
Было б зусім магчыма, каб дзіця само
вучылася пісаць. Нехта ж ды прыдумаў
гэта, і адкрыццё не такое ўжо вялікае?
Імануіл Кант.
Не ведае чалавек часу скону свайго, але ж і пачатку свайго не ведае.
З чаго пачынаешся?..
З таго, што помніш, як з ганку зваліўся і гузакоў набіў, ці як руку ў сячкарню
ўсунуў, ці як пуня суседава зашугала, а ты сядзеў за ёй у малінніку, шукалі цябе
- знайсці не маглі, маці галасіла на попеле, думала - згарэў...
І не помніш зусім, як спасцігаў гэты свет, нечаканы, незнаёмы, таямнічы, як дзеяліся
ў табе дзівы дзівосныя, здараліся адкрыцці неверагодныя, як за год, за месяц,
за тыдзень зведваў столькі, колькі пасля за ўсё жыццё зведаць не мог - і як лёгка,
гуляючы, спраўляўся ты з тым нашэсцем цудаў і дзівосаў, з тою навалаю жыцця, весела,
бы вавёрка арэхі, шчоўкаючы ўсе ягоныя загадкі і загадачкі, сакрэты і сакрэцікі.
Чаму ж прырода зрабіла так, што мы памятаем, як былі дурнямі, і не помнім, як
былі геніямі? Чаму пачынаемся мы не з ночы зачацця і нават не з дня нараджэння,
а з такіх позніх і гэткіх выпадковых першых успамінаў, пачынаемся ў тры-чатыры
гады з нічога, бо дагэтуль - цемрадзь, глухата, немата. Дзе ж наша тая, дапершаўспамінная
памяць, на якім пераломе мы яе страчваем, куды яна адлятае, ці пад якімі замкамі,
за якой сцяной яна ў нас жыве?
Можа, з той памяці - сны?..
Мірону снілася, што ён нарадзіўся - і яго купаюць у балейцы. Балейка стаіць у
садзе, на стале пад яблынямі, а яблыкі - чырвонажоўтабокія пепінкі, ужо даспелыя
- вісяць над балейкай, над Міронам, як планеты, і жывуць на тых планетах восы,
пчолы, чмялі, мухі, вусені... Мірон ведае, што пепінкі называюцца пепінкамі, пчолы
пчоламі, вусені вусенямі, а бацька зрывае яблык і кажа: "Во, Мірон, гэта
яблык, яго можна есці", - і паплёўвае на пепін, шморгае яго разы тры аб гімнасцёрку
і грызе, смачна хрумкаючы. Галіна, з якой бацька сарваў пепін, гойдаецца, і з
яе падае яшчэ адзін яблык - у ваду, у балейку. Маці, сабраўшыся ўжо выціраць Мірона,
уздрыгвае, з ёй уздрыгвае вада, уздрыгваюць балейка, стол, зямля пад сталом, маці
выдыхае: "Мірон, стаўбун ты чортаў... - і Мірон разумее, пра што яна, толькі
не ўцяміць, хто стаўбун, ён ці бацька, бо ягонага бацьку таксама завуць Міронам
- ... а каб на галаву дзіцяці!"
Стаўбун - бацька, а Мірону, немаўляці Мірону мог на галаву ўпасці яблык, цэлая
планета з усімі яе жыхарамі - і толькі б гэта здарылася, толькі б гэта, але маці,
уздрыгваючы, думае пра іншае, баіцца іншага, а пра што трэба думаць - не думае,
і чаго час баяцца - не баіцца.
Пасля Мірону сняцца хрэсьбіны, госці за сталамі пад тымі ж яблынямі. Яблыні парадзелыя,
амаль пустыя, цень ад іх падае не густы, як раней, а рассыпаны, пярэсты. Пепінкі,
горкамі і ўрассыпную, ляжаць на абрусах, чырванеюць і жаўцеюць бакамі паміж лустамі
чорнага хлеба, паміж міскамі з белым тварагом, зялёнымі гуркамі, рудаватымі памідорамі.
Пярэсты цень пакалыхваецца, прабягае па сталах хвалямі: здаецца, што сталы вось-вось
паплывуць.
- Мірон, ты чаму сына, як сябе назваў? - пытаецца ў бацькі фельчар Яромха, у якога
дзіўнаватае імя для мужыка: Альбін.
- Вечны буду! Памру, а ўсё адно Мірон Стаўбун на зямлі застанецца...
Дзіўнаватым здаецца імя Яромхі, мусібыць, з таго, што сястра ў яго Альбіна, таму
ён найчасцей без імені абыходзіцца: Яромха ды Яромха... Сястра ў яго прыгожая,
амаль такая ж, як Міронава маці. Яны не зайздросцяць адна адной - і таму сябруюць.
Калі маці злуецца, яна лаецца на бацьку ягоным прозвішчам, а яе ў Карунах, у вёсцы,
якая некалі мястэчкам была, адзін толькі фельчар Яромха называе Стаўбуніхай, усе
астатнія клічуць, як і ў дзеўках клікалі, Настай Чароткай.
У Яромхі на левай руцэ - ад запясця да локця - сінее татуіроўка: корцік, абвіты
змяёй. Корцік выглядае заштрыхаваным, але гэта не штрыхі, а вуглаватыя літары,
і на корціку напісана: нет в жизни щастя. На змяі літары, як луска - круглаватыя,
плаўныя: пращай, Настя.
Гэта напісана пра Міронаву маці. На моры размаляваў сябе Яромха, на флоце, дзе
служыў.
- Наста, малога пад сонейка вынясі, халадае на вечар.
Мірона выносяць з-пад яблынь і ён бачыць у небе два сонцы. Адно, на захадзе, прамяністае,
цёплае, бліскучае, ад якога самі па сабе заплюшчваюцца вочы. Другое, на ўсходзе,
спакойнае, халаднавата-мяккае, яно не выпраменьвае, а п'е святло. Адно сонца -
гэта сонца, а другое - поўня, што выкацілася на вечар. "Глядзі, як зыркае,
- перакрывае неба, схіляючыся над Міронам, Яромха. - Здзіўляецца, што сонцы два,
шчаня такое..." - а Мірон зусім не здзіўляецца, а калі здзіўляецца, дык не
Яромхавым здзіўленнем, у яго пакуль няма звычкі думаць, што на небе павінна быць
толькі адно сонца, а інакш быць не можа...
Мірон ведае пра тое, што недзе ў сусвеце ляцяць, кружацца планеты, над якімі свецяцца
і два, і тры, і болей сонцаў, не паспявае адно зайсці - як другое ўзыходзіць,
таму ніколі не наступае ноч, і людзі ніколі не бачаць зорак. Людзі, альбо хто
там яшчэ, хто жыве на тых планетах, якіх у сусвеце безліч.
А Мірон адзін. І бацька ў яго адзін. Кожны з іх адзін, сам па сабе, хоць абодва
яны Міроны, хоць вялікаму здаецца, што малы - гэта таксама ён, нібы вялікі раздвоіўся
на вялікага і малога, перахітрыў лёс, пераадолеў закон чалавечай адзіноты.
Хрэсьбіны скончыліся... Доўга Мірон глядзіць у столь, узіраецца туды, дзе няма
чаго бачыць. Маці раз-пораз падымаецца, падыходзіць да люлькі і ціха над ёй стаіць.
Уздыхае, кладзецца, шэпча бацьку: "Баюся я нечага... Можа, хвароба ў яго
якая - зноў з адкрытымі вачамі спіць... Як напаследак нагледзецца хоча".
- Што? - падхопліваецца бацька. - Чаго ты, га?..
Бацьку сушыць пад раніцу. Ён устае, ідзе да вады, п'е, кроплі падаюць з кубка
ў вядро: туп, туп, туп... Бацька зачэрпвае яшчэ кубак, чапляе дужку вядра - дзыдзынь!
"Цішэй ты! Пабудзіш!.." - кідаецца да люлькі маці, але не паспявае,
Мірон ужо заныкаў, заенчыў, заплакаў несуцешна, і безвыходна-трывожна бацькам
ад начнога ягонага плачу, а з чаго тыя безвыходнасць і трывога - ведае толькі
дзіця, адзін сам плач дзіцячы.
- Як Яромху твайго пабачыць, так сну няма ў хаце.
- Дурань ты, да чаго тут Яромха...
- А якога ражна туляецца? І на хрэсьбіны прыпёрся.
- Я не запрашала.
- Сам запрасіўся...
- Дзіця хворае, а ты абы што.
- Як пра Яромху - адразу абы што.
- Цябе я кахаю. Цябе.
- Дык няхай з вачэй згіне.
- Маёй няма над ім волі.
- Ну, то мая будзе.
- Пра што ты, Мірон?.. Божа мой, пра што ты...
Не было каму не ведаць, што кахаліся некалі Яромха з Настай, моцна кахаліся, а
ў той дзень, калі надумаў Яромха сватоў засылаць, прыехалі з раёну двое вайсковых
на машыне - і забралі Яромху на флот служыць. Адбіваўся Яромха. Лаяўся, прасіўся
даць вяселле справіць, ды толькі раззлаваў вайсковых: ведаем мы гэтыя хітрыкі!
Як служыць ісці - так усім жаніцца прыпірае.
Наста бегла за машынай ажно да прошчы, да Трох Бяроз, дзе канчалася вёска, маладзейшы
вайсковы нават сказаў: "Адпусцім пакуль хлопца, дзе ён дзенецца", -
а старэйшы засмяяўся: "Будзеш пасля за ім бегаць, як гэтая дзеўка бегае".
Насустрач машыне праехала падвода. На падводзе, кінуўшы лейцы, сядзеў паштар Ютка
Казубоўскі, а ў абдымку з ім, бліскаючы медалямі "За перамогу над фашысцкай
Германіяй", рагаталі, спявалі, крычалі нешта старшына і яфрэйтар. Гэта вяртаўся
дахаты Юткаў швагер Мацей Цяжкароб, вяртаўся і вёз у вёску франтавога сябра свайго
Мірона Стаўбуна, якому, як ён сам казаў, было ўсё адно, куды вяртацца: анідзе
на ўсёй зямлі анікога ў яго не засталося.
Мацей скочыў з падводы, згроб Насту ў ахапак і кінуў яе Стаўбуну на калені: "Во
прыгажуні ў нас якія! Усе твае - і хай толькі чмыхнуць хто паспрабуе! Паганяй,
Ютка! Дзезерціры! Пацукі тылавыя! Мы ім пакажам, як танкі чмыхаюць!.."
Наста білася рыбінай, малаціла Стаўбуну ў грудзі, заходзілася, галасіла на ўсю
аселіцу. Праз год яна пайшла за Мірона і напісала Яромху апошні ліст. У той жа
год навальніцай паклала, ветрам з карэннем вывернула адну з Трох Бяроз.
На апошні ліст Насты адказваць Яромха не стаў. Ён накалоў татуіроўку, залез на
карабельную мачту і рынуўся ўніз. Не забіўся, толькі пакалечыўся - і цяпер галава
ў яго амаль не паварочваецца на шыі. Калі б Яромха не скалечыўся, яго б судзілі
трыбуналам, а так адправілі з флоту дахаты, камісавалі.
