1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 | 16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22
III
- А ты чаму без Лі-Лі? - пытаецца ў дзвярах нашай студыі, нашага тэатра-студыі мой камерцыйны дырэктар і зазірае мне за спіну, нібыта Лі-Лі, якая на галаву вышэй за мяне, можа за мной схавацца.
- На фіга яна табе прыснілася? - праходжу я да свайго стала, а дырэктар, сустрэўшы і павітаўшыся, вяртаецца на сваё месца і мармыча нешта маларазборлівае...
Прыснілася, бо ўсе хочуць проста бачыць яе. Ад яе флюіды, энергія, секс, жыццё... Апроч таго, Лі-Лі - наш талісман. За тыя паўгода, як яна з'явілася, справы нашыя зноў, хай не так, як некалі, але рушылі ўгору.
Я падсоўваю бліжэй да сябе тэлефон і ўключаю аўтасакратара.
- Жонка разоў пяць званіла, - кажа Расціслаў Якаўлевіч, Росцік, мой камерныйны дырэктар. Мы аднагодкі і, зразумела, сябры, але ён тоўсценькі, пухленькі габрэй з лысінай і жывоцікам. І ён не сказаў: былая жонка. Для яго, як і для мяне, былых жонак не бывае.
- Якая?
- Другая. Прасіла, як толькі з'явішся, перазваніць.
- Сама перазвоніць.
- Само сабой... Але, можа, што-небудзь такое... Усё ж пяць разоў.
Я набіраю Марту. Яна напаўнемка, напаўлатышка, я прывёз яе некалі з Рыгі - і ў мяне з ёю сын.
- Хэй, Марта! Што ў цябе?
- Хэй... Ты мог бы паглядзець аднаго хлопчыка?
Не бачыліся з год - і ні "як жывеш?", ні "што чуваць?.." Марта лішняга не скажа, дарма я з ёй развёўся.
- Не мог бы. Ты ж ведаеш, я хлопчыкаў не люблю.
- Але ён спявае, Раман, я слухала. І ён незвычайны.
- Што значыць незвычайны?
- Тое і значыць. Убачыш, паглядзі.
- Добра, няхай прыходзіць. А як там наш хлопчык?
- Дзе там?..
- Выбачай...
- Нічога... Нармальна. У кампутарах сядзіць. Хэй-хэй.
- Хэй-хэй.
Пагаварылі. За адно слоўца толькі і зачапілася. Яна ніколі да мяне не прыставала: "Ну, не маўчы, скажы што-небудзь!.." А тым больш: раскажы, як нявіннасць страціў? Дарма развёўся, шкада.
У аўтасакратара нічога. Дзіўна.
Росцік барабаніць пальцамі па стале, нешта яму карціць і ён нецярпліва пытаецца:
- У цябе ўсё пакуль?
- Не.
- А што яшчэ?
- Лазня. І як найхутчэй.
Ён нарэшце глядзіць на мяне так, што бачыць не толькі тое, што са мной няма Лі-Лі, але і заўважае мяне самога.
- Што з табой, Ромчык?..
Ромчыкам ён называе мяне зрэдку, бо гэта смешна - Ромчык ды Росцік, Чук і Гек, якім за сорак. Але называе, калі раптам шкадуе, чаго амаль не здараецца. Расціслаў Якаўлевіч лічыць, што шкадаваць можна толькі габрэяў, таму што яны габрэі - і ў іх лёс такі.
- Нічога. Папарыцца хачу.
Росцік падымаецца, падыходзіць, двума пальцамі нешта бярэ ў мяне з-за вуха - і з гэтым нечым, трымаючы пальцы на ўзроўні вачэй і не зводзячы іх з рыжай, што ўсё доўжыцца між намі, павуцінкі, адступае, адступае, адступае... Ён ашаломлены, у яго шок.
- Такога не бывае... Дзе ты ўзяў, завядзі... Мне б гэтага на такія пэйсы хапіла - куды там рабіну...
- Завяду. Удваіх з рабінам.
