Уладзімір Някляеў - афіцыйны сайт
Уладзімір Някляеў - афіцыйны сайт
Паэзія Проза Драматургія Публіцыстыка Песні
Біяграфія Пераклады Прэса Фатаграфіі Мультымедыа
на галоўную
зваротная сувязь | аб праекце | гасцёўня | спасылкі | пошук
У пачатак раздзелу

Лабух

Раманчык
Мінск, 2003



Зкачаць архіў (520 Кб)

1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 | 16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22

 

XVIII

 

Я трахаў Лі-Лі, паставіўшы ракам, мяне ў задніцу драў Патапейка, Патапейку - сябра ягоны Пятро Зіноўевіч, Пятра Зіноўевіча - Красевіч, Красевіча - падпалкоўнік Панок, падпалкоўніка Панка - Шыгуцкі... і ў гэтым трахальным карагодзе, стоячы адзін за адным, дралі адзін аднаго яшчэ сотні і сотні, тысячы і тысячы людзей... брат-міліцыянт і Росцік, бамжы і Амед, палатны доктар Іосіф Данілавіч і нябожчык Адам Захаравіч, Поль і Алік, Максім Аркадзьевіч і прафесар Румас, Фелікс і хто там яшчэ - не пазнаць, і колькі яшчэ - не злічыць... і ўсіх скрозь усіх, і мяне скрозь задніцы Шыгуцкага, Панка, Красевіча, Патапейкі, і Лі-Лі скрозь мяне трахаў прэзідэнт - гэткі ў яго быў ялдак! Мы ўсе былі нанізаныя на ім, як на шампуры, апошняя круцілася на канцы ягоным Лі-Лі, і невыносна патыхала сырым мясам з экскрэментамі, і дзеці Амеда бегалі, пасыпаючы ўсіх прыправамі: "Спецый, спецый трэба не шкадаваць!.."

"А ты думаў саслізнуць!.. - вочы закочваючы і бліскаючы бялкамі, крычаў прэзідэнт Феліксу. - Давай пасыпай яго, татарва! А то смярдзіць па-амерыканску!.."

Ён так кайфаваў, што мае ўсіх праз кожнага ў адну дзірку - у яго рот перакошваўся, і сліні цяклі ад кайфа...

Я прачнуўся, знудзіўшы ў ложак, захлёбваючыся ў ванітах...

"Ты што?!. - ускочыла побач нейкая жанчына, я не бачыў у цемры, якая, не ведаў, хто яна, дзе я з ёй?.. - п'янос! свіння! брыда! погань!.."

Яна запаліла святло, па ёй, зусім голай, сцякалі, слізка цягнуліся мае ваніты, яна страсала, скідвала іх на мяне, на ложак, нешта не ў ёй самой, а ў голасе яе, у мяне і ў п'янага абсалютны слых, здалося знаёмым, але адкуль?.. "Ды ўставай, скаціна!.."

Ухапіўшыся за прасціну, яна скуліла мяне з ложка, за валасы пацягнула ў прыбіральню, я поўз за ёй на карачках, даванітоўваў - і мяне ўсё яшчэ дралі, трахалі ў адстаўленую задніцу Шыгуцкі, Панок, Красевіч, Патапейка, скрозь іх усіх - прэзідэнт, і перада мной была нечая задніца, класная задніца, але не задніца Лі-Лі, тады чыя?..

"Адрыгайся!.."

Яна галавой сунула мяне ва ўнітаз, забралася ў ванну і пачала абмывацца. "Ты кампазітар бляцкі!.. Лабух засраны!.." Страўнік сутаргава выкідваў з мяне апошнія ваніты - ужо толькі слізь і жыжку...

"Ну што?.. У ванну лезь, казёл ябаны!.."

Казёл я ябаны... я ябаны казёл...

Калі заструменіўся душ, стала трохі лягчэй, але стаяць я не мог, сядзеў пад душам і нічога пра сябе не помніў, апроч таго, што я свіння, брыда, погань, лабух засраны і казёл ябаны...

Яна прыходзіла, набірала ў вядро вады, выносіла, вярталася, вылівала ва ўнітаз, набірала чыстай, паласкала анучу, вылівала і зноў набірала, прыходзіла і выходзіла - прыбірала... Маладая, узросту Лі-Лі. З радзімкамі на плячах... Я не ведаў, хто яна.

"Досыць! - прыйшла яна з маёй адзежай і закруціла краны. - Апранайся і выкідвайся!.."

