Уладзімір Някляеў - афіцыйны сайт
Уладзімір Някляеў - афіцыйны сайт
Паэзія Проза Драматургія Публіцыстыка Песні
Біяграфія Пераклады Прэса Фатаграфіі Мультымедыа
на галоўную
зваротная сувязь | аб праекце | гасцёўня | спасылкі | пошук
У пачатак раздзелу

Лабух

Раманчык
Мінск, 2003



Зкачаць архіў (520 Кб)

1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 | 16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22

 

XII

 

У мяне поўны горад жонак, палюбоўніц, а адной з іх пад рукой не аказалася - і ісці, спяшацца ўночы няма куды і да каго. Хіба што Дартаньяна вывесці папісяць...

Нешта рабіць трэба з Лі-Лі, штосьці прыдумаць... Прападаючы, Лі-Лі, прападай... А не звані: "Табе не цікава нават, дзе я падзелася?.."

Паломвала ў скронях - змяя яшчэ пакусвала сама сябе за хвост - і дахаты павяло мяне не зваротнай дарогай цераз вакзал, а міма жандармерыі - паўз жылыя дамы палка ўнутраных войскаў. У адным з гэтых дамоў, пакуль па разводзе з Нінай разменьвалася кватэра, наймаў я пакой у знаёмага жандара: Крабіч мяне і Марту жыць да сябе не пусціў. Я папрасіўся, а ён адмовіў, і тым не менш прыходзіў да нас ці не праз дзень піць, вячэраць... Марта не ўсё разумела...

Не ўсё разумеў і жандар. Кватэру ён меў службовую, кватэрантаў пускаць яму нельга было. Ён, выходзіла, незаконна зарабляў на кватэрантах - і нехта на яго настукаў. Хутчэй за ўсё настукаў хтосьці з ягоных калег, з тых, хто хацеў і мог заняць вызваленую кватэру, а жандар чамусьці вырашыў, што гэта Крабіч, які яму не глянуўся, з якім ён аднойчы нават пабіўся... Нічога мне не сказаўшы, жандар дамовіўся са сваімі, каб Крабіча падлавілі п'яным, закінулі ў пастарунак і дазналіся, ці сапраўды настукаў ён... І Алесь прызнаўся, хоць не стукаў. Вядома ж, не стукаў, гэта яму не да галавы было, але прызнаўся. Яму ўперылі раз па рэбрах, два па нырках - і ён данёс, нагаварыў на сябе самога...

Разборкі ўчыняць праз тое ён не стаў:

- На сябе самога - не на некага!

Я гэтаксама меркаваў, а Марта думала не так, іначай.

- А якая розніца?.. На сябе нават горш. Ва ўсе часы ўсе злыдні таго і дамагаліся, каб чалавек найперш нагаварыў на сябе самога. Далей прасцей...

- Методыку карную спасцігаеш, - паспрабаваў пажартаваць жандар, з якім Крабіч прышоў мірыцца. - Нездарма немка...

Крабіч бездапаможна, скасавурана неяк зірнуў на Марту і прамаўчаў, адвярнуўшыся... І раптам кінуўся на жандара, з якім прышоў мірыцца:

- Марта не жартам сказала!.. Зусім не жарт сказала немка!..

І яны пакаціліся па падлозе...

Калі мы высяляліся ад жандара, Крабіч усё ж прапанаваў пажыць у яго. Марта адмовілася наадрэз.

З кім павядзешся, ад таго і набярэшся - і ад Крабіча я не толькі нукаў ягоных, але і яшчэ таго-сяго набраўся. Крабіч казаў, што варта рабіць толькі тое, чаго рабіць не варта. Што нікому не ў патрэбу, чаго сам ад сябе не чакаеш. Каб пасля ўзяцца за галаву, ківацца і думаць: ну што ж гэта такое я ўчыніў?..

Павярнуўшы да дома, у якім жылі мы некалі з Мартай, я падняўся на трэці паверх і націснуў кнопку званка каля дзвярэй злева.

