
Сёння дзень серада.
Заўтра, ці ўчора быў чацвер — і ў чацвер мяне забілі. Таму мне ўсё адно,
ці будзе чацвер заўтра, ці быў ён учора. Тут адзін нейкі дзень, назва якога
мне пакуль не адкрылася, але я адчуваю, што ён блізкі да раўнавагі, да таго,
што гэтым словам пазначаецца, таму па зямной памяці я называю гэты дзень
серадаю.
У мяне пакуль толькі зямная памяць. Можа, ніякай іншай нідзе і няма, што
дзіўна, як дзіўна тое, што няма смерці. Ёсць нешта і недзе, дзе мне спакойна,
і я сплю.
Яны забівалі мяне ўтраіх, няхай іх завуць Панядзелкам, Аўторкам і Серадою,
хоць у серады ёсць імя, яна жанчына — і якраз яна сказала:
— Давайце яго заб'ём.
Яна сказала так пасля таго, як тыя двое, Панядзелак з Аўторкам, падышлі,
адвялі мяне ўбок і спыталі: "Мужык, нам што з табой рабіць?.. Як цябе
ўбатожыць, каб памоўчваў, дажываў сваё і не ў сваё не лез?.." Яны не
прынялі яшчэ рашэння забіць мяне, пакуль толькі страшылі, а яна пачула іх
і не прыдумала нічога іншага, як сказаць:
— Ды які ён мужык, давайце яго заб'ём.
Яна сказала так альбо з таго, што сапраўды надумала мяне забіць, альбо хацела
паглядзець, як я стану бараніцца і заб'ю тых двух. Яна нацкавала іх на мяне,
забыўшыся, што я стаміўся забіваць.
Адзін ударыў мне пад дых:
— Кастрат!
Мяне сагнула ў тры пагібелі...
Гэта было ўночы ў парку каля мастка цераз Свіслач, дзе запруда. Падаючы,
шумела вада. Роўным-роўным шумам, які я звык любіць.
Яно, магчыма, тым бы на гэты раз і абышлося, каб я не папрасіўся:
— Хлопцы, не забівайце...
Ім здалося, што я іх баюся. Я распаліў у іх гераізм.
— На, сука!
Другі гваздануў у скронь кісцянём. Такімі кісцянямі даўно не б'юцца, яны
пагубляліся ў мінулым стагоддзі, у паслясталінскіх часах. Як і шмат што
іншае, але не ўсё. Сталінскае ў краіне Сталіна дарэшты не можа пагубляцца.
Я глядзеў, як той другі тыркаў у кісцень пальцы, рукі ягоныя біла калатэча,
мне нават стала ніякавата: "І гэты чмут мяне заб'е?"
Мяне хістанула, але я ўстаяў, не зрабіў ніякага руху, каб абараніцца, і
тады яна не вытрывала: "Ну, што ты стаіш?! Што ты стаіш?!." —
і, з трох крокаў разбегшыся, штурхнула мяне ў плечы, перакуліла праз парапет
у пену пад запрудай, у роўны шум вады.
Так усё проста.
Я пазнаёміўся з ёй, вярнуўшыся з першай сваёй вайны, з Афганістану, дзе
забіваў толькі для таго, каб абараніцца, каб выжыць, каб не забілі мяне.
Там за два гады я хоць і навучыўся, і прывык забіваць, але так і не палюбіў
смаку крыві, дурманнага яе паху, самага мёртвага і самага жывога, якога,
аднойчы ўдыхнуўшы, не маглі ўжо выдыхнуць многія і многія.
Я б мог забіць тых двух. Яны і ўцяміць, і запомніць не паспелі б, што іх
забілі. Пад канец першай сваёй вайны я займеў за гэта два медалі.
А сераду звалі Марай. Імя ў яе было Маргарыта, ды сама яна называлася Марай,
і ўсе яе так называлі, і я так называў.
— Мара, — назвалася яна, холадна на мяне зірнуўшы з нейкай ледавіковай вышыні,
недаступнай, як мне адразу здалося, не толькі для мяне, для ўсіх астатніх,
але і для яе самой. — Ты на гітары граеш? Сыграй песню, якую хачу пачуць.