Пакалочваючыся ў дрыжыках, я нацягнуў кашулю, порткі, выйшаў у незнаёмую кватэру, у чужую прыхожую... Нешта тут пра нешта нагадвала, але што пра што?

Ніяк не зашнуроўваліся туфлі... Яна, усё яшчэ голая, нецярпліва нагнулася і зашнуравала. Без шкарпэтак, якія сунула мне ў кішэнь кашулі, і яны смярдзелі пад нос.

"Пайшоў вон, гаўнюк!.."

За дзвярыма я сеў на лесвіцу... Паверхам ніжэй свяціла лямпачка - і я пазнаў пад'езд і дзверы, каля якіх сядзеў. Тыя тонкія, у якія вочка не ўрэзаць, за якімі жыў я з Мартай, па разводзе з Нінай кватэру разменьваючы і наймаючы пакой у жандара Шалея.

Я падняўся, пазваніў у дзверы... Не адчынялі.

"Ліля..."

"Я сказала: вон пайшоў!.."

Тры радзімкі на левым плячы...

"Можна кавы выпіць?.."

"Дапівай тое, што піў!.."

І дзве на правым... І муж, які яе замыкае... Гэтым разам, значыць, не замкнуў...

"Выбачай... Не бывала са мной такога..."

"Ага, я першая дачакалася! Згінь!.."

"Куды сярод ночы?.."

"Куды хочаш!.."

Не, гэта не тая Ліля, з якой нядаўна я ноч напралёт праз дзверы прагаварыў... Зусім не тая.

Бо тады была гульня, а зараз жыццё. Гуляць у жыццё весялей, чым жыць. І выглядае лепей, і не смярдзіць, як закарэлыя шкарпэткі пад носам.

Наўмысна засунула, сучка. У кожнай бабе - сучка. Ці дае, ці гаўкае.

Я паспрабаваў ламануць дзверы, сама ж тым разам прапаноўвала...

"Крык падыму!.. Ці ў міліцыю пазваніць?.."

"А пажар?.."

"Ты ўсё і затушыў, пажарнік!.."

Сказала, як яшчэ раз зачынілася, і наўрад ці адчыніць.

Але ж неяк я да яе заляцеў?.. Цераз балкон на чацвертым паверсе?..

Білі дрыжыкі. Пакалочваючыся, я спусціўся ўніз і сабачым подбегам патрусіў па Грушаўцы. Азірнуўся: ніхто мне ўслед не глядзеў, пуста было на балконе.

Як непадобна ўсё ж адно на другое... Тое самае на тое самае...

Ліля на Лілю...

Лі-Лі на Лі-Лі...

Я сам на сябе - я на сябе сам...

Дома на маім ложку, упоперак, не распрануўшыся, спала Лі-Лі. У касцюме шакаладніцы.

Як на пажар, спяшалася...

Трахнулі па-хуткаму і выправілі.

Я не стаў яе будзіць. Не мог. Бачыць не мог.

У Рутнянскіх сонны Алік папярадзіў:

- Лі-Лі званіла, казала не пускаць, калі прыдзеце, каб дахаты ішлі.

Пазваніла - і спіць сабе...

- Адтуль выганяць! Сюды не пускаць! Дома блядзі спяць!.. - закрычаў я на Аліка. - Дык куды мне падзецца?

- Куды хочаце, - гэтаксама, як Ліля, сказаў Алік і зачыніўся ў пакоі Лідзіі Паўлаўны, дзе спаў з Дартаньянам. Дартаньян да мяне нават не выйшаў, сабака...

Я прылёг на ложак нябожчыка і стаў думаць, як жыць...

Што рабіць?..

З усім і ўсімі...

З Робертам, Камілай, Нінай, Мартай, Зояй, Зіначкай, Патапейкам, Красевічам, Панком, Шыгуцкім, Росцікам, Крабічам, Феліксам...

З Лі-Лі...

З самім сабой...

Нічога іншага, як напіцца, учора ўвечары нельга было прыдумаць, і з тэатра мы паехалі да Крабіча. Не да Росціка ж, які жыў чорт ведае дзе за цэмянтоўняй... А да сябе я не хацеў, каб нікога ўсю ноч не чакаць.

Селі, як некалі, утрох.

- Фелікс прыязджаў, цябе хацеў бачыць, - сказаў я Крабічу.

- Які Фелікс?

- Амерыканец.

- А... І што?

Выходзіла, што нічога. І лепш было пра Фелікса пакуль перамаўчаць, бо яшчэ і Росцік спытаў:

- А мяне, значыць, не хацеў бачыць?..