Да дзвярэй падыйшлі, памаўчалі. Вочка ў дзвярах не было. Я помніў: дзверы былі такія тонкія, што вочка не ўрэзаць...

- Хто там?.. - спытаў жаночы галос. Не дзявочы і не старэчы, менавіта жаночы. Насцярожаны, але не палахлівы.

- Выбачайце, гэта кватэра Шалея?

- Якога Шалея?..

- Дзмітрыя Віктаравіча. Ён жыў тут...

- Калі?..

- Гадоў пятнаццаць...

- Гэта даўно... Даўно тут вайсковыя кватэры былі... Цяпер гарадскія.

Калі пятнаццаць гадоў для яе даўно, значыць, ёй не болей, як трыццаць...

- Дык цяпер не жыве?..

- Тут не жыве... А так, мусіць, жыве дзе-небудзь...

- Вы яго ведаеце?

- Не. Мужу ад работы кватэру далі...

На ўсялякі выпадак і пра мужа сказала, які дома - і калі што якое...

- Ад якой работы?

Голас здзівіўся.

- Вам нашто ведаць, ад якой?

Здзівіўшыся, голас падвысіўся, зазвінеў...

- Я выпадкова спытаў, прабачце... Ведаеце, голас у вас такі...

- Які?..

- Падобны на той, які я чуў, калі жыў тут... Я пакой наймаў у гэтай кватэры... Дабранач...

- Бывайце... - сказаў, разгубіўшыся, голас і спытаў адразу: - А вы што хацелі?

Хоць і галава баліць, але з голасам маім усё, як мае быць: жанчыны яму давяраюць...

- Нічога... Паглядзець.

- Што паглядзець?..

- Пакой, у якім жыў...

- Тут два пакоі...

- Я ведаю. Той, які без балкона...

- У любой кватэры ёсць пакой без балкона...

- Гэты без балкона з балконнымі дзвярмі...

- І таму вы захацелі ўбачыць яго?..

- Можа быць...

- Сярод ночы?..

Я зірнуў на гадзіннік: сапраўды было якраз сярод ночы, а поўначы...

- Днём не выпадае... - Я сеў да дзвярэй, упёршыся ў праёме спінай і нагамі. - А вам чаго не спіцца?..

За дзвярыма перамаўчалі, раздумаючы, ці адказваць... Калі адказваць - гэта ўжо размова. Сярод ночы невядома з кім... Нічога не вырашаўшы, даволі гучна спыталіся:

- Вы селі пад дзверы?..

- Сеў...

- І сядзець будзеце?..

- Буду, калі не прагоніце... Мне ісці няма куды.

Таксама прысеўшы, з-за дзвярэй спыталі цішэй:

- Вы не бомж?.. Вы ж ішлі некуды?.. У вас ёсць дом?..

Дзверы былі тымі ж, што і раней, тонкімі, як з фанеры, нават ціхаму голасу не заміналі. Гаварыць праз іх можна было хоць да раніцы...

- Дом ёсць. А ісці няма куды.

- А-а, жонка выгнала... - працягнуў голас, у якім адразу з'явіліся ноткі, з якімі гаворыць баба, калі думае, што ўсё ведае пра мужыка. Гэта ўжо была не размова, я пачаў падымацца... Голас змяніўся амаль спалохана.

- Пачакайце!..

- Чаго?

- Я ведаю, пра што вы, выбачайце... У самой такое бывала... І я адчыніла б вам, але...

- Нічога... Я разумею.

- Ды вы не разумееце!.. Я замкнёная.

Я сеў, не падняўшыся.

- Адамкніцеся...

- Не магу... - ледзь не шэптым сказалі, але і шэпт быў чутны, за дзвярама. - З таго боку замкнёная, з вашага. І ключа няма... Муж з'ехаў на два дні і замкнуў мяне. Ён заўсёды, калі з'язджае, замыкае мяне і ключы забірае...

- Чаму?..

За дзвярыма зноў памаўчалі і ўздыхнулі.