Няўпэўнена, баючыся, што не ўгадаю, якую яна хоча пачуць песню, я ўзяў гітару
і стаў спяваць. Вачыма спытаўся ў яе: "Гэта тое?" — і яна згодна
кіўнула, а калі я даспяваў, сказала:
— Ты не мог ведаць гэтай песні. Такой песні для цябе няма.
Я не стаў спрачацца.
— Значыць, няма... Я і не думаў, што яна ёсць, Алег для цябе яе напісаў,
але яна з майго жыцця.
— Алег з майго жыцця, Алег з майго, і ты не лезь, не лезь!.. — істэрычна
ўчапілася яна мне ў твар, ледзь вочы не выдрала, бо ўжо тады, на самым пачатку
нашага знаёмства ёй хацелася мяне знішчыць. Я пра гэта здагадваўся, таму
і заставаўся з ёю кожны раз, калі трэба было пайсці. Адышоўся я ад яе толькі
двойчы: адзін раз на другую сваю вайну, у Чачню, і другі раз на трэцюю сваю
вайну ў Чачню.
Алег граў на гітары, ён з'явіўся ў Афганістане з артыстамі. Пасля канцэрту,
падняўшы баявы дух, артысты перапіліся, штабнікоў п'яных упрасілі даць ім
з аўтаматаў пастраляць. Адзін артыст узяў ды ў вайну пагуляў: трох паклаў,
у тым ліку Алега.
На канцэрце Алег спяваў песню, якую хацела пачуць Мара: "Я паўсюль
над табой белым воблакам..."
Каб неяк выкруціцца з артыстычнымі трупамі, штабнікі прыдумалі, быццам на
іх душманы напалі; нас паслалі, мы набілі тузін афганцаў, да штабу прывезлі,
пакідалі, поле бою наладзілі. Артыстаў за гэта ўзнагародзілі, трох, у тым
ліку Алега, пасмяротна.
Так усё проста.
Тыя двое, што мяне забівалі, выглядалі братамі тых двух, што загінулі з
Алегам. Я нават хацеў спытацца: "Хлопцы, гэта не вы?" — але такога,
вядома, быць не магло, мне гэта падалося, я ўжо не суадносіў рэальнасць
з трызненнем, не адчуваў мяжы.
— Дзе ён табе пра мяне казаў, як ён мог табе пра мяне казаць, калі быў ужо
мёртвы? Ты брэшаш, сабака, ты брэшаш, гэта ты і забіў яго! — крычала Мара,
і я думаў: "А, можа, і праўда?.." Іншым разам усё вырашалася імгненнем,
за якое куля далятае, у якое і ведаць не можаш, ты забіў, ці цябе забілі.
Артыстаў запаялі ў цынкавыя труны, мяне выклікалі — я адваяваў сваё — і
сказалі: "Гітарыст гэты — твой зямляк, ты там глядзі, гераізм і ўсё
такое..." Калі б не сказалі, дык я і забыўся б пра Алега, а так вярнуўся
і ў ваенкамаце дазнаўся адрас, каб знайсці ягоных бацькоў, а знайшоў Маргарыту.
Не скажу, што пра тое шкадую, хоць выйшла, як выйшла.
Каб не забілі Алега, не забілі б і мяне. Толькі як такое вылічыць?
У Алега фотакартка Маргарыты была, штабнікі мне яе далі: "Можа, знойдзеш,
глядзі, якая... Суцешыш і сам суцешышся..." На звароце фотакарткі было
напісана: "Я паўсюль над табой белым воблакам..."
Калі знайшлася Мара, фотакартку ёй я не вярнуў, не паказаў нават, каб не
забрала. Пайшоў з той фотакарткай на сваю другую вайну — у Чачню.
Адным з камандзіраў маёй другой вайны быў генерал,
якога пасля забіла жонка. Ён і на маёй першай вайне,
у Афганістане, камандаваў, я ваяваў у абодвух ягоных
амспах, асобных мотастралковых палках, 860-ым і 191-ым.