Крабіч сеў у куце на высокім зэдлі, і так выглядала, нібы ён ледзь не герой, а я і Росцік... Хоць што адбылося ў тэатры?.. Проста Крабіч быў, як звычайна, нахабны: падняўся і пайшоў. Але выглядала інакш, я па Росціку бачыў...

Размова не вязалася - і пачалі шклянкамі...

Калі Атос рашыўся распавесці д'Артаньяну пра міледзі, графіню дэ Ла Фэр, кляймёнаю лілеяй, ён стаў запінацца - і д'Артаньян параіў яму паспрабаваць выпіваць і расказваць Паспрабаваўшы, Атос прызнаў, што адно з другім цалкам сумяшчальнае.

Перамаўчаўшы пра Фелікса, я паспрабаваў загаварыць пра Лі-Лі... Запінаючыся, бо між намі такога не вадзілася, каб слабіну выдаваць, але тут паддушыла...

Яны слухалі ўбок. Яны не любяць слухаць абы-што пра Лі-Лі...

Крабіч хопнуў шклянку і сказаў, што беларусы калісьці наогул не пілі, а брыдоту гэтую прынеслі з сабой расейцы. "Нармальна, калі з сабой прынеслі... Не халяўшчыкі, значыць", - заўважыў Росцік, а я спытаў: "А што тады рабілі беларусы?.."

"Нікому сракі не цалавалі!.. - прарвала Крабіча. - Мудак гуляе, як хоча, а яны яму асанну пяюць! Тава-а-рышч прэзідэнт! Інтэлігенцыя, душа ваша ў блядзях!.."

Гэта была калекцыйная ягоная лаянка, ён толькі па святах ёй карыстаўся - і я падкрадаў яе ў Крабіча па будзённых днях...

Не стрымаўся... Адчуваў сябе героем...

Росцік сказаў дурнавата: "Ты ж паэт, не лайся..."

Лаянку, аказалася, таксама расейцы да нас прынеслі... Забраўшы ў татараў...

Я не чуў, дарэчы, каб Амед лаяўся.

Во!.. Ён, выпраўляючы ў Кіеў Фелікса, на яго і данёс! Не Лі-Лі...

Ці бамжы данеслі?..

Ці я?..

Я спытаў: "Пра што мы гаворым?.." - і Крабіч зноў наліў: "Тады давайце піць. Размова сама выплыве..."

Выпіўшы, я не стрываў: "Фелікса арыштавалі". І што я думаю пра гэта, сказаў...

Размова далей выплывала, хістаючыся... сама сябе прапускаючы... імкнучыся забыцца ў пропусках, але ў іх і западала...

- Ды ніхто яго не арыштоўваў! - кулаком па стале грукнуў Крабіч. - Скінулі з цягніка - і піздзец!

- Як скінулі?.. - сумеўся Росцік. - Не бандыты ж яны...

- А во так!.. - змахнуў Крабіч са стала пустую пляшку, якая ў пырскі аб сцяну разляцелася - і Росцік галаву ў плечы ўціснуў. - Бо якраз бандыты! Яны ўсіх нас хочуць ці скінуць, ці ракам паставіць! І трахаць, як Лі-Лі!.. Ці вы піздзюкі - і не бачыце, хто пры ўладзе? Тады п'ем - пра што гаварыць!..

З пітвом гаварыць было пра што...

Мяняць трэба ўладу!.. жыццё!.. усё мяняць!.. Вольны свет, Еўропа побач, а мы чарвякамі поўзаем!..

Сумяшчаючы адно з другім не па-французску, а па-расейску, у колькасці непамернай, мы ўрэшце дагаварыліся да таго, што, паколькі ў мяне ёсць пісталет, значыць, у нас ёсць магчымасць ліквідаваць прэзідэнта. Выканаць маральны абавязак інтэлігенцыі, гэтай блядзі, якая толькі мандзіць, а зрабіць што-небудзь - хрэна.

Але каму страляць?..

