1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 | 16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22
VIII
Лі-Лі, якой не бачыў я амаль тыдзень, пра тое, чаму я не бачыў яе, нават не заікаецца, а распавядае, як хавалі Ігара Львовіча. Што ж, Ігар Львовіч цяпер таксама ў сферы маіх інтарэсаў... Жыў - не быў, памёр - стаў...
- Лідзія Паўлаўна здзіўлялася, што цябе няма...
- Яна не ведала, чаму?..
- Ведала, але здзіўлялася... Прыйшлі ўсе суседзі нашыя (Лі-Лі так і кажа: нашыя, мае, значыць, і яе), з акадэміі, ён там загадваў лабараторыяй нейкай сакрэтнай, чалавек трыццаць, вучні ягоныя, адзін... (і тут Лі-Лі - я гэта пасля ўспомніў - пацягнула паўзу, нібы думаючы, што і як сказаць) ...адзін з Амерыкі прыляцеў, Лідзія Паўлаўна казала, што ты знаёмы з ім, бамжы - во тусоўка!.. І калі амерыканцу кайданкі начапілі, бамжы біцца кінуліся. Я з бамжамі была...
У Лі-Лі сіняк на левай скуле - і яна мне тлумачыць, адкуль...
Дурнота скрозь... Нашто чалавека ў наручнікі на могілках браць, пачакаць нельга?
- Няма ў мяне амерыканцаў знаёмых.
- Дык ён наш, з'ехаўшы... Габрэй, мусіць.
- А чаго бамжы за яго ўступіліся?
- Ён за памінкі плаціў, запрасіў усіх... Такая бойка ўсчынілася! У таўкатні труну з Ігарам Львовічам без века ў магілу скінулі... Дасталі - ён увесь у мокрым пяску, дождж якраз прыпусціў, ледзьве ачысцілі з большага... А двое з тых, што нібы з акадэміі былі, супроць нас біліся. Людзі ў цывільным хутчэй за ўсё. Лідзія Паўлаўна аднаму вока парасонам, як пікай, выбіла! Уяўляеш?
Я ўявіў...
- Што ёй за гэта будзе, як ты думаеш?
Я кажу:
- Вока за вока... - Я не думаю пра Лідзію Паўлаўну, я думаю пра сябе.
Зіначка пацэліла ўдала: выйшаў я са шпіталю, прыкульгваючы. Паклаўся параненым спераду - падняўся параненым ззаду. Расказаць каму...
Праводзячы мяне, Зіначка радавалася, што іголка ўва мне не зламалася, а то б ёй было...
Пехатой дамоў кульгаць не давялося: у шпітальным двары чакаў каля машыны ўчастковы.
- Следчы папрасіў вас даставіць... Неафіцыйна. Гэта не мая работа, але... Тым больш, што вы нагу падцягваеце. Залячылі?..
Ён нібы ведаў пра Зіначку - і я ашчэрыўся.
- Нейкія ж нормы ёсць, правілы! Позва на допыт, санкцыя на арышт! А то прыехалі: вас даставіць!...
- Лепш па-добраму, - адчыніў дзверцы машыны ўчастковы. - Ёсць і позвы, і санкцыі, толькі лепш па-добраму, Раман Канстанцінавіч...
Следчы мяне гадзіны паўтары мантыліў.
- Былі вы ў дзень забойства ў кватэры Рутнянскіх?
- Ну, быў...
Спачатку, адчуваючы ўсё тую ж незразумелую небяспеку, я аднекваўся, не ведаючы, што паказанні ўжо даў сусед, які заўважыў з балкона, як стаяў я з Лідзіяй Паўлаўнай у двары і зайшоў у пад'езд. Да таго ж ва ўсім, апроч забойства, прызналіся грамадзяне Ціхан Міхайлавіч Лупеха, Аляксей Віктаравіч Мацвеенка і Зінаіда Сяргееўна Ліскіна - асіметрычны, фікусалюб і "прафесарша". А я думаў, што ў мяне жанчыны з іменем Зіна не было ніколі...
Следчы не стаў пытацца, чаму я маніў і яму, і ўчастковаму.
- Разумею, не хацелі ў гэта ўблытвацца. Імя, імідж, вы дастаткова вядомы чалавек, Раман Канстанцінавіч. Я, між іншым, адзін з вашых паклоннікаў... Але чаму грамадзянка Рутнянская ўтаіла, што вы заходзілі ў кватэру, як вы думаеце?