Было гэта ў 1983 і 1984 гадах, на той час генерал быў
яшчэ падпалкоўнікам. А ў 1998 годзе ён стаў трупам генерала.
Забойства ягонае, як і маё, — цьмяная гісторыя. Генерал
палез у палітыку, зліквідавалі яго нібыта па загадзе
з Крамля, бо задумаў ваенны пераварот, а жонка генерала
не пры чым, яе пад забойства падставілі... Я і не сцвярджаю,
што яна забіла, думаю толькі, што магла забіць. Калі
мая Мара мяне забіла, дык чаму жонка генерала забіць
яго не магла? Усіх нас, хто прайшоў праз Афганістан,
а пасля праз Чачню, можна знішчаць, не разбіраючы, хто
генерал, хто радавы... Магчыма, мы не людзі, наўрад
ці мы людзі. На першай маёй вайне мне было дваццаць
гадоў, на другой — трыццаць, на трэцяй — трыццаць пяць,
і ўсё гэтыя гады я альбо забіваў, альбо сніў, што забіваю.
Таму з Марай у мяне нічога й не выйшла, не магло выйсці.
Таму яна мяне знішчыла.
Роўна праз дзесяць гадоў пасля маёй першай вайны, 31
снежня, калі Мара ставіла дома ёлку, калі ўсе сустракалі
Новы год, я штурмаваў горад Грозны. Штурмаваць загадалі
31 снежня, бо гэта быў дзень нараджэння міністра абароны.
Ён самому сабе зрабіў такі падарунак.
Дарагім аказаўся падарунак, царскім, нават больш, чым
царскім... Толькі ў 131-й брыгадзе, што наступала з
поўначы, чачэнцы спалілі дваццаць танкаў з дваццаці
шасці і сто дзве баявая машыны пехоты са ста дваццаці.
Ва ўсім гэтым жалезе дагаралі і разрываліся жывыя людзі.
Было каля дзевяці раніцы, міністр абароны быў не зусім
яшчэ п'яны і наступленне 129-га палка, які прабіваўся
з усходу, спыніў, загадаў адыходзіць, але адступіць
полк не паспеў: неба абрынулася на яго рэактыўнымі снарадамі
з самалётаў-штурмавікоў "Су-25". Думаючы,
што пазіцыі палка ўжо занятыя чачэнцамі, свае палілі
і разрывалі сваіх, рускія рускіх.
Наш генерал, камандзір 8-га корпуса, дзе я быў афіцэрам-кантрактнікам
33-га палка, надумаў наступаць на Грозны не па Петрапаўлаўскай
шашы, як загадаў міністр, а ў абход — паўз аэрапорт
"Паўночны" і далей дарогай цераз рускія могілкі.
Па абодва бакі дарогі нас чакалі засады чачэнцаў, і,
калі мы падышлі да іх, наша артылерыя стала біць уздоўж
дарогі, справа і злева па могілках. Мы ішлі калідорам
паміж выбухамі, нас секла нашымі асколкамі — і на танкі
нашы, на баявыя машыны пехоты, на галовы нашыя ў свісце,
агні і громе абрушвалася з каранямі чачэнская зямля,
уздымалася і падала з чачэнскіх засадаў дымнае, крывавае,
толькі што разарванае чалавечае мяса, сыпаліся і сыпаліся
з уздыбленых рускіх магіл чарапы і косці, чарапы і косці...
Полк наш замыкаў калону корпуса, і калі мы амаль прайшлі
могілкі, з неба, узняты апошнім снарадам, упаў на дарогу,
паўстаў перад намі грудок, надмагілле — і крыж на ім.
Полк стаў. Сціхла, зрабіўшы сваё, артылерыя. У цішыні
ўчулі мы пахі: едка пахла порахам, соладка — крывёй,
мясам, цяжка — сырой зямлёй. І ва ўсім гэтым — знак,
крыж на нашай дарозе, і не адзін я, мусібыць, падумаў:
"Нездарма мы ў 33-ім, зратуй нас, Божа..."
