Уладзімір Някляеў - афіцыйны сайт
Уладзімір Някляеў - афіцыйны сайт
Паэзія Проза Драматургія Публіцыстыка Песні
Біяграфія Пераклады Прэса Фатаграфіі Мультымедыа
на галоўную
зваротная сувязь | аб праекце | гасцёўня | спасылкі | пошук
У пачатак раздзелу
Не выдадзенае

· Чмель і вандроўнік
прыпавесць, 2004 год

· Хайбах
апавяданне, 2001 год

· Кот Клаўдзіі Львоўны
апавяданне, 2000 год

· Мірон ды Мірон
аповесць

· Прага
аповесць, 2001 год

«Чмель і вандроўнік», прыпавесць

На саракавіны В.Б.

Чмель паміраў. Так сталася, што пад дзень нараджэння.
Ён быў мудрым чмялём — і ведаў, што рыбы, птушкі, звяры і ўсё, што нараджаецца, і людзі, памірае, і кветкі, і таму, мусібыць, і чмялі, але не ведаў, як, і што пасля, і трохі баяўся...
Таму яму падумалася, што ёсць чмяліны Бог.
Ён быў мужным і моцным чмялём, жыў невыносна доўга і не стаміўся невыносна доўга жыць, аблётаўшы ці не ўвесь чмяліны свет і яшчэ схадзіўшы на вайну. Вайна была вялікай, але не большай за свет, і ён здзівіўся.
І яшчэ здзівіўся, што яна, вайна, яму не замінала.
“Тады што ж, — ён падумаў, — можа замінаць?..” І выходзіла, што нічога.
Адна смерць.
“Але ж не можа яна, смерць, — ён думаў, — быць большай за жыццё?.. Як вайна не можа быць большай за свет”.
Мудрасці, каб падумаць інакш, не хапіла. Ён зразумеў, што ў тым, пра што падумаў, няма мудрасці. “Тады дзе яна і ў чым?...”
Выходзіла, што, калі не ў ім, у чмялі, тады ў чмяліным Бозе.
Тут узнікала праблема: пра тое, што ёсць Бог, падумалася, але веры ні ў чмялінага, ні ў якога іншага Бога ў чмялі не было.

Бог, які быў у чмялі, думаў: што рабіць з чмялём? Да Бога чмель, хоць Бог быў у ім, так і не дабраўся, пастанавіўшы, што Бога няма, а ёсць толькі жыццё, вайна і смерць. Але зямны свой наканаваны шлях чмель прайшоў прыстойна. Больш прыстойна, чым многія і многія з тых, хто верыў, што Бог ёсць. У Бога ўзнікала праблема...

Праз тры сцяны ад чмяля паміраў у тым жа шпіталі ад той жа хваробы авадзень. Ён быў такім аваднём, пра якога і сказаць, і падумаць можна хіба толькі тое, што ён авадзень. І ўсё ж ў ім хапала аваднёвага розуму, каб дапяць, што, хоць ён і авадзень, але, калі паміраюць птушкі, рыбы, чмялі, дык, мусіць, памрэ і ён. Яму было гэтак страшна, што ён толькі прасіў і прасіў, маліў і маліў Бога, каб не даў памерці.

Бог, які быў у чмялі, паклікаў да чмяля вандроўніка, якого чмель некалі ўджаліў. Вандроўнік крыўдаваў на чмяля і не надта хацеў ісці. Але за гады вандроўніцтва ён зрабіў крок да Бога, таму пайшоў, куды Бог паклікаў.
Па дарозе ў вандроўніка ўзнікла праблема: з чым прыйсці да таго, хто памірае? І ў каго заўтра дзень нараджэння. Што прынесці ў падарунак? Залаты гадзіннік?..
На рынку да вандроўніка падыйшла бабуля ў белым і падала суніцы на сунічніку. Маленькі букецік з чырвонымі ягадамі. “Табе гэта?..” — спытала бабуля, і вандроўнік успомніў, што аднойчы хадзіў з чмялём у суніцы. Пакуль ён шукаў па кішэнях, каб разлічыцца, грошы, бабуля павярнулася і хуценька пайшла. Вандроўнік кінуўся яе даганяць, бубуля давяла яго да крамы з кветкамі і ў кветках прапала.
Квятнярка спытала: “Вам колькі?”
Вандроўнік не ведаў, колькі... Пяць? Сем? Сто?
Квятнярка стаяла на парожку сваёй крамы, зрабіла крок уніз, аступілася і, каб не ўпасці, ухапілася за безліч руж, выхапіўшы з іх адну. Знайшла раўнавагу і не ўпала.
Вандроўнік купіў адну тую белую ружу і паехаў у шпіталь. Дарогай, каб заняць час, думаў пра тое, як хораша ўсё ён прыдумаў. З суніцамі, з ружай...