- Лідзія Паўлаўна?..
- Лідзія Паўлаўна.
- Не ведаю...
- Я пытаюся, як вы думаеце, чаму?
- Забылася...
- Забылася?.. Сына забілі, а яна забылася, хто?
- Хто - гэта хто? Вы што сказаць хочаце?...
- Тое, што яна не сказала. Калі б яна нечага не мела на ўвазе, некага ў нечым не падазравала, яна б сказала?.. Ну, заходзілі - і заходзілі, што тут таіць?
- У яе і дазнайцеся.
- Дазнаемся. Лідзія Паўлаўна жыла ў вас?..
Нават пра гэта данеслі...
Следчы, дапытваючы мяне, займаўся тым, што спрабаваў паставіць на кант пачак запалак - і ў гэтым месцы допыту мне стала малацікава, удасца яму фокус, ці не...
- Пакуль ты ў шпіталі быў, я ў людзей адных начавала, - кажа Лі-Лі. - Ты мяне пакрыўдзіў.
Яна ў людзей адных начавала - і я яе пакрыўдзіў!
- З усімі начавала?.. Ці з адным?
Лі-Лі - хіба я не лаюся? - плаўна адварочваецца. І столькі пагарды ў гэтым руху...
- Пакуль з усімі, - прамаўляе яна там, куды адвярнулася, і ўстае. - Я пайду.
Хай бы пайшла, мне нават трэба, каб яна зараз пайшла, яле ж не так... І я зноў усаджваю яе.
- Чым я цябе пакрыўдзіў?..
- Калі пытаешся, чым, дык тлумачыць без толку.
- Паспрабавала б...
- Не, без толку...
- І ты кожнага разу ў некага начаваць будзеш, як палічыш сябе пакрыўджанай?
- Не абавязкова. Можна іншае нешта прыдумаць...
- Што?
- Пакрыўдзі - і прыдумаю...
Мы сядзім з ёй у парку, у летнім рэстаране, дзе я прызначыў спатканне Ніне з дачкой і Марце з сынам. На мяне, як па ўсім выходзіць, могуць кайданкі начапіць, дык перад дальняй дарогай...
Ні Ніна, ні Марта, як нешта адчулі, спаткацца не адмовіліся, хоць я адразу сказаў, што будуць усе. Ніна толькі ўздыхнула коратка: "Усе, дык усе... Прыблізна не помніш, колькі ўсіх у цябе зараз?.."
Я прыйшоў гадзіны на дзве раней, каб зрабіць заказ, сюрпрыз, бо ведаю, каму з іх што да смаку, а Лі-Лі тут выпадкова: яна гуляла ў парку з Полем. З сіняком і з Полем. Поль развітаўся і падаўся, сіняк застаўся. Сіняк здзіўляе, глядзіш і думаеш: хто гэта так падскочыць злаўчыўся?..
- Добра, - кажу я Лі-Лі. - Ідзі.
Яна не разумее.
- Куды?..
Толькі што плаўна адварочвалася, сама пайсці хацела, і раптам не разумее, куды...
- Куды-небудзь, прыдумай... Туды, дзе начавала...
- Ты зноў мяне пакрыўдзіць хочаш?
- Не. Проста не хачу, каб ты тут была. У мяне спатканне.
Лі-Лі напружваецца.
- З Лідзіяй Паўлаўнай?
"Чаму з Лідзіяй Паўлаўнай?.."
- З Зіначкай.
- Не смяшы, - расслабляецца Лі-Лі. - Ты наўрад ці помніш, што мужчына і жанчына могуць сустракацца не толькі ў ложку...
Так... Што Зіначка, што Лі-Лі... Бабы.
Лі-Лі ведае, што ў парку спатканне Зіначцы я б не прызначыў - і гэта праўда. І я ўжо збіраюся сказаць ёй праўду, бо не трэба, каб Лі-Лі заставалася, яна зараз лішняя, зусім лішняя, але ў выгарадку рэстарана ўваходзіць Каміла, гумавай лялькай, ад чаго ніяк адвучыць не магу, падае на крэсла і ўся на ім раскідваецца...
- Фух, народу паўсюль, а вы ўдваіх... Мне пепсі... - І пытаецца ў Лі-Лі. - Ты ўжо ў нашай вялікай сям'і?
- Не, - адказваю я за Лі-Лі. - Яна тут выпадкова.
