
"Большасць тых, хто жыў на свеце,
жылі-былі мышамі..."
З недапісанай казкі.
Мужа Клаўдзіі Львоўны звалі Артурам і ён быў катом. Не памаўзлівым мужыком
- і катом, значыць, у нейкім там пераносным сэнсе - а натуральным кацярам з усімі
атрыбутамі. І з тымі, пра якія вы найперш падумалі, таксама. "О-го-го!"
- казала ў такіх выпадках Клаўдзія Львоўна, і сяброўкі паглядалі на яе Артура
позіркамі хуткімі і хітрымі.
Нельга сказаць, што Клаўдзія Львоўна ўсё жыццё толькі і думала, як бы выйсці замуж
за ката. Зусім не. Больш таго, яна ўжо ледзьве не пайшла за Стася Цянькоўскага.
Стась пад гэта і катэдж на яе перапісаў, і рарытэтны "Volkswagen-1300"
сонечна-жоўтага колеру ад немцаў прыкаціў, а тут прыходзіць да Клаўдзіі Львоўны
таварышка яе даўняя, Каця Цімашук, і слухайце, што кажа: "Мне на работу на
ўсё лета ў Іспанію, туды з катамі на ўсё лета не бяруць, дык ты майго Артура паглядзі".
Клаўдзія Львоўна адказвае ёй, што не можа, бо замуж збіраецца. Каця спачатку давай
на яе касавурыцца ды злавацца, маўляў, што за сяброўка такая, не можаш з катом
на руках замуж схадзіць, а пасля раптам пракідвае:
- Дык ты за Артура і выходзь.
- Як гэта? - не зразумела Клаўдзія Львоўна. - За твайго ката?
- А чым ён горшы за твайго Стася? - слушна спыталася Каця. - Нічым не горшы, да
таго ж яшчэ і кот...
І так яно ўсё неяк само па сабе і вырашылася.
Стась, канечне, здорава ўзнерваваўся. Думаў, праблемы з вяртаннем катэджа ці "Фольксвагена"
ўзнікнуць, але Клаўдзія Львоўна адпісала назад і катэдж, і "Фольксваген",
хоць Артур пярэчыў.
- Гэта ж не нашае, Артур, - прысароміла Клаўдзія Львоўна.
- І не ягонае! - катэгарычна адрэзаў Артур. - Стась твой, зладзюга, смятану вагонамі
крадзе і за паўцаны ў Расею збывае, а ў нас смятаны не тое што катам - дзецям
не стае.
- Які ён мой?.. І скуль ведаеш, што злодзей? - здзівілася Клаўдзія Львоўна. -
Ён жа ў Кіраўніка Дзяржавы ва ўпраўленні справамі завіхаецца.
- Усё пра ўсіх ведаю, - таямніча прамовіў Артур. - На тое і кот. Аднойчы Кіраўнік
Дзяржавы на сваім самалёце ў Сочы ледзь не разбіўся. Дык за тое, што жывы застаўся,
Стась ногі яму цалаваў. "Правільна, што цалуеш, - пахваліў Кіраўнік Дзяржавы.
- Калі б я загінуў, дык цябе за адну смятану да канца жыцця з турмы б не выпусцілі.
Не кажучы пра масла".
Клаўдзія Львоўна насцярожылася.
- Хіба каты ўсё і пра ўсіх ведаюць?
- Пра цябе не ўсё, - супакоіў яе Артур. - Ты для мяне таямніца, таму з табой і
ажаніўся, хоць не надта хацеў.
Пачуўшы такое прызнанне, Клаўдзія Львоўна надумала па-жаночаму ўскрыўдаваць, але
трохі разважыла і перадумала, крыўду адкінула, бо ад пачатку дамовілася з Артурам,
што казаць адно аднаму будуць яны толькі праўду. А дамоўленнасць з катом - гэта
не тое, што дамоўленасць з чалавекам, калі дамаўляюцца пра адно, думаюць пра другое,
а робяць трэцяе і зусім іншае.
- Ён нейкі па-звярынаму шчыры, - заўважыла, як першую праблему ў новым сямейным
жыцці, маці Клаўдзіі Львоўны, якой Артур намяўкнуў, што нездарма людзі кажуць:
калі хочаш ведаць, якую займееш жонку, прыгледзься ўважліва да будучай цешчы.
"Шкада, - сказаў Артур цешчы, - што перш, як ажаніцца, не меў магчымасці
на вас хоць зірнуць. Дальбог, дзевяноста дзевяць разоў падумаў бы..."
- Чаму дзевяноста дзевяць? - не зразумела цешча.
- Да ста лічыць не ўмею, - насмешліва і нават нахабнавата дазволіў сабе аджартавацца
Артур.
- Ай ды малайчына! - у захапленні ўскінуўся з канапы Леў Міронавіч, бацька Клаўдзіі
Львоўны, якому жыць з яе маці даўно абрыдла, але паколькі між імі таксама была
дамоўленасць, што казаць яны адно аднаму будуць толькі праўду, дык ён і казаў,
што толькі адну адзіную яе кахаў і кахае. - Во гэта кот! Усім катам кот! І дзе
ты, Клава, такога знайшла ў нашым сабачніку?
Леў Міронавіч і Артур адразу пасябравалі, за што адразу і выпілі: адзін - каньячку,
а другі - валер'яначкі.