Авадзень, баючыся, што Бог пра яго не ўсё помніць, нагадваў Богу, як аднойчы поп з той вёскі, дзе нарадзіўся авадзень, папрасіў яго, авадня, дапамагчы збудаваць царкву, і як ён, авадзень, пастараўся. Тэхніку загадаў прыгнаць, цэглу і цэмент завезці, і нават золата на пазалоту... І як поп яму дзякаваў і бажыўся, што ўсе грахі яму, авадню, за тое будуць адпушчаныя.
Яшчэ авадзень нагадаў Богу, што падаваў міласціну. Часта, амаль заўсёды, калі здаралася напаткаць жабрака альбо жабрачку. Хіба Бог таго не заўважаў?..
У палату ўвайшоў доктар. Авадзень не ведаў яго, першы раз бачыў. Доктар падышоў да вакна, якое само расчынілася, і сказаў у вакно: “Храмы, што будуюцца не са свайго, не стаяць. Міласціна, якая падаецца дзеля сябе, не ратуе”.
Авадзень хацеў нешта спытаць, але не ведаў, што, і не знайшоў, у каго. У расчыненае вакно ўляцела парушынка і зазірнула пустата.

На калідоры каля палаты, у якой паміраў чмель, сядзеў святар. Ён прыходзіў і сядзеў тут штодня ўжо тыдзень, чакаючы, калі чмель яго пакліча, каб далучыцца да Бога праз таямніцу споведзі. Чмель не клікаў...
— Як сёння?.. — спытаў святар доктара, і доктар паціснуў плячыма.

Чмель адчуваў у сабе — там, дзе тое, што звычайна называюць душой — нязвыклы рух, нейкі такі, нібы ў ім, у чмялі, яшчэ адзін чмель і ўніз, і ўверх, і адразу ва ўсе бакі лятае, і стаў ціха да руху, да сябе ў сабе самім прыслухоўвацца: ці не пачуецца выразны гук?.. Але не: рух быў як адразу ўверх і ўніз і ва ўсе бакі — так адразу ва ўсім, няўцямны ў сабе самім, і ў ім яшчэ нешта было і яшчэ нешта...
“А можа быць... “ — падумаў чмель — і далей не стаў пра гэта думаць, падлавіўшы сябе на слабасці.

Вандроўнік згадаў, як везлі яго аднойчы гэтай дарогай — туды, дзе паміраў зараз чмель. Як правозілі на машыне хуткай дапамогі міма гарадскіх бальніц — і як ён кожнага разу спадзяваўся, што вось да гэтай бальніцы, не далей, і як у ім сціналася ўсё, калі далей і далей, і ўрэшце да самай дальняй, у якую кладуць з той хваробай, ад якой амаль непазбежна канаюць, і як ён не мог выйсці, калі давезлі, з машыны, так абліўшыся ўспацелым страхам, нібы да ніткі вымак пад дажджом.
Аўтобус, у якім ехаў вандроўнік, раптам ссунуўся на абочыну, і яго пачалі абганяць машыны: з сірэнамі, з міргалкамі — на шалёнай хуткасці адна, другая, дзесятая, адна за адной... Чмель займеў славу ў чмяліным свеце, але ў Айчыне сваёй быў біты камянямі, і вандроўнік падумаў у здзіўленні: “Няўжо да чмяля?.. “ Гледзечы ў пыл, узняты машынамі, ён успомніў, як прагнуў гэтага пылу, за што чмель яго і ўджаліў.