- Бо лічыць, што я блядзь, і пайду гуляць...

Уздыхнулі даверліва, нават занадта даверліва... Тут ужо я памаўчаў, не знаходзячы, што сказаць... Голас гэты на бляцкі не быў падобны...

- Што вы маўчыце?..

- Не ведаю, што сказаць...

- Можа, вам спытаць хочацца?..

- Пра што?..

- Ну, блядзь я, ці не?..

- Не хочацца...

- Праўда?

- Праўда.

- А яму хочацца. І ён пытае і пытае... І замыкае... Вам колькі гадоў?..

- Сорак два.

- Як яму. А мне дваццаць...

Як Лі-Лі!.. Яму - як мне, а ёй - як Лі-Лі...

- Колькі?

- Дваццаць. Чаму вы так здзівіліся?..

Я не стаў казаць, чаму...

- Памыліўся гадоў на дзесяць... Па голасе вам каля трыццаці...

Яна і не падумала пакрыўдзіцца: у дваццаць гадоў на такое не крыўдуюць.

- Гэта ад цыгарэт, кідаць трэба... У вас ёсць цыгарэты?..

- Ёсць...

- Прасуньце адну ў адтуліну замка... Яна шырокая, ён вялікім ключом мяне замыкае... А ў мяне на ўсю ноч і паўпачака не засталося...

- На ўсю ноч?..

- Ён раніцай прыязджае...

Я прасунуў цыгарэту, якую яна выцягнула і спытала:

- Выйшла нешта накшталт сексу, праўда?..

Нічога не адказаўшы, я стаў прасоўваць цыгарэты адну за адной... Яна засмяялася:

- Ой, хопіць... Калі многа, дык непадобна... Сабе пакіньце...

- У мяне прыпаліць няма чым... Згубіў запальнічку...

- Пачакайце...

Чуваць было, як яна паднялася, прайшла на кухню, вярнулася - крокі яе былі лёгкія, лятучыя... У адтуліне замка закурыўся дым і паказаўся агеньчык цыгарэты. Я прыпаліў...

- Дзякуй...

- Вам дзякуй... - За дзвярыма дзінькнула шкло аб шкло. - А ў мяне выпіць ёсць. Хочаце?

- Хачу... Мне галава баліць...

- Зараз вып'ем...

- Не вып'ем... Праз дзверы выпіць не прыдумаем...

- Вып'ем, я ўжо прыдумала...

З адтуліны замка, пакурваючыся дымком, вытыркнуўся кончык пластмасавай трубачкі для кактэйля... Знаходлівая, я б да такога не дадумаўся.

- Што ў цябе там?..

- Смакчыце, не атрута...

- А раптам...

- Дык памрэце - і ўсё. Усё адно ж паміраць, сорак два ўжо...

Вясёлая... З такай атруты не атруты, а воцату смактанеш... Лі-Лі ў такім жарце сабе не адмовіла б...

Як адчуўшы нешта, яна зноў засмяялася:

- Вам што... няўжо страшна? Нашто вы мне мёртвы?..

- А жывы нашто?..

- Я люблю жывых... Піце, а то перадумаю. Гэта каньяк французскі...

Я смактануў французскага каньяку, каб яна, пакуль вагаюся, сапраўды не перадумала і не наліла айчыннага воцату.

- Як цябе зваць?

Нечакана яна пастражэла ў голасе.

- Мы ўжо на ты?..Чаму?..

Ранейшы зварот на ты яна прапусціла, нібы не заўважыла...

- Бо памыліўся... На дзесяць гадоў памыліўся...

Яна вырашыла не рабіць з гэтага праблемы.

- Лілія. Ліля.

Глянь ты, як блізка...

- А вас?..

Я паспрабаў угадаць:

- Гэтак жа, як твайго мужа...

Не бачачы, я адчуў, як яна напружылася.

- І як зваць майго мужа?..

- Раман.