Артур, які Льва Міронавіча трошкі пабойваўся, бо ў таго на насценным дыване над
канапай вісела імянная зброя, пасля першага кілішка расслабіўся, закінуў лапу
на лапу.
- У Клавы іншым разам пытаюцца: а чаму гэта ў цябе кот у мужыках? Дык я вучу яе
ў адказ пытацца: а ў прэзідэнтах у нас хто? А хто ў нас ва ўрадзе? А хто ў парламенце?..
- Шакалы! - шалеў Леў Міронавіч. - Свінні! Пацукі з мышамі!.. - І ўсё ўскокваў
з канапы - і то хапаўся за зброю, то падліваў сабе каньячку, а Артуру валер'яначкі.
Урэшце, падліваючы напоі і ўжо зусім па-бацькоўску пазіраючы на расслабленага
і праўдзівага Артура, Леў Міронавіч сам расслабіўся і даверліва прызнаўся кату,
што быў некалі першым сакратаром цэнтральнага камітэта партыі.
- Дык вы ж загінулі, - засумняваўся Артур, які ўсё і пра ўсіх ведаў. - Вам жа
маскоўскія кадэбэшнікі аўтакатастрофу падстроілі, бо вы ў Крэмль мецілі.
- У Крэмль меціць небяспечна, - прайшоўшы да партрэта Кіраўніка Дзяржавы, які
вісеў на пачэсным месцы, у кухні над газавай плітой, задуменна пабарабаніў пальцамі
па пустой місе Леў Міронавіч.
- Ён, па-мойму, перадумаў, - сказаў Артур. - Але вы як выкруціліся?
Леў Міронавіч вярнуўся на канапу, наліў каньяку, узяў скрылік лімона і выціснуў
з яго ў чарку зярнятка, якое плаўна патанула.
- Так вось і выкруціўся... Лёг на дно.
- Не, ну, Леў Міронавіч!.. - нібыта нават трохі закапрызнічаў, як свой у сям'і,
Артур.
- А мае хлопцы-партызаны мяне папярэдзілі - і мы падсунулі для аўтакатастрофы
двайніка! - паціраючы рукі над кілішкам з каньяком з патанулым зярняткам, шчасліва
рассмяяўся Леў Міронавіч. - Рэцыдывіста, якога і так бы расстралялі, дык ён хоць
пад скон захацеў паслужыць радзіме. Яго са славай пахавалі - і такое ў мяне слаўнае
жыццё пачалося! Нават не думаў, што без улады так хораша жыць можна! Ну, будзь
здароў!..
- Ну і ну! - выпіў валер'янкі і выцер вусы Артур. - Я тады зусім кацяня быў -
і то, помню, плакаў... Каб толькі пачуць такое, варта было, скажу я вам, з вашаю
Клаваю ажаніцца.
- Агентура, - незразумела што і да чаго шэптам сказаў Леў Міронавіч і даліў Артуру
валер'янкі. - Ты ад мяне яшчэ не тое пачуеш... Вось ведаеш ты, што цяперашні наш
Кіраўнік Дзяржавы таксама двайніком час ад часу падмяняецца?
- Э, - адмахнуўшыся лапай, не даў веры Артур. - Такога падмяніць - што ката на
сабаку, адразу б заўважылі.
- А тут так хітра ўсё змайстравана, што не кожны заўважыць, - паказытаў яго, як
неразумнае кацяня малое, Леў Міронавіч. - Словы казаць выстаўляецца адзін чалавек,
а справу рабіць - другі. Дык вось тое, што трэба гаварыць, гаворыць ён, а ўсё
наадварот робіць іншы. Таму, калі ён кажа пра дабрабыт, дык чакай галечы. А паколькі
пра галечу ён не кажа, дык дабрабыту і не чакай. Ты прыгледзься ўважліва да ўсяго
гэтага, прынюхайся. Прылавіся ўрэшце, калі катом на белы свет з'явіўся!..
І пачаў Артур прыглядацца, прынюхвацца, аднак нічога такога, пра што казаў Леў
Міронавіч, не заўважаў, а прылавіцца як след ніяк не ўдавалася, бо надта ж далёкім,
высокім, недасяжным быў той сам-Кіраўнік, ці то ягоны двайнік. Ды яшчэ і ахоўнікаў
вакол яго віравала столькі, што куды там кату - мышы не прашмыгнуць. Аднойчы ў
лядовым палацы, дзе Кіраўнік Дзяржавы ў хакей гуляў і клюшку зламаў, Артур да
яго з новай клюшкаю кінуўся. Дык ахоўнік схапіў за хвост - і аб лёд галавой! А
Кіраўнік ката на клюшку - і ў вароты, як тую шайбу! І пяць тысяч адных ахоўнікаў,
бо нікога болей у палац не ўпускалі, як заравуць у адно горла: "Го-о-л!"
- і суддзя свішча і крычыць: "Го-о-л!" - і свісток ягоны пішчыць: "Го-о-л!..
"Ледзьве пасля ўсяго гэтага Артур ачомаўся. Плюнуць ужо хацеў і на таго Кіраўніка,
і на ягонага двайніка, бо жыццё даражэй, але быў Артур, па-першае, катом на дзіва
ўпартым, а, па-другое, падвярнуўся і дапамог, як заўсёды, выпадак.