Росцік заявіў, што ён не супраць ліквідацыі, але супраць тэрарызму. Крабіч пачаў даводзіць, што ніякі тады Росцік не жыд, а толькі прыкідваецца, бо жыды з жыдоўкамі заўсёды былі адчайнымі тэрарыстамі. Усе - ад Арона Зундзялевіча да Фані Каплан і Машэ Даяна..." "Чаму да Машэ Даяна?.." "Бо аднавокі!.." "Не па сваёй волі былі! - так раптам ускіпеў Росцік, што, здавалася, з прабоіны ў чэрапе пара пайшла. - Нас зневажалі, загналі ў зону аседласці, мы з пагромаў і здзеку вырываліся, помсцілі!.." "Ага, і вырваліся ў рэвалюцыю!.." "Не адны мы!.." "Не адны! Але з васьмі дэлегатаў, якія ў Мінску першы рээспідэрскі з'езд наладзілі, пяцёра жыдоў!.." "І што?.." "А тое, што рэвалюцыяй жыды дзядам маім, бацькам і мне адпомсцілі, а я пры чым?!." "А пры тым, - чмурэў ад логікі такой Росцік, - што ў вас беларускі прэзідэнт, а не жыдоўскі! Вы з ім і разбірайцеся!.." "Які ён беларус, байструк цыганскі!.." "Тады няхай цыганы разбіраюцца, а я з пісталета страляць не ўмею!.. І не ў мяне ён бабу звёў!.."

"Сатысфакцыя! - прасвістаў Крабіч. - Зайздросны лёс, калі ты мужчына!.."

Як далей ні круцілі, страляць выпадала мне. Ну, калі ўжо пра ўсё астатняе прынцыпова дамовіліся... Я пачаў прыкідваць, дзе і калі, і вырашыў, што не адкладваючы: заўтра ўраніцы каля рэзідэнцыі.

Крабіч Біблію стаў шукаць - не знайшоў. "Статут Вялікага Княства Літоўскага" падсунуў: "Кляніся!.."

Для яго - што Статут, што Біблія...

Я пакляўся. Пасля ўспомніў, што там ахова - таксама страляць будзе...

"Хоць памрэш чалавекам, засранец!" - наліў па апошняй, бо заўтра такая справа, Крабіч, і я ўспомніў пра Зіначку, якая памерла, і так Крабіча ўзненавідзеў за засранца, што надумаў - па справядлівасці - спачатку яго кончыць, а пасля ўжо прэзідэнта. Крабіч згадзіўся: "Давай! Мне пад горла гэта жыццё, калі хочаш ведаць!.. Ну, дзе пісталет?.. Хрэн у цябе, а не пісталет, толькі вецер ганяеш!.."

Росцік знясілена паклаўся на раскладушку, ён са сваёй галавой, мусіць, і памерці мог, але было не да Росціка: я пабег па пісталет... Помню, што пабег, задыхаючыся... "Ах ты гад, ах вы гады!.." Далей усё прападала... я губляўся недзе на Грушаўцы, знайшоўшыся ў былой кватэры жандара Шалея. Недалёка, побач...

Няма Лі-Лі - дык знойдзецца Ліля... Ёсць з кім у гэтым жыцці спаткацца, Фелікс...

Гэтак, каб сябе не помніць, раней я не напіваўся. Хіба аднойчы, яшчэ студэнтам. Але тое - дні тры не еўшы, з голаду.

А зараз з чаго?..

Не галадаю, старэю.

Нашто? Каб засранцам памерці?

Не хачу...

Што яшчэ можа быць з таго, чаго не было?

Ды нічога...

Пісталет ляжаў там, дзе я схаваў яго.

Знайшоўся пісталет, Іван Ягоравіч... І правільна вы прыдумалі, Пятро Зіноўевіч, каб ён знайшоўся...

Госпадзі, а што з Росцікам? Крабіч жа праспіць Росціка, калі што-якое!

Часу спаць не было, світала, я выклікаў таксі...

Крабіч з Росцікам таксама не спалі, ляжалі зялёныя... Адзін на раскладушцы, другі на канапе. Крабіч чытаў, ён заўсёды чытаў пасля п'янкі - у яго конскае здароўе.

- Як ты? - адарваўся ад кнігі Крабіч. - Мы ўвесь агарод задрысталі, свістала ва ўсе дзіркі.

Тэрарысты засраныя...

Я з жахам уявіў сябе ў ложку Ліляй, калі б яшчэ і такое... І што: дажыцца да таго, каб яшчэ і такое?..

- З'елі нешта, - пакутліва сказаў Росцік.

- Гарэлка расейская, наўмысна труцяць, - пагартаў Крабіч кнігу. - Ты думаеш, я не люблю рускіх?.. Я пасля п'янкі адных рускіх і люблю. Во паслухай... "Я знаю, смерть лишь некая граница, мне зрима змерть лишь в образе одном: последняя дописана страница, и свет погас над письменным столом". Мне, бляха, не памерці так!.. - Кніга паляцела ў кут. - Пісталет прынёс?