- Нават выпадковую даму не называюць займеннікам, сам жа вучыў, - адпівае пепсі Каміла. - А сіняк?.. Хіба гэта не сямейнае?
- Дык у вас сямейнае... - насмешліва здагадаўшыся, што да чаго, устае з-за стала Лі-Лі.
Каміла таксама падымаецца.
- Ты куды?.. - І глядзіць на мяне непрыязна. - Раней ты хоць не біўся!
- Спаткаемся... - бесклапотна кідае Лі-Лі. Яна выходзіць з выгарадкі рэстарана на паркавую дарожку (Божа мой, як ідзе!.. шыю зламаць, азіраючыся...), Каміла даганяе яе:
- Пачакай, Лі-Лі! Ды пачакай ты!..
Дачку маю болей цікавіць, што ж такое здарылася ў Лі-Лі з секс- інструктарам, чым тое, для чаго як паклікаў бацька... Подбегам дагнаўшы сяброўку, Каміла абдымае яе - маленькая, Лі-Лі пад паху - і метраў за паўста ад рэстарана, каля мангалу, што курыць шашлычным дымком, яны сядаюць за столік. Праз хвіліну - нікуды далёка не падаўся, тут недзе туляўся - да іх падсаджваецца Поль... Што ж, сямейнае спатканне пачалося.
- Лухта гэта ўсё, Іван Ягоравіч, - локцямі па стале падаўся я да следчага. - І вы самі ведаеце, што лухта.
Следчаму ўдалося ўсё ж паставіць на кант пачак запалак, і ён перапытаў з задавальненнем:
- Лухта?.. А грамадзянка Ліскіна Зінаіда Сяргееўна паказвае, што вы ўзялі яе сілай, а калі яны вырвалася і збегла, дык і не ведае, што вы зрабілі з грамадзянінам Рутнянскім Ігарам Львовічам, які дапамог ёй ад вас вырвацца...
Ну, кабыла...
- Каго ўзяў сілай?.. Вы бачылі тую грамадзянку Ліскіну?..
- І думае грамадзянка Ліскіна, і не яна адна так думае, што вы, не дамогшыся свайго, не ўсяго свайго дамогшыся, і забілі ў нервовасці Ігара Львовіча, бо нікога, апроч яго і вас, у кватэры не заставалася, - як не пачуў майго пытання следчы. - Так што ў мяне ёсць усе падставы, каб затрымаць вас, Раман Канстанцінавіч. Пакуль затрымаць, што я, бадай, і зраблю...
Усё, што казаў следчы, выглядала дурным жартам, але ён не жартаваў - па вачах ягоных я ўбачыў, што ён не жартуе. За тыдзень расследвання ён, мусібыць, ні за што не зачапіўся, а я - версія... На мяне - паказанні, за мной - мана. Мне стала таксама не да жартаў.
- І як я Ігара Львовіча забіў?
- Можы быць, выпадкова, - падказаў следчы. - Папалохаць хацелі, думалі, што пісталет без патронаў... Ці не цэлілі, а папалі... Вы ж музыкант, а не снайпер.
- Дзе я ўзяў пісталет, калі яго бамжы знеслі? Ці яны вярнуліся?.. Калі вярнуліся...
Я не дагаварыў, каб не абвінаваціць бамжоў, але следчы, гадоў на дзесяць за мяне маладзейшы, і на недагавораным падлавіў мяне, як дзіцёнка.
- Вы паказвалі спачатку, што ў кватэры не былі! Паказвалі?.. Значыць, не бачылі пісталета? А цяпер, аказваецца, і былі, і бачылі! Нават ведаеце, хто яго знёс! І абвінавачваеце ў забойстве Мацвеенку і Лупеху! Так?
Я не ведаў, што на гэта сказаць. Сказаў:
- Не мне іх абвінавачваць...
- І правільна, не вам! Бо не знеслі нікуды Ляпеха і Мацвеенка пісталет, - наступаў, развіваючы поспех, следчы. - Пабаяліся, пакінулі! Іх п'яных каля піўной падабралі, толькі сякеру ў сумцы знайшлі! Ну?!. Вы дзе пісталет падзелі?!.