Клаўдзія Львоўна, калі гэтак яе, па бацьку, называць, дык, можа, і ўяўляецца некаму
старой пацучыхай, з якой хіба толькі кот і ажэніцца. Але калі Клаўдзію Львоўну
называць Клавай ці Клаванькай, дык ёй дваццаць два гады - і яна адначасова і мадэлька,
і спявачка, і танцорка, ды й наогул яна ў ліку першых нашых прыгажунь, калі не
найлепшая з іх. А інакш за што б Стась Цянькоўскі, які капейчыну нікому каля царквы
не падасць, яшчэ да вяселля ёй катэдж з машынай адпісваў?
А ў Дзяржаве якраз СЧЗК - Свята Чарговай Змены Канстытуцыі. Кіраўнік Дзяржавы,
якога скарочана КДБ завуць, бо назва Дзяржавы на Б пачынаецца, Канстытуцыю змяняе,
паўнамоцтвы свае доўжыць - і далей кіруе. Таму што няма ў Дзяржаве нікога іншага,
хто б мог пакіраваць. І народ, натуральна, шчасце сваё разумее і з гэтай нагоды
гуляе, не кажучы ўжо пра ўрад і парламент. Праз тое КДБ пры кожнай змене Канстытуцыі
нешта накшталт дня нараджэння спраўляе - і ў ягоную рэзідэнцыю запрашаюцца лепшыя
з лепшых, каб віншавальныя тосты прамаўляць, спяваць, скакаць і, хто чым можа,
КДБ адорваць.
За тое, каб адзначыцца на Свяце Чарговай Змены Канстытуцыі ў рэзідэнцыі Кіраўніка,
сярод лепшых з лепшых вяліся нечалавечыя бойкі, усчынялася звярыная грызня, і
Клаўдзія Львоўна, хоць была і мадэлькай, і спявачкай, і танцоркай, і прыгажуняй,
ніколі ў бойкі тыя не лезла, бо на перамогу не мела ніякіх спадзяванняў. Але гэтым
разам распарадчыкам на свяце, ці, калі заўгодна, цырымоніймайстрам, аказаўся Стась
Цянькоўскі, які зрабіў нечаканы жэст на развітанне і перадаў для Клаўдзіі Львоўны
адмысловае запрашэнне ад КДБ.
- А падарунак для яго ты ўжо з-пад кацінага хваста вытрасай, - сказаў Стась груба
і так вульгарна, што Клаўдзія Львоўна нават замаркоцілася.
- Ты чаго сумуеш? - пацікавіўся Артур, і калі Клаўдзія Львоўна распавяла пра грубасць
і вульгарнасць цырымоніймайстра, Артур падумаў, прынюхаўся да сітуацыі і спытаў:
- А чым я не падарунак? Я, канечне, не сіямскі і не ангорскі, звычайны кот з сярэднім
хвастом сярэдняй пушыстасці, але ж валер'янку з кілішка п'ю і лапу на лапу закідваю...
Ды й сказаць што-небудзь пры выпадку не праміну, і ўмею выгляд зрабіць задуменны...
Каты наогул на філосафаў падобныя. Я б сам сабе ката завёў, каб не меў сябе самога.
- Ты ж мне муж, як я цябе падарыць магу? - яшчэ болей замаркоцілася з такога глупства
Клаўдзія Львоўна, але Артур нагадаў ёй казку пра Ката ў ботах, якога ўсё дарылі,
а ён усё да гаспадара вяртаўся, і да Клаўдзіі Львоўны ўрэшце дайшло, што гэткім
мудрым катом калі й ахвяраваць, прынесці яго некаму ў падарунак, дык толькі Кіраўніку
на карысць Дзяржаве. - Давай паглядзім, куды ўпакаваць цябе, - прымерылася яна,
як краўчыха, да Артура. - Не за хвост жа цягнуць...
Палазілі, пашукалі, знайшлі пад канапай пыльны, яшчэ ад першых прэзідэнцкіх выбараў,
мяшок - у яго Артур і скочыў. А Клаўдзія Львоўна завязала мяшок чырвонай стужкай.
- Зялёнай яшчэ давяжы, - сказаў Артур з мяшка. - Раптам мяне над рэзідэнцыяй уздымуць.
- Ты і праз мяшок бачыш? - адрэзала зялёную стужку ад сцяга Рэспублікі Ічкерыя
Клаўдзія Львоўна. З гэтым сцягам Артур бегаў на ўсялякія шэсці, мітынгі ды пікеты,
і праз тое Клаўдзія Львоўна аднойчы нават западозрыла, што ён чачэнец. Але Артур
паказаў ёй, як лёгка чачэнскі сцяг пераўтвараецца хоць у тутэйшы дзяржаўны, хоць
у тутэйшы нацыянальны, і Клаўдзія Львоўна супакоілася на тым, што Артур толькі
хітры, як чачэнец, а ва ўсім астатнім - звычайны нацыянал-дэмакрат. Зараз, успомніўшы
гэта, зялёную стужку ад сцяга яна і адняла.
- Я скрозь усё бачу, - адказаў Артур. - На тое і кот. Калі самалёт Кіраўніка Дзяржавы
над Югаславіяй ледзь не збілі, бо на ім сцяг з зялёнай стужкай намаляваны быў,
дык Стась Цянькоўскі плакаў з таго, што яго не збілі. "Правільна плачаш,
- пахваліў Кіраўнік Дзяржавы. - Я з цябе скуру здзяру за тое, што плакалі ў Югаславіі
нашы грошы".