Пісталет адцягваў кішэнь пінжака нябожчыка Ігара Львовіча, але ж не забіваць Крабіча такога зялёнага...

- Не знайшоў.

Крабіч устаў, падняў кнігу, паставіў на паліцу. З кнігамі ён быў акуратны - не тое, што з людзьмі.

- Не знайсці, чаго няма... Вунь і Біблія, як учора не ўбачыў?.. Пераклянешся?

- Не.

- Канечне, не... Стрыжня ў нас няма, на які ўсё нанізваецца, таму нічарта і не можам. У Чачню падамся, не хрэн тут рабіць.

- Паехалі?.. - па-сабачаму на мяне гледзячы, папрасіўся Росцік.

Крабіч сеў да стала, наліў - Росцік адвярнуўся.

- Не прасіся, цябе не вазьму, - падняў шклянку Крабіч. - Жыды супраць мусульманаў, а я за іх. Там дух!.. вера! самаахвярнасць!.. толькі яны і жывыя сёння ў гэтым струпянелым свеце! І з кім бы я выпіў, дык з Хусейнам і Арафатам... А так адзін...

Я давёз Росціка да офіса, дахаты ён не хацеў, і пакінуў яго, сказаўшы, што пайду прадыхаюся.

- Без дураты?

- Аддурэлі мы сваё, Росцік.

- Тады дыхай хутчэй... Красевіч павінен пад'ехаць, неяк жа трэба з ім танцаваць, калі музыка заказана...

Каля дзевяці я быў у скверы цераз дарогу ад рэзідэнцыі. Прэзідэнт пад'язджаў да рэзідэнцыі а дзевятай - я сам не раз бачыў. Канечне, не факт, што прыедзе сёння... Позна лёг... Калі прыедзе, тады цераз агароджу са сквера, цераз дарогу - і страляць, страляць, страляць... У арміі я хоць і музыкантам служыў, але настраляўся.

Аднойчы перамог: больш за ўсіх па мішэнях выбіў... За гэта даручылі сцяг на парадзе несці. Звычайна маршыраваў з трубой у аркестры - а тут са сцягам паперадзе ўсіх. Сёмага лістапада. Холадна, вецер з мокрым снегам. Ледзь рукі не адмерзлі, але данёс... Перамагаць, праўда, пасля таго не цягнула.

Наўкол рэзідэнцыі, як і ў ёй самой, выглядала пуста. Нават, здавалася, мёртва. Адзін сцяг над пустатой на ветры матляўся.

Ён перамог, больш за ўсіх выбіў - і яму даручылі Дзяржаўны Сцяг... Дык і нёс бы...

Зайшоўшы ў туалет каля купалаўскага тэатра, я схаваўся ў кабіне, праверыў пісталет. Абойма была поўнай, без аднаго патрона... Каб ведаў, што ўсё так закруціцца, дык яшчэ ў бамжоў паглядзеў бы, колькі ў ёй патронаў?.. Мусіць, і была без аднаго. Бамжы пра страляніну казалі - дык хоць раз жа стрэлілі з пісталета гэтага каля Кальварыйскіх могілкаў...

Я ўжо збіраўся выходзіць - нехта ўвайшоў у туалет. Паўмінуты, мінута - той, хто ўвайшоў, нічога не рабіў. Не рыпнулі дзверы ніводнай кабіны, не цурчала ў пісуары...

- Эй, грамадзянін!..

У мяне схаладнелі скроні і зазвінела ў патыліцы... Я спусціў ваду і, пакуль ва ўнітазе гыркала, прыўстаў і паклаў пісталет на зліўны бачок.

Пачакаў яшчэ - і той чакаў. Трэба было выходзіць...

- Закурыць ёсць?

Рудаваты мужык падышоў да мяне грудзі ў грудзі, церануўся грудзьмі аб грудзі і няўлоўным рухам слізнуў па бакавых кішэнях.

- У задняй, - сказаў я. Трэба было рызыкаваць, каб ён не падаўся ў кабіну.

- Што ў задняй?..

- Пісталет.

- Ды я закурыць... - трохі разгублена прапусціў ён мяне наперад і пайшоў следам. - А вы што такі зялёны?..

- Бо не рыжы.- Трэба было гаварыць з ім, каб ён не адстаў, не вярнуўся... - Зялёны рыжаму не таварыш.