На досвітку Яромха стукае ў акно.
- Мірон...
- Ну, - буркае бацька, не ўстаючы з ложка.
- Я ўчора не хацеў табе казаць...
- Ну... Што?..
- Хрэсьбіны і ўсё такое...
- Ну...
- Сыраварню ў Наратах спалілі. Трэба ехаць разбірацца.
Лаючыся - ну, пацукі!.. морды бандыцкія!.. сваё паляць, народнае!.. - бацька ўстае,
апранаецца, падыходзіць да люлькі, нахіляецца, цалуе Мірона ў шчаку...
Мроіва, мліва, бацькава душа працячэ скрозь Мірона, аднак Мірон нават не прачнецца.
- Ты б пераснедаў... - сонна ўслед бацьку, прыўзняўшыся на ложку, кажа маці. -
Там ад хрэсьбінаў пазаставалася...
- Маслам у Наратах пераснедаю...
У бацькі язва з вайны і нерваў, і ён лечыць яе, як параіў яму Яромха, які яшчэ
за палякамі паспеў павучыцца паўгода на ветэрынарных курсах: штораніцы нашча лыжка
масла - і на масла паўшклянкі спірта. Толькі дзе ён цяпер тое масла возьме, калі
сыраварню спалілі?.. Сваёй каровы ў іх няма: у старшыні сельсавета, у Міронавага
бацькі, скрозь усё калгаснае. Ягоныя толькі дзіця і жонка, ды й жонка трохі нібыта
Яромхава, сваім застаецца адно дзіця.
Мірон сніць, як бацька і Яромха, які не толькі фельчар, але і сельсаветаўскі партыйны
сакратар, на падводзе Юткі Казубоўскага прыехалі ў Нараты, дзе на месцы сыраварні
- сівы попел ды чорнае, з жарынкамі, вуголле. Бацька хапае загрудкі старшыню калгаса,
франтавога свайго сябра Мацея Цяжкароба, швагра Юткі Казубоўскага, упірае ў гарляк
яму, вышэй ад кадыка, пад сківіцу пісталет - і крычыць: "Як, тваю маць?!.
Хто?!." Мацей і сказаць нічога не можа, а жонка ягоная Станіслава, з якой
ён жыве на дзве хаты, у Карунах і ў Наратах, бялее і таксама крычыць: "Ты
не тут пісталетам махай, ваяр!.. Ты ў лес ідзі і тых пастраляй, што спалілі!..
" І ўдава Сілічыха, мужыка якой, Васіля Сіліча, апошняй ваеннай вясной у
войска ўзялі і адразу пад Берлінам забілі, яшчэ кажа: "Яны ўсе ваяры, калі
на гары..."
Заўчора ў яе начаваў адзін з лясных братоў, а ўчора - двое гарадскіх, міліцыянт
і цывільны, энкавэдыст ці асабіст, хто яго ведае. Гэбіст, карацей. Яны прыехалі
разбірацца з пажарам, на ноч засталіся, спытаўшыся ў Мацея: "Дзе ў цябе тут
жыве ўдава якая, не страшная і не старая?.." Напіўшыся ўдовінай гарэлкай
і наеўшыся яе блінамі, яны Сілічыху ўсю ноч удвух гвалцілі. Цяпер міліцыянт стаіць
каля пажарышча і спіць, стоячы, а гэбіст - ці асабіст - таксама размахаўся пісталетам,
грозна ў старшыні сельсавета пытаецца:
- Вы што так позна? Чаму толькі сёння? Тут агнём па ўладзе савецкай, а вам толькі
піць?!.
Пісталет на пісталет - гэта ўсё, што яны могуць, што ўмеюць. Маленькаму Мірону
з гэтага дзіўна, бо ён ведае, што людзі ў свеце не для таго.
Мірону вялікаму даўно ўжо нічога не ў дзіва, ён і пісталета не баіцца, яго іншае
страшыць: як дакладзецца гэбіст у горадзе, што скажа, напіша?.. І Мірон, гледзячы
на недалёкі лес, рашуча пытаецца ў Мацея, адпусціўшы таго:
- Колькі іх?
Мацей пацірае горла, зглытвае кадыком:
- Скуль мне ведаць...
- Ведаеце! - крычыць гэбіст на ўсіх, на два дзесяткі мужыкоў і баб, што стаяць
каля пажырышча. - Вы іх корміце, дык ведаеце, колькі! Ну, колькі?!. Ці ўсіх пад
разнарадку!..
Што такое разнарадка, усім вядома: прыедуць, скарб не дадуць сабраць, на машыну
разам з дзецьмі - і павезлі за цёмны лес, за сінія горы...
- Нікога мы не кормім, - кідае гэбісту ўдава Сілічыха. - Самім бы пракарміцца.
- Пяцёра... - глуха і ўбок кажа мужык на мыліцах. - Трое братоў Сівакоўскіх і
яшчэ двое, адзін... - ён глядзіць на соннага, які стаіць і хістаецца, міліцыянта...
- з паліцаяў, у камендатуры нямецкай служыў.
- Што?.. - хіснуўшыся, пытаецца міліцыянт.
- Падмога патрэбная... - пераводзіць позірк на міліцыянта, на Яромху, на Мірона
гэбіст. Мірон кажа зноў рашуча, але ўсё ж не так рашуча, каб выглядаць смялейшым
за гэбіста:
- Іх пяцёра, нас чацвёра. Справімся.
- А я... - пачынае Мацей Цяжкароб і замаўкае. Мусібыць, хацеў сябе пятым прапанаваць,
ды перадумаў. Ён не гэбіст і не міліцыянт, не партыйны сакратар, дык чаго лезці
пад кулі, калі не гоняць?.. Сваё ён з фашыстоўцамі на фронце адваяваў, а гэтых
братоў лясных, каму трэба, той няхай і дабівае.
Калі Мірон маленькі прачнуўся, ягоны бацька Мірон вялікі і яшчэ васьмёра мужыкоў
бегалі ўжо, куляліся, поўзалі, затойваліся, цікавалі адзін аднаго ў лесе, каб
забіць. Маці пакарміла маленькага Мірона, прыціснула да грудзей: "Расці хутчэй,
вырастай вялікім". Мірон падумаў: "А нашто?.. Вунь што робіцца з людзьмі,
калі яны вырастаюць, дык нашто?.."
Нікому тым разам забіць нікога не ўдалося, браты лясныя як скрозь зямлю ў Наратоўскім
лесе праваліліся, нічым бегатня за імі скончылася, толькі паранілі вялікага Мірона.
"Чакай, а хто цябе параніў? - спытаўся раптам гэбіст, калі ўсе думалі, што
Мірон паранены ляснымі братамі. І загадаў Яромху: - А ну дай мне твой пісталет!.."
Яромха і адпірацца не стаў. "Я страляў... выпадкова... галава не паварочваецца,
дык пераблытаў... здалося, што нехта з тых". Гэбіст яму не паверыў, пісталет
не вярнуў і арыштаваць хацеў, а вялікі Мірон паверыў. Ці выгляд зрабіў, што паверыў:
"Гэта мой партыйны сакратар". - "Ну, глядзі, - папярэдзіў гэбіст.
- Я б яго, такога непаваротлівага, і без пісталета каля сябе не пакінуў, але табе
з ім жыць".
- Нічога, - сказаў вялікі Мірон, - рана лёгкая.
Гэбіст ці абдурыўся, ці, як і Мірон, выгляд зрабіў, што абдурыўся, ды народ хіба
надурыш?.. Праз дзень не было ў акрузе нікога, хто б не ведаў, што страляў Яромха
ў Мірона і хацеў забіць яго праз Насту Чаротку. І толькі маленькі Мірон ведаў,
што гэта не так. Але як не так - тады расказаць не мог, а пасля забыўся.
- Шукаюць мяне... - даверліва кажа вялікі Мірон маленькаму, думаючы, што маленькі
Мірон нічога не кеміць і не ўспомніць ніколі. - Мне з вайны было куды вяртацца,
у мяне другая сям'я ёсць, першая, я перад вайной яшчэ ажаніўся, і ў мяне там двое
дзяцей, дзяўчынка і хлопчык, сястра твая і твой брат...
"Добра, што ў мяне ёсць сястра і брат, - думае маленькі Мірон, - з чаго бацька
самоціцца? Хай бы самоціўся, калі б не было..."
- Першая жонка на аліменты падала, а я з ёй не разведзены... Цяпер адкрылася,
што я двоежэнец, а гэта куды горш, чым аліменты. Толькі ты не судзі мяне спехам,
паслухай...
Што такое аліменты, хто такі двоежэнец, маленькаму Мірону не даўмецца, судзіць
ён нікога не збіраецца, ды й як судзіць вялікага Мірона, бацьку?..
- Я прыкідваю, што мне рабіць, каб жа ты мог параіць... За два месяцы да канца
вайны, пад Кёнісбергам, мяне параніла і кантузіла, моцна кантузіла, так, што санітары
мёртвым палічылі, да трупаў адцягнулі, а пахавальная каманда ледзь зямлёй нас
прысыпала, немцы нечакана ў атаку пайшлі, з акружэння вырываліся. Пакуль нашы
назад іх заганялі, я ачуняў, з магілы выкапаўся, толькі не помніў нічога. Як ты
быў, нібы дзіця без памяці... Не верыш?
"Я веру, як мне бацьку не верыць?.. Толькі я ведаю, што ўсё ты помніў".
- Ну, добра, нешта я помніў, прыкідваўся з месяц, што не помню, бо на мяне ўжо
чарнавую ў штабе выправілі, дахаты паслалі: загінуў смерцю героя... Не хацеў я
туды, у тую сям'ю, да той жанчыны зноў, разумееш?.. Пісарчуком у штабе зямляк
мой быў, я ўгаварыў яго не высылаць болей маёй радні ніякіх дакументаў, сам, маўляў,
напішу, што жывы. Але ім пенсію за мяне далі, дык нашто пісаць?..
Калі вайна скончылася, мяне пакінулі ў Прусіі рэпарацыямі займацца, нагледзеўся
я, як палкоўнікі нашы з генераламі барахло вагонамі вывозілі... А я тым часам
жалеза цягаў, млыны вадзяныя ў прусакоў разбіраў і ў Расію адпраўляў. Раптам аб'яву
чытаю ў газеце армейскай: хто памятае, дзе ў сорак першым годзе, пры адступленні,
тэхніка наша кідалася, хай паведаміць, а знойдзецца тэхніка - узнагарода. Я і
паведаміў, мяне ў самалёт - і сюды. Мы тут якраз адступалі і ў лесе Наратоўскім
дзесятак гармат схавалі, не было іх чым і як цягнуць. Тапчуся, блукаю з асабістамі
па лесе гэтым дзень, другі - не магу знайсці. І тут нібыта - і не тут. Асабісты
нацягаліся - і да мяне з пагрозамі: ты што, жарцікі строіць? Захацеў узнагароды,
дык мы цябе!.. Давайце, кажу, у тутэйшых спытаемся. Можа, бачыў нехта, не іголкі
ж у сене. Ды пытацца, аказваецца, нельга, бо не магла Чырвоная Армія ў лясах зброю
кідаць. Такая нявыкрутка, я ўжо не рады, што на ўзнагароду тую паквапіўся, а на
трэці дзень твая маці да нас на ўзлеску падыходзіць: вы не гарматы шукаеце?..