- Цяжкі ты які! - усцягваючы мяшок на плечы, пажалілася Клаўдзія Львоўна. - А
нібыта і есці ў Дзяржаве няма чаго.
- Каты, калі есці няма чаго, мышэй ядуць, - перакруціўся Артур на бок, каб не
муляцца з Клаўдзіяй Львоўнай спінай аб спіну...
- Што ў вас у мяшку? - спыталіся ахоўнікі пры ўваходзе ў рэзідэнцыю.
- Кот, - адказала Клаўдзія Львоўна.
- Які яшчэ кот? - сурова перапыталі ахоўнікі. - А ну паказаць!
Клаўдзія Львоўна развязала мяшок, Артур стаў на заднія лапы і пакланіўся ахоўнікам,
прыціснуўшы правую пярэднюю лапу да сэрца.
- Не наш нейкі, хоць і надта на некага з нашых падобны, - засумняваўся адзін з
ахоўнікаў, нервова перакінуўшы аўтамат з рукі ў руку. - Я б яго не прапускаў...
- Ды наш, наш! - супакоіў яго другі ахоўнік, віхлясты з выгляду і блазнаваты.
- Я ведаю яго, з ім Кіраўнік Дзяржавы ў хакей гуляў. Прапускай давай!
- Дык, можа, без мяшка? - паспрабаваў хоць у нечым настаяць на сваім першы ахоўнік.
- Можна і без мяшка, - згадзіўся, пакасіўшыся на аўтамат, Артур, склаў мяшок,
сунуў яго пад паху, а вольнай лапай узяў пад руку Клаўдзію Львоўну. Так паўз аслупянелую
ахову яны і прайшлі.
Натоўп дараносцаў, альбо дураносцаў, Бог ведае, як іх назваць, расцякаўся ў чатыры
чаргі праз усю банкетную залу, у процілеглым канцы якой - пад сваім партрэтам
ва ўсю сцяну - стаяў Кіраўнік Дзяржавы і, абыякава адсоўваючы ўбок падарункі,
слухаў, як і хто яму спявае, глядзеў, як і хто перад ім скача.
У цэнтры залы круціўся Стась Цянькоўскі. Убачыўшы Клаўдзію Львоўну на пару з Артурам,
кінуўся да іх.
- Ты як яго правяла, я ж табе адной спецыяльнае запрашэнне перадаў? - адвісла
сківіца ў Стася.
- Я адна і ёсць, - сказала Клаўдзія Львоўна. - А гэта мой падарунак з-пад кацінага
хваста.
- Арыгінальна, - ацаніў Стась. - У нас тут конкурс на лепшы падарунак, дык можаш
яго выйграць. - І раўніва ўгледзеўся ў Артура: - Не ангорскі, не сіямскі... Звычайны
кот з хвастом, што ты ў ім знайшла?..
Калі падсунуліся яны ў чарзе пад велізарную люстру ў сярэдзіне залы, з люстры
раптам спрытней за ката скочыў Леў Міронавіч з імянной зброяй у руках, і чамусьці
і на зброю ягоную, і на яго самога ўсім было начхаць.
- Шакалы, свінні, пацукі з мышымі - і скрозь агентура... - зашаптаў Артуру на
вуха былы першы сакратар цэнтральнага камітэта партыі. - Прынюхайся як след, я
сам не магу разабрацца, двайнік сёння тут, ці не.
- Разбяруся, - паабяцаў Артур. - А калі двайнік, дык што?
Леў Міронавіч задумаўся на імгненне і па-заліхвацку, як каўбой, крутнуў на пальцы
пісталет.
- Бі, чым папала, і крычы пра нацыянальную здраду. Што яны табе, кату, зробяць?
А мы скруцім яго, мае партызаны напагатове. Толькі б люстра не ляснулася, - заклапочна
паглядзеў ён пад столь. - Але яна яшчэ ў мае часы вешалася, павінна вытрымаць.
На люстры, абляпіўшы яе, як шышкі яліну, сядзелі і смалілі самакруткі партызаны
- усе ўзброеныя новенькімі аўтаматамі Калашнікава.
- У Стася Цянькоўскага купілі, - перахапіў Леў Міронавіч здзіўлены позірк Артура.
- Ён бацьку роднага прадасць, такая гніда.
- Дык гэта ж дзяржаўны пераварот, - насцярожана выказаў сваё меркаванне Артур,
які падобнага развіцця падзей ніяк не прадбачыў.
- А што рабіць застаецца? - развёў узброенымі рукамі Леў Міронавіч. - Я і рэкі
з азёрамі асушаў, і старыя вуліцы з храмамі рушыў, і мову родную карчаваў, а пра
мяне ў школах расказваюць, які я легендарны герой і слаўны сын свайго народа.
Ды яшчэ помнік мне ставіць збіраюцца!.. Колькі ж такое трываць можна?
- Ну, не ведаю, - пачухаў за вухам Артур. - Калі кот мышэй не ловіць, а пра яго
ў школах байкі баяць, дык што ў тым для ката кепскага?
- Каты не людзі - і не маюць партыйнай прынцыповасці! - прыставіў яму пісталет
да вуха Леў Міронавіч, і Артур вымушаны быў згадзіцца, што яно сапраўды так.