- І рыжы зялёнаму, - спыніўся ён каля ліпы. Ён і раней каля гэтага дрэва стаяў, калі я ў туалет ішоў. Незаўважна стаяў неяк...

Далёка не адыходзячы, я сеў на лаву. Калені ў мяне падгіналіся, як некалі ў анфіладзе Дрэздэнскай галерэі. Можна і ў туалеце адчуць нешта накшталт катарсісу...

Цяпер я ўбачыў, што па скверы рассыпаныя яшчэ дзесяткі два мужыкоў... Каля тэатра, каля фантана, уздоўж алеі з чугуннай агароджай, цераз якую я збіраўся пераскокваць. Ці паспеў бы ўскочыць...

Роўна а дзевятай завыла, замігцела - з-за тэатра з вуліцы Энгельса вылецелі тры машыны. Мой рудаваты наструніўся...

Прэзідэнцкая машына - са сцяжком, наўрад ці ў ёй Лі-Лі вазілі - падкаціла да пад'езда. Да самых прыступак, якія прэзідэнт прасігаў за секунды. Мішэнь не для стралка з трубой, які аднойчы перамог... І што ён бегае ўсё, нібы за ім гоняцца?

- Дык няма закурыць?.. - расслаблена спытаў рудаваты і, не чакаючы адказу, рушыў да напарніка, які таксама адліп ад ліпы. - Туалет не на замку, што за хрэнацень?

- Зачынем зараз... Снягір прысцаўся, замкнуць забыўся.

Я і не ведаў, што туалет замыкаюць. Калі б не сіклівы Снягір, мог бы і не даведацца ніколі...

Яны ўсе аддзяліліся ад дрэў, ад выпадковых прахожых, сыйшліся каля тэатра і пачалі нешта абмяркоўваць... Проста кампанія, якая прыспяшалася трохі на ранішні спектакль... Экскурсанты... Адзін аддзяліўся ад усіх і замкнуў туалет.

У трэцім класе я быў закаханы ў дзяўчынку, якую звалі Надзя. І Валік Дробыш, таварышок мой, закаханы ў яе быў. Мы з-за яе біліся на мячах, на коп'ях і проста так біліся. Раз - ён мне надае, другі - я яму, без толку...

На краі падмытага рачнога абрывы сасна высозная стаяла, трохі пахіленая. Старэйшыя хлопцы - не ўсе, найсмялейшыя - скакалі з яе ў вір. З ніжняга сука і толькі ў вока віру, бо наўкол - мелкаводдзе.

Надзя падбухторыла: "А вы не скочыце!.." - і мы палезлі на сасну.

Дабраўшыся да сукоў, я пакараскаўся ўверх... Каб вышэй за Дробыша...

Калі дакараскаўся да вершаліны - зірнуць уніз страшна было, а не тое, што скочыць. Сасна хістаецца... У віры не вока, а вочка... Да неба бліжэй, чым да вады.

Валік і з ніжняга сука не скочыў, злез.

"Спускайся! - крыкнулі знізу. - Разаб'ешся!.."

А як спускацца, калі ўсе глядзяць?.. І Надзя...

Скроні халадзелі, халадок звінеў у патыліцы, але я зажмурыўся і палецеў... Не скочыў, а саслізнуў нагамі і адпусціў рукі... Наперад ведаючы, што разаб'юся... Мяне ўдарыла аб сук, перавярнула, перакруціла і ўтыркнула ў вочка віру.

"Ну і што... - падціснула губкі Надзя. - Падумаеш..." І зноў мы з Валікам біліся...

Гадаць, ці хапіла б мяне на тое, каб цераз агароджу скочыць, калі б туалет быў замкнёны - без толку, як біцца з Валікам Дробышам.

Са службовага ўваходу я зайшоў у тэатр, дзе праз Лідзію Паўлаўну ўсіх ведаў, і ад дзяжурнага, які чытаў газету і вачэй на мяне не падняў, пазваніў Шыгуцкаму. Сакратарка ганарыста паведаміла, што Барыса Сцяпанавіча тэрмінова выклікаў прэзідэнт.

Толькі прыехаў - і выклікаў?..

А мог і не выклікаць...

Калі б Снягір не прысцаўся - і не ў патыліцы халадок...

- Перадаць што-небудзь? - счакаўшы ўрачыстую паўзу, спытала сакратарка. Яны ўсе там, мусіць, толькі і сядзяць, чакаючы, калі іх выклічуць.

- Я сустрэцца хацеў, мы дамаўляліся.