- Яму Лі-Лі мала... - трагічна, як толькі што нешта зразумеўшы, выдыхае Росцік. Ён уздымае бровы і моршчыць скуру на чарапку. - Яму мала Лі-Лі...
Усё ж добра, што Лідзія Паўлаўна фікус пакінула, і я дамоў не вярнуўся.
- Досыць, - спыняю я мізансцэну, у якой Росцік, як і ўсе, хто хоць збоку нюхаў кулісы, хацеў бы яшчэ пакрасавацца. - Пра што ты пальцамі барабаніў?..
Росцік скручвае на палец рыжую валасіну "прафесаршы", сядае за стол, кладзе валасіну ў наш фірменны канверт і хавае ў кішэнь.
- Паказваць буду і бабкі з лабухаў страсаць. Ніхто ж не паверыць... Мяне ў дзяржбяспеку сёння з раніцы паклікалі...
- Ку-ды?
Росцік рассмяяўся, і нават пад сталом было відаць, як закалыхаўся ягоны жывоцік.
- Ды не бойся, не ў камітэт. У савет, да памочніка сакратара. Нейкі іх чалавек у дэпутаты ідзе, прасілі дапамагчы выбраць. Ну, не так прасілі, як прапанавалі дапамагчы.
- Які чалавек?
- Скуль я ведаю! Іх чалавек, значыць, іх чалавек. Нам не ўсё адно?
Я ў "прафесаршы" нядаўна спытаўся: "Вам не ўсё адно?.."
- Не ўсё адно. Трэба было спытаць: які чалавек, што за чалавек? А то абярэм свалату ці прыдурка.
Росцік кладзе на стол свае калабковыя, валасаценькія кулачкі, налягае на іх і кажа:
- Тры з паловай штукі.
- Ну і што?
Ён думае, што я не зразумеў, і адкідваецца ў крэсле.
- Ты не выспаўся з рыжай? Тры з паловай штукі зялёных - і выхад на прэзідэнта.
Я ўдакладняю:
- На дзяржсакратара?..
- На прэзідэнта! Памочнік дзяржсакратара - прэзідэнцкі сябрук.
- Чаму ён тады не прэзідэнцкі памочнік?
- Яшчэ які памочнік!.. - прыцмоквае Росцік, які, у адрозненне ад мяне, ведае пра ўсё, што адбываецца ў цяперашняй нашай даволі дзіўнай уладзе. - Пастаўлены прыглядваць за дзяржсакратаром.
- Праўда?.. - пытаюся я, хоць мне гэта не цікава, абсалютна па барабане. - Значыць, тры с паловай?..
- І праўда, і тры с паловай.
- За колькі канцэртаў?
Тут у Росціка перакур...
- Дамовіліся на дзесяць.
- Тры з паловай за дзесяць?.. Гэта ж капейкі...
Росцік сам ведае, што капейкі... Глядзіць у вакно...
- Іншым зусім яны не плацяць. Скажуць выступаць - і выступаюць за кірнуць і паберляць...
Яшчэ ў нядаўнія часы мы столькі ж за адзін канцэрт мелі, але нядаўнія часы сыйшлі ў даўніну.
- Дзяржсавет мог і накінуць...
- Там пабачым... Дык я збіраю банду?
- Збірай.
- Тады чаго ты: што за чалавек, які чалавек?
- Я выбаршчык. А выбаршчык павінен хоць прыблізна ўяўляць, каго выбірае.
- Які ты выбаршчык? Гэта я выбаршчык, бо жыд не можа быць не выбаршчыкам.
Расціслаў Якаўлевіч Смольнікаў сам сябе называе толькі жыдам, ніякім ні яўрэям, ні габрэям. Гэта Росцік тлумачыць тым, што ўсе рэчы ў жыцці павінны называцца сваімі імёнамі, а габрэям ён толькі ў савецкім пашпарце запісаны. Савецкі пашпарт - гэта не жыццё. Хоць бы таму, што савецкі пашпарт пабыў ды скончыўся, а жыццё, як доўжылася, так доўжыцца.