Чэргі дураносцаў хоць і былі даўжэзнымі, як у спусцелых пры КДБ крамах, але рухаліся
даволі хутка, бо ўсе і спявалі адно і тое ж, і скакалі прыблізна аднолькава. Кіраўніка
Дзяржавы гэткая адсутнасць фантазіі стамляла і раздражняла, ён нецярпліва махаў
рукой, чарговага дураносца перапынялі, налівалі яму чарку, давалі скварку - і
выпраўлялі за дзверы. Калі ж Кіраўнік Дзяржавы кінуў вокам на залу і заўважыў
у самым канцы самай апошняй чаргі Клаўдзію Львоўну, дык наогул пагнаў дураносцаў
строем па чацвёра ў шэраг: на чатырох адна чарка, на чатырох адна скварка - і
за дзверы, на чатырох чарка, на чатырох скварка - і за дзверы... Незнаёмая прыгажуня
з катом яго відавочна прывабіла. Ката, праўда, ён недзе раней бачыў, але не мог
успомніць, дзе - ды й чорт з ім, з катом!..
Нечакана кінула работу ў Іспаніі, невядома як з'явілася ў банкетнай зале і стала
ў чарзе за Клаўдзіяй Львоўнай з Артурам тая самая Каця Цімашук, якая для Клаўдзіі
Львоўны была сяброўкай, а для Артура гаспадыняй, хоць нібыта ўжо колішняй.
- Ставай паперадзе, - прапанавала ёй Клаўдзія Львоўна. - Ці ўсе разам давай пастаім.
Чаго ты ззаду туляешся?
- Нічога, - падціснула губы Каця, адразу заўважыўшы, як паглядвае на Клаўдзію
Львоўну Кіраўнік Дзяржавы, былы яе палюбоўнік. - Мы і за спінамі сваё ўбачым.
Мы за катоў замуж не выходзілі, каб паперадзе стаяць.
Во так яно па-нашаму! Сама Клаўдзію Львоўну з катом сасватала - і сама яе ў тым
звінаваціла!
Убачыў Кацю Цімашук і Кіраўнік Дзяржавы; кіўком пальца падазваў да сябе Стася
Цянькоўскага і незадаволена нешта сказаў; Стась паслухаў яго і подбегам падкруціўся
да ахоўнікаў; два ахоўнікі моўчкі рушылі да Каці, узялі яе за рукі ды ногі, паднялі,
разгушкалі і выкінулі ў акно.
Артур не страціў да Каці ранейшых сімпатый і падумаў, што лепш бы выкінулі яго.
Для яго такі палёт - хоць бы што, а для былой ягонай гаспадыні - наўрад ці...
Хоць тут і другі паверх, але высачэзны, і ўнізе не пярына, а мармуровыя прыступкі...
Калі чарга адорваць КДБ дайшла да Клаўдзіі Львоўны, нікога з людзей, апроч яе,
у банкетнай зале ўжо не заставалася. Толькі кот Артур, Кіраўнік Дзяржавы, Стась
Цянькоўскі, ахоўнікі ды нікому не бачны, нібы з паветра злеплены, Леў Міронавіч
з імянной зброяй у руках і сваімі партызанамі на люстры.
- А што з табой за кот мудакаваты? - спытаўся Кіраўнік Дзяржавы. - Здаецца, недзе
бачыў я яго...
- Значыць, гэта лёс, - уздыхнула і развітальна пагладзіла Артура Клаўдзія Львоўна.
- Значыць, вы пра яго думалі, калі вам так здаецца. Значыць, вы яго палюбіце.
Гэта вам падарунак мой на Свята Чарговай Змены Канстытуцыі.
- Ты выйграла конкурс! - абвясціў Кіраўнік Дзяржавы. - І табе прыз. А прыз - гэта
я. Цяміш?
- Так, - сарамліва апусціла вочы Клаўдзія Львоўна. - Мне Каця Цімашук расказвала.
- Якая Каця? - злосна не зразумеў Кіраўнік Дзяржавы. - Няма і не было ніякай Каці!
Ці хочаш злятаць паглядзець?
- Не, - таропка адмовілася Клаўдзія Львоўна. - Хіба што Артур...
- Артур дык Артур, - згадзіўся КДБ, якому было ўсё адно, каго выкідваць, абы было
каго. - Кажы, кацяра, сваё апошняе жаданне! Чарку і скварку хочаш?
- Дзякуй, перад палётамі не п'ю, - з цырымонным рэверансам падзякаваў Артур і
ступіў бліжэй да Кіраўніка Дзяржавы, на што ахова на гэты раз неяк дэманстратыўна
не звярнула ўвагі. - Хіба што з вашых рук для Льва Міронавіча...
Нікому не бачны Леў Міронавіч выпіў чарку, закусіў скваркай і махнуў рукой нікому
не бачным партызанам, каб спускаліся да стала. Адзін партызан павіс на люстры
на руках, другі - на ягоных нагах, трэці - на нагах другога, і так яны ўсе, роты
чатыры, адзін за адным ланцужком і спусціліся. Толькі той першы, што на руках
вісеў, падцягнуўся і з кулямётам застаўся на люстры.
- Як пераможца конкурсу маеш прыз і застаешся сёння са мной, - пляснуў Клаўдзію
Львоўну па хвастцу Кіраўнік Дзяржавы.
- Бі! - крыкнуў Леў Міронавіч. - Двайнік!