- Ён нічога не сказаў...

- Не паспеў.

- Можа быць... Заказаць вам пропуск?

- Закажыце.

- Толькі вы перазваніце.

- Перазваню... Слухай? - спытаў я ў дзяжурнага, паклаўшы трубку. - Іду зараз з госцем, папырскаць захацелася, а туалет у скверы замкнёны. Чаму?

- А то не ведаеш, - хмыкнуў дзяжурны. - Бо прэзідэнт сярун.

І будуць казаць яшчэ, нібы ўсе ў нас і ўсяго баяцца.

- Туды не зайсці?

- Нашто?.. Тут папырскай.

- Госць мой там хоча. За пляшку.

Дзяжурны адклаў газету, глянуў недаўменна:

- Вальтануты?..

- Экстравагантны. Дык як?..

- З сантэхнікам пагавары. Ён па абедзе аб'явіцца, пратрывае пляшка да абеда?..

- Пратрывае... Я пазваню яшчэ?

- Хоць зазваніся, піва з цябе.

Рэдактара незалежнай газеты, якую чытаў дзяжурны, я не ведаў. Але і іншых не ведаў, так што якая розніца?.. І, калі па прыкметах, дык нездарма ж гэта газета пад рукой аказалася.

Не было рэдактара на месцы... Дзяўчына з голасам флейты сказала, што ён дома і з'явіцца па абедзе.

Як сантэхнік.

- Хатні не дасцё? Мне тэрмінова.

- А хто вы?

Я назваўся.

- Ой!.. Мы самі вам званілі... Хвілінку...

У тэлефоне затузалася музыка - трубку ўзяў рэдактар.

- Выбачайце, хавацца даводзіцца. Мы шукалі вас, на лаўца і звер...

Я сказаў, што ў рукі мне патрапілі такія-сякія дакументы.

- Прыносьце, калі такія-сякія... Зараз можаце?

- Зараз не, яны на рабоце.

- Тады ў любы час, я ў рэдакцыі... - Рэдактар цягнуў. - І яшчэ... заадно...

Пасля таго, як на лаўца звер прабег, не цяжка здагадацца было, што заадно - пра шоу, пра Лі-Лі...

- Што яшчэ заадно?

- Мы пра шоу ўчарашняе пішам... Пару слоў скажаце?..

Вось што ім цікава. Толькі гэта і цікава ўсім.

- А я пры чым?

- Ну, як... - дацягваў рэдактар - і столькі было за гэтым як...

Я паклаў трубку.

- Піва за мной, - паабяцаў я дзяжурнаму, і той спытаў у спіну:

- Ты ў сарцір з газетай?..

Каля тэатра ніхто больш не таптаўся. Я прайшоў двойчы, нібы гуляючы, міма дзвярэй туалета... Замок звычайны, яго можна будзе, бадай, і без сантэхніка адолець.

Росцік чакаў мяне ў офісе з Красевічам. Абодва пахмурна-ўзбуджаныя, нібы біцца збіраліся, а я перашкодзіў...

- О!.. - перарабляючыся ў вясёлага, падміргнуў Красевіч. - І Раман Канстанцінавіч зялёны. Што гэта вы, як гуркі?.. Можа, перафарбуемся?

Калі перарабляцца, дык перафарбавацца...

Росцік на тое, каб перарабіцца, сіл не меў.

- Памру я з вамі. А я хачу сам па сабе памерці, адзін.

Не з-за пахмелкі ж яны біцца збіраліся?..

Па Росціку відаць было, які сам я памяты, нявыспаны і непахмелены... Адзін і амаль мёртвы.

- Натуральны колер, - сказаў я Красевічу. - Як на сцягах.

Мы ўвялі з Росцікам закон: не пахмяляцца. З пахмелкі нанава п'янка пачыналася - і прападалі не дзень і не два.

Хоць што з тых дзён?.. Няхай ніводнага не згубіш, хай нават лішні пражывеш, а сканаеш і ведаць не будзеш, пражыў ты яго, ці не.

- Гледзячы на якіх сцягах... - падкасіўся на мяне Красевіч. - Мой, між іншым, уздымаць пара, а мы дасюль не дамовіліся, з кім?

Вялікую кучу я на твой сцяг наклаў...

- Учора ж вырашылі, што з Лі-Лі.

Росцік прабарабаніў пальцамі ўздоўж стала. Да самага краю, скінуўшы руку.