Я, як яе ўбачыў, самлеў: вось яна - узнагарода!
"Гэта праўда, - усміхаецца маленькі Мірон, - а тое, што бацька ўпершыню ўбачыў
маці, калі з дзядзькам Мацеем у вёску ўехаў, для некага прыдумана, можа, для Яромхі.
Маці за бацьку таму і пайшла, што ён да яе вярнуўся".
- Знайшліся тыя гарматы... За чатыры гады ў балота ўгразлі - адны рулі тырчаць.
Мяне на машыну - і ў вобласць. Па ўзнагароду, думаю, а там мне кажуць: вайна скончаная,
ты дэмабілізаваны, але застаешся салдатам партыі, якая пасылае цябе на фронт калектывізацыі,
на арганізацыю калгасаў у вызваленай ад ворагаў Заходняй Беларусі. Я арганізоўваў
калгасы ў Расіі, ведаў, што гэта такое, і падумаў адразу: вайну праскочыў, а тут
заб'юць! Ніяк не магу, адказваю, у мяне сям'я дома, жонка і дзяцей двое. "Гэта
ўся праблема? - пытаюцца. - Дык мы яе вырашым". І напісалі, каб не чакалі
мяне дома, бо загінуў я пры выкананні сакрэтнага задання. Яшчэ адну чарнавую ў
сям'ю маю паслалі, разумееш? Дзве чарнавыя за адну вайну на мяне прыйшлі, а я
ўсё жывы і жывы...
З калгасамі ад мяне не адчапіліся - і я сюды папрасіўся. Калі ўжо калгасы арганізоўваць,
дык тут, каб з маці тваёй быць. А там не разводзіўся, бо двойчы забіты - як развядзешся?..
Калі прыйшла другая чарнавая, жонка тая давай ва ўсе канцы пытацца: дык дзе і
як мой муж загінуў?.. Ну, і высветлілася ўрэшце, што нідзе і ніяк. Мусібыць, пара
мне недзе і неяк загінуць, як ты думаеш?..
Маленькі Мірон думае пра тое, чаму вялікі Мірон, які нідзе і ніяк не збіраецца
гінуць, кажа, што загінуць яму пара, гаворыць пра гэта - абы гаварыць. Мірону
непрыемна, што бацька, які не пабаяўся ні лясных братоў, ні пісталетаў, баіцца
нейкага двоежэнства, аліментаў, жонкі... Хіба вайна, з якой ён вярнуўся, не страшней?
Блытаніна сярод гэтых дарослых... Блукаюць адны ў адных, як у лесе.
- Заблукаў я, Мірон, заблытаўся... І вас люблю - і тых шкада, і не жыву ні тут,
ні там. Да таго ж - як бы і не жыў яшчэ зусім. На вайне хіба... Ты зноў не паверыш,
але вайна - найлепшае, што ў маім жыцці было. Што я да вайны меў?.. Работу з раніцы
да ночы. Варочаў ды варочаў зямлю, гной, дровы, каменне... Праўда, ордэн мне далі,
сам Калінін начапіў. Я з Масквы ехаў, ордэнам бліскаў, думаў: о-го-го! Цяпер,
з ордэнам, зажыву!.. А з тым ордэнам зноў за плуг. Ды яшчэ паганяюць: гэй ты,
з ордэнам, хутчэй давай рухайся, на цябе раўняюцца! І пасля вайны тое ж... Вось
і застаецца вайна ва ўсім гэтым, як палонка ў лёдзе. Падплываю і дыхаю... Нехта
смерць, кроў успамінае, а я не. Смешнае, вясёлае ў памяці... Ведаеш, якую дзядзьку
Мацею, які таксама пакінутую зброю знайшоў, узнагароду далі?.. Веласіпед! А веласіпедаў
тых у Кёнісбергу, як гразі ў Казані. Паўсюль наваленыя, па вуліцах ад іх не праехаць,
не прайсці. Ён і кінуў сваю ўзнагароду да кучы. Ранкам прачынаецца, а каля ложка
ягонага - два веласіпеды. Ён вон іх адзін за адным, назаўтра ўстае - чатыры! І
так дзень за днём, хлопцы не лянаваліся веласіпеды яму цягаць, вар'яцелі ад рогату...
На вайне яно так: сёння жывы - сёння шчаслівы. Калі б заўтра вайна, з песнямі
пайшоў бы, абрыдла ўсё...
- Не пойдзеш ты нікуды! - з маленькім Міронам на руках паўстае маці перад
Міронам вялікім, перакрываючы дзверы з хаты ў сені. - Калі царкву парушыш, нам
тут не жыць! Ці ты прычыны шукаеш, каб не жыць тут, каб туды падацца?..
Бацька моўчкі адсоўвае маці ўбок і выходзіць. Маці кідаецца за ім, чапляецца ў
сенях за парог і ляціць ніцма, прыціскаючы да грудзей, не выпускаючы з рук маленькага
Мірона, які балюча б'ецца аб ганак, аб пляскаты валун галавой - і з болю, з крыку
і плачу ад болю гэтага пачынаецца, запамінае сябе ў свеце: "А-аа-а!.."
- Мірон! - надрыўна ўслед бацьку крычыць маці. - Мірон, стой, сын твой забіўся!..
Бацька, ідучы падворкам да вуліцы, дзе чакае яго Яромха, з якім пасля стрэлу ў
Наратоўскім лесе неспадзявана пасябраваўся ён больш, чым з франтавым сябрам сваім
Мацеем, нават не паварочвае галавы.
- Божа ўсемагутны, Божа літасцівы, што ж гэта такое?.. - сама плача маці, супакойваючы
плач Мірона. - Што ж будзе, што будзе?..
Мірон, у якім не замглілася пакуль дапершаўспамінная памяць, плача, ведаючы, і
што гэта такое, і што будзе...
Чатыры дні таму бацьку выклікалі ў вобласць - туды, адкуль прыслалі. "З чаго
ты ўзяў, што можаеш не выконваць устаноўкі?.. Чаму ты думаеш, што ў сельсавеце
тваім могуць быць і царква, і касцёл, і мячэць, і сінагога?.. Тыдзень табе даём,
каб разабраўся!.."
Дзвярэй у кабінеце, дзе бацьку ўпікалі, што не вядзе барацьбу з Богам, было двое:
праз адны ўваходзіш і выходзіш, калі ўсё абыйдзецца і выпусцяць, а праз другія
выпраўляешся туды, скуль цябе ўжо ніколі і ніхто, апроч Бога, не дагукаецца. Тыя
другія дзверы былі абцягнутыя арэхавага колеру скурай пад колер сцяны, іх цяжка
было ўбачыць, заўважыць, але ўсе пра іх чулі, ведалі і адразу заўважалі, упіраліся
ў іх паглядамі і маліліся: "Госпадзі, хоць бы не туды!.."
Знадворку за тымі дзвярыма, калі ў кабінеце засядалі, дзяжурыў, чакаючы свайго,
чорны варанок.
Татарскіх двароў было ў Карунах з тры тузіны, усе на адной, канцавой Татарскай
вуліцы, двароў габрэйскіх - утрая менш, усе ў сярэдзіне вёскі, у мястэчку, якое
гэтак, Мястэчкам, у вёсцы і называлася. Мячэць і сінагога былі невялічкімі, з
дошак ды плашак, татары і габрэі пасля гаворкі з вялікім Міронам самі іх разабралі
і перанеслі ў лес, тэрыторыя якога адносілася ўжо да лясніцтва, а не да сельсавета,
і з ляснічым і леснікамі татары з габрэямі неяк дамовіліся. З касцёлам старшыня
сельсавета таксама разабраўся, бо ксяндза ў касцёле з вайны не мелася, збег ад
страху перад бальшавікамі і не вярнуўся, і палякі, як называлі сябе тутэйшыя каталікі,
насуплена, зпадылба глядзелі, як вялікі Мірон са сваёй хэўрай скідвае з касцёла
крыжы і крычыць з верхатуры: "Бальніца тут будзе! Баль-ні-ца!.. Лячыцца тут
будзеце, а не опій піць, маць вашу перамаць!.."
Заставалася царква. Не так нават сама царква, як поп, талакняны лоб, які пра Міронавы
праблемы з начальствам, пра арэхавыя дзверы ў абласным кабінеце і слухаць не захацеў.
"Крані толькі святыню! Паўтысячы гадоў яна тут стаіць, да цябе стаяла і пасля
цябе стаяць будзе!.."
Да белай, высокай, узнесенай ледзь не ў неба камяніцы на крутым пагорку над рачулкаю
Мірон, Яромха, Мацей і Ютка ішлі даўжэзнай вясковай вуліцай пад сцішаную лаянку
і праклёны. Праваслаўныя карунцы былі не большымі хрысціянамі, чым карунцы-каталікі,
хутчэй яны, як і ўсе беларусы, былі паганцамі, але ў іх быў поп, бацюшка.
- Не падыходзьце! Не змушайце грэх на душу браць! - крыкнуў бацюшка з пагорка,
па якім узбягала да царквы старадаўняя, як і царква, як і Карунскі замак цераз
рачулку ад яе, з камянёў выкладзеная лесвіца. Стагоддзе за стагоддзем па лесвіцы
гэтай падымаліся карунцы да царквы, хрысціліся ў ёй, вянчаліся, адпяваліся...
Замак за царквой, ад якога адна кутняя вежа засталася, парушыла ў першую сусветную
вайну руская артылерыя, а царкву ніхто не крануў - ні крыжакі, ні татары, ні шведы,
ні палякі, ні немцы...
"Тра-та-та-так!.. Тра-та-та-так!.." - пратататакала з царкоўнай званіцы,
калі вялікі Мірон з хэўрай, не звяртаючы ўвагі на крыкі бацюшкі, ступілі на першыя
прыступкі лесвіцы - і над галовамі іх прасвісталі кулі.
- З кулямёта?.. - здзівіўся Мірон. - Дзе ён кулямёт узяў?..
- А то няма дзе... - адступіў з лесвіцы, падымацца па якой яму і не хацелася,
паштар Ютка. - Тут кулямётаў гэтых... І ад першай вайны, і ад другой. Поп ваяваў
на першай. Ды й дзяк таксама, ён і палівае...
Мірон сплюнуў і дастаў пісталет.
- Поп, дзяк, так-растак!.. Мацей і Яромха на лесвіцы застаюцца, а мы з Юткам з
тылу зойдзем.
- Не пайду, - сказаў Ютка, уцягнуты ў барацьбу з Богам толькі праз сваё швагерства
з Мацеем.
- Як не пойдзеш?
- А так... Глядзі вунь, што на вуліцы...