- Пераварот! Здрада! Арыштаваць! - закруціўся верталётам Стась Цянькоўскі, але
тыя ж ахоўнікі, якія выкінулі ў акно Кацю Цімашук, узялі яго за рукі ды ногі і
падкінулі пад столь. Стась ухапіўся за люстру і думаў адвісецца, пакуль усё скончыцца.
Партызан на люстры з прададзенага Стасем кулямёта трах-тах-тах па ім!.. А Стасю
з таго нічога. Тады партызан дастаў з кішэні рагатку са сталёвым прабоем, папляваў
на той прабой, прыцэліўся - і Стась сам адпусціў люстру.
- Бі! - у адзін голас, як "ура" на парадзе, грымнулі партызаны - і Артур
з перапуду лупянуў Кіраўніка Дзяржавы пыльным мяшком.
Пыл падняўся несусветны... А калі ён развеяўся - на месцы Кіраўніка Дзяржавы пусты
мяшок ляжаў. Стась Цянькоўскі, які кулямёт з гнілымі патронамі партызаным прадаў
і праз тое жывы застаўся, падпоўз да мяшка, памацаў, прыклаўся вухам, нарэшце
зазірнуў у мяшок і страшныя вочы зрабіў - пуста!
Бегалі, шукалі і ў полі, і ў лесе, але КДБ нідзе не аказалася. Усе, хоць і ў пыле,
знайшліся на сваіх месцах, а ён не знайшоўся. І нічога ад яго, апроч пылу, не
засталося.
Начальнік аховы, генерал СБ КДБ, Службы Бяспекі Кіраўніка Дзяржавы, атросся ад
пылу і патлумачыў:
- Анігіляцыя.
Ніхто генерала не зразумеў, ды й сам генерал зразумеў сябе не адразу. Таму адчуў
неабходнасць датлумачыць.
- Ён і так быў пыльным мяшком стукнуты, у другі раз нельга было... Можна было
хоць пнём, хоць калодай, але не мяшком... Матэрыя сутыкнулася з антыматэрыяй,
пасля гэтага нічога не застаецца. Дзіўна, што застаўся пыл.
Усе слухалі генерала і азіраліся па баках. Генерал зняў фуражку, здзьмуў апошнюю
пылінку з цэшкі, зноў надзеў фуражку, пранізліва глянуў на ўсіх і паўтарыў:
- А-ні-гі-ля-цы-я. Дзіўна, што застаўся пыл.
Сiберным скразняком пацягнула ад пранізлівага пагляду генерала - і тут ужо нават
недаверкі ўцямілі, што ў выніку аднаму генералу вядомай анігіляцыі Кіраўнік Дзяржавы
знік не толькі бясследна, але і незваротна.
- А што ён зрабіў для народа, каб застацца? - спачатку тупнуўшы па мяшку, а пасля
і скочыўшы на яго абедзьвюма нагамі, першым спытаўся раптам Стась Цянькоўскі,
і Леў Міронавіч зірнуў на яго з цікаўнасцю.
- Леў Міронавіч, што далей рабіць?.. - нібыта задумаўся, прышчоўкнушы абцасамі,
генерал. - Некага ж трэба народу час ад часу паказваць... Ці кінем гэтую цяганіну
з двайнікамі і сапраўдныя выбары прызначым?
Леў Міронавіч уздыхнуў цяжка і скрушна.
- Збіраліся мы на палітбюро... Думалі, гадалі... Вырашылі, што не саспеў наш народ
для выбараў. Так што майструйце, хлопцы, замену. Толькі талковага двайніка давайце,
каб хоць тое разумеў, хто сапраўды ён, а хто сапраўды мы. А то ён байкі пра мяне
ў школах баяць будзе, засранец...
- А з каго майстраваць? - спытаў генерал і чамусьці затрымаў позірк на Стасе Цянькоўскім.
- Сапраўды, з каго? - на цырлы прыўзняўся на мяшку Стась, які паціраў бакі і ўсім
сваім выглядам паказваў, што цалкам цяпер на баку генерала і Льва Міронавіча,
ахоўнікаў і партызанаў.
- Ну, не з цябе, канечне, - скрывіўся на ягоны кругла-маслены твар Леў Міронавіч.
І кіўнуў начальніку аховы ў бок Артура. - А што, калі з яго, га, генерал?.. Глядзі,
які падобны... Вусаты, лысаваты... І лапу да сэрца прыціскае...
- Прыціскае, дык можна і з яго, - абыякава пацепнуў плячыма генерал - і бац-бац,
бац-бац, бац, бац, бац, бац:
- Гатовы.
Перад усімі, прыціскаючы руку да сэрца, стаяў нанова злеплены Кіраўнік Дзяржавы,
толькі апрануты трохі не так, як папярэдні, і з хвастом. А ў астатнім - не адрозніць...
- Пераапрануць мы яго пераапранем, - не зусім задаволена сказаў Леў Міронавіч.
- А хвост?
- Вінаваты, - пачырванеў генерал. - Ніколі з катоў не ляпіў. - І ўзяў са стала
нож.
Артур надзьмуўся, вочы вылупіў, вусы нашчацініў і гаркнуў на генерала, ткнуўшы
ў яго пальцам:
- Усё пра ўсіх ведаю!.. І хто тут СБ, і хто там ФСБ!.. Твая служба - не хвасты
катам абразаць! Твая служба - людзей шукаць, якія ў Дзяржаве маёй прападаюць!
Бандытаў лавіць, што з распраўляюцца з імі! А ты сам за маёй спінай з усімі распраўляешся?!.