Чмель успомніў пра вандроўніка, калі ў падворак шпіталю пачалі ўкочвацца машыны: з сірэнамі, з міргалкамі — адна, другая, дзесятая, адна за адной... Чмель не чакаў, што яны да яго, ён наогул нікога не чакаў — і вандроўніка, пра якога ўспомніў. Толькі падумаў: “Чаму?..”
Увайшоў доктар і зачыніў вакно: “Я сказаў ім, што сюды на машынах нельга, але яны ўсё адно панаехалі”.
“Хто яны?..” — спытаў чмель, і доктар адказаў, выходзячы: “Я ж кажу: машыны. Да авадня”.

Перш, чым зайсці да чмяля, вандроўнік зазірнуў да доктара. Спытаў, калі чмель памрэ?..
Доктар сказаў, што, можа, сёння. А, можа, дні праз тры.
— Ён баіцца? — спытаў вандроўнік.
— Усе баяцца, — адказаў доктар. — Але хто як.
Вандроўнік папрасіўся ў доктара пераседзець крыху ў яго. Падумаць, як да чмяля ўвайсці, павітацца, што сказаць... Доктар сказаў: “Ён можа памерці зараз”.

На калідоры вандроўніка пераняў святар.
“Скажы яму, каб паклікаў мяне, — з мальбою папрасіў святар вандроўніка. — Скажы, бо ён не разумее...”
Вандроўнік падумаў, што чмель не можа не разумець, і сказаў святару:
“Ён не можа не разумець”.