Я сказаў яму неяк, што жыдоўскія штучкі свае ён мог бы і пакінуць, не ўсе наўкол антысеміты, ёсць прыстойныя людзі, і ён спытаўся ў адказ: "Ты, прыстойны, хіба думаеш пра мяне: у, габрэй пархаты?.."
Росцік дапытвае:
- Ты хоць раз за жыццё галасаваў?
- Не.
- А я кожнага разу. Таму і было заўсёды дзевяноста дзевяць цэлых і дзевяноста дзевяць сотых... Каб яшчэ ты галасаваў - былі б усе сто.
- Чаму ж цяпер меней?
- Жыды раз'ехаліся. Нельга дапускаць, каб жыды раз'язджаліся. Гэта можа сарваць любыя выбары і загубіць маладую дэмакратыю. А я маладую дэмакратыю люблю.
- Ты лепей дзевак маладых любі.
Зірнуўшы на гадзіннік, Росцік падымаецца.
- Самы час... Пайду па лазню.
- Чаго хадзіць? Пазвані.
- Не палягчай мне жыццё. Ты і так мне яго палягчаеш, за мяне на дзеўках скачучы. Ты глянь на сябе... - Росцік люстэрка падае: ён, у адрозненне ад дзецюкоў местачковых, якія некалі пры сабе кішэнныя люстэркі з расчоскамі насілі, толькі люстэрка носіць, расчоска яму ні для чаго... як, зрэшты, і люстэрка. - Праз тыя скокі ні крыві, ні сокаў, а мне заўтра аналізы здаваць.
У нас тэатр-студыя. Каб талкова расказаць, што гэта такое, дык і не раскажаш. Бо ўсё бесталкова, але неяк круціцца.
Па жыцці, перш за ўсё па жыцці, па лёсе, а пасля ўжо па прафесіі, я музыкант. Ніштавата граю на гітары, на трубе, на скрыпцы, ды, бадай, на ўсім, з чаго можна выдзьмуць, выціснуць, выбіць хоць нейкі гук. Але не так граю, каб аднаму на сцэне стаяць...
Мне трэба, каб побач былі. Каб пралічыць, пальцамі падшчоўкваючы: раз, два, тры, чатыры - і пайшло-паехала: "Глядзі, як светла і як чыста..."
Я Блонька, лабух. З лабухаў Росцік бабкі збіраецца страсаць за паказ самай доўгай валасіны.
Лабух сярод музыкантаў - слоўца знешне зняважлівае. Не музыкант - лабух. Не грае - лабае. За грошы там, яшчэ за што... Не ў імя самой музыкі, карацей. Пра якога-небудзь маладзёна, які яшчэ і лабаць не ўмее, скажаш лабух - крыўдуе. А я не. Як і ніхто з тых, хто прастаяў на сцэне гадоў па дваццаць. Для нас гэта - жыццё, што ж нам на жыццё крыўдаваць?..
За мной рэстараны, якія ў мой час рэстаранамі ніхто і не называў, а толькі кабакамі, п'яныя вяселлі і юбілеі, каля дзесятка папсовых ансамбляў і рок-груп. Таму для мяне ў нашым слоўцы - яшчэ і наша цэхавасць. Прыналежнасць усіх нас да музыкі - і нас адных да адных. Код, знак, па якім мы распазнаемся, бо нідзе і ні ў чым, апроч музыкі, лабуха не знойдзеш.
Музыкант, які хоць трохі не пажыў жыццём лабуха, не музыкант, а так... нешта такое... творца... кампазітар...
Лабухі прасякаюць, пра што я.
Я з часу "Beatles" і "Песняроў". Хай трохі пазнейшы, хай байструк - але байструк таго часу. Каб вы ведалі: бітлы і песняры былі ў мой час на роўных. А калі нехта з вас казліную морду зморшчыў: якія там "Песняры"! - дык пайшлі вы!..
Бачыў я казлоў... Ледзь не скакалі ад радасці, калі "Песняры" распадаліся. А спытай: "Ты чаго скачаш? Табе самому з гэтага хоць качан капусты перападзе?.."