Кожнаму і ўсім разам нібы штосьці адкрылася, усе і кожны
ўбачылі шлях і канец шляху, аслупянела зразумелі, куды
і да чаго мы ідзём.
— Далей я полк не павяду, — перадаў камандзір палка,
наш палкоўнік нашаму генералу, камкору.
Калі б камандзір кінуў полк і збег, генерала б гэта
не надта здзівіла. Як на афганскай, так і на чачэнскай
вайне камандзіры кідалі сваіх байцоў і збягалі, ратуючы
шкуру, — генералу гэта не было ў навіну. З акружэння
пад Кабулам на верталёце ўцёк камандзір 191-га асобнага
мотастралковага палка, якога замянілі нашым генералам,
з-пад Грознага далі лататы камандзір і намеснік камандзіра
104-ай паветрана-дэсантнай дывізіі... Але ж тут не тое,
зусім не тое, і нешта такое было ў гэтым зусім не тым,
у самім голасе палкоўніка, у ягонай катэгарычнасці,
што генерал рашэнне палкоўніка, з якім колькі ваяваў,
столькі сябраваў, перавёў у загад.
— Загадваю часова заставацца ў рэзерве!
Так я часова застаўся жыць... Як аказалася, не да лепшага.
Пад канец лета вайна ўжо была нібыта прайграна, і мужчыны
захацелі жанчын. Захацеўшы, яны іх займелі, хадзіць
па іх было недалёка: вайна ішла там, дзе жылі жанчыны
і дзеці.
Салдаты злавілі дзвюх чачэнак, прапусцілі іх праз усіх,
хто хацеў, а пасля не ведалі, што з імі рабіць. "Стрэльнуць,
— прапанаваў Бігін, салдат ціхі і хуткі. — Інакш раскажуць".
— Ты і стрэльні, — сказаў я яму. Усе і ўсіх на гэтай
вайне рабавалі, гвалцілі, забівалі; чачэнцы рускіх,
рускія чачэнцаў, для ўсіх гэта было нормай, для мяне
таксама. Салдат Бігін павёў жанчын у руіны Злоснага
акопа, рэдута, збудаванага на беразе Сунжы яшчэ царскім
генералам Ярмолавым, але не застрэліў. Яны паабяцалі
яму грошы — ён іх адпусціў, сказаўшы нам, што застрэліў.
"Ціхаму не вер, хуткага не бойся", — кажуць
чачэнцы.
Я помніў чачэнскія прымаўкі і шмат чаго ведаў пра Чачню
— сябра меў чачэнца. Ён быў з тайпу Барчхой, з акінцаў,
пра якіх згадваў яшчэ Герадот, пісалі Пталамей і Пліній.
Разам з ім ваяваў я ў Афганістане, потым разам вучыліся
мы ў горным інстытуце, жылі ў інтэрнаце ў адным пакоі.
Ад яго я дазнаўся пра сталінскую дэпартацыю чачэнцаў
і пра аул Хайбах, чачэнскую Хатынь.
Калі я дабраўся да другой сваёй вайны, дык у Маздоку
штабны маёр, праглядаючы мае дакументы, сказаў: "Ты
ж з Беларусі, з іншай дзяржавы. Кантрактнік — гэта не
наёмнік, наёмнікаў мы не бярэм". Ён глядзеў на
мяне хітра — і я ведаў, што яму адказаць. "Маёй
і вашай дзяржавай, нашай з вамі, таварыш маёр, дзяржавай
быў, ёсць і застаецца Савецкі Саюз". Ён згодна
кіўнуў:
— Ваюй.
Мы адваяваліся. Лілі дажджы, мы сядзелі ў палатках,
у гразі, забытыя ўсімі і нікому не патрэбныя, з бляшанкай
тушонкі на суткі на траіх. Наша войска з Чачні выводзілася.
Нас прыйшло сюды сорак тысяч, мы атакоўвалі і бралі
Грозны, Аргун, Шалі, Самашкі, тысячы з нас загінулі
— салдаты пыталіся: "За што?.. Для чаго?.."