На вуліцы, каля павароткі да царквы, зразумеўшы, што бацюшка з дзякам збіраюцца
трымаць асаду, пачалі збірацца людзі. Пакуль іх было няшмат, але нясмела, асцярожна,
па адным яны падыходзілі і падыходзілі, мужыкі і бабы, пераважна бабы...
- Назад! Па хатах! - замахаў на іх пісталетам Мірон. - Разыйсціся, я вам сказаў!
- Супакойся, сам надта ўжо разыйшоўся!.. - адчуўшы, што ёсць сіла на сілу, гукнуліся
з вуліцы. - Зваліўся на нашу галаву, маскаль паганы, крыжа на табе няма!..
- Што?!. - перасмыкнула Мірона і, стрэліўшы ўгору, ён кінуўся на людзей, якія
расступіліся - і Мірон аказаўся тварам да твару са сваёй жонкай з сынам на руках.
На імгненне ён аслупянеў, але толькі на імгненне, бо ў ім ужо ўскіпела шаленства,
плёхнула цераз край. - Дахаты! Заб'ю! - збялела замахнуўся ён на жонку з дзіцем,
ды тут Яромха наскочыў ззаду і збіў Мірона з ног, распластаў на зямлі, закруціў
яму руку з пісталетам за спіну, а Наста абмінула іх абодвух і пайшла да царквы.
У белай сукенцы і белай хусцінцы, прыціскаючы да сябе дзіця, яна падымалася па
лесвіцы ўсё вышэй і вышэй, а Мірон, асядланы Яромхам, выварочваў шыю, глядзеў
ёй услед і сплёўваў зямлю на зямлю...
- Мірон! - крыкнуў бацюшка. - Я дзяка ў Менск да начальства пашлю, ты яго не чапай!
Як вернецца, будзем далей разбірацца!..
Папу нічога Мірон не адказаў, да Яромхі сказаў ціха, але так, што ўсе пачулі:
- Разбяруся я з табой, Альбін.
Больш за трое сутак, пакуль ехала з Менску начальства, прабыў маленькі Мірон з
маці і бацюшкам у царкве. "Ішла б ты, Наста, не змучвала дзіця", - казаў
бацюшка, а маці адказвала: "Не пайду, ведаю я яго, вы не ведаеце." Каля
царквы, па чатырох баках пагорка, змяняючы адны адных, удзень і ўноч стаялі людзі.
- Твой бацька кажа, што Бога няма, а Бог ёсць, - люляў Мірона на руках, калі маці
стамлялася і засынала, бацюшка. - Бог-бацька, Бог-сын і Бог-дух святы, усе ў адным.
Не разумееш, як яно так?.. Тут не разумець трэба, а верыць, адчуваць, і ў што
паверыш, што адчуеш - тое і будзе. Давай я на званіцу цябе падыму, каб адчуў,
адтуль Бога ва ўсе бакі відаць.
Начная званіца была высокай, а неба начное яшчэ вышэйшым, і ў ім блукалі зорныя
туманы, скрозь якія, як скрозь марлю, цадзілася густое, нібы малозіва, сінім-сіняе
святло. З небасхілу яно лілося на ўзвышшы, на пагоркі і сцякала па іх, заліваючы
лагчыну, у якой хаваліся Каруны. Плылі, патаналі ў гэтым святле і парушаны замак
з адною кутняю вежай, і касцёл без крыжоў, і Мястэчка без сінагогі, і сады, і
палеткі, і хаты, уся вёска ўздоўж рачулкі ад Татарскай вуліцы да прошчы, да Трох
- з адной паваленай - Бяроз. Зорны вецер гнаў зорныя туманы, неба пакалыхвалася
і працякала над царквой, і царква пакалыхвалася і праплывала ў небе, і ў ёй і
разам з ёй пакалыхваліся, працякалі, праплывалі бацюшка, маці, Мірон - усё і ўсе
адно ў адным, і бязмежная, несупынная плынь гэтая адчувалася, як жыццё, і была,
мусібыць, Богам, якога відаць было ва ўсе бакі.
На званіцы вісеў звон і стаяў кулямёт.
"Калі тут звон, нашто кулямёт? - стараўся хоць крышку ўсвядоміць сябе самога
ў Боскім свеце і сам свет гэты зразумець маленькі Мірон. - Няўжо Бог сваё жытло
без кулямёта абараніць не можа? Ці не Боскае гэта, а бацюшкава жытло, таму бацюшка
яго і бароніць?.. Але чаму тады бацька, вялікі Мірон не бароніць жытло сваё, а
разбурае чужое?.."
- Як розніца ёсць паміж чалавекам і дрэвам, так розніца ёсць паміж чалавекам і
чалавекам, - прамовіў бацюшка, гладзячы анёльскія кудзеркі маленькага Мірона і
гледзячы ў сінім-сінюю далеч на прошчу, на Тры, з адной паваленай, Бярозы. І тут
на вачах бацюшкі і Мірона, на вачах маці, якая паднялася на званіцу, яшчэ адна
Бяроза, далейшая ад паваленай, без навальніцы і ветру, у нерухомай цішыні пахілілася,
хіснулася ўзад-уперад, нібы выбіраючы, куды і як упасці, і павольна, як ліст злятае,
пачала завальвацца, падаць, страсаючы з сябе сіняе святло - і легла ўздоўж дарогі.
"Ух..." - выдыхнула яна, як ад нечага вызвалілася, і выдых яе прашапацеў
над лагчынай, над рачулкай, над садамі з палеткамі, над усімі Карунамі ад прошчы
да канцавой Татарскай вуліцы...
- Што гэта?.. - спалохана спытала маці, на якой сукенка з хусцінкай зіхацелі халоднай
сінню, і маці здавалася незямной, падобнай на жыхарку тых планет, над якімі ўзыходзяць
па два і па тры сонцы. - Як гэта - без навальніцы, без ветру?..
- Так... - уздыхнуў бацюшка. - А чалавек як?.. Час настаў.
- Ой, не!.. - Маці ўзяла ў бацюшкі і стала люляць і лашчыць маленькага Мірона.
- Спі, ты чаго не спіш, сынок?.. Ой, не, гэта знак, штосьці станецца, будзе нешта
адразу, як дзяк вернецца...
Аднак вярнуўся дзяк - і нічога такога адразу не сталася. Вялікага начальніка з
Менску, які сам ехаў і дзяка вёз на бліскучай чорнай легкавушцы, а за легкавушкай
на запыленай палутарцы трэсліся салдаты, перанялі каля прошчы габрэі з татарамі,
перагаварылі з ім - і начальнік загадаў здаць усю, якая ёсць, зброю і сабрацца
на сход.
Зброю не здаў ніхто, на сход сабраліся ўсе. На сходзе начальнік аб'явіў, што хоць
Бога і няма, але царква ў Карунах пакуль застаецца, бо пытанні рэлігіі не вырашаюцца
наскокам, і свядомасць карунцаў будзе падцягвацца да свядомасці ўсіх савецкіх
людзей паступова... Салдаты тым часам, шукаючы зброю, ператрасалі двор за дваром.
Крыжы на касцёл не вярнуліся, мячэць з сінагогай засталіся ў лесе. "Што зроблена,
тое зроблена", - сказаў начальнік. Старшыню сельсавета за самаўпраўства ён
паабяцаў пакараць.
- Папа з дзякам пазней арыштуем, хай трохі ўсё супакоіцца, а цябе перавядзем адсюль,
жыць табе тут не дадуць, - развітаўся вялікі начальнік з вялікім Міронам, калі
ўжо яны выпілі ў хаце. - Пачынай манаткі збіраць. - І падкінуў вялікі начальнік
пад столь маленькага Мірона. - Стаўбунчыка якога змайстраваў! З гэткіх во ў нас
новыя людзі вырастуць, а ўсялякіх былых - у распыл!..
Ад вялікага начальніка пахла свіной скурай і гуталінам.
Салдаты, забраўшы кулямёт са званіцы і не знайшоўшы болей ніякай зброі, апроч
паляўнічай, раптоўна, на ноч гледзячы, перакінуліся з Карунаў у Нараты і там братоў
лясных, што спалілі сыраварню, палавілі не ў лесе, а ў хатах, дзе яны начавалі.
Аднаму толькі з братоў Сівакоўскіх, наймалодшаму, удалося ўцячы. Астатніх, каго
параненага, каго збітага ў кроў, пакідалі ў кузаў палутаркі і звезлі разам з гаспадарамі,
якія давалі ім прытулак, з дарослымі ўсімі і дзецьмі.
Вялікі начальнік з Менску на абяцанкі свае, мусібыць, забыўся, іншых клопатаў
хапала. Мінаў месяц за месяцам, зіма надыйшла, а вялікага Мірона ўсё не пераводзілі
нікуды і не пераводзілі. У вёсцы на яго касавурыліся - і не так праз барацьбу
з Богам, які, як вядома, высока і далёка, як праз арышты ў Наратах: думалі чамусьці,
што гэта ён, калі выпіваў з вялікім начальнікам, падбіў таго паслаць сярод ночы
ў Нараты салдат. Па вялікім Міроне нават стралялі каля Багушоў, на лясной дарозе
паміж Карунамі і Наратамі. Невядома, хто страляў, але сам Мірон вырашыў, што на
яго палюе наймаладзейшы з братоў Сівакоўскіх, той, што ўцёк.
У вялікага Мірона, апроч пісталета, меўся яшчэ - выдадзены яму ў вобласці - сямізарадны
карабін, з пакарочаным ствалом вінтоўка, і аднойчы ўраніцы маленькі Мірон убачыў,
як бацька разабраў карабін і стаў яго чысціць.
- Пайду зайца ўпалюю, - сказаў ён маленькаму Мірону. - Табе ўжо мяса пара есці,
каб лепей расці, а ў нас дзе мяса?..
Мяса сапраўды не было, хіба што зрэдку на святы.
Дагэтуль бацька, калі выбіраўся ці ў дальні калгас, ці ў раён, прывозіў,
вяртаючыся, толькі заечы хлеб. Прымарожаны, смачны-смачны, смачнейшага за яго
ніколі ў жыцці маленькі Мірон не еў. Нават тады, калі вырас.
- Не пойдзеш ты нікуды! - як і перад паходам на царкву, паспрабавала не пусціць
вялікага Мірона маці. - Тут і так з Боскай ласкі жывём, а ты надумаўся!
Вялікі Мірон даставаў са сваёй вайсковай кайстры патроны і заганяў іх у карабін.
- Пайду... Калі ўжо мяне не пераводзяць, дык трэба паказаць ім, за кім сіла. З
чыёй бы ласкі я не жыў, а зайцам не бегаў і бегаць не збіраюся!
- Каму ім?.. Што паказаць?.. Яны ўсе на цябе збяруцца, ты чужынец!
- Няхай збіраюцца. Хоць відаць будзе, хто збярэцца, а то ўсе ды ўсе... Усе - гэта
ніхто.
Маці ўбачыла праз акно Яромху на вуліцы, выбегла з хаты і закрычала, ратуючыся:
- Альбін! Зайдзіся ты, спыні яго, ён у лес па смерць сабраўся!..
Не ведала яна, што рабіла.