Следчы Іван Ягоравіч Патапейка, грозны слуга закону, прыўстаў з-за стала, набычыўся і скразным позіркам пранізваў забойцу, які зараз расколецца - ну ўсё, як у кіно... Я падумаў, што з гэткай ролі, як для яго напісанай, самому яму выйсці будзе цяжкавата, а значыць, трэба яго выводзіць, час мне ратавацца, і я папрасіў як мага спакайней:
- Можна ад вас пазваніць?
- Нельга!
Я зірнуў на гадзіннік.
- Шыгуцкі чакае майго званка... Барыс Сцяпанавіч Шыгуцкі, памочнік дзяржсакратара.
Прозвішча Шыгуцкага адразу выбіла грознага слугу закону Івана Ягоравіча Патапейку з бычынай стойкі, ён сеў, пстрыкнуў па пачаку запалак, стаў даставаць з пачака запалкі, запальваць іх... Спаліўшы, паслініўшы пальцы і перавярнуўшы, каб ушчэнт згарэла, трэцюю запалку, моўчкі падсунуў тэлефон.
- Але гэта не азначае... - нервова храбрыўся ён, паслухаўшы Шыгуцкага і выводзячы мяне з кабінета. - Не азначае...
Першай павінна была б прыйсці першая жонка, але дакладна ў дамоўлены час, бо немка, першай з'яўляецца другая... Марта ў строгім белым касцюме, без ніякага макіяжу, халодна-прыгожая, падцягнутая, спартыўныя - не мне, канечне, лабуху расхрыстанаму, з ёй жыць. Зараз яна перакладчыцай у сумеснай з немцамі фірме - і з дырэктарам фірмы, немцам, у грамадзянскім шлюбе. Усё правільна, па-нямецку.
- Хэй! - за руку, каб не лез цалавацца, здароўкаецца Марта, але я ўсё ж прыабдымаю яе і цалую ў шчаку.
- Хэй!.. А дзе Роберт?..
Імя сыну выбіралі мы такое, каб з агульнаеўрапейскага кантэксту не выпадала. Хоць Роберт Раманавіч - не кожны еўрапеец вымавіць, нават не картавы. Яны ў Еўропе там, каб лішняе не картавіць, без імя па бацьку і абыходзяцца.
- Званіў, на дваццаць хвілін папрасіў дазволу спазніцца.
На дваццаць хвілін! Папрасіў дазволу!.. Каго ж гэтая немчура з майго сына злепіць?..
Ніна ідзе з таго боку парку, дзе сядзяць Каміла з Лі-Лі і Полем, ідзе няўпэўнена, як бы не надта хоча... Яна заўважае Камілу з кампаніяй, падыходзіць да іх... Каміла махае мне рукой: маўляў, пачакай...
- Іх там болей, - кажа Марта. - Можа, і нам да іх?..
Ніна б спыталася: хто гэта там з Камілай і Полем?.. Марта не спытаецца.
- Прыйдуць, - кажу, адчуваючы, што ўсё мной прыдуманае, можа скончыцца, не пачаўшыся. - Як ты?
- Нармальна. А што ў цябе?.. Ці ўсіх пачакаем?
- А як правільна?
- Правільна пачакаць.
- Адной табе не цікава?
- Табе не цікава. Інакш бы ты адну мяне і запрасіў.
Усе яны - аднаўласніцы. І правільная Марта таксама.
- І ты б прыйшла?
- Цяпер - не.
Кажа, як адразае...
Марта не заўсёды была такая, нямецка-латышскае ў ёй тут ужо праявілася, у нас, у нашым бардаку... Мусібыць, бардаку насуперак. Ёй было семнаццаць, яна толькі-толькі школу скончыла, імпульсіўная, мройная, няправільная, калі на канцэрце ў Рызе выбегла на сцэну з кветкамі - і я злавіў яе і не выпусціў. Бацькі яе ў суд на мяне падалі, нібыта я выкраў у іх дачку, але, пакуль суд ды справа, нарадзіўся Роберт - і Марта вырвалася ад мяне толькі праз дзесяць гадоў.
Я гляджу на Марту, успамінаю яе - гэта яна толькі з выгляду халодная - і думаю: шкада, што вырвалася. Шкада... Жылі б зараз разам, Роберт бы спазняўся, на колькі хацеў, ці зусім бы не прыходзіў - і не прасіў бы на тое ніякага дазволу...
- Скажы мне пра Роберта... - прашу я Марту.
- Што?
- Як у яго... ну...
- З сексам? - як і чакаў я, наўпрост сама ў сябе дапытвае за мяне Марта. - Нармальна. Зараз ва ўсіх у іх з гэтым нармальна, без нашых праблем.