Гледзячы на фотаздымак Мары, я пра гэта не пытаўся.
Я быў тут, каб быць на вайне, быць дзе-небудзь там,
дзе б мяне забілі.
Досвіткам на нас напаў чачэнскі атрад, прыведзены жынчынамі,
якіх адпусціў салдат Бігін. Сонных і мокрых у абы як
нацягнутых палатках нас закідалі гранатамі. Тыя з нас,
што ўцалелі, біліся з чачэнцамі, з "чэхамі",
як мы іх называлі, ва ўпор, вочы ў вочы. І ў руінах
Злоснага акопа я ўбачыў вочы Ясу Джамаева. Разам былі
мы ў Афганістане, потым вучыліся ў адным інстытуце,
жылі ў інтэрнаце ў адным пакоі.
З усяго, што расказваў Ясу пра Чачню, я ад пачатку не
верыў толькі гісторыі пра аул Хайбах, дзе людзей, старых
і дзяцей, энкавэдысты жывымі спалілі ў час дэпартацыі.
Гэтаксама, як фашысты спалілі жывых людзей у Хатыні,
як спалілі ў Лідзіцэ. Я пытаўся: "За што?.. Для
чаго?.." Тады Ясу паказаў мне машынапісную, самвыдатаўскую
кнігу з копіямі дакументаў, якія кожнай літараю ўрэзаліся
ў маю памяць.
СОВЕРШЕННО СЕКРЕТНО
НАРКОМУ ВНУТРЕННИХ ДЕЛ СССР
тов. Л.П. Берия
Только для ваших глаз. Ввиду нетранспортабельности и
в целях неукоснительного выполнения в срок операции
"Горы" вынужден был ликвидировать более 700
жителей в местечке Хайбах.
Полковник Гвишиани.
ГРОЗНЫЙ. УВД. ГВИШИАНИ
За решительные действия в ходе выселения чеченцев в
районе Хайбах вы представлены к правительственной награде
с повышением в звании. Поздравляю.
Нарком внутренних дел СССР Берия.
От имени ВКП /б/ и Комитета обороны
СССР объявляю благодарность всем частям и подразделениям
РККА и войк НКВД за успешное выполнение важного правительственного
задания на Северном Кавказе.
И.СТАЛИН.
Я працягваў выконваць важнае ўрадавае заданне ў руінах
рэдута, збудаванага амаль дзвесце год таму генералам
Ярмолавым, а Ясу глядзеў мне ў вочы — і першы апусціў
аўтамат.
— Ідзі, — сказаў ён. — І болей не прыходзь.
Не забіўшы мяне, Ясу ўсё ўскладніў: выявілася, што
мне ўсё адно няма куды ісці, апроч як на вайну. Ніхто
і нідзе мяне не чакаў, не выбіраў, адна вайна чакала
і выбірала.
— Чаму цябе не забілі? — пыталася Мара, упіраючы кулачкі
мне ў грудзі, ненавідзячы, не пускаючы да сябе, а я
баяўся зламаць яе маленькую сілу. — Алег толькі глянуў
на вайну і не вярнуўся, а ты... Ты носіш яе на сабе,
скінь, ад цябе крывёй, смерцю пахне!..
Развучыўшыся жыць без вайны, я не мог навучыцца быць
з Марай. І ўсё ж, калі б вайна зноў не пачалася, я б
не пайшоў на яе. Але яна пачалася — і праз чатыры гады
я вярнуўся ў Чачню.