- Пе-ра-вы-ра-шыў Рычард Пятровіч. Не хоча з Лі-Лі. Кажа: фрывольная.

Апошняе слова Росцік ледзь выгаварыў, і я перапытаў:

- Якая?

- Неспадзяваная ваша Лі-Лі... - неяк па-цыркачаму, шыі не павярнуўшы, крутнуў галавой Красевіч. - Занадта неспадзяваная.

Наша Лі-Лі ўчора іхняй была... І я на свае вочы бачыў, як Красевіч далоні адбіваў, пляскаючы ёй, фрывольнай і неспадзяванай...

Нешта сталася?..

- У чым неспадзяваная?

- Ва ўсім... - да другога краю стала прабарабаніў пальцамі Росцік, які калісьці кім толькі не быў - і яшчэ падрабляў акампаніятарам. - Ты чаму не сказаў, што Фелікс прыязджаў, і вы сустракаліся?

Вось гэта было фрывольна і неспадзявана... Не так жа ў Росціка з галавой, каб не помніць - тады ў яго зусім галавы няма. Ён тут цыркачыўся перад Красевічам, блазен-недаўмека, таму і выгляд у іх, нібы збіраліся біцца...

- А ты адкуль ведаеш, што сустракаліся?

- Ад мяне, - зразумеў адразу, пра што і ў каго пытаюся, Красевіч - і не стаў далей цямніць. - Я да вас ад Панка, ён зараз у Шыгуцкага, Шыгуцкі ў прэзідэнта.... Праблемы вы ствараеце, Раман Канстанцінавіч, разам з Лі-Лі. А мы дамаўляліся без праблем.

У яго зазваніў мабільны тэлефон.

Глядзі ты, як загаварыў... З патэльні плясь...

- Тут ён, - сказаў Красевіч і падаў мне трубку.

- Што ж ты напрошваешся і не прыходзіш? - не павітаўшыся, спытаў Шыгуцкі.

- Сакратарка перазваніць сказала...

- Давай прыходзь, чакаю. І хутка прыходзь, чуеш?

Не я адзін чуў, Росцік з Красевічам таксама ўчулі, трубка гучна вяшчала... Як пры рэзанансе...

- Курва... - ці невядома пра каго, ці невядома пра што сказаў Росцік. Альбо наогул пра невядомае, бо курва ў немцаў, якіх Росцік не любіў - паварот дарогі.

Хоць пры чым немцы?.. Марта з немцам жыве...

Я вярнуў Красевічу знямелы тэлефон... Мае размовы з уладай катастрафічна карацелі.

У нашым офісе меўся пакойчык, дзе стаяў сейф. Пакойчык патайны - з дзвярыма, замаскіраванымі пад сцяну. Не зважаючы на Красевіча, я штурхнуў дзверы...

- О! - сказаў Красевіч. - І я сабе такі зраблю.

Я адамкнуў сейф, дзе хаваў паперы, якія даў мне Фелікс... Разам са старонкай з запіскі Ігара Львовіча....

Папераў не было. Пячатка, штамп, статутныя дакументы, некалькі бланкаў...

Пуста.

Ключы ад сейфа мелі толькі я і Росцік.

Цыркач... Блазен-недаўмека...

- Вы што шукаеце? - спытаў чамусьці не Росцік, а Красевіч. - Калі дамову на канцэрты, дык яна ў мяне.

Росцік - курва?

- З пячаткамі дамова? - выйшаў я з пячаткаю ў руках, каб паглядзець на Росціка.

- З пячаткамі, - кіўнуў Красевіч. - Толькі гэта мала што значыць, калі з Шыгуцкім не дамовіцеся.

Я не стрываў і кінуў пячатку Росціку:

- Адкуль? Хто паставіў? Ты ж у бальніцы быў!

Росцік адхіснуўся... Ён, мусібыць, да скону ўжо будзе палохацца ўсяго, што да яго ляціць.

- Лі-Лі паставіла, я ключы ёй даў, цябе ж не дапросішся... - падняў Росцік пячатку з падлогі і спытаў зусім знясілена: - Ты чаго раскідаўся ва ўсе бакі, Ромчык?..

Выходзіла, што Росцік не курва.

Але ад гэтага, выходзіла, не лепш.

Яшчэ горш ад гэтага выходзіла.

Уверх

1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 | 16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22
  © 2004-2005 Дызайн і распрацоўка - Венско Дзмітрый aka sEXEcutor
© Усе правы захаваны. Перадрук матэрыялаў толькі са спасылкай на Nekliaev.by.