Я хачу спытацца: "А ў цябе хіба праблемы былі?.." - але пытаюся:
- А Поль?..
- І з Полем нармальна, - спакойна адказвае маці майго сына. - Гэта таксама не праблема.
Мая Марта - агульнаеўрапейскі стандарт, вось што такое мая Марта. Не тое, што мая Ніна, якая падыходзіць і не ведае, як з намі павітацца, каб падацца разняволенай... Я цалую і ўсаджваю за стол сваю першую жонку, ціхую, слаўную, клапатлівую Ніну, з якой мне не трэба было разыходзіцца і ніякіх іншых жонак мець не трэба было, іду да бармэна, у якога прыхаваў кветкі, падношу Ніне букецік чырвона-жоўтых настурак, Марце - бела-ружовых маргарытак, наліваю шампанскае і заміраю, ледзь не дранцвею, чакаючы: ці ўспомняць?..
Успомнілі!.. Яшчэ як успомнілі!.. Ах вы, залатыя мае!.. Ну чаму б нам усім разам не жыць, што ў вас за пастановы такія: ці я - ці яна!.. А хто яна, якая? - можа, і не горшая... Вось жа ты, Марта, не горшая за Ніну - і Ніна не горшая за цябе... Толькі Марта, праўда, разумнейшая - у, якая разумніца! - здагадваецца, што трэба сказаць, каб я пачуў тое, пра што яны ўспомнілі, і пытаецца:
- Ты запісваеш, каму і якія першыя кветкі дарыў?..
У, немка, ды няхай так, але ж успомніла, абедзьве ўспомнілі! - і ні адна не ўскрыўдавала і не раззлавалася, я ўсё ж баяўся, што раззлуюцца ці пакрыўдзяцца адна перад адной...
- Вып'ем?.. - падымаю я шампанскае. - На брудэршафт... Каб на ты цалавацца...
- Не, - адмаўляецца Ніна і кладзе настуркі на стол. - Першай ружа была... Ты ўночы ружу ў акно кінуў, а ўжо раніцай былі настуркі...
- Якая ружа, Ніна?.. - пытаюся я вінавата і разгублена, нібы нічога такога не згадваю, і мая першая, найлепшая, найпрыгажэйшая мая жонка пераможна кажа:
- Белая! - І сапраўды разняволена, амаль што як Каміла, адкідваецца на спінку крэсла, а ў светла-шэрых вачах латышскай немкі мільгае нешта сваё пераможнае.
Ух, як вы ўсё ж адна перад адной!..
- О, Божа!.. Ружа!.. Белая!.. Ну так, белая ружа!.. - раблю я выгляд, што няма мне даравання, падаючы знак бармэну, з якім пра ўсё загадзя дамоўлена - і той кідае з-за стойкі на стол наш белую ружу. Удала так кідае, як усё жыццё на сталы ружы кідаў, давядзецца яму за класнасць накінуць - ружа якраз перад Нінай кончыкам сцябла ўтыркаецца і павольна да яе кладзецца...
- Даруй, што не ў вакно і не ўночы, - кажу я Ніне. - Не ноч і вакна няма...
- Нічога, - кажа Ніна. - Нічога, дзякуй... - І слёзы ў вачах яе на імгненне ўсплываюць - і вачамі ўбіраюцца...
Марта не ўмее плакаць, а Ніна не плакаць навучылася.
- Што ў вас тут за цырк? - ападае на крэсла побач з Мартай Каміла. Я і не заўважыў, як яна вярнулася. І ўслед за ёй сядае да Ніны Роберт:
- Бацька фокусы паказвае?..
- Хэй, Марта! - вітаецца Каміла. - Як ты?
- Нармальна. А ты?
- Нармальна.
- А ты, Роберт? - пытаецца Ніна.
- Нармальна. А вы?..
- Нармальна, - не сваім словам адказвае Ніна, і Роберт пытае ў мяне:
- А ты як, бацька?..
Не ў час яны прыйшлі... Яшчэ пяць хвілін - і я ажаніўся б з Нінай і з Мартай...
- Ніяк. Ва ўсякім разе не нармальна. Вы хто, шпакі?..
- Вучыць сабраў, - сама сабе налівае шампанскае Каміла. - Я так і думала...