Не! - іх камбікормам не кармі, калі нешта сапраўднае сканчаецца. Ім здаецца тады, нібы гэта ўжо яны на спусцелым месцы сапраўднымі выглядаць пачынаюць, рожкі паказваюць - жмурыкі, чмо балотнае.
Час ад часу я сустракаюся з песняроўскай легендай, з Мулям, і мы пытаемся адзін у аднаго, як хто жывы, ну і пра розныя дробязі. Пра большае пытацца неяк няма пра што, ён і старэйшы за мяне, і... Лабаць мяне ў "Песняры" Муля некалі не ўзяў - і правільна зрабіў. Я лабух, а ён Муля, - на што тут крыўдаваць?..
Вось гэта трохі рознае: лабух - і Муля. Разумееце?.. Тут, як сам Муля кажа, нюансы... А пра тое, што ўжо не трохі, а зусім рознае, Муля кажа: лабухня. Не лабухі, а лабухня - адчуваеце?..
Я з ім не раўняўся і не раўняюся. Падобнае ў нас хіба толькі тое, што мы паралельна разводзіліся... Як з Лідзіяй Паўлаўнай я паралельна разменьваўся... Ну, з Мулям не так паралельна, ён раней пачаў... Але нават гэта выходзіла ў нас па-рознаму: у яго - глабальна. Ён сыходзіў з чарговага сямейнага жыцця, як Талстой з Яснай Паляны. Куды і да чаго прыйшоў - гэта ягонае... Кожная хатка - свая апратка. І ўсё ж я мудрэйшым за Мулю сябе пачуваю, трэцім разам не ажаніўшыся...
Некалі Мулю помнік стаяць будзе, а пакуль што ў Мулі хрэн на блюдзе. Росцік для яго праект прыдумаў, з якога на ўсё жыццё і на помнік хапіла б - Муля адмовіўся. Праект быў на Расію, таму перад мафіяй маскоўскай прагнуцца трэба было: ледзь-ледзь, ні для каго незаўважна - але дзе там... У Мулі ў Маскве і свае былі, яшчэ б іх не было, Росцік з імі ўсё і замуціў, ды ў Мулю - як лом нехта ўвагнаў і вынуць забыўся. Ён не казаў: імя, гонар, але ўсё яно сказалася, калі Муля кінуў: "Лабухня".
Росцік пакрыўдзіўся: "Неперабудаваны лабух - клініка".
А Гарбачоў пад той час даўно перабудову прыдумаў і пагарэў праз яе. Народ савецкі, перш за ўсё рускі, перабудоўвацца не рушыў. Азірнуўся навокал: всё, блядь, то же, а водка, блядь, дороже. Гарбачоў, пагарэўшы, здзіўляўся: як яно так выйшла?.. З паскарэннем, сацыялізмам з чалавечым, як у членаў палітбюро, тварам - і з усім астатнім. Генсек КПСС і не падазраваў, што прыдумаў перабудову для лабухаў, ні для каго больш. Адны лабухі і перабудаваліся. Так што Муля і з гэтага боку - не надта лабух, і Росцік дарма на яго, як на лабуха нармальнага, разлічваў...
Да перабудовы, каб лабух зарабіў нешта пры сваёй стаўцы каля чырвонца за канцэрт - на дзве пляшкі гарэлкі з плаўненым сырком і ліверкай - трэба было пракручваць па два, па тры і чатыры канцэрты ў дзень, што называлася "чосам". "Чос" строга забараняўся, лічыўся халтурай, купляючы білеты на якую, савецкія грамадзяне нібыта не дабіралі ў якасці музычнага мастацтва. Грамадзяне, магчыма, і не дабіралі, а лабухі дык здорава перабіралі, "чэшачы" ў сібірах і на далёкіх усходах, здаралася, і па пяць штодзённых канцэртаў, першы пачынаючы ў адзінаццаць раніцы і апошні - а поўначы. І ўсё гэта жыўцом, знемагаючым горлам, знясіленымі лёгкімі і знямелымі пальцамі! Лабухі ўсе да аднаго сканалі б, калі б з перабудовай не перабудаваліся. У змаганні за тое, каб якасць музычнага мастацтва заўсёды і для ўсіх савецкіх грамадзян была аднолькавай, яны пачалі "часаць" пад запіс, пад "фанеру". Закруціўся на пульце гукарэжысёра магнітафон, заспявала і зайграла нястомнае жалеза, а вакалісты адно разяўлялі раты, і лабухі толькі выгляд рабілі, быццам лабаюць. Пра гэта ведалі і тыя, хто на паперы ў суровых загадах "чос", тым больш "фанерны", нібыта забараняў, а на справе дазваляў і нават пашыраў, бо меў з яго сваё, і ведалі тыя, хто плаціў за гэта - купляў і купляў білеты. Апошнія па даўняй савецкай звычцы абсалютна не зважалі на такую драбязу, як якасць таго, за што яны плацяць. Савецкія грамадзяне, былыя і цяперашнія, хоць яны ўжо нібыта не савецкія - гэта найлепшыя ў свеце купляльшчыкі любой хрэнацені.