Бацьку было не ўтрымаць, а Яромха, які пасля сутычкі каля царквы пачуваў сябе
перад ім вінаватым, не мог адпусціць яго аднаго. Ён збегаў дахаты, узяў сваю паляўнічую
стрэльбу, сказаўшы Альбіне, што ідзе на зайца, - і вялікі Мірон з Яромхам, паклаўшы
ў бацькаву кайстру вайсковую, каб не змерзнуць, паўлітэрак і закуску, рушылі ў
Багушы на пару. Пайшлі ўраніцы, а ўвечары вялікі Мірон прынёс не зайца, а мёртвага,
забітага Яромху.
- Людзі, не забіваў я, не забіваў!.. - дзвюмя слязінамі ўсяго праплакаў вялікі
Мірон, і Мірон маленькі ўпершыню ўбачыў, як бацька плача. Гэта ўразіла яго, бо
дагэтуль ён думаў, што плакаць могуць толькі дзеці і жанчыны. І яшчэ ён ведаў,
што бацька плача з таго, што сапраўды не забіваў, а ўсе думаюць і будуць думаць,
што забіў.
Людзі глядзелі на вялікага Мірона і маўчалі.
- А хто забіў? - пытаў следчы з раёна, які прыехаў назаўтра, агледзеўся ў Багушах
і распрадзіўся адправіць цела Яромхі ў раён на медэкспертызу. - Вы ўдвух былі,
нічыіх болей слядоў ва ўсім лесе. І ні каля ручая, і ні каля кастрышча... Дык
хто забіў?
- Сівакоўскі, - сказаў бацька. Дарма ён гэта сказаў, толькі з пераканання ў тым,
што забіў Яромху наймалодшы з братоў Сівакоўскіх, больш нібыта не было каму.
- Тады чаму ён цябе не забіў? - пыталася Альбіна, сястра Яромхі. - Чаму ён забіў
майго брата, а не цябе?
На гэта вялікі Мірон не меў што сказаць.
- Па паветры ні лясныя браты, ні лясныя сёстры не лятаюць... - круціў так і гэтак
бацькаў карабін следчы. - У карабіне толькі шэсць патронаў.
- Я страляў, але па зайцы, - не адпіраўся ў тым, што страляў, вялікі Мірон. -Сыну
зайца абяцаў...
- І дзе заяц?
- Бегае, не пацэліў...
- Заяц бегае, па зайцы не пацэліў, а чалавека ў вока, як вавёрку, - насмешліва
не верыў следчы і пераходзіў на крык. - Расказвай, як было! Яшчэ раз, ну!.. І
праўду мне, праўду кажы, прызнавайся!
Следчы насміхаўся, крычаў, а вялікі Мірон раз за разам расказваў усё тое самае...
Як Яромха праваліўся ў прыснежаны лясны ручай, як пакінуў ён Яромху каля кастра
сушыцца, сам пайшоў паглядзець сляды, выгнаў зайца, стрэліў па ім і амаль адразу
пачуў яшчэ адзін глухі стрэл, нават за свой раней той стрэл пачуў, таму і ў зайца
не пацэліў, а калі вярнуўся - на разасланай пустой кайстры на снезе стаяў адпіты
паўлітэрак, раскладзеная была закуска, а Яромха ляжаў каля кастра з выбітым вокам...
І ні следу каля кастра чужога, і нідзе нікога, як сам сябе забіў.
Следчы махаў рукой.
- Ты сыну казкі расказвай!.. То Сівакоўскі, то сам сябе... З дубальтоўкі ў вока?
Ды ягоныя б мазгі на дрэвах віселі!.. І дзе ты бачыў, каб сябе ў вока стралялі,
ты ж вайну прайшоў?.. Маўчыш?.. Ну, маўчы. Кулю дастануць - ты ў мяне запяеш.
Куля ў галаве Яромхі аказалася з карабіна.
Судзілі вялікага Мірона не звычайным судом у раёне, а ў вобласці - у кабінеце
з арэхавымі дзвярыма. Тройкай судзілі - першы партыец, першы саветчык і першы
гэбіст - бо не нейкі там Мірон Стаўбун забіў нейкага там Альбіна Яромху, а старшыня
сельсавета забіў партыйнага сакратара. Выключаны з партыі, выправіўся вялікі Мірон
з таго кабінета праз арэхавыя дзверы.
Маленькі Мірон ведаў, што бацька не вінаваты, таму плакаў і плакаў днямі і начамі...
Маці ездзіла то ў раён, то ў вобласць, дабівалася спаткання з мужам, а ёй адказвалі:
"Ніякі ён табе не муж, ён двоежэнец". Пасля суда ў арэхавым кабінеце
бацька стаўся вінаватым не толькі ў забойстве, але і ў двоежэнстве, і ў выпраўленні
фальшывай чарнавой з фронту, нібы ён сам яе выпраўляў і нібы яшчэ адной чарнавой,
сапраўды фальшывай, не было. Вінаватым аказаўся вялікі Мірон нават у анархісцкай
барацьбе з Богам, да якой тыя ж людзі ў тым жа кабінеце яго змусілі.
Для вёскі ж, для карунцаў і без двоежэнства, і без фальшывай чарнавой, і без Бога
ўсё было зразумела: забіў Мірон Яромху праз тое ж, праз што Яромха страляў па
ім, параніў яго ў Наратоўскім лесе... Праз тое ж, з-за чаго біліся яны каля царквы...
Праз рэўнасць забіў Мірон Яромху, праз Насту Чаротку. Маці ў вёсцы нават пачалі
стараніцца, нібы і яна ў нечым была вінаватая, адна Альбіна сказала: "Нам
няма чаго дзяліць, мы абедзьве страцілі..."
- Нашто наш татка яго забіў, нашто наш татка яго забіў, ну чаго ты плачаш, чаго
ты плачаш?.. - сама ледзь не кожны дзень плакала над маленькім Міронам маці -
у адзіноце, у цёмным выцці зімовых сцюж, у халоднай і галоднай хаце. А калі маці
ездзіла ці ў раён, ці ў вобласць, дык Альбіна, сястра Яромхі і сяброўка маці,
даглядаючы маленькага Мірона, бо не было ёй болей каго даглядаць, таксама плакала
і пыталася:
- Ну нашто твой татка забіў майго брата?..
Праз дзень-другі маці вярталася, і Альбіна дапытвалася ў яе безнадзейна, як у
хворай:
- Куды ты ўсё ездзіш ды ездзіш?.. Па што?.. Для чаго?..
- Хоць бы сляды знайсці якія... Хоць бы даведацца, дзе ён і што з ім...
Калі скончылася зіма і настала вясна, маленькі Мірон перастаў несуцешна плакаць,
ляжаў моўчкі і глядзеў у столь, дзе не было чаго бачыць, ці спаў з адкрытымі вачыма.
- Страшна, Наста... - казала Альбіна. - Яшчэ страшней, чым плач бясконцы... І
што ён бачыць?
- Нешта ж бачыць, я ўжо звыкла, - падыходзіла да калыскі, у якую пераклалі Мірона
з люлькі, маці. - Нешта ж ведае... - І неяк у сонечны, ясны і звонкі, з капяжамі,
дзень, вярнуўшыся ці з раёна, ці з вобласці з нейкай добрай весткай, з маленечкай
нейкай надзеяй, маці спыталася ні з чаго, проста з павесялелага настрою спыталася:
- Мірон, наш татка не забіваў нікога?
- Ага, ён табе скажа, - з другога боку калыскі падыйшла Альбіна. - Ды й як гэта
не забіваў, калі на вайне быў? - І тут жа спытала сама:
- Мірон, наш татка не забіваў нашага Яромху?..
Маленькі Мірон паглядзеў працягла на Альбіну, на маці, нібы вызнаваў, ці ўсур'ёз
яны пытаюцца, і з боку ў бок пакруціў галавой - раз, другі і трэці:
"Не. Не. Не".
- Госпадзі!. - схапілася за сэрца маці і абсела каля калыскі.
- Дзіця галавой пакруціла, а ты за сэрца хапацца... - падала ёй вады Альбіна.
- Хоць схопішся тут, я табе скажу... Але ж і Сівакоўскі не забіваў...
- Скуль ты ведаеш?
- У мяне ён быў, калі з Наратоў уцёк, стуль і ведаю! І ў той дзень быў у мяне.
Маці глядзела на Альбіну амаль няўцямна.
- А Яромха?..
- І брат ведаў, у адной жа хаце жылі. На тое і разлік быў... Бандыт хаваецца ў
партыйнага сакратара - хто падумае?
- Чаму ж тады Яромха ў Багушы пайшоў?
- Таму і пайшоў, што лавіць у Багушах не было каго... Замірыцца хацеў з Міронам.
Замірыўся... Ён і з Міронам мірна жыць хацеў, і з Сівакоўскім... Той яму: пратурым
бальшавікоў, зажывём на сваёй зямлі гаспадарамі - дзе падзенешся? Так што думай,
глядзі... А сам штодня гарэлку жлукціць, я ўжо не ведала, дзе яе браць. Сама не
п'ю, брат у партыйных сакратарах, а я з хаты ў хату па гарэлку... Ну і выгнала!
Усё адно ж брата праз яго не стала.
- Калі выгнала?..
- Праз тыдзень недзе пасля смерці Яромхі. Ды не выгнала, калі праўду казаць. Сам
пайшоў. Як гарэлку насіць кінула, бо глядзець пачалі, каму ж нашу, сабе, ці што?
- так і падаўся. А да гэтага: кахаю, ажэнімся, з саветамі толькі справімся...
П'яны з дня ў ноч, з саветамі ён справіцца! Цяпер ведаеш, дзе спраўляецца? Зноў
у Наратах, у той самай Сілічыхі, з хаты якой салдаты яго выкурылі! Жаніх...
- Гэта ён каля Багушоў у Мірона страляў?
- Выбіраўся ад нас колькі разоў, так што можа быць... Пра такое ён і п'яны маўчаў.
Маці ўжо зусім не цяміла, што ёй думаць.
- Калі не ён... калі не Мірон... хто ж тады Яромху забіў?
- Дазнаемся, Насця... Маленькі Мірон падрасце і скажа... Толькі забыцца можа,
ды й чакаць доўга...
Вясна ўзялася такая дружная, што снег сагнала за тыдзень, і ў канцы тыдня
злавілі ў Наратах наймалодшага Сівакоўскага - нехта на яго і ўдаву Сілічыху данёс.
Злавілі міліцыянты з тым самым гэбістам, які прыязджаў у Нараты, калі спалілі
сыраварню.
Напачатку першага вясновага тыдня не маці, а Альбіна некуды з'ехала, аб'явіўшыся
пасля не ў Карунах, а ў Наратах, у Станіславы з Мацеем. Даўно, сказала, не бачыліся...
Яна стаяла на вуліцы і глядзела, як нядаўняга яе жаніха, звязанага, запіхваюць
у машыну. Той таксама глядзеў на яе, але ні ён ёй, ні яна яму - ні паўслова...
Сілічыху з ім чамусьці не пасадзілі, асобна павезлі на падводзе з двума міліцыянтамі.