Толькі што западозрыўшы мяне, яна з палёгкай выпусціла струменьчык дыма ў адтуліну:

- Не Раман...

- А як?

- Якая розніца?..

Сапраўды, якая, калі не Раман... І добра, што не Раман... Не Раманчык.

- Ніякай. Добра, што не Раман...

- Вы, значыць, Раман?..

- Раман Канстанцінавіч...

- Бо вам сорок два...

- Бо мне сорак два...

- Што ж, вып'ем за знаёмства...

Яна высунула кончык трубачкі, з якой цягнуў я доўга - галаву ад каньяка адпускала.

- Ого...

- Што ого?..

- Паўшклянкі... Вы п'яніца?

- Я лабух.

- Хто?..

- Музыкант.

- Тады п'яніца... На чым вы граеце?..

- На ўсім...

- Так не бывае. На ўсім ніхто не грае...

- Я граю...

- А дзе вы граеце?..

- У рэстаране... Лабухі ў рэстаранах граюць.

Я падумаў, што зараз яна ўздыхне з жалем, пачуўшы пра рэстаран, і яна з жалем уздыхнула:

- Весела вам...

- Не.

- Чаму?

- Не ведаю...

- Бо вам сорак два?..

- Бо мне сорак два...

- І вы не Раман, а Раман Канстанцінавіч?..

- І я Раман Канстанцінавіч...

Мне здалося, што яна спрабуе зазірнуць у шчыліну замка... На лесвічнай пляцоўцы было амаль цёмна, лямпачка гарэла паверхам ніжэй.

- Хочаце, я вас Раманам буду называць?.. І на ты... У мяне муж, як ты...

- Называй... Ты ўжо называеш...

- І пытацца буду...

- Пытайся...

І нечакана яна спыталася:

.- Раман, а ў цябе раманы цяпер толькі праз дзверы?..

Я падумаў і сказаў:

- Маёй таксама дваццаць.

- А-а... - у другі раз працягнула яна з бабскімі ноткамі. - І ў цябе праблемы...

- Не ў гэтым...

- А ў чым?

- Шмат у чым, але не ў гэтым... Хочаш, гісторыю адну раскажу?

- Пра сваю?.. Якой таксама дваццаць?..

- Не.

- Тады хачу...

- Гісторыя доўгая...

- Не даўжэйшая за ноч?

- Не даўжэйшая... Яна і была ўночы...

Гэта зацікавіла яе.

- Ну?..

- Дай яшчэ выпіць... І прыпаліць, у мяне патухла...

У адтуліну высунуўся кончык трубачкі, а за ёй, калі я выпіў, паказаўся агеньчык цыгарэты... Нешта ёсць у гэтым - праз дзверы.

- Гульня такая піянерская была, ваенная...

- Ваенная?...

- Я ж кажу: гульня... "Зарніца" называлася. Ты не застала?..

- Не паспела... І што?..

- І нас, дванаццаць хлапчукоў, нібыта разведчыкаў, у адной палатцы размясцілі. Камандаваў намі Юрка Жаваранак, на год старэйшы за нас. Мы ўсе ў шостым класе вучыліся, а ён у сёмым. Здаровы быў такі, ледзь не мужыком глядзеўся. На другі дзень ён паклікаў мяне, мы адыйшлі ў лес, і Юрка сказаў, што хоча прызначыць мяне сваім намеснікам. Намеснікам камандзіра. Бо толькі са мной можа ў разведку пайсці, астатнім не давярае... У мяне галава закружылася.

- Ты п'яніца...

- Не цяпер, тады закружылася... Гэта табе не жарты: намеснік камандзіра разведчыкаў. І нават болей...

- Што болей?..

- Юрка нібы сумняваўся, ці можа ён сам быць камандзірам. Ці мае такое права, калі падазрае, што ўсе астатнія, апроч мяне, яму таксама не давераюць. А недавер байцоў да камандзіра ў такой справе, як разведка - верная пагібель. Таму, калі недавер сапраўды ёсць, ён гатовы стаць радавым, аддаць мне сваё камандзірства. Але для гэтага трэба дазнацца, як яно насамрэч: давяраюць байцы яму, ці не давяраюць. Што наогул яны пра яго думаюць... Ты слухаеш?