Як весела прасвіствалі яны свае грошы, калі фанаграма раптам абрывалася, а вакалісты ўсё разяўляліся, хапаючы паветра нямымі рыбінамі. З якой радасцю, з якім шчасцем за свае ўласныя грошы яны надурваліся!.. І надурваюцца дагэтуль, бо шмат што змянілася з той пары, але заваяванае лабухамі права на "фанеру" ніхто адмяніць не здолеў і наўрад ці здолее. Яго, як рэвалюцыйную заваёву, якраз і ўзаконіла перабудова, і тым самым вывела лабухаў з цесных, душных і нават пры "чосе" малакасавых канцэртных залаў на прасторныя стадыёны!.. Тут ужо, на стадыёнах, у канцы 80-х і пачатку 90-х гадоў слаўна-рэвалюцыйнага ХХ стагоддзя, хто паспеў, той і з'еў.
Любая рэвалюцыя - перш за ўсё пераразмеркаванне. "Хто быў нікім, той стане ўсім!" Раней, да перабудовы, да фанернай рэвалюцыі і стадыёнаў, "усім" былі, ласаваліся і тлусцелі катамі на смятане кампазітары-песеннікі і песеннікі-паэты, якім за кожную задрыпаную нотку і за кожнае зацяганае слоўца, дзе б яны ні прагучалі, у філармоніі ці ў кабаку, налічвалася аўтарская капейчына. А лабуху, хоць ён здохні на пятым канцэрце - стаўка на дзве пляшкі з сырком і ліверкай: кірнуць і паберляць. Ну дык надыйшло свята справядлівасці! Хоць, выбачайце, якой справядлівасці? Яе не было, няма і ніколі не будзе. Заўжды нехта мае і будзе мець болей за кошт іншых, усё ва ўсіх быць не можа. Гэта была б катастрофа, апакаліпсіс, канец руху, шандзец усіх перабудоў і ўсіх рэвалюцый. Проста настаў час пераразмеркавання, прыйшла пара патлусцець абношаным, зашмальцаваным, вечна худым і вечна галодным лабухам. Зразумела, не ўсім, а тым, хто быў і не недта прынцыповым, і не зусім ужо кончаным лабухам, а нешта петрыў. Час змяніўся - лаві імгненне! Ніякіх філарманічных начальнікаў, якія б штосьці там дазвалялі, альбо забаранялі! Ніякіх зацверджаных праграм і рапарцічкаў з імёнамі аўтараў, ніякіх аўтарскіх капейчын! Ніякіх кампазітараў і паэтаў! Не хочаце - не пішыце, без вас, да вас даўно ўжо ўсё напісана! Толькі не ўсе грошы атрыманыя!.. А чаго не стае - самі напішам, сем нот таксама ведаем. І да таго ж дакладна ведаем, што зараз трэба, а трэба зараз - абы што!.. Мы прывозім на ваш стадыён канцэрт з абы-чаго, што зараз трэба, вы прыносіце кейс з бабкамі - і мяняемся з рук у рукі. Нідзе і ніякіх роспісаў, нікому і ніякіх падаткаў. Што вы сабе з гэтага выкруцілі - ваша справа. Скончылася "фанера", згас апошні гук, сціх апошні свіст - і разбягаемся...