Хату замкнулі, ключы гэбіст аддаў Мацею Цяжкаробу. "На, карыстайся".
- У мяне і так дзве хаты, - нязграбна ўпусціў ключы Мацей, нахіліўся іх падымаць,
а гэбіст наступіў яму на руку бліскучым хромавым ботам.
- Гэта не тваё, калгаснае... Уцяміў?
Мацей, асеўшы на кукішкі, кіўнуў яму ў жывот пачырванелай патыліцай.
- Цяпер валодай, - саступіў з рукі гэбіст. - Гаспадароў не чакай. - І нечакана
кінуў Альбіне. - Ты са мной паедзеш.
Гэта ўсе запомнілі: як гэбіст нечакана кінуў Альбіне ты са мной паедзеш, і як
Альбіна, нібы чакала таго, села ў машыну і паехала.
Па дарозе на Багушы яны спыніліся там, дзе стралялі ў вялікага Мірона, і дзе потым
быў забіты Яромха.
- Паказвай! - выцягнуў гэбіст з машыны на дарогу звязанага Сівакоўскага.
- Што?.. - не зразумеў той.
Гэбіст коратка ўдарыў яго ў твар.
- Адкуль страляў, паказвай! Адкуль у Мірона, адкуль у Яромху? Ну! - і ударыў яшчэ
раз.
Сівакоўскі сплюнуў крывёй і праплыў позіркам па Альбіне - з галавы да ног.
- Я не страляў...
- Глядзіце за ім! - загадаў гэбіст вадзіцелю і яшчэ аднаму міліцыянту, які асцярожана
азіраўся на лес, хоць было відна. - Дзе гэта, вядзі, - падштурхнуў гэбіст Альбіну,
і яна правяла яго да кастрышча.
- Метраў двесце да дарогі, - прыкінуў каля кастрышча гэбіст. - Сляды павінны былі
быць, інакш ніяк. Не мог жа ён на дрэве сядзець...
- Усё адно злезці трэба было, ён жа не вавёрка, каб пераскокваць, - сказала Альбіна.
- Не вавёрка... - згадзіўся гэбіст. Ён прысеў, падняў галавешку і пачаў калупацца
ёю ў кастрышчы, варушыць зляжалы, мокры попел. - А вось і след... - дастаў ён
праз хвіліну нешта з попелу і аж засмяяўся, сабой задаволены. - Хвіліны хапіла!..
Галаву трэба на шыі мець, а не галавешку! Я тады яшчэ пра гэта падумаў, калі справу
крымінальную глядзеў...
- Што там? - спытала Альбіна.
Гэбіст не пашкадаваў насаткі, каб выцерці тое, што знайшоў у попеле.
- Гільза! Стрэляная, з карабіна, але стрэляная не з карабіна, разумееш?..
Альбіна не разумела.
Па-ранейшаму задаволены сабой, гэбіст дзьмухнуў у гільзу.
- Для цябе гэта, што свіст... Як і для следчага таго, ёлупня. У Маскве ён вучыўся,
дыплом у яго... Не забіваў Мірон Стаўбун твайго брата!
- Я ведаю, што ён не забіваў, - чакаючы, кіўнула Альбіна. - А маленькі Мірон без
бацькі расце. Хто забіў?..
- Ты слухай, што кажу, а то многа ведаеш!.. - не даў збіць з сябе форс гэбіст
і закружыў вакол кастрышча. - Хутчэй за ўсё было так... Твой брат праваліўся ў
ручай, вунь той ручай, правільна?.. - гэбіст ступіў некалькі крокаў да ручая і
вярнуўся. - Яны раскладваюць вогнішча, твой брат застаецца пры агні сушыцца, Мірон
ідзе ў лес цераз дарогу, ці заечыя сляды паглядзець, ці чалавечыя, а што робіць
Яромха?..
- Сушыцца ён...
- Правільна, сушыцца, а яшчэ дастае з кайстры, холадна ж, гарэлку і яду, кайстра
здаецца яму пустой, толькі крошкі ў ёй нейкія, шалупінне, а ён акуратны чалавек...
Твой брат акуратным быў чалавекам?..
- Акуратным... - пачала ўжо нешта разумець Альбіна.
- Акуратным твой брат быў чалавекам... - закруціў гэбіст гільзу ў насатку. - Бачыш,
нават у насатцы не надта відаць... І брат твой вытрасае пустую кайстру над кастром,
вось так, а кайстра аказалася не зусім пустой, не з аднымі крошкамі і шалупіннем...
Гільза ўпала з насаткі ў кастрышча.
- Божа мой!.. - перахрысцілася Альбіна. - Але ж так не бывае...
- Бывае. А ён не заўважыў... Калі б паляўнічы патрон быў, дык проста б шыхнула,
ну, можа, сапраўды вока шротам пакалечыла б, а тут баявы... - Гэбіст падняў гільзу,
зноў закруціў яе ў насатку і паклаў у кішэнь. - Выпадак забіў твайго брата, Альбіна.
- І што... гэтак адразу выпадак стрэліў?..
- Не адразу. Брат твой рассцяліў кайстру, расклаўся на ёй, выпіў, закусіў, зноў
падышоў да кастра... Нахіліўся, мусіць... Дроў падкінуць, ці так, каб цяплей...
Някепская смерць, - заключыў нечакана гэбіст.
- Не забіваў наш татка Яромху, не забіваў, праўду ты сказаў! - падкідвала
маці, смеючыся, маленькага Мірона, а гэбіст, якога ўгаварыла Альбіна заскочыць
па дарозе да Насты, бо адной ёй тая не паверыць, спытаў:
- Ну і што?
- Як ну і што, калі не забіваў? - перастала смяяцца і разгубілася маці. - Калі
не забіваў, дык вернецца, за што ж сядзець?.. Я ж па гэта ледзь не з дня ў дзень...
то ў раён... то ў вобласць...
- За выпадак жа не садзяць... - таксама разгублена глянула на гэбіста Альбіна.
Пасля памаўчала, падумаўшы, і дадала. - Але сядзяць...
- Паслухайце, бабы... - Гэбіст выпіў гарэлкі, на радасцях прастаўленай Настай,
другую ўжо шклянку выпіў, закусіў, пражаваў, закурыў, а яны ўсё чакалі... - Выпадак
- гэта тое, што я гільзу знайшоў, а не тое, што Мірон сядзіць. І гільза - не доказ.
Вы бабы ўвішныя, хітрыя, падкінулі гільзу ў кастрышча - і да мяне.
- Пра што ён кажа, Альбіна?.. - не зразумела маці. - Як падкінулі?.. Хто да яго?..
- А ты чаму не пазнаеш мяне? - па-п'янаму насунуўся на яе па стале гэбіст. - Не
прызнаеш чаму, га?
Маці сцялася.
- Бо не ведаю... Не бачыла я вас раней...
Гэбіст адкінуўся да сцяны. Піць ён, відаць, не надта ўмеў, і з яго папёрла нахабства.
- Не бачыла, не ведаю, таму даю, з кім снедаю... Калі Мірон твой па лясах нас
кружыў, гарматы шукаючы, да каго ты падыходзіла?
- А-а... - нібыта нешта стала ўспамінаць маці. - Вас шмат там было...
- Трое! - выкінуў тры пальцы гэбіст. - Толькі трое - і ты мяне не запомніла?
- Выбачайце... - ціха і вінавата сказала маці.
- А я цябе запомніў! І падумаў: дзеўка гэтая мне дасць! І ты мне дасі, калі хочаш,
каб я для двоежэнца твайго нешта зрабіў! А то гільза ў мяне раз!.. - гэбіст загнуў
два пальцы, тыкаючы ў маці адным... - і згубілася па дарозе. І ўсё стала гэтаксама,
як было. З дня ў дзень... то ў раён, то ў вобласць... і нічога.
- Ну ты і поскудзь! - узяла Альбіна з рук маці, каб не выпаў, маленькага Мірона.
- Мала табе таго, што я зрабіла?.. Дык я і дам табе, ці я горшая?
- Не горшая, - сказаў гэбіст. - Але і не лепшая.
Маці паднялася, узялася за плечы і, хістаючыся, сама, як п'яная, пайшла да дзвярэй,
а ў дзверы, збіўшы маці на парозе, ускочыў вадзіцель.
- Бандзюга збег! Я па ваду адышоўся, у радыятар даліць, а ён галавай Хроліку ў
галаву, аглушыў і збег!
- Нікуды не дзенецца, - гледзячы на ўпаўшую да печы маці, на яе голыя, белым-белыя
ногі, на якіх задралася спадніца, зглынуўшы, сказаў гэбіст. - У яе шукайце! -
кіўнуў ён вадзіцелю на Альбіну і крыкнуў: - Ідзі паказвай, дзе жывеш!
- Малога вазьмі... - не ўстаючы, не сваім, драўляным голасам папрасіла маці Альбіну,
а тая паклала, амаль кінула маленькага Мірона ў калыску.
- Куды ўзяць? Там страляць будуць!
- Пайшла! - штурхнуў яе ў плечы вадзіцель, і як толькі за імі зачыніліся дзверы,
гэбіст кінуўся на падлогу, на маці...
- Мірон, не глядзі!.. - біла нагамі па падлозе і ўзвывала не сваім, драўляным
голасам маці. - Не гля-я-дзі, Мі-ро-о-н!..
Калыска была не глухая, бакавіны яе былі жардзяныя - і стаяла калыска каля ложка
насупраць печы.
Сівакоўскі сапраўды падаўся на падворак Альбіны, болей падацца яму не было
куды - пры міліцыянтах і гэбісце ў вёсцы хто б яго пусціў?.. Ён забег у пуню,
на нажы сячкарні разрэзаў путы на руках, выбіў акно ў хаце, узяў Яромхаву стрэльбу,
зноў забраўся ў пуню, на гарышча - і адтуль адстрэльваўся ад міліцыянта і вадзіцеля,
таксама міліцыянта. Тыя пастрэльвалі па пуні вяла, ад дрывотні, здалёк... Зрабіўшы
сваё, да іх далучыўся наеты, напіты і нагулены гэбіст, якому таксама не хацелася
надта геройстваваць, грудзьмі кідацца на стрэлы, і ён прыдумаў пуню падпаліць.
Міліцыянт-вадзіцель прынёс бензіну, гэбіст накруціў анучу на лёгкую сякерку, што
тырчэла ў пні на дрывотні, абліў, загадаў напарнікам страляць з аднаго боку пуні
няспынна, сам падпоўз з другога, запаліў факел і ўскінуў яго на саламяную страху...
Сівакоўскі з пуні не выйшаў - да каго і да чаго было выходзіць?.. Жыўцом згарэў,
бо страляў яшчэ, калі ўжо гарэла.
На пажар набеглі людзі, але толькі хату палівалі вадой, каб ад пуні не загарэлася,
якая так шугала полымем, што не падыйсці.
- Бадай бы ты духу не ўказаў... Бадай бы ты спруцянеў... Бадай бы ты апрогся...