- Слухаю... А як даведацца, што пра цябе нехта думае?..

- Ён і падвучыў мяне, як... Сказаў, што ёсць такі прыём разведчыцкі...

- Які?..

Яна яшчэ болей зацікавілася...

- Пасля адбою, калі ўжо клаліся спаць, Юрка ўсім наманіў, што яму трэба на камандзірскі савет, дзе яго, мусіць, здымуць з камандзіраў. Прызначаць камандзірам нашым некага іншага. Ён пайшоў з палаткі, а я, як мы з ім і дамовіліся, разгаварыў байцоў. Спытаўся ў кожнага, што ён пра Жаваранка думае. Варты Жаваранак таго, каб быць нашым камандзірам, ці не...

Тут яна перапыніла мяне, спытаўшы здзіўлена:

- Ты разумеў, што робіш?..

- Разумеў.

- Так, як зараз?..

- Не так, як зараз... Але разумеў...

- І што выйшла?..

- Хто што казаў...

- А Юрка не пайшоў нікуды?..

- Не пайшоў... За палаткай стаяў з боку лесу... Потым тых, хто казаў пра яго кепска, па адным адводзіў у лес і біў... Штоночы вадзіў і біў...

Я зацягнуўся згарчэлай цыгарэтай, мне ўспаміны гэтыя не ў слодыч былі, а яна спытала:

- А ты?..

- Што я?..

- Ты стаў намеснікам камандзіра?..

- Не стаў.

- Сам не стаў, ці цябе не паставілі?..

- І не стаў, і не паставілі... Хіба ў гэтым справа?

- А ў чым?.. Ты ж сказаў, што ў цябе галава закружылася...

- Закружылася ў лесе... Пасля не кружылася...

- Ты ўжо не хацеў быць камандзірам?..

- Не хацеў... Ды які там камандзір...

- А калі б сапраўдны?..

- Гэта ж гульня...

- А ўсё астатняе?..

- Пра астатняе я і хачу ў цябе спытацца... Што ты на гэта скажаш?..

Я сам не чакаў такой размовы наросхрыст, напяўся: што яна прыдумае?.. Бо на такое нават старонняму чалавеку праўду сказаць - гэта ўмець трэба...

Яна адчула маю напятасць...

- Калі б ты ўсё ж камандзірам стаў... ці хоць намеснікам камандзіра... - пачала яна і спынілася. - Не, скажу тое, што думаю...

- І што ты думаеш?..

- Тое, што ўжо сказала...

- Што ты сказала?..

- Што я блядзь.

Я нават не зразумеў яе адразу... Гісторыю гэтую я ніколі і нікому не расказваў, яе толькі гэтак і можна было расказаць - уночы, у зачыненыя дзверы, за якімі даверліва гукаецца нехта, як рэха, якое затухне ў глухіх сценах, знікне - і як і не было нічога. Тут, на гэтай цёмнай лесвічнай пляцоўцы, я раптам распавёў невядома каму пра тое, пра што на светлых пляцоўках і не згадваў, стараўся не згадваць, каб забыць, і яно забылася, замглілася, не ўспаміналася, пакуль не ўсплыло ў казённа абстаўленай кватэры, куды паклікаў мяне Красевіч. Увесь той час, што прагаварыў я з падпалкоўнікам Панком, я глядзеў на яго і бачыў у ім пасталелага Юрку Жаваранка - у нечым яны нават падобныя былі. І мяне кручком падчапіла і ўжо не адпускала пытанне, якое раней, варушачы свае дзіцячыя і юначыя грахі, я і пытаннем не лічыў, бо яно здавалася выпадковым, як сам выпадак:

"Чаму ён з усіх мяне выбраў?.."

Бо я блядзь. Не блядун, а блядзь. А для бляцкіх спраў блядзей і выбіраюць.