Ну, не ўсё так проста, за проста так кейс з грашыма не займееш... Хоць адну нейкую песеньку з абы-чаго трэба раскруціць на радыё, на тэлебачанні, каб яе хацелі чуць на стадыёне - гэта раз. Раскруціць яе разам з тым абы-кім, або з тымі абыкімі, хто тую песеньку спявае, каб яго, або іх хацелі бачыць на стадыёне - гэта два. З абы-чаго і абы-каго, з гаўняца гэтага зляпіць цукерачку ў бліскучым фанціку, каб яе праглі праглынуць фаны - гэта тры. Калі ж зляпілі, дык "Абыкімі" для гаўнянай цукерачкі ў фанціку - чым не назва?.. Нешта не нашае, загадкавае, амаль японскае... І вось ужо абыкіняты, якія не тое што спяваць, размаўляць чалавечым голасам не ўмеюць, скачуць пасярод стадыёна, разяўляючыся неўпапад з фанаграмай, але што да таго стадыёну, фанам, якія вішчаць ад шчасця, бачачы куміраў, на галовах ходзяць і скандзіруюць: "А-Бы-Кі-Мі! А-Бы-Кі-Мі!.." Тут ужо і тысяч пяць маечкаў з лэйбачкай "Абыкіні" прадаць ім не грэх. А пяць тысяч маечкаў ды па тры-чатыры-пяць далярчыкаў...
Такая вось, ці прыкладна такая тэхналогія... Усё пра яе, зразумела, ніхто вам не раскажа. Шоу-бізнес - на трэцім месцы ў свеце па прыбытках. Сярод законных, само сабой.
З канца 90-х гадоў слаўна-рэвалюцыйнага мінулага стагоддзя бізнес гэты ў нас, яшчэ не стаўшы на ногі, пачаў валіцца, але яго падтрымала, падпёрла сваім энергічным плячом маладая дэмакратыя. Насамрэч ні маладой, ні якой-небудзь іншай па ўзросце дэмакратыі не было, адкуль ёй у нас узяцца, але ўсе сталі ў яе гуляць - і выбірацца хто ў дэпутаты, хто ў прэзідэнты, хто куды. А выбары - гэта не толькі палітыка, улада, гэта бізнес, у тым ліку і шоу-бізнес. Нам з Росцікам, маючы тэатр-студыю, трэба было на плячах пустыя барабаны насіць, а не галовы, каб не ўзяць тут сваё. Ну дык мы і бралі столькі, колькі маглі, не зважаючы на тое, з нацыяналістаў бярэм, ці з камуністаў...
У дзверы пастукалі - і адразу ў іх прасунулася галава анёла з каляднай паштоўкі, хлапчука гадоў пятнаццаці, які з дзвярэй заўсміхаўся.
- Можна да вас?..
Усё, што круціцца каля Марты, круціцца хутка.
Ён увайшоў і стаў пасярэдзіне пакоя, як падрыхтаваўся да допыту. Выглядаў ён казачна прыгожа - пара ляльцы Барбі. Такому на сцэне дастаткова толькі з'явіцца ды кудзеркамі страсянуць... На яго глядзець будуць, а не слухаць.
- Вам званілі...
- Званілі. Як цябе зваць?
- Поль.
- Як!? Выбачай...
- Не, нічога. Мала хто не здзіўляецца. Бацька ў гонар Пола Макартні назваў, а маці імя змякчыла. Яна па маладосці болей да французаў гарнулася. Я тады не мог быць супраць.
- А цяпер?
- І цяпер не. Прывык.
- Бацька музыкант?
- Інжынер. Кампутарамі займаецца.
"Вунь яно што..."
- Ты з маім сынам сябруеш?
- Не тое, што сябрую... Курырую. Ён дзіця ў вас, а мне ўжо дваццаць.
Я ўгледзеўся ў яго і не паверыў.
- Не выглядаеш...
Поль усміхнуўся гэткай нябеснай усмешкай, што я зразумеў Марту: незвычайны... Ледзь не захацелася прыціснуць яго да сябе ды расцалаваць.