Я апынуўся на той жа — і не не той вайне. Гэта была
не проста другая чачэнская вайна, яна была інакшая,
яшчэ болей жорсткая і бязлітасная. Увайшоўшы ў Кізляр
з Кадарскай зоны, войска, малоцячы чачэнцаў штурмавікамі
і артылерыяй, праарала агнём і жалезам раўніну і ўпёрлася
ў горы. Я павінен быў загінуць на самым пачатку горнай
вайны разам з 6-ай ротай 104-га дзесантнага палка ў
Аргунскай цясніне, праз якую прарываліся на Ведзяно
атрады Хатаба і Басаева. Але я не загінуў. Гэтая вайна
нібыта ведала, хто мяне павінен забіць, і выбрала мяне
для таго, каб перад тым, як знішчыць, усё ўва мне яшчэ
і растаптаць, раструшчыць, знявечыць. Каб Мары ўжо не
было каго, а таму не шкада было забіваць.
Дзесантнікамі на трэцяй маёй вайне камандаваў мой зямляк.
Я ведаў ягонага сына, якога забілі на першай чачэнскай.
Сына звалі Алегам. Чамусьці ўвесь час я гэта помніў
— і мяне гэта торгала. Не ведаю, чаму. На вачах маіх
і ў Афганістане, і ў Чачні забівалі не адных Алегаў.
Пасля гібелі 6-ай дзесантнай роты мяне перавялі — я
ў земляка сам папрасіўся — у разведбатальён. Там я зноў
сустрэў салдата Бігіна, падумаўшы, што мог бы і не сустракаць
— вайна вялікая. Але мы сустрэліся, так лёсу трэба было,
і зімой, пад канец лютага, мы падымаліся з разведгрупай,
дваццаць шэсць чалавек, у горы, туды, дзе аул Хайбах.
Нечакана, як яно часта здараецца ў гарах, пайшоў-пасыпаўся
снег, ды такі, што спіну першага перад табой яшчэ можна
было ўбачыць, а другого — ужо не. Выпадкова мы наткнуліся
на пячору ў падножжы стромай скалы, спыніліся і заначавалі.
Пад раніцу трохі распагодзілася, "чэхі" заўважылі
нашых вартавых, ударылі з мінамёта — і снег са скалы
абрушыўся, заваліўшы выхад з пячоры. Мы апынуліся ў
пастцы — цёмнай, сырой, душнай.
Спрабуючы выбрацца, разграбаючы снег, які напаўзаў і
напаўзаў, гадзіны праз чатыры мы пачулі, што нас адкопваюць
знадворку. З'вілася надзея, што гэта вартавыя, ці нават
падмога — навошта "чэхам" нас з жывой магілы
даставаць?.. Але як толькі на выхадзе з пячоры прабілася
ў самым версе святло і абазначыўся лаз, адтуль крыкнулі:
— Кідай зброю і выпаўзай па адным!
Выйсця не было... Тут нас маглі зноў закапаць, задушыць
дымавымі шашкамі — тут нічога не магло адбыцца, апроч
смерці... А там, можа, удасца ўцячы, ці свае вызваляць
— там нейкія варыянты...
Вочы нясцерпна рэзанула на белым свеце ад белага-белага
снегу — і ўсё ж Ясу Джамаева сярод "чэхаў",
якіх было ўтрая болей за нас, я і ўбачыў, і пазнаў адразу.
І ён мяне пазнаў, сказаўшы нешта аднарукаму чачэнцу,
што стаяў побач — Жандару, камандзіру... Я здагадаўся,
што ён яму сказаў.
Нас загналі ў кінутую, пустую стайню, да якой не дайшлі
мы ўчора ў снегападзе з паўвярсты. Калі б дайшлі, усё
было б інакш. Мы б ваявалі — і нас бы проста пазабівалі,
як забілі, на іх шчасце, трох нашых вартавых.
За рукі і ногі нас прывязалі да стаякоў у стойлах —
дванаццаць з аднаго боку і адзінаццаць з другога. У
дзвярах стайні стаялі каністры, ад якіх пахла бензінам.
Адна дзверына была знята з завесаў і ляжала пасярод
стайні на жардзяных, толькі што збітых козлах.
— За такі вялікі стол мы звычайна запрашаем гасцей,
— пачаў гаварыць Жандар. — Але не вас, бо вы не госці,
а ворагі. Вы прыходзіце сюды ворагамі амаль дзвесце
гадоў. У адзін з вашых прыходаў вы спалілі тут жывымі
семсот дваццаць шэсць чалавек, мужчын і жанчын, старых
і дзяцей... Вы спалілі іх у стайні — і мы таксама хацелі
спаліць вас у стайні, бо ў свеце павінна быць справядлівасць.