— Вы даўно ў суніцы не хадзілі... — падышоў вандроўнік да ложка, на якім паміраў чмель. Той узяў сунічнік, сарваў ягаду, раскусіў — і з куточку роту пакацілася, пакідаючы след на белай бальнічнай шчацэ, на падбародку, сунічная крывінка.
— Праўда... даўно... — даўка пракаўтнуў чмель, а вандроўнік не ведаў, што рабіць з крывінкай: выціраць ці не?.. Паглядзеў на жонку чмяля, руплівую пчалу — тая займалася ружай, ставіла яе ў вазу.
— Вытрыся, — сказала пчала чмялю. Той выцерся, паклаў каля сябе сунічнік і паглядзеў на ружу.
— Колькі і чаго кожнаму трэба?.. — спытаў чмель не ў пчалы і не ў вандроўніка. І адказаў не ім. — Адно жыццё, адна смерць, адна кветка...
Вандроўніку стала ніякавата. Да сораму. Усё, што ён так і столькі прыдумляў, за што сябе хваліў, чмель раскусіў за імгненне, як ягаду. Таму вандроўнік сказаў тое, што не сказаў бы, калі б яму не стала ніякавата. Да сораму.
— Даруйце, што змусіў вас некалі мяне ўджаліць.
Чмель павярнуў сівую галаву на высокай падушцы і ўтаропіўся ў сцяну. Доўга глядзеў у сцяну і маўчаў. Пакуль не выдыхнуў праз сілу, як выціснуў з сябе:
— Дзякуй.
Усё было сказана, больш між імі не было нічога... Вандроўнік прыпадняўся, каб пацалаваць чмяля і пайсці, але чмель спыніў яго, узяўшы за руку.
— Пачакай... я не ведаю...
Вандроўнік разгубіўся, бо таксама не ведаў. Толькі здагадваўся. І яму здавалася, што чмель ведае... Павінен ведаць.
— Пра што вы там? — занепакоілася пчала, і ў дзверы зазірнуў доктар, паклікаў яе, нечым заняў.
Вандроўнік глядзеў чмялю ў вочы, бачыў там смерць і не цяміў, што рабіць... Бог, які прывёў вандроўніка, падказаў: “Скажы яму, што смерці няма”.
“Я іншым разам чую галасы, — стаў казаць вандроўнік тое, што падказваў Бог, — і ўчуў аднойчы голас дзеда: “Прыязджай...” Я далёка быў і ехаў доўга, да таго ж многа гадоў мы не бачыліся, а дзед спаткаў мяне ў падворку так, нібы я на хвіліну да суседзяў збегаў. Кіўнуў на дрывотню:
— Набяры бярэмя і паднясі ў лазню.
— Гэта калі было? — нечакана спытаў чмель, і вандроўнік адказаў, што зімой, і ён наскрозь прамерз, пакуль дабраўся.
Чмель сказаў: “Зараз лета...” Болей нічога ён не пытаўся, і вандроўнік, пачакаўшы, стаў казаць далей.
— У лазні я трохі папарыў дзеда, памыў, ён апрануўся ў белае сподняе — і мы селі ў сенцах. Дзед паклаў на лаву скібку сала, акраец хлеба, паставіў гарнец самагонкі, кілішкі... Калі я наліў, ён падняў кілішак і сказаў ціха, звычайна:
— Дзякуй, што прыехаў. Сёння ўночы я памру.
Вандроўнік замаўчаў, спалохаўшыся прамоўленага, але ні чмель, ні Бог яго не спынілі. Чмель глядзеў і чакаў...
— Дзед, ты што! Мы сто разоў з табой яшчэ вып’ем! — пачаў я абдымаць і цалаваць дзеда, і ён сядзеў і ківаў: “Добра... добра...”
Ідучы ў хату, дзед прыпыніўся каля драбіны на гарышча. Сказаў: “Злазь. Там у куце пад самай страхой стаіць куфэрачак, вазьмі яго”.
Я злазіў і ўзяў. Зялёны куфэрачак з пацёртым медным замочкам.
У хаце дзед адамкнуў куфэрачак і дастаў тое, што ў ім было. “Евангелле” і “Урок Закона Божага”. Сказаў: “Па адной кнізе я вучыўся жыць, па другой жыў. Больш мне няма чаго табе пакінуць”.
Куточак роту, з якога выкочвалася сунічная крывінка, торгнуўся ў чмяля, і вандроўнік зрабіў паўзу...
— Дзед хадзіў на вайну? — спытаў чмель.
— Так. Са Святым Пісаннем.
Чмель зірнуў недаверліва.
— Не на вашу вайну, — сказаў вандроўнік. — На тую, якая была перад вашай.
Чмель кіўнуў.
— У хаце, апроч мяне і дзеда, дыхала шмат людзей: дзед склікаў усіх сваіх сыноў і дачок з іх дзецьмі, але не сказаў ім: нашто? Яны думалі, што на дзень нараджэння, які павінен быў настаць заўтра, — і ўсе спалі на чыстай палавіне, позна ўжо было. Ложак дзеда стаяў на чорнай палавіне — каля печы, саганоў, карыта з паранкай...
Чмель слаба ўсміхнуўся:
— Выпіхвалі старога. Звычайная рэч...
— І ў галаве вісеў абраз, пад якім ён папрасіў мяне, лёгшы і склаўшы рукі, запаліць свечку. Я запаліў і падаўся спаць у бакоўку, дзе не мог заснуць, падняўся, каб пайсці ў двор пакурыць, выйшаў на чорную палавіну — і дзед на маіх вачах заплюшчыў вочы, усміхнуўся і памёр. І адразу ж пагасла свечка.
Паўза ўзнікла сама па сабе, і чмель спытаў вандроўніка:
— Табе стала страшна?
— Не, — адказаў вандроўнік. — Мне стала светла. Я не бачыў столькі смерцяў, як вы, але ўсё ж некалькі бачыў, і там было страшна, а тут — светла. Толькі я не ведаў, што мне з гэтым рабіць, і зноў схаваўся ў бакоўку. Там скурчыўся, скруціўся, як у дзяцінстве, падціснуўшы калені, і пачаў маліцца. Стаў маліць дзеда, каб пра тое, што я толькі што ўбачыў, ён мне яшчэ і расказаў. Ці неяк паказаў, давёў, што так яно і ёсць, хоць я разумеў, што нельга... але дзед, дзед, я маліў, я так цябе любіў, ты так мяне любіў, дык скажы, што так ёсць, хоць адтуль казаць нельга... але ты святы, табе даруецца, а мне так трэба ведаць...
Чмель сціснуў руку вандроўніка трохі мацней.
— З той малітвай, з тою просьбай, павярнуўшыся на спіну і склаўшы, як дзед, рукі, я раптам адчуў сябе не адным. Узняўся над сабой самім і ўбачыў сябе самога ў бакоўцы, дзе ляжаў на тапчане, склаўшы рукі — выразна сябе ўбачыў, усяго да драбніц, хоць там, дзе я ляжаў, было цёмна, і той я, якога я сябе ўбачыў, мне не глянуўся, не спадабаўся, і я з радасцю, з пранізлівым шчасцем адчуў сябе другім, зусім іншым, лёгкім, бязважкім — і там, дзе я быў такім, было светла, так светла, як скрозь і ўва мне адно святло. Шчаслівым святлом у тым святле я выплыў з бакоўкі, праплыў па чыстай палавіне над сваёй маці, якая спала і ўсміхалася ў сне, над сваім бацькам, над усімі роднымі, блізкімі, крэўнымі мне людзьмі, пра якіх думаў, як страшна будзе іх пакідаць, як яшчэ страшней будзе, калі нехта з іх мяне пакіне, а тут адчуў, што не, зусім не страшна, і яшчэ адчуў, што хачу пакінуць іх як найхутчэй, зараз — і мяне неадольна пацягнула ў адчыненую фортку, бо ў хаце было душна і трэба было дыхаць, а за форткай было так высака і прасторна і дыхаць не трэба было, бо ты сам, як дыханне, так, як дзіцячае дыханне, і калі я рвануўся ў фортку, пераўтвараючыся ў дыханне і набіраючы і набіраючы святла, убачыў за форткай дзеда, які таксама — адно дыханне і святло, і дзед прадыхнуў: “Тут не цёмна, ты не бойся...” “Дзед!” — кінуўся я да яго, каб маліць, каб заклінаць, каб ён узяў мяне з сабой — і знайшоўся ў самім сабе ў бакоўцы, дзе ляжаў, склаўшы рукі, на тапчане. Усё скончылася, але ў цела сваё, якое яшчэ трэба было даношваць, я вярнуўся іншым. Не нашмат, не гэткім, як святло і дыханне, але і не такім, якім сябе пакідаў... Я дзеда так любіў, ён так мяне любіў, што прыадкрыў таямніцу: смерці няма. Няма смерці.
Чмель адпусціў руку вандроўніка, усміхнуўся і сказаў:
— Дзякуй. А то там святар сядзіць і сядзіць...
— Але гэтага мне мала было, — доўжыў вандроўнік. — Толькі аднаму гэта ведаць было мала, хацелася, каб і маці ведала, і бацька, і ўсе, каго я любіў... І я ўсіх пабудзіў, сказаў, што дзед памёр, і стаў глядзець, што яны стануць рабіць, і калі яны кінуліся ў слёзы і крык, загаласілі: а на каго ж ты нас пакінуў? — я ўзмаліў: дзед, падай ім знак, што яны не пра тое плачуць, крычаць і галосяць! — і дзед сарваў са сцяны зашклёны абраз, пад якім памёр, узняў яго і гваздануў аб падлогу, шкло ў галашэнне і слёзы пырскамі разляцелася: “Сціхніце! Смерці няма!..”
— Абраз гваздануў?.. — напружана ўгледзеўся ў вочы вандроўніка чмель.
— Абраз.
— Пад якім памёр?..
— Пад якім памёр.
— Нахіліся да мяне... — паспрабаваў прыпадняцца чмель і, калі вандроўнік нахіліўся, вышаптаў яму на вуха. — Зрабі так, каб як найцішэй было, калі стану дыханнем. Пастараешся?..
— Пастараюся, але так не будзе, — адказаў вандроўнік. — Вы самі ведаеце...
Чмель сказаў:
— На жаль...
Вандроўнік папрасіўся:
— Я пайду?..
— Ідзі... І вяртайся дахаты, — пацалаваў яго чмель. — Доўгім ці кароткім шляхам, але вяртайся.
— Я вярнуся, — сказаў вандроўнік. — Доўгім ці кароткім... — І не дагаварыў, пра нешта падумаўшы.
Бог сказаў: “Кароткага шляху не бывае”.
Чмель пачуў. Памаўчаў і кіўнуў, лежачы: “Гэта так”.
Вандроўнік рушыў да дзвярэй, у якіх чмель спыніў яго.
— Чакай. Апошняе... Скажы ім, што хачу памерці ў сваім ложку.
— А самі вы...
— Казаў. Не чуюць... Баяцца, што памру.
Вандроўнік кіўнуў і выйшаў.
— Ну што?.. — кінуўся на калідоры да вандроўніка святар, і вандроўнік зманіў:
— Не разумее.