- упёршы локці ў калені і сціснуўшы кулакамі галаву, ківаючыся з боку ў бок на
пні на дрывотні, пасылала праклёны Альбіна невядома каму...
- Значыць, так, бабы, - сказаў гэбіст, ад'язджаючы. - Зрабіць я для вас магу толькі
тое, што магу. Цябе, Альбіна, магу пасадзіць, але садзіць не стану. Лічы, што
згарэла твая віна ў пуні, так што пуні не шкадуй. А праклінаць мяне можаш, колькі
хочаш. Не ты адна - і мне не шкодзіць.
- Бадай бы ты згарэў... Бадай бы ты... Бадай...
- А з табой, Насця, складаней, - не стаў слухаць гэбіст заведзеную, як патэфонная
кружэлка, Альбіну. - Калі б твайго мужыка ў раёне судзілі, звычайным судом, а
яго ў вобласці і тройкай... У рашэнне тройкі я не палезу. Ты ў свой бабскі розум
не возьмеш, што такое рашэнне тройкі. Знізу змяніць яго ніхто не можа, а зверху
ніхто не захоча. Хто такі твой мужык, каб пра яго зверху падумалі?.. Ніхто, Стаўбун.
Тут не пра такіх не думаюць... Так што давядзецца чакаць.
- Чаго чакаць?.. Вы ж казалі...
Маці паглядзела на Альбіну і заплакала.
- Мала што я казаў... - хмыкнуў гэбіст. - Ты болей слухай, асабліва перад тым...
Як сёння на свет нарадзілася...
- Ма-ма... - сказаў маленькі Мірон на руках у маці, якая ўжо яго не адпускала,
як ім баранілася. І праз паўзу яшчэ сказаў, гледзячы на гэбіста: - Та-та...
Гэбіст начыстую здзівіўся.
- Глядзі ты! Колькі яму?..
У маці адразу высахлі слёзы.
- Загаварыў... Чуеш, Альбіна, загаварыў!..
- Бадай бы ты... - стоячы, ківалася з боку ў бок Альбіна.
- Ну, стаўбунчык, расці вялікі... - пацягнуўся гэбіст паказытаць маленькага Мірона,
але маці адвярнулася, засланіла... - У мяне таксама расце, больш за два гады яму,
а не гаворыць... Чаму не гаворыць, га?
- Няма з кім, - сказала, ківаючыся, Альбіна.
- Ты чаго ківаешся? - уз'ятрыла гэбіста. - Расківалася!.. Я магу тое, што магу!
Рапарт напішу, гільзу дашлю!.. А мог бы не пісаць і не дасылаць, яно мне трэба?..
Ды няхай глядзяць, а то панаехалі з дыпломамі!.. А вы чакайце.
- Чаго чакаць?.. - зноў спытала маці.
- Чаго-небудзь! - адрэзаў гэбіст, ідучы да машыны. - Усе чаго-небудзь чакаюць.
Чакаць давялося доўга - маленькі Мірон і гаварыць навучыўся, і лічыць, і чытаць,
і пісаць... Навучыўшыся ўсяму гэтаму, ён смутна адчуваў, што страціў нешта больш
істотнае, болей важкае, чым здабытае ўменне лічыць і чытаць, але не мог усвядоміць,
што? Проста адчуваў, што страціў... Асабліва пранізліва адчувалася гэта тады,
калі маці пыталася: "Міронька, дзе наш бацька, калі ўжо вернецца?.."
- а ён зусім не ведаў, што адказаць.
Ён неяк падумаў: "А што страціў Яромха, якога не стала?.. Уменне гаварыць,
лічыць і чытаць?.. Ці нешта большае, ці нічога не страціў?.. Яромхі нібыта няма
- і ўсё ж ён ёсць, а бацька нібыта ёсць - і ўсё ж яго няма... Абодва яны далёкія,
як другое і трэцяе сонца над нейкай планетай, а ўсе астатнія жывуць, як жылі -
і толькі тое і адбываецца..."
За час, пакуль чакалі бацьку, шмат чаго адбылося - маленькі Мірон сястру займеў.
Да таго ж не малодшую, як яно звычайна бывае, а старэйшую, з якой прыехала аліменты
шукаць першая бацькава жонка. Дазнаўшыся, чаму няма аліментаў, яна адразу яшчэ
некуды заспяшалася, а Ефрасінню, Хрузьку пакінула. "Няхай у вас пабудзе,
куды мне з ёй?.. Ні начаваць няма дзе, ні карміцца чым..."
Хрузька, на шэсць гадоў старэйшая за Мірона, расказала яму, як яны з братам -
тым, другім братам - галадалі, адну траву елі, як у Сухім Доле - там, дзе яны
жылі - дзёгцем ім вароты мазалі, бо маці Хрузькіна, чарнавую атрымаўшы, калмыка
ў хату пусціла, аднарукага, але спраўнага ў гаспадарцы, а бацька аказаўся жывы...
Ці ж маці вінаватая?.. Яна ж, калмыка ў хату пускаючы, думала, што бацьку забілі
смерцю героя, а без мужыка - хоць якога - паспрабуй пражыві, мужык наогул бабе
патрэбны. Дык бабы сухадольскія ўз'еліся на яе: "Ты курва! Мы сваіх франтавікоў
і з чарнавымі чакаем, ці мала што здараецца!.." - а спраўнага мужыка ў Сухім
Доле ніводнага за вайну не засталося, яны б таго калмыка і без рукі, і без нагі
сабе забралі... І Хрузька пыталася: "А які мой бацька, ну, які ён?.."
Маці дала ёй фотаздымак: "На, глядзі". На фотаздымку бацька выглядаў
суровым: у вайсковай форме, зацягнуты ў партупею - цэліўся ў некага з пісталета.
"На таварыша Варашылава падобны", - сказала Хрузька. Мірон не ведаў,
хто такі таварыш Варашылаў, і распавядаў Хрузьцы, які бацька герой, колькі ён
немцаў на вайне пабіў і колькі тут пабіў бандытаў, і як па іх, па бацьку і зусім
тады маленькім Міроне, бындыты стралялі ў лесе пад Багушамі, а дзядзька Яромха,
які быў матросам, засланіў іх ад кулі і сам загінуў, а злыя, як і ў Сухім Доле,
людзі выкруцілі ўсё так, нібы гэта бацька забіў дзядзьку Яромху...
- Скрозь несправядлівасць, - уздыхнула Хрузька. - І ў нас, і ў вас... - І Мірону
няўтульна стала: яму здалося, што справядліасці няма ва ўсім свеце.
- А які таварыш Варашылаў? - спытаў Мірон.
- Вялікі... - Хрузька ўстала з-за стала, за якім яны снедалі, паднялася на царлачкі
і ўскінула рукі ўгору. - Трохі меншы за таварыша Сталіна... - яна апусцілася на
пяты... - але вялікі.
- А таварыш Сталін які?.. Хто ён, гэты Сталін?
Яны елі бульбу, макаючы яе ў алей з падсмажанай цыбуляй, і Хрузька не данесла
бульбіну да роту, вылупіла на Мірона вочы - і так з разяўленым ротам і вылупленымі
вачыма і засталася...
- Сталін - наш правадыр, - хуценька і чамусьці апасліва сказала маці, і больш
нічога не сказала.
Пра тое, хто такі правадыр Сталін, Мірон вырашыў вызнаць у паштара Юткі Казубоўскага,
які чытаў газеты, таму ўсё ведаў. Ютка даў Мірону часопіс з фотаздымкамі і малюнкамі:
"На, тут ледзь не на кожнай старонцы..."
Часопіс называўся "Огонёк", у ім на адвароце вокладкі быў вялікі партрэт
таварыша Сталіна, і меншы партрэт таварыша Варашылава на другой старонцы быў,
бацьку яны абодва саступалі, але на самой вокладцы часопіса было нешта агромністае,
большае і за Сталіна, і за Варашылава, і нават за бацьку з Яромхам, не кажучы
ўжо пра Мірона з Хрузькай, большае за царкву і замак, за ўсе Каруны - і называлася
гэтае агромністае, большае за ўсё і ўсіх: "Кремль. Красная площадь".
Неабсяжная плошча была ўся чырвоная - і ўся ў лютым марозе. Бліскучы іней аточваў
чырвоную вежу з гадзіннікам і распаленай зоркай над ёй, зубчастую сцяну, якая
сыходзіла за край вокладкі і цягнулася, здавалася, па край зямлі, прыземістую
глыбіну з надпісам Л Е Н И Н, з дзвярыма і вартавымі па абодва бакі дзвярэй, у
якія, уяўлялася, увойдзеш - і выйдзеш па той бок свету, адкуль прыйшлі і сталі
пад чырвоную сцяну блакітна-ледзяныя, засыпаныя сінім-сінім снегам, елкі. З плошчы,
нават з папяровай, цягнула такім велічным холадам, што Мірона скаланула, але і
вачэй адарваць ад вежы, ад сцяны, ад глыбіны, ад елак, аб ледзяны блакіт якіх
апякаўся позірк, Мірон не мог. Плошча была большай за тое, што ён мог ці не мог,
што маглі ці не маглі яны ўсе разам - яна магла ўсё...
- Дзе гэта?.. - спытаўся Мірон, і Альбіна, якая жыла ў іх амаль увесь час, бо
маці ўсё некуды ездзіла і ездзіла, адказала:
- У Маскве. Нам туды, як да Абрама на піва... Памрэм, пакуль даедзем.
З калыскі Мірон вырас, ложак у хаце быў толькі адзін, на ім спала маці і, калі
началава, Альбіна, а Мірон з Хрузькай клаліся на печы. Там Мірон і прыклеіў да
коміну карціну "Кремль. Красная площадь", на скразны холад якой яны
з Хрузькай, дурэючыся, хукалі, але іскрысты іней на чырвоных цаглінах і сіні снег
на блакітных елках не таялі ад іх дыхання. З адвароткі карціны - вусамі да коміну
- быў прыклеены Сталін.
Хрузька прабыла ў іх болей за год і, калі палюбілася ўсім, прыйшоў ліст з Сухога
Долу, ад яе маці, каб Хрузьку пасадзілі на цягнік да Масквы, даўшы тэлеграму,
на які, а там яе сустрэнуць... Мірон спачатку перапудзіўся, што ехаць да той Масквы,
як да Абрама на піва, Хрузька памрэ, пакуль даедзе, а потым яго зайздрасцю асляпіла:
Хрузька, калі не памрэ, на яве ўбачыць "Кремль. Красную площадь!.."
У раён, што аказаўся горадам, праз які ішоў цягнік да Масквы, праводзіць Хрузьку
паехалі на падводзе Юткі Казубоўскага. Мірона таксама ўзялі - і ў каменным горадзе
каля найвялікшай будыніны ён убачыў каменнага Сталіна, але ж гэта не тое, што
"Кремль. Красная площадь". Пакуль на пероне ўсе плакалі, Мірон паспрабаў
прабрацца ў вагон, каб паехаць разам з Хрузькай, і паехаў бы, калі б правадніца
не злавіла яго і не выкінула з тамбура, з вагона, які ўжо крануўся, на рукі маці,
Альбіны, Юткі...