Было яшчэ дзесяць... Гэткіх самых падшыванцаў, як і я... Большых і меншых, слабейшых і дужэйшых... Аднолькавых са мной... А выбраў ён мяне... І калі Юрка Жаваранак - выпадак, дык хто тады Шыгуцкі?.. Красевіч?.. Падпалкоўнік Панок?..

- Прасунь сваю трубачку...

- Каньяк скончыўся.

- А... Ну, не трэба...

- Гарэлку будзеш? Ці віно?..

- Гарэлку...

Яна пайшла ў глыбіню кватэры і доўга не вярталася. Мусібыць, вагалася, ці вяртацца. Я нават загадаў: вернецца - не вернецца... На яе месцы я б не вяртаўся.

Яна вярнулася з віном.

- Ён выпівае, вяртаючыся... А там гарэлкі ўсяго паўпляшкі. Падумае, што я выпіла...

- А пра віно не падумае?..

- Віно для яго не выпіўка...

Для каго яно выпіўка - віно?.. Крабіч яго проста вылівае. Хоць айчыннае, хоць французскае... "Ён (не помню, хто) праглынуў шамбэтрэн Кло-дэ-Бэз, як піва, працягнуў бакал за дабаўкай, і я наліў, радуючыся, што гэта не рышэбур..." Песня...

- Ты што там маўчыш?..

- Смакую... Смачнае віно...

- Смакуюць не шклянкамі...

- Няўжо шклянку высмактаў?..

- З верхам... Раскажы яшчэ што-небудзь...

- Табе не хапіла?..

- А што ты расказаў?.. Дзіцячую гісторыю нейкую... Можа, і перажываеш?..

- Праўду сказаць?..

- У нас ноч праўды...

Вось ужо нешта і ёсць у нас...

- Перажываю...

- Тады нашто расказваў? Ты п'яніца-мазахіст?..

- Не. Я і не п'яніца, і не мазахіст...

- А хто ты?..

- Ты ж сама сказала, хто...

- Нічога я пра цябе не гаварыла. Што я пра цябе ведаю?.. Я пра сябе сказала.

Нешта ўпала ў яе - мякка на падлогу шлэпнулася, і яна працягнула па-дзіцячаму пакрыўджана:

- Ну-у во-о...

- Трагедыя?..

- Бутэрбро-о-д... З ікрой паюснай... Я яе лыжкамі ем, так люблю, а тут апошняе намазала - і шлэп...

- Верхам уніз?..

- А то як... У блядзей усё так...

- Што ты на сябе нагаворваеш?.. Якая ты блядзь?.. Ты мужу хоць раз здрадзіла?..

- Ні разу... Не выйшла...

- Ну-у во-о... А туды ж, у блядзі... Заслугі нейкія трэба мець.

- Як у цябе?..

- Маіх табе не здабыць...

- І цяпер ты камандзір?..

Не абы якая дзяўчынка... Прасцей, чым Лі-Лі, чым Каміла, але не простая... Ды просценькіх па нашым часе - пашукаць...

- Больш, чым камандзір... Секс-гералісімус...

- Хто-хто?..

- Дачка мая лічыць, што я вярхоўны сексуальны настаўнік... Секс-гуру...

- У цябе і дачка ёсць?..

- І сын... Яму шаснаццаць.

- А ёй колькі?.. Ці хочаш, угадаю?..

- Ужо ўгадала...

- Дваццаць?

- Дваццаць...

- Абставіўся ты... А як дачка можа лічыць, што ты секс-гуру?..

- Па кітайскай філасофіі...

- Пры чым тут філасофія?.. Ты ж не спіш з ёй?.. Хоць я і пра такое чула...