Ва ўсім і для ўсіх... — Жандар паглядзеў на Ясу, пасля
на мяне. — Але мы перадумалі. Ніхто не хоча паміраць
— і мы пакінем вас жыць. Мы адпомсцім вам так, што помста
пойдзе ў будучыню — і ні вы сюды не вернецеся, ні дзеці
вашы, ні ўнукі і праўнукі на зямлю нашу не ступяць.
Мы спакладзем вас, як парсюкоў, бо вы і ёсць свінні.
— Яны самі сябе выпакладуць, — сказаў Ясу. — Кожны кожнага.
— Кожны спакладзе кожнага. Мы толькі пакажам, як...
Па знаку Жандара "чэхі" развязалі сержанта
Целяшэева, усцягнулі на рог стала, садралі порткі. Двое
загнулі яму, разводзячы, пад краі стала ногі, двое прыціснулі
галаву і рукі, а яшчэ адзін рэзануў паміж ног і кінуў
тое, што выразаў, у стойла, дзе толькі што стаяў сержант.
Той, не разумеючы яшчэ, што адбылося, ускочыў, адразу
ўпаў і, пырскаючы крывёй, падбіраючы порткі, папоўз
па сваё...
— Цяпер ты, — падышоў Жандар да камандзіра нашай разведгрупы
капітана Сільнова. І паказаў на мяне. — Яго.
Сільноў плюнуў яму ў твар.
— Як сабе хочаш, — спакойна выцерся Жандар і падаў знак
"чэхам".
Капітана ўскінулі на стол, адрэзалі вушы, нос, губы,
выразалі язык, выкалалі вочы, адсеклі ў кісцях рукі
і ў шчыкалатках ногі, рэзанулі ўрэшце паміж ног і адкацілі,
як абрубак, да сцяны.
— Так будзе з кожным, хто адмовіцца, — сказаў Жандар
і спытаўся ў мяне. — Ты адмаўляешся?
— Забі мяне, Ясу, — папрасіў я. — Па былой дружбе.
— Ты надта многа хочаш, — адказаў Ясу. — Я ж сказаў
табе тым разам: не прыходзь.
— Да капітана яго! — загадаў Жандар, але Ясу спыніў
Жандара.
— Не. Гэты хай жыве, каб помніў... Ён не хоча, дык яго
захочуць. — І Ясу ткнуў пальцам у салдата Бігіна, які
цягаўся за мной, як хвост, і па першай, і па другой
чачэнскай вайне. — Ты!
Салдат Бігін не адмовіўся... Сказаў толькі: "Гэта
і стоячы можна зрабіць, нашто на стол валачы?.."
Праз дзень, калі нас, дваццаць кастратаў, бо яшчэ двое
адмовіліся і засталіся абрубкамі ў стайні, перакідвалі
на самалёце з Маздоку ў Маскву, салдат Бігін павесіўся
на дзязе ў прыбіральні. Калі б за намі не глядзелі,
не ён бы адзін павесіўся. Па дарозе з вайны дахаты ўсім
адкрылася, якімі і да чаго мы вяртаемся.
Я не спрабаваў павесіцца, бо ведаў, хто мяне заб'е...
Падаючы ў роўны шум вады пад запрудай, які я звык
любіць, я паспеў яшчэ пачуць галасы.
— Рыбам на корм, — сказаў той, што ўдарыў мяне першы,
а другі запярэчыў:
— Тут няма рыбы. Атручаная рака.
— Усё атручанае, — сказала трэцяя.
— Нейкая рыба павінна быць...
Яны заспрачаліся, але я ўжо іх не слухаў. Калі ты нарэшце
мёртвы, табе ўсё адно, ці ёсць рыба ў рэках.
Верасень 1998 г.,
Мінск, лістапад 2001 г., Хельсінкі.
|