Ніне сорак, Марце трыццаць чатыры, Каміле дваццаць, але хто з іх маці, хто дачка, адразу, не ведаючы, і не разбярэшся... Дык не кажыце тады, што колькі жылі са мной, столькі мучыліся, калі так захаваліся. Я вунь змучыўся з вамі - яно і відаць: ген кахання вось-вось зламаецца...
- Не сярдуй, добра выглядаеш, - міралюбіва кажа Роберт. - На мяне падобны.
Ён пад Марту падрабляецца, не заўважае гэтага, а яму не пасуе... Часцей трэба з ім сустракацца, сын на бацьку павінен быць падобны, а не на немку.
- Сход сабраўся, што ў парадку дня?.. - дзелавіта пытае Марта, для якой маргарыткі маргарыткамі, а час часам, і ёй дакладна трэба ведаць, дзеля чаго яна час губляе. А Ніне можна не ведаць: паклікалі - і прыйшла. Ніна слаўная...
- Баль! - падаю я знак нанятаму ў памагатыя бармэну, каб распарадзіўся на кухні, і пытаюся ў Марты: - Ты што б зараз з'есці хацела?
- Рульку, - адразу адказвае немка. - Але не ўздумай, мне нельга...
- А ты, Ніна?
Беларуска вагаецца.
- Бабку. Ці мачанку...
- Дык бабку ці мачанку?
- Можна і мачанку...
- Разам з бабкай?
- Не, ты што! Адно нешта...
- Мачанку?
- Хай мачанку...
- З блінамі?
- З блінамі...
- З кілбаскамі і рэбрамі?..
Раней я часта гуляўся з Нінінай нерашучасцю і зараз рады ўспомніць гульню, але Роберт пра тое не ведае і не вытрымлівае:
- Мне тады бабку!.. - І радуецца, што Ніна бабку не выбрала, а Камілу ён апярэдзіў, нібы нельга дзве бабкі заказаць... Беларус, хоць і паліглот, і хакер, і нямецкі пасынак.
Каміла раптам пытае:
- А Лі-Лі карміць будзем?..
Я не чую.
- Табе што, Каміла?
- Мне тое самае, што Лі-Лі і Полю.
Каміла і не немка, і не беларуска... Сумесь грымучая... Я не разумею, як такая ў Ніны магла нарадзіццца... Але звычайна яна за мяне, якая муха яе ўкусіла?..
- Лі-Лі і Поль шашлык з'ядуць.
- Тады і мне шашлык.
- Каміла...
- А, не ўгадаў?.. Шашлык!
Бармэн тым часам паспявае распарадзіцца, каля стала вырастаюць два афіцыянты, адзін з іх ставіць перад Камілай шашлык, які я для сябе заказваў, і абыходзіць стол.
- У каго рулька?
- Брава! - не стрымаўшыся - жывая, ведаю я яе! - пляскае ў далоні Марта. - З'ем, хоць лопну!
- Мачанка?.. Бабка?.. - пытае другі афіцыянт, ставячы мачанку перад Робертам і бабку перад Нінай. "Наадварот", - кажу я афіцыянту. "Ну, ты даеш!.." - кідае мне Роберт і, не чакаючы, пакуль тое зробіць афіцыянт, таропка перастаўляе патальнічку з мачанкай да Ніны і гаршчэчак з бабкай да сябе. Ніна ўсміхаецца - нарэшце яна ўсміхаецца! - а мне дастаецца смажаная стронга, заказаная для Камілы.
- Каміла, ты ж рыбу любіш... - спагадліва і якраз у час, усміхаючыся, кажа Ніна, якая нарадзіла сабе такую дачку.
Каміла павержаная... Яна сапраўды любіць рыбу, асабліва смажаную стронгу, але зараз ёй рыбу не есці: хай ведае, як бацьку ўпоперак ставаць...
Павержаная яна не доўга. У яе, як і ў Лі-Лі, проста ўсё вырашаецца: адну рэч узяў - і на месца другой паставіў.
- Давай памяняемся, - забірае ў мяне стронгу Каміла, і я расцэньваю гэта як мірнае пагадненне пасля незразумелай для мяне лакальнай вайны. Ну, калі мір, тады хай сабе есць рыбу...
- Раман, а як ты ўсё ўгадаў?.. - здзіўляецца Ніна. - І мачанка з кілбаскамі і рэбрамі...
За гады без мяне Ніна шмат чаго пра мяне забылася.
- Ты забылася, што ён артыст, - кажа Марта.