— Ён хоча памерці ў сваім ложку, — сказаў вандроўнік доктару, і той адказаў:
— Ведаю.
— Тады чаму не?..
— Бо ён штучна жыве. І калі я адключу яго ад штучнага жыцця, памрэ ці імгненна, ці па дарозе ў машыне. Што мне рабіць?..
Вандроўнік павагаўся і сказаў:
— Адключы. Ён не памрэ па дарозе.
Доктар бяссільна развёў рукамі:
— Я доктар. І чужы, як і ты. Няхай ягоныя скажуць...
— А што яны?..
— Не чуюць. Баяцца, што памрэ.

Вяртаючыся дахаты, вандроўнік у каторы раз намагаўся ўцяміць: хто такі чмель і што такое Бог?.. Калі Бог, — думаў вандроўнік, — у якога чмель не верыць, усё адно ў чмялі, значыць, Бог ва ўсіх. Як душа, якая і ёсць чмель, і ёсць Бог. Які адначасова і паўсюдна ва ўсім гэткім бясконцым, што немагчыма ўявіць, Сусвеце... Дзе штоімгненна запальваюцца і пагасаюць у нечым лятучым, што ляціць і ўніз, і ўверх і адразу ва ўсе бакі, мільярды мільярдаў зорак, і маленькая лятучая душа роўная ўсяму бясконцаму лятучаму Сусвету, у якім ад бясконцасці да бясконцасці — усё адно ў адным, і ўсё гэта разам і ёсць Бог...
Мудрасці, каб падумаць інакш, не хапіла. Вандроўнік зразумеў, што ў тым, пра што падумаў, няма мудрасці. “Тады дзе яна і ў чым?...”
Выходзіла, што, калі не ў ім, у вандроўніку, тады ў вандроўным Бозе.
Тут узнікала праблема...

Богу было не да авадня — і авадзень не памёр. У ім замянілі ўсё аваднёвае на новае, і ён далей застаўся жыць і баяцца памерці...

Чмель памёр у шпіталі ў той дзень, у які некалі пачалася вайна, на якой пражыў ён жыццё. Святара ён так і не паклікаў, але Бог, які быў у чмялі, пахаванне ягонае наладзіў, як свята... Было бясконца ціха — святло і дыханне, і ў святле і дыханні луналі белыя сцягі з чырвонымі слядамі крывінак.
І нікога на машынах, каб пыл не ўздымалі...
Вандроўнік ішоў за труной і ўспамінаў, як маліў чмяля, калі той памёр, каб падаў які-небудзь знак, што ўсё тое, пра што яны апошнім разам гаварылі, так і ёсць, і як чмель падаў знак: калі ўсчаўся гвалт і крык, падняў свой зашклёны партрэт, бо абраза не было, і гваздануў яго аб падлогу, шкло пырскамі ў крык і гвалт разляцелася: “Сціхніце!..” І яшчэ згадаў вандроўнік, як пад клавіятурай друкарскай машынкі, якая дасталася яму ад чмяля, знайшоў прыклееную паперынку, на якой чмялём было напісана:
“Ёсць першая старонка... З Богам!”

Уверх
  © 2004-2005 Дызайн і распрацоўка - Венско Дзмітрый aka sEXEcutor
© Усе правы захаваны. Перадрук матэрыялаў толькі са спасылкай на Nekliaev.by.