У міністры адпраўлю! Галаву скру-чу!!! Ногі па-вы-ры-ва-ю-ю!..
Ух, як страшна стала!.. Але не ўсім.
- А ён выпадкам не хворы? - спытаў Леў Міронавіч, са здзіўленнем убачыўшы службовую
радасць на чырвоным твары генерала. - Не з пухлінай лобавай часткі мазгоў? Можа,
адменім яго, хвастатага, згодна з Канстытуцыяй, пакуль не позна?..
- Канстытуцыю мне! - крыкнуў Артур, і Стась Цянькоўскі хуценька дастаў з кішэні
заўжды і да ўсяго гатовую Канстытуцыю. - Перапісвай! - загадаў яму новы Кіраўнік
Дзяржавы. - Гербам Дзяржавы з'яўляецца хвост сярэдняй даўжыні сярэдняй пушыстасці.
Стась палічыў не лішнім удакладніць:
- Каціны?
- А то сабачы! - падняў хвост Артур. - Грамадзяне Дзяржавы носяць герб па святах,
а Кіраўнік Дзяржавы штодзённа.
- А каты? - спытала Клаўдзія Львоўна, якая яшчэ не забылася, за кім зусім нядаўна
была замужам.
Артур крутануў хвастом:
- А хто мне, Клава, каты? І што мне да катоў? Я пра Дзяржаву думаю. Калі пра Дзяржаву
думаеш, пра катоў думаць не выпадае.
Клаўдзія Львоўна ўспомніла, што муж яе быў хоць і нацыянал-дэмакратам, але ўсё
ж дэмакратам, і яе агарнула роспач.
- Як ты змяніўся, Артур! Толькі хвост ад цябе і застаўся... І той дыктатарскі
нейкі.
- Дык усім жа катам хвасты адразаць давядзецца, - нібыта сумняваючыся, паглядзеў
на генерала Леў Міронавіч. - І на святы прывязваць...
- Адрэжам, прывяжам, гэта не праблема, - адклаў нож і падняў чарку генерал, якому
новы Кіраўнік Дзяржавы і з хвастом глянуўся, бо ва ўсім астатнім яшчэ больш нагадваў
былога, чым сам былы. - Таварышы партызаны!.. Дзякую вам за дапамогу ў правядзенні
чарговай сакрэтнай аперацыі. З вашага боку ўдзел у гэтай аперацыі, як кажуць,
магіла. Жадаю вам здароўя, калі яно ў вашым выпадку мае нейкае значэнне, і спадзяюся
на далейшае супрацоўніцтва. У гэтай краіне толькі на вас ды нас уся надзея...
Тым не менш вы мяне зразумееце, калі я прапаную тост за хвост Кіраўніка Дзяржавы!
Партызаны тост генерала зразумелі, чокнуліся з ахоўнікамі, дружна выпілі і закусілі.
Генерал, нікога ўжо не запрашаючы, наліў сабе яшчэ кварту, выпіў, гэкнуў, захмялеў,
бухнуўся на калені і папрасіўся:
- Бацька, родны, даруй!..
- Бог даруе, - усклаў яму руку на галаву новы Кіраўнік Дзяржавы - і ў вокнах рэзідэнцыі
пацямнела.
- Ты мяне са школьных падручнікаў выкінеш, Артур? - уперыўся ў цемнату і з партыйнай
прынцыповасцю, але без асаблівай надзеі спытаў Леў Міронавіч.
- Выкіну, - паабяцаў Артур і паклаў руку на сэрца. - Нават пылу ад вас не застанецца.
- Ён цяпер Кіраўнік, а я цяпер хто? - капрызна спыталася Клаўдзія Львоўна. - Ні
ўдава, ні жонка?.. Мне што рабіць, у вёску ехаць?
Леў Міронавіч з тугой паглядзеў на генерала СБ новага КДБ.
- Скажы ты мне па дружбе, генерал: дачка яна мая, ці ваша агентка?
- Агентка, -па дружбе махнуў рукой генерал, які стаў генералам за тое, што некалі
зліквідаваў Льва Міронавіча ў аўтакатастрофе, і таму адносіўся да яго не кепска.
- Але і дачка таксама, адно другому не замінае... - Тут генерал трохі падумаў
і ўдакладніў: - Да анігіляцыі...
- Тады ў вёску, Клаванька, - абняў дачку-агентку Леў Міронавіч. - Грады праполем,
карову падоім, я табе байку пра Ката ў мяшку раскажу... Не будзем замінаць Кіраўніку
Дзяржавы мышэй лавіць.
"Указ нумар раз! - пачулі яны, выходзячы з банкетнай залы, дзе Артур
застаўся адразу дыктаваць, а Стась Цянькоўскі адразу запісваць. - Прычынай
сацыяльна-палітычнай напружанасці ў грамадстве з'яўляецца неразвіты хвасцец, які
несправядліва называюць атавізмам папярэдняй сістэмы. Міністэрствам культуры,
сельскай гаспадаркі і аховы здароўя неадкладна прыняць меры для таго, каб развіць
у грамадзян хвастцы да хвастоў сярэдняй даўжыні і сярэдняй пушыстасці..."