- Тым і карыстаюся...
"Глядзі ты, адкрыты які..."
- Ну, кожны карыстаецца сваім... Што ты ўмееш?
- Нібыта граць... нібыта спяваць...
- Тады спявай.
- Што?
- Што хочаш.
- А можна вашу песню?..
"Херувімчык ды яшчэ і хітрунчык..."
- Давай маю...
- Вы падыграеце?.. Ці я сам?
Я падняўся з-за стала і падышоў да раяля.
- Якую?
- "My insomnia, my sleeplessness..."
- У мяне няма такой песні.
Поль зрабіў выгляд, нібы разгубіўся.
- Як няма?.. Ёсць. Вы яе ў Майкла Джагера злізалі. - Ён сыграў пачатак мелодыі... - Забыліся?.. Геніяльная песня, я вырастаў з ёй. - І ўсміхнуўся сваёй анёльскай усмешкай...
- Та-а-к... - Я не знаходзіў, што сказаць, апроч гэтага "та-а-к", і ў мяне міжволі сціснуўся кулак, але я толькі сціснуў яго і расціснуў, сціснуў і расціснуў...
Гадоў дваццаць таму, калі я лічыў сябе не лабухам, а музыкантам, і сіліўся стаць кампазітарам, Поль сваю ўсмешку анёльскую праглынуў бы разам з зубамі, мала што хлапчук... Злы я быў, калі шчыміўся ў геніі.
Я не злізваў мелодыю ў Джагера, падобны быў толькі пачатак. Некалькі нот - дзе-небудзь у сярэдзіне ніхто б і не заўважыў...
Яно як здараецца?.. Пачуеш мелодыю, забудзешся на яе, зусім не помніш, а пасля яна ўсплывае, як твая. Гэта рэмінісцэнцыя, ты выпадкова, не свядома прысвойваеш нешта з чужой музыкі, аднак паспрабуй потым тое некаму давесці...
Мяне не аднойчы, як пысай шчанюка ў сікі, тыкалі ў тыя джагераўскія ноты, але ж не хлапчукі тыкалі, якія прыходзілі, каб я іх праслухаў! Поль дэманстраваў наўмыснае, разлічанае, вытанчанае нахабства, якое нешта мела на мэце, толькі што?.. Пра гэта я ніякай здагадкі не меў - і глядзеў на незвычайнага Поля, усё больш раздражняючыся. Занадта дзявочы твар, занадта пунсовыя губы, пушыстыя вейкі, занадта ў ім усяго прывабненькага... Кандыдат у гомасекі, калі ўжо не там. Дарэчы, чым ён з сынам маім займаецца, куратар?..
Пакуль сціскаў я і расціскаў кулак, Поль, чакаючы, зноў прабег пальцамі па клавішах, паўтарыўшы мелодыю.
- Не крыўдуйце... Вы з густам музыкант, не абы-што ўкралі.
Можа, даць яму ўсё-ткі?.. Не біць - шчотачкай пад задніцу...
Ён відавочна правакаваў мяне, нахабства было ўжо дастаткова, каб болей не трываць, выставіць анёла за дзверы, толькі што з таго?.. Поль нібы адразу пастанавіў давесці, што я ні ў чым не пераважаю яго, нічым за яго не лепшы, сапернічаў са мной без прычыны саперніцтва, ці прычына была, але я не ведаў яе...
Я не стаў яму дзякаваць за камплімент.
- Выходзіць, ты падлавіў мяне і з тым прыйшоў? Каб я цябе паслухаў і на сцэну паставіў?.. Ты нармальны?
Поль зноў заўсміхаўся, ён, мусібыць, проста не мог, не ўмеў не ўсміхацца.
- А вы?
Давялося яшчэ раз стрываць.
- Думаю, што нармальны.
- Дык і я так пра сябе думаю... І бацька мой, які мяне Полам назваў, так пра сябе думае, і маці, якая перайначыла ў Поля... У краіне, дзе я Павэлкам, ну, няхай Павалам быць павінен, гэта нармальна?
Я падумаў пра Лі-Лі.