- Лабух, - удакладняе Каміла.
- Выступальшчык, - падыйграе Роберт. - Выступай, але ж не з шампанскім пад бабку...
Я наліваю яму кілішак гарэлкі - у ягоныя гады, граючы на вяселлях, я піў яе шклянкамі.
- Роберт?.. - падымае брыво Марта.
- Я люблю вас усіх, - падымаю я шампанскае. - І хачу, каб мы ўсе сустракаліся. Хоць бы зрэдку...
- Можна і часцей!.. - спешна чокаецца са мной Роберт, куляе кілішак і накідваецца на бабку, а Марта, апусціўшы брыво, пытаецца:
- І што з гэтага будзе?
- Нармальны гарэм, - абсмоктваючы плаўнікі стронгі, выстаўляецца Каміла. - Наш бацька, ваш старэйшы муж - нармальны бусурманін. Вунь і жонка малодшая пры мангале нармальна чакае, пакуль ён з дзвюма старэйшымі дамовіцца...
Ніна недаўменна азіраецца.
- Якая жонка? Там Лі-Лі з Полем...
- Ой, мама... - аблізваецца Каміла і адрывае стронзе галаву.
Не, сёння яна не за мяне... Дарма я рыбай з ёй памяняўся.
- Не спраўлюся адна... - бярэцца за рульку немка. - Шкада, што муж мой малодшы не пры мангале, а то б я паклікала.
Не ўтрывала ўсё ж...
- Гарэм... мангал... - апякаецца Роберт гарачай, што вішчыць яшчэ ў гаршчэчку, бабкай. - Ну і што, хай сабе, жылі б усе разам...
Я кажу:
- Малодшыя пачакаюць...
- А ты б з кім жыў? - пытае ў Роберта Каміла, і Роберт адказвае:
- З Полем.
У Ніны відэлец падае з рук, а Марта глядзіць на мяне:
- Раман, у цябе праблемы?
Гэта ў мяне праблемы?.. Зрэшты, так, праблемы, але не можа быць, каб мой сын - і гомік... Яму ўсяго шаснаццаць, ён мастурбіруе, ён яшчэ ніхто...
Відэлец плёхае ў патальнічку з мачанкай, Ніне пырскае на блузку, якраз на грудзі, а грудзі ў Ніны...
Калі разводзіліся, Ніна фотаздымак парвала: стаіць голенькая, рукі ўгору, роўненька выцягваецца на цырлачках - і скрыпка ляжыць на грудзях... Некалі здымак той я ў часопіс "Савецкае фота" ледзь не даслаў. Твар Ніны ў профіль на ім і прыхаваны валасамі, не пазнаць, але Крабіч сказаў, што савецкія музыканты Душку ўсё адно пазнаюць.
Прафесар Румас, якому было ўжо два разы за сорак, і ад гена кахання ў ім адна радыяцыя засталася, а тут Ніну ў кансерваторыю занесла па класе скрыпкі вучыццца, трагічна рукі заломваў: "Для чаго чалавека Бог стварыў?!. Для сексуальнай катастрофы?.." І ўздыхаў, гледзячы на Ніну: "Вы не скрыпачка, вы душка... Грайце, я палюбуюся..."
Гэтая душка так да Ніны і прыстала.
Душка - круглая палачка яловая, што ставіцца ў распор у корпусе скрыпкі паміж ніжняй і верхняй дэкамі. Душка надае корпусу жосткасць, але не гэта галоўнае: яна перадае вібрацыю верхняй дэкі ніжняй - і наадварот, стварае рэзананс. З душкай скрыпка спявае, без яе - ледзь дыхае. Выбіць душку - вынуць са скрыпкі душу.
Я шмат чаго ў сабе не знайшоў, развёўшыся з Нінай. І не ведаю, і не помню, не разумею, куды што падзелася...
- А вы здыміце блузку, - прапануе Роберт бездапаможна-разгубленай Ніне, якая, не нагінаючыся, спрабуе дастаць сурвэтку, і Ніна машынальна расшпільвае на блузцы верхнія гузічкі, выяўляючыся ва ўсёй красе, але спыняецца:
- Як зняць?..
- Каб замыць...
На расчараванне Роберта - ды й маё - Ніна хуценька зашпільваецца.
- Толькі і не была, што голая ў рэстаране...
Марта падае ёй сурвэтку.
