі злева і таварны
справа.
- "Форд" мой? - адварочваючыся ад Сініцына і гледзячы на цягнікі, спытаў
Брызін.
- Твой... Як дамовіліся... Прачытай вазьмі і едзь, баліць...
"Што там можа быць?.. Для чаго чытаць?.. Маша хутка ўсё сама яму скажа..."
Ад адной думкі пра тое, што яна магла паверыць сініцынскай лухце, ледзь у вачах
не цямнела.
- Табе ліст - ты і чытай, - скрозь зубы сказаў Брызін.
"Дык злева, ці справа?.. Паглядзець, які бліжэй да пераезда будзе?.. Тады
ні пад адзін не паспею..."
У рулетку згуляць не выпала, выбар быў за ім. Быў яшчэ выбар.
"...мы схаваліся ў цёмны-цёмны і доўгі тунель, а калі з яго выскачылі, цябе
за рулём не было, машына, як шалёная, сама імчалася..."
Брызін адпусціў тармазы - і машына пакацілася з гары. Павольна, хутчэй, усё набіраючы
і набіраючы хуткасць.
Рукі раптам сталі дранцвець, пальцы збялелі на рулі. Брызін адчуваў, як дранцвее
і нібы спаўзае на шыю, на грудзі твар.
На паўдарозе ён, не паварочваючыся, залез адной рукой у кішэнь сініцынскага пінжака,
выцягнуў паперчыну, адчыніў дзверцы і выкуліўся з "Форда". Выкуліўся
ўдала, не паламаў нічога і нават не пабіўся. Лежачы на абочыне, глядзеў услед
машыне і на цягнікі: пасажырскі злева быў бліжэй, відавочна бліжэй, значна бліжэй,
ужо амаль на пераездзе...
Перад пераездам "Форд" збочыў з дарогі і ўехаў у возера. Возера было
неглыбокае, з берагу яшчэ ў дзяцінстве Машы па калені.
Пасажырскі, свістануўшы, праляцеў пераезд, пасля прагрукатаў таварны. Абодва машыністы
азіраліся, машыніст пасажырскага махаў кулаком. Праз колькі хвілін стала ціха,
ашаламляльна ціха. Было чутно, як, супакойваючыся, плёскаецца пры беразе азёрная
вада.
Усё яшчэ здранцвелымі, непаслухянымі пальцамі Брызін, сабраўшыся з духам, разгарнуў
паперчыну - ружовую рэстаранную сурвэтку. У Машы была такая звычка: пісаць, размаўляючы,
на сурвэтках, калі тыя былі пад рукой. Пра нешта ў яе спытаешся, яна памаўчыць,
падумае і ў адказ напіша... "Каб не казалі, што не казала", - казала
Маша.
Ніякі гэта быў не ліст - запіска, адказ, тры фразы...
Артур Альбертавіч, калі нават тое, што вы мне некалі сказалі і на чым дагэтуль
настойваеце, праўда, дык для мяне гэта зусім не так трагічна, як вы зараз выглядаеце.
Проста тады мне выбіраць самой - і я выбіраю лепшага. Вам ні за што не ўгадаць,
каго. Марыя Андрэеўна.
Андрэй падняўся, ступіў крокі тры ўніз, спыніўся... Сініцын унізе спрабаваў вылезці
з машыны. Брызін пастаяў, павярнуўся і рушыў да дачы. Сеў пад яблыню каля бензапілы,
паклаў рукі на калені, на рукі галаву...
Плачу ягонага ніхто не чуў. Збоку здавалася, што чалавек проста стаміўся, прысеў
каля бензапілы пад яблыняй і перапачывае, перш чым зноўку ўзяцца за работу. Звычайная
рэч - і можна было толькі здзівіцца, што ўлетку надумаў ён сад абразаць.
Снежань 2000 - люты 2001,
Хельсінкі.
|