- Тут якраз нічога такога... Адзін мой знаёмы, зусім нармальны, доктар філасофіі, па-кітайску дачку назваў.
- Лі-Лі? - імпульсіўна спытаў Поль - і амаль няўлоўна, на імгненне прыкусіў губу ў куточку рота, пашкадаваўшы, відаць, што спытаў.
Ці не тут прычына?..
Гэтага я не чакаў, нешта торгнулася ўва мне, адразу згадаліся словы Лі-Лі: "А то я ці проста ляжу, ці стаю на карачках, соўгаюся..." - і мне не без намагання даўся выгляд, быццам я ніколькі не здзіўлены тым, што Поль ведае Лі-Лі. Але, каб не спытаць пра гэта нібыта абыякава, утрымацца я не здолеў:
- Вы знаёмыя?
Ды й трэба было спытаць, чаму не?..
Поль да знаёмства з Лі-Лі быў таксама ўжо нібы абыякавы.
- Знаёмыя. Спяваць спрабавалі разам... Лі-Лі спявае някепска, не чулі?..
Я не чуў. Не думаў нават, што Лі-Лі спявае. Калі не лічыць спевамі гукі, што вырываюцца з яе ў нябесных палётах. Так мало хто спявае. Ды ніхто так не спявае, апроч Лі-Лі.
Але ж не з некім.
Што гэта са мной?..
Лі-Лі і сама не хавалася, што ўсё ў яе да мяне было, хоць і без палётаў... Яно і не магло не быць, смешна думаць, і я адносіўся да гэтага спакойна, наогул я ніяк да гэтага не адносіўся... Толькі што з "прафесаршай..." Брыдотна, магло гэтага не быць, але, калі ўжо так выйшла... Я музыкант, мне мала адной песні...І раптам... толькі што... уявіўшы Лі-Лі з гэтым анёлам... Ды само сабой!.. непазбежна!.. такі прыгажунок з такой прыгажуняй!.. як яны маглі абмінуць адно адное, не пакаштавацца?.. Калі толькі ён сапраўды не з блакітных - па голасе зараз і распазнаем...
- Не чуў я, як Лі-Лі спявае, - стаў шукаць я ў стале... што-небудзь, каб рукі заняць. - Давай ты ўжо голас падай, калі з сабой прынёс.
- Прынёс, - дастаў Поль з кішэні касету. Я ўзяў яе, пакруціў у руках і кінуў на стол.
- Так не пойдзе... Нашто мне запіс слухаць, калі ты тут жыўцом?
Белы, як снежка, твар Поля паружавеў.
- Я не буду спяваць.
- Чаму?
- Не хачу...
Ды ў яго самыя звычайныя комплексы! Баіцца і, каб абараніцца, вырашыў нападаць... А я ўжо чорт ведае да чаго дадумаўся!
Сеўшы за раяль, я ўзяў некалькі акордаў той самай "злізанай" джагераўскай мелодыі. Але сваіх акордаў...
- Давай, давай гэтую скрадзеную, з якой ты вырастаў... Не заціскайся, нікога ж, апроч нас, няма...
- Ёсць!
Поль, ледзь не адбіўшы мне пальцы, ляснуў вечкам клавіятуры.
- Не буду я спяваць! Вы тупы, як калун! Нічога не зразумелі! Банальна ўскрыўдавалі! - кінуўся ён да дзвярэй. - Я ад пачатку не хацеў, каб вы ўва мне памыляліся! Бо я зусім не той, кім выглядаю!
Ён ужо выходзіў, але я паспеў яшчэ спытацца ўслед:
- А кім ты, думаеш, выглядаеш?
- Анёлам! Хіба не так?.. А ўва мне д'ябал жыве!
І ляснулі дзверы.
Каб насамрэч я што-небудзь зразумеў - дык забі мяне гром... Трэба будзе Марце пазваніць, ці нават спаткацца з ёй: што гэта такое?.. І на хрэн нам прысніліся такія незвычайныя?..
Касету я паслухаць не паспеў: пазваніў Росцік і сказаў, што чакае лазня.
1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 | 16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22
|