- Чакайце, - спыняе Ніну Роберт. - Так размажацца...
Роберт бярэ нож і нажом, другой рукой нацягваючы блузку, збірае з Нініных грудзей перламутравыя пырскі. Збірае і злізвае з нажа... Рухі ў Роберта павольныя, плаўныя - Ніна сядзіць знерухомленая.
Душка...
- І бабку з'еў, і мачанкі лізнуў, - высмоктвае мазгі з галавы стронгі, колькі ў рыбінай галаве тых мазгоў ёсць, Каміла. - Спрытны, у татку... Як ты, мама?
- Пайду я... - ніякавата глядзіць на ўсіх Ніна. - Не сядзець жа так...
- Гарэлкай трэба, каб плямы не засталіся, - цягнецца да бутэлькі Роберт, выпрабоўваючы цярпенне немкі ў строгім белым касцюме:
- Ты ж не будзеш Ніну Данілаўну гарэлкай паліваць?
Роберт налівае кілішак.
- Тады вып'ю... Вып'ем, бацька?
Я ўсё яшчэ трымаю шампанскае.
- Вып'ем... Я люблю ўсіх вас... Я кахаю і цябе, Ніна, і цябе, Марта... Гэтаксама, як раней, як некалі, нішто і нікуды не падзелася... Вы скажаце, што так не бывае, але так бывае. Са мной ва ўсякім разе... І яшчэ я кахаю Лі-Лі.
- І маці Лі-Лі, - здзірае скуру са стронгі Каміла.
- І маці Лі-Лі... Каму ад гэтага кепска?
- Каму?.. - ва ўсіх пытае Каміла.
- Ну, ты даеш... - падымае кілішак Роберт. - За тваё здароўе!..
Як ні дзіўна, на гэты раз нават Марта не спрабуе спыніць Роберта, здароўе маё і для яе нешта значыць - і мы ўсе разам выпіваем. У мяне пашчымлівае ў горле - і зусім не ад шампанскага.
- Здароўе ў цябе зайздроснае... - па-нямецку проста прызнае Марта, гледзячы міма мяне, мусібыць, на Лі-Лі. - На пятым дзесятку...
- Мог бы і паразумнець, - дагаворвае Ніна, і Марта ківае:
- Я тое самае сказаць хацела.
- Зусім не тое!.. - пярэчыць Роберт. - Гэта змова, дзеці супраць!.. - І Каміла тут жа пярэчыць Роберту:
- Я не супраць, мог бы паразумнець.
Роберт захмялеў пасля другога кілішка - і згодны быць дзіцём... Неяк бы да яго падступіцца і пра Поля пагаварыць... Ці не лезці, што з гэтым зробіш?.. Ды блазнерыць ён хутчэй за ўсё, гуляецца!.. Гульні ў іх цяпер такія...
Займеўшы падтрымку большасці, Ніна смялее. Так і раней было, з падтрымкай яна заўсёды смялела, я на ўсіх яе канцэртах стаяў за бліжняй кулісай, каб яна хоць краем вока мяне бачыла.
- Як табе ўдаецца не помніць, Раман, што ў кожнага з нас сваё жыццё?.. - І, зусім асмялеўшы, Ніна пытае:
- А дзе маці Лі-Лі?
- Жыве сваім жыццём, - матляе Каміла, трымаючы за хвост, голы шкілет стронгі. - З Дартаньянам.
- З кім? - упершыню з цікаўнасцю перапытвае Марта.
- З сабакам. Зоя Паўлаўна жыве ў кватэры Лідзіі Паўлаўны і даглядае яе сабаку Дартаньяна, бо Лідзія Паўлаўна прапала.
Мне ўспамінаецца размова са следчым - і я не разумею Камілу.
- Як прапала?..
Каміла адрывае ад шкілета стронгі залаціста-засмажаны хвост - гэта для яе ласунак.
- Зусім. І нідзе Лідзіі Паўлаўны няма, і ніхто яе знайсці не можа. Лі-Лі табе не сказала?..
Я азіраюся ў бок мангалу, але за столікам, дзе толькі што сядзелі Лі-Лі з Полем, адзінокі Поль. Лі-Лі пайшла, нешта прыдумала, прапала, і ніхто з маіх - а ўсе ж бачылі, як пайшла Лі-Лі і прапала - мне пра гэта не сказаў. Сямейка ў мяне - такая не ў кожнага бусурманіна...
1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 | 16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22
|