З Ефрасінняй, з сястрой сваёй Хрузькай ніколі ён болей не ўбачыўся. Яна не памерла
па дарозе да Масквы, але калмык, паехаўшы ў Маскву яе сустракаць, напіўся і спаў,
чакаючы Хрузьку, на тым жа вакзале, на які прыехаў. Ён спаў на Казанскім, а Хрузька,
прачакаўшыся яго на Беларускім, пайшла глядзець "Кремль. Красную площадь"
- і прапала.
Калі маленькі Мірон стаў вялікім Міронам, дык кожнага разу, як толькі аказваўся
ў Маскве, ішоў да Крамля на Красную плошчу і выглядаў, шукаў і шукаў сястру сваю
Хрузьку - больш яго там анічога не цікавіла. Ён ведаў, што за час, пакуль ён з
маленькага Мірона ставаў вялікім, у каменную глыбіну з дзвярамі ўнеслі Сталіна,
дапісалі на глыбіне ягонае імя, пасля вынеслі Сталіна, імя сцерлі - і засталося
ўсё так, як было... Нерушна, як вартавыя каля дзвярэй, стаялі на плошчы блакітныя
елкі, узвышалася вежа з гадзіннікам і распаленай зоркай над ёй, цягнулася і цягнулася
зубчастая сцяна...
Паездкі маці ў раён і вобласць нічым не канчаліся - і яна стала ўгаворваць
дзяка, якога паабяцаў некалі арыштаваць вялікі начальнік з Менску, ды потым пра
яго, як і пра вялікага Мірона, забыўся, паехаць у Менск таго начальніка пашукаць:
раптам дапаможа...
- Ты што, Наста, з глузду з'ехала?.. - пытаўся на яе ўгаворы дзяк. - Па што мне
ехаць?.. Каб успомніў і арыштаваў?..
Пра тое, што можа стацца з дзякам, маці не надта думала.
- Гэбіст жа тут быў, рапарт напісаў, не вінаваты Мірон... - упрошвала маці, ды
дзяк не ўпрошваўся:
- Вінаваты! Ён на царкву пайшоў! На абразы, на крыж руку падняў!
- Не за гэта ж яго пасадзілі...
- Бог за гэта пасадзіў!
- Хіба Бог садзіць?.. Што вы такое кажаце?..
Ці на гэтым яна падлавіла дзяка і той сам завінаваціўся перад Богам, ці ад неадчэпнасці
матчынай дзяк стаміўся, але згадзіўся ўрэшце, рукой махнуў: "Паехалі!.."
Дзяка не пусціў бацюшка. Каб царкву зратаваць, сам пасылаў дзяка ў Менск, а ратаваць
Мірона - не пусціў. "Асцерагаецца! - пастанавіла Альбіна, якая на абразы
то хрысцілася, то плявалася. - Начальнік жа вялікі і яго абяцаўся арыштаваць,
дык будзе ён табе высоўвацца!.."
- Не думай, Наста, што асцерагаюся нечага, - сказаў бацюшка. - Смешна думаць,
нібы забыліся пра нешта ў Менску, а дзяк нагадае... Ніколі яны і ні пра што не
забываюцца. Надзея не на гэта, а на тое, што антыхрысты гэтыя скончацца. Калі
не ўсе разам, дык па адным, а да таго нічога добрага не будзе... І не цягайся
ты нідзе, толькі сабе нашкодзіш. Не вернецца твой Мірон і ніхто яго не верне,
пакуль Сталін не памрэ.
Маці з ягоных слоў нават страху не ўзяла, падумала: бацюшка не проста асцерагаецца,
а гэтак баіцца, аж не разбірае, не спасцігае ўжо, што гаворыць. "Хіба Сталін
можа памерці?.."
Выбралася маці ў Менск, як заўсёды, адна - распытала толькі дзяка, дзе шукаць
там таго вялікага начальніка. Яна трызніла тым начальнікам: ён і царкву сказаў
не чапаць, і бацюшку з дзякам не пасадзіў, і Мірона абяцаў перавесці...
Паехаўшы пасля каталіцкіх Каляд, не дачакаўшы Новага году, маці ўсё не вярталася
і не вярталася, званіла толькі зрэдку ў сельсавет, і Мацей Цяжкароб, які стаў
замест бацькі старшынёй сельсавета, перадаваў, што жывая, убілася да некага ў
пакаёўкі.
- І тое хлеб, - казала Альбіна, - ды й да хлеба капейчыну якую прыробіць. А то
малому ні на ногі чаго, ні на плечы нечага.
Пакуль маці не вярталася, маленькі Мірон прысніў, як вярнуўся бацька... Пасля
яму здавалася, нібы і на яве было гэтак жа, як ён прысніў.
У тую праднавагоднюю ноч ён не захацеў класціся з Альбінай, як яны спалі звычайна
без маці, лёг на печы і заснуў, гледзячы на карціну "Кремль. Красная площадь",
на блакітныя, заснежаныя елкі на ёй. Ютка Казубоўскі абяцаўся прынесці елку, але
Ютка лічыў сябе за паляка, загуляў з каляд і не прынёс.
Бацька ў вайсковай форме, зацягнуты ў партупею, вышаў з сякерай у руках з таго
боку свету, з каменнай глыбіны, з дзвярэй пад надпісам Л Е Н И Н, мінуў вартавых
і ўзяўся секчы елку.
- Ты для каго сячэш? - выглянуў з-за елкі Сталін.
- Для сына. Паштар Ютка Казубоўскі абяцаў яму прынесці, але запіў і не прынёс.
- Ну, я здыму яго з паштароў! - пагразіўся Сталін. - А цацкі на елку ёсць?
- Толькі папяровыя, сын з Альбінай зрабіў. А бліскучых няма.
- А ў мяне ёсць, - сказаў Сталін і пачаў чапляць на елку цацкі.
Дзіўныя гэта былі цацкі... Сталін павесіў на елку маленькага бліскучага паштара
Ютку Казубоўскага, старшыню Мацея Цяжкароба, папа, дзяка, Альбіну, Хрузьку і яе
маці, калмыка, раённага гэбіста і ляснога брата Сівакоўскага, маленькіх бліскучых
татараў і маленькіх бліскучых габрэяў... ён вешаў і вешаў, чапляў і чапляў, а
цацкі ў яго не канчаліся і не канчаліся - не елцы ўжо месцы не было.
- Дзякуй, досыць, елка не вытрымае, - падзякаваў бацька, а Сталін спытаўся, шукаючы
па кішэнях:
- А Яромха дзе? Ты ў мяне Яромху забраў?.. - І загадаў вартавым: - Зрабіць з яго
цацку замест Яромхі!
Вартавая рынуліся на бацьку, ды бацька як махне сякерай! - яны ў спудзе назад,
за дзверы пад надпісам Л Е Н И Н, а Сталін спрытна, як вавёрка, на сцяну ўскочыў,
на вежу ўскараскаўся і ў гадзінніку, у часе сваім схаваўся. Крыкнуў адтуль, галаву
высунуўшы: "Не вернешся, пакуль я жывы!" Бацька ўскінуў на плячо елку
і пабег з Краснай плошчы дахаты. Ён бег, бег, бег, а з блакітнай елкі асыпаўся
сіні снег, падалі, падалі, падалі і разбіваліся цацкі: поп, дзяк, Хрузька, калмык,
гэбіст, габрэі, татары... - ніводнай цэлай сталінскай цацкі не засталося, усе
пабіліся... Мірону так шкада было і цацак, што былі людзьмі, і людзей, якія былі
цацкамі, а бацька паўстаў на парозе з пустой елкай, але такой блакітнай, што ад
яе ўся хата зазіхацела, і сказаў: "Нічога, Мірон. Была б елка, а цацкі знойдуцца.
Твае папяровыя начэпім, давай іх сюды..." Мірон кінуўся даставаць цацкі,
што зрабіў з Альбінай... убачыў, прачынаючыся, зіхатлівае сонца ў марозным акне,
Альбіну ў кажусе, якая ставіла елку ў кут, зляцеў з печы:
- Дзе татка?!.
Выскачаў голы з хаты ў сені:
- Тата!!.
- Ты куды?.. - злавіла яго ў кажух Альбіна, прыціснула, стала супакойваць, гладзіць
па галаве. - Пайшоў бацька, справы ў яго, праз год вернецца... А я таксама прачынаюся
і дзіўлюся, скуль гэта елка?.. Думала, дзед-Мароз прынёс...
Мінуў і Новы год, і праваслаўныя Каляды, і Хрышчэнне - маці вярнулася напачатку
вясны. Апранутая, як гарадская, узбуджаная, з падарункамі: Альбіне прывезла сукенку,
маленькаму Мірону маленькую матроску і бесказырку з якарамі на стужцы і надпісам
в а р я г.
- Хто такі вараг?.. - спытаў Мірон, падскокваючы да люстэрка, каб зірнуць, як
выглядае ён у матросцы і бесказырцы, і Альбіна, якой ён замінаў, адказала:
- Вораг.
З Мірона зляцела бесказырка і ён не стаў яе падымаць.
- Не блытай яго, ён і так заблытаны.. - падняла бесказырку і стала цалаваць Мірона
няспынна маці. - Карабель такі геройскі... Ой, я пра цукеркі забылася!.. На, пасмакуй,
ты ж ніколі ў мяне цукерак не еў! - паклала яна Мірону ў рот цукерку і пракінула
скарагаворкай, павярнуўшыся да Альбіны:
- Сталін памёр.
- Усе паміраюць... - круцілася ў новай сукенцы Альбіна - і застыла ў люстэрку,
зтуль на маці гледзячы:
- Як гэта Сталін памёр?..
У тое імгненне, у якое маці сказала, што памёр Сталін, Мірон якраз раскусіў аблітую
шакаладам падушачку з варэннем і адчуў такую слодыч, гэткую смакату, з якой ніякая
раней ім знаная смаката, нават смаката мёду, ці з цукрам расцёртага маку, не раўнялася,
і так яно ў ім на ўсё жыццё і засталося: немагчымая смерць Сталіна і неверагодная
смаката - адно ў другім, як варэнне ў шакаладнай падушачцы, усё салодкім-салодкае.
"Як добра, што Сталін памёр, а то маці не прыехала б і не прывезла цукеркі,
- шчасліва думаў Мірон і раптам яго працяла. - Дык бацька ж вернецца!.."
- Вернецца, - частавала яго цукеркамі, цалавала і цалавала маці. - Цяпер вернецца...
Восенню ў матросцы і бесказырцы, найлепшым ягоным адзенні, маці павяла Мірона
ў школу, у першы клас, дзе пачалі вучыць яго чытаць, лічыць і пісаць - таму ўсяму
вучыць, што ён умеў.
Бацька вярнуўся праз тры гады на Новы год і ўвайшоў у хату з елкай...
Апошняя з Трох Бяроз каля прошчы стаяла яшчэ доўга, з паўвека. Памерла маці, хутка
за ёй памёр бацька, Мірон пахаваў іх - і толькі тады апошняя Бяроза ўпала, Мірон
застаўся на зямлі адзін.
 |