Я таксама пра такое чуў... Віно змешвалася ўва мне з каньяком, падвясельвала, вызваляла і ад болю ў скронях, і ад усяго вызваляла, і ўжо дробязнай, смешнай здавалася толькі што расказаная, насамрэч дзіцячая, гісторыя - знайшоў што расказваць, з чаго гэта мяне пацягнула? - і малады, інтымна прыглушаны голас жаночы, сама прысутнасць жанчыны, хай за дзвярыма, але гэткімі тонкімі, што чуваць дыханне, плаўна зносілі мяне да таго, для чаго я, можа - няхай сабе бляддзю - і на пляцоўцы гэтай лесвічнай, начной, цёмнай, і ў непрасветным, бляцкім свеце гэтым з'явіўся, дзеля чаго, не шукаючы - лёсам, выпадкам - знайшоў Лі-Лі, толькі пра Лі-Лі больш ні слова, ні слова, не трэба болей пра Лі-Лі...

- Гэта я так, ні пры чым... Прыдумала - і лічыць... Ты ж прыдумала пра сябе, што ты блядзь, хоць ні разу мужу не здрадзіла...

- Дык пра сябе - не пра некага... І я не прыдумала, я сябе адчуваю так з-за яго... Разумееш?

Мне ўжо не надта хацелася нешта разумець...

- І даўно ты з ім?..

- Тры гады... Як школу скончыла...

- Цэлкай?..

- Гэта важна?..

- Для мяне не...

- А для яго важней за ўсё было... Цэлкай. Каб ведала, я б сама яе зламала...

- Што ведала?..

- Што будзе так, як ёсць... Я на цэлку гэтую і замкнёная. Ён зацыклены, дакрануцца да мяне не дае нікому... Калі б ён мяне не трымаў, адпускаў, і калі б я нават спала, з кім папала, я ўсё адно не была б бляддзю... А так расселася ўночы пад дзвярыма, дымлю, п'ю з мужыком нейкім, байкі ягоныя дзіцячыя слухаю - і ведаю, што блядзь...

Яна прагаварыла гэта такім спякотным шэптам, што я адчуў яе цела - імклівае, струменістае цела. Скрозь дрэва пранізвалася ягоная гарачыня, неспатольнасць, прага - і я спытаў:

- Лі-Лі, ты мастурбіруеш?..

Яна не заўважыла блытаніны, злучка ў імені...

- Лашчуся...

Ноч праўды...

- Ты голая?..

- У начнушцы...

- Скінь...

- Нашто?..

- Скінь, я хачу паласціццца з табой голай...

- А дзверы?..

- Не ў памеху...

- Тады і трусікі зняць?..

- І трусікі здымі...

Яна на момант стаіла дыханне, яе дыханне здзіўлялася таму, што яна вырабляе, але дыханне хацела, каб так дзіўна было, і праз паўзу яна задыхала часцей, паднялася, мы падняліся разам...

- Скінула...

- І трусікі?..

- І трусікі...

- Стаіш голая?..

- Голая...

- Зусім?..

- Зусім...

- Перад голым мужыком?..

- Перад голым...

- Незнаёмым табе?..

- Незнаёмым...

- Кончаная блядзь?..

- Кончаная...

- Для кончанай блядзі нечага не хапае...

- Не хапае... Чаго?..

- Таго, што робіцца не праз дзверы... Але мы зробім гэта праз дзверы, бо ты не блядзь... І дзвярэй паміж намі няма...

- Няма...

- Прыцісніся да мяне...

- Я прыціснулася...

- Мацней... Абдымі мяне...

- Абняла...

- Я не адчуваю... Дзе ты?..

- Тут... З табой...

- Уся са мной?..

- Да кропелькі...

- Цяпер адчуваю... Пацалаваць цябе?..

- Пацалуй...

- Якая ты пяшчотная... Такіх пяшчотных болей няма, ва ўсім свеце няма, толькі ты... Якія салодкія твае губы... Тонкая шыя... Мяккія плечы з гэтымі радзімкамі... я сцалую адну, нічога?..

- Нічога... Іх многа...

- Дзве на левым і тры на правым...

- Тры на левым і дзве на правым...

- І па адной на грудзях...

- На грудзях не было ў мяне радзімак...