- А міністэрства культуры тут прычым? - азірнулася Клаўдзія Львоўна, але Леў Міронавіч
не даў ёй спыніцца, па-бацькоўску мякка і па-цэкоўску настойліва падпіхнуўшы ў
хвасцец, з якога згодна з Указам нумар раз пачынаў ужо паціху вытыркацца
хвосцік.
Ахоўнікі на выхадзе, пакручваючы хвастамі, Льву Міронавічу казырнулі.
- Усё служыш? - спытаў Леў Міронавіч аднаго з іх, які быў не толькі з хвастом,
але нібыта і з рожкамі.
- Служу! - віхлянуў азадкам і па-блазенску выцягнуўся ў струнку ахоўнік. - Як
вам да апошняга - так і ўсім да апошняга!
- Ну, служы, - развітаўся з ім Леў Міронавіч. - За генералам прыглядай, расслабляецца...
Тваім туды што-небудзь перадаць?
- Якім маім, куды туды? - зрабіў выгляд, што здзівіўся, блазен-ахоўнік. - Мае
ўсе тутака, апроч аднаго.
- Я з Іраку! Я з ідэяй! - размахваючы папкаю ў скураной вокладцы з залатым цісненнем
"На подпіс", запыхана ўбег у рэзідэнцыю і нейкім бакавым, аднаму яму
вядомым ходам скразануў наверх нехта маленькі, чарнявенькі і кудлаценькі.
- Глянь ты, зноў паспеў, хоць і спазніўся! - цяпер сапраўды ўжо здзівіўся ахоўнік
з рожкамі. І, высунуўшы язык, скорчыў морду ўслед кудлаценькаму. - Бэ-э-э!.. Без
цябе-е-е тваё кіно пракруцілі!
- Растваю дзівізію!.. - ажно пабялеў ад разгубленасці той самы ахоўнік, што гуляўся
з аўтаматам, сам па сабе бялявы, падобны на абарыгена. - І не заўважыў ніхто,
што няма нашага таварыша палкоўніка! А кажуць: нязменны, незаменны... Як жа так,
га?..
- Ты тут пагакай! Аўтамат адбяру - і зноў за гачку возьмешся! - беспрычынна, з
біялагічнай нейкай злосці накінуўся на абарыгена рагасценькі блазен. І лісліва
зазірнуў Льву Міронавічу ў вочы. - А кудлатага, можа, дагнаць і з лесвіцы спусціць,
пакуль ён з новым Кіраўніком палітзаняткі не правёў? Ці ў Ірак паслом турнуць,
каб не мільгацеў і не пстрыкаў?.. Ну ўсім абрыд, нават чэрцям...
- Не, палкоўнікаў сказана не чапаць, - выходзячы ў расчыненыя дзверы, безвыходна
ўздыхнуў Леў Міронавіч. - Ніхто не ведае, як і для чаго яны прыдуманы, але без
іх, відаць, і пры канцы свету не абыйдзецца...
На двары было цёпла, ціха і хораша. Тое, што выраблялася ў рэзідэнцыі, прыродзе
не замінала.
- Мяў!.. Мяў!.. Мя-я-ў!.. - пранізліва разнеслася над рэзідэнцыяй, і, задраўшы
галовы, яны ўбачылі, як два каты раздзіраюць Сцяг Дзяржавы і вешаюць замест яго
шэры мяшок, у якім Клаўдзія Львоўна ўсцягнула Артура на вяршыню ўлады.
- Мяшок - гэта ідэя... - паморшчыўся ад кацінага крыку Леў Міронавіч. - З мяшка
і сімвал, і карысць, народ зразумее...
Клаўдзія Львоўна паклала яму галаву на плячо, пагладзілася, як кошка, і спытала:
- А праўда, тата, каты на філосафаў падобныя?..
Леў Міронавіч глыбінна задумаўся, паўспамінаў пра нешта і пацепнуў вольным плячом.
- Не ведаю, Клаванька... Круціўся каля мяне адзін філосаф, але ці быў ён на ката
падобны - не помню... А болей пры мне філосафаў не было.
Сцямнелыя вокны рэзідэнцыі раптам запаліліся, расчыніліся - і з іх сторч галавою
пачалі вылятаць людзі: хто на газон, хто на бетон, хто на прыступкі...
- Забіваюць!.. - сцялася Клаўдзія Львоўна.
- Ды нікога не забіваюць, - супакоіў яе Леў Міронавіч. - Змена кадраў.
"Ба-бах!" - з'явіўся ў адным з вокнаў генерал з пісталетам, і па ягоным
стрэле-сігнале расквітнеў над сталіцай Дзяржавы святочны салют. Рознакаляровыя
агні ўспыхвалі і гаслі, успыхвалі і гаслі, пакідаючы па сабе плывучы дым...
- А ўсё ж прыгожа... - муркнула на бацькавым плячы Клаўдзія Львоўна, утаропіўшы
ў неба вочы, у якіх слязінкамі бліскалі зялёныя і жоўтыя, ружовыя і блакітныя,
чырвоныя і белыя агеньчыкі... І нехта з купкі народу, які тоўкся без толку праз
дарогу ад рэзідэнцыі, недаўменна паціраючы хвастцы і лыпаючы на шэры мяшок, што
лунаў у агністых нябёсах, суцяшальна сказаў нібыта самому сабе:
"Э, такой бяды... Дзірку ў портках ззаду прарэзаць - і можна жыць. А дух
выпускаць дык нават лацвей будзе..."
Красавік, кастрычнік 2000 г.,
Вуасары.
|