- Я пасадзіў іх... Зняў з плячэй і пасадзіў... Круглыя якія ў цябе грудзі... Пругкія саскі... Ты не карміла дзіця, мяне чакала...

- Цябе чакала...

- І між грудзямі пахне пралескамі... Да самага жывата пахне... да пупка... і ніжэй, да ўзлеску... Я пагуляю ў ім?..

- Пагуляй...

- Шаўкавісты які... А пад ім нешта пульсуе, б'ецца... Крынічка?..

- Крынічка...

- І можна папіць?..

- Можна... Папі...

- Як хмельна... Хмельная крынічка з шаўковымі беражкамі... Я ў яе нырнуць хачу... Увесь-увесь хачу ўвайсці ў яе, колькі мяне ёсць...

- Увайдзі...

- Я абдымаю цябе?..

- Абдымаеш...

- За плечы?..

- За плечы...

- За спіну?..

- За спіну...

- За ўсё?..

- За ўсё...

- Не занадта моцна?..

- Не, можаш мацней...

- Так?..

- Так... Яшчэ мацней...

- Ты йдзеш да мяне?..

- Іду...

Я ўдарыўся ў дзверы - хмелем, жаданнем:

- Ідзі да мяне!.. Я так хачу быць з табой, салодкая мая, страсная, спякотная, увесь хачу быць, тут, тут, у табе, ва ўсёй табе, у глыбіні тваёй, я так цябе прагну, што ні раблю - пра цябе думаю, шукаю цябе, без цябе сумую, я жыць без цябе не магу, так кахаю, так хачу, каб ты мяне кахала, была са мной, нікуды і ніколі не знікала, была і была, толькі ты была, і нікога, апроч цябе, я жыць без цябе не магу, паміраю, ты болей не прападай, не прападай, будзь са мной, будзь, ідзі да мяне, Лі-Лі!.. - каханая, каханая, адзіная, адзіная - о-о-о...

- Ёй-ёй-ёй-ёй-ёй.. - тоненька, высока наклаўся яе голас на мой, - ёй-ёй-ёй... ёйёйёйёйёйёйёй... як соладка... ёй-ёй-ёй-ёй-ёй...

Я не кончыў - час палюцый маіх даўно мінуў... Але я быў з Лі-Лі, толькі што соладка быў з Лі-Лі... Я кахаю цябе, Лі-Лі, дзе ты падзелася?..

Ёйкаць за дзвярыма перасталі і шапнулі:

- Ламані...

- Што ламануць?..

- Дзверы... Яны тонкія...

- А пасля?..

- Пажар наладзім... Пажарным пазвонім, яны ўсё тут пераламаюць...

Гэты ўжо была б забаўка на ўсю ноч...

- Не, я пайду... Другім разам падпалім...

- Другім разам такога не будзе...

- Будзе... Дабранач... Дзякуй табе...

Я павярнуўся да лесвіцы, дзверы рванулі знутры:

- Раман!.. Раман Канстанцінавіч... Эй!..

Без пажара ў гэтым доме не абыйдзецца... Але без мяне, я пазабаўляўся нядаўна ў адным доме... І я рушыў з пад'езда на вуліцу.

Пакуль цягнуўся наш раман праз дзверы, ноч устала над Грушаўкаю ў поўны рост - іскрыстая, дрыготкая, з Млечным Шляхам, месяцам, сузор'ямі...

- Эй!.. - пачулася з-пад месяца. - А пакой паглядзець?..

Лілія, аблітая месячным святлом, стаяла на балконе... Як і ноч, у поўны рост стаяла - голая ў сузор'ях. Я адыходзіў, а яна свяцілася, фасфарыцыравала і раставала ў месячным святле...

Здань.

Уверх

1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 | 16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22
  © 2004-2005 Дызайн і распрацоўка - Венско Дзмітрый aka sEXEcutor
© Усе правы захаваны. Перадрук матэрыялаў толькі са спасылкай на Nekliaev.by.