Уладзімір Някляеў - афіцыйны сайт
Уладзімір Някляеў - афіцыйны сайт
Паэзія Проза Драматургія Публіцыстыка Песні
Біяграфія Пераклады Прэса Фатаграфіі Мультымедыа
на галоўную
зваротная сувязь | аб праекце | гасцёўня | спасылкі | пошук
У пачатак раздзелу

"Наша Ніва" № 16 (137) 26 ліпеня 1999 года

Вольга Караткевіч
Уладзімер Някляеў: "Я вельмі люблю Менск"

Старшыня Саюзу Пicьменьнікаў Уладзімер Някляеў ня мае намеру вяртацца ў Беларусь. Пра гэта сьведчаць факты мінулага тыдня - ягоная публічная заява пра нелегітымнасьць А.Лукашэнкі, ягоны верш у "Белорусской деловой газете", ягонае інтэрвію польскай "Gazecie Wyborczej". Паэт пацьвердзіў, што ў Беларусі пануе дыктатура, што беларуская культура апынулася ў катастрафічнай сытуацыі і што ён мае намер арганізаваць у Польшчы беларускі культурны цэнтар з выдавецтвам і часопісам - "каб вакол яго згуртаваць беларусаў з розных старон сьвету".
Сёньняшняя гутарка нашага спэцыяльнага карэспандэнта Вольгі Караткевіч з паэтам Уладзімерам Някляевым прысьвечаная большай часткай літаратуры і самапачуваньню паэта ў той сытуацыі, у якой ён апынуўся.

 

Купалава сьвята ў Вязыку, адправiлася чытаць вершы да новага помнiка Пушкiну ў Менску, бо там было ўсё высокае кiраўнiцтва, а ў прыдачу чакаўся Лужкоў. Лужкоў, што праўда, не прыехаў...
Верагодная, выратаваньне сытуацыi ў тым, каб у СП зьявiўся нарэшце пасiянарны кiраўнiк. У агульна-культурным сэнсе ўсё, што робяць лукашэнкаўцы - гэта нулявы багаж. Ад гэтага не адымаецца i не дадаецца. А вось суб'ектыўная роля заўсёды лягае значным радком у летапiс часу. I нават такi экстэнсiўны ўчынак, як выезд Уладзiмера Някляева за мяжу, робiцца прадметам размоваў, а можа быць i тэмай для чыягосьцi верша або апавяданьня, дзе адныя назавуць паэта здраднiкам, а другiя - прарокам.


"Я б хацеў, каб зь сёньняшняга дня пачала зьдзяйсьняцца тая iдэя, якая была закладзеная пасьля абвяшчэньня незалежнасьцi краiны, калi мы ўздымалi бел-чырвона-белыя сьцягi з гэтым пачуцьцём вялiкай-вялiкай радасьцi. Я помню гэтае адчуваньне шчасьця, якога нiколi больш не адчуваў - з нагоды, якая мяне асабiста не кранала. Я разумеў шчасьце ад каханьня, ад паэзii. Я ня ведау, што можна адчуваць шчасьце ад таго, што маеш дзяржаву, сымбалi..."
Уладзiмер Някляеў, 20.07.88, Варшава


"У мяне няма запасной Радзiмы, я быў i застаюся грамадзянiнам сваёй краiны, ва ўсiм гатовы падзялiць яе лёс, апроч несвабоды."
Уладзiмер Някляеў, 20.07.88, Варшава

 

- Навошта паэту, старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў спатрэбілася палітычная заява аб нелегітымнасьці Лукашэнкі?

- Я - паэт. Таму пазбаўлены палітычнай лёгікі. Аднак усе апошнія падзеі ў маім жыцьці прымушаюць кіравацца палітычнай лёгікай. Я б хацеў быць далёка ад палітыкі. Аднак, як паслухмяны грамадзянін, павінен кіравацца законамі. Пасьля 20-га ліпеня Лукашэнка - нелегітымны. Я заявіў пра гэта ў Польшчы, таму што тут улады недаацэньваюць тое, што адбываецца ва Ўсходзе.

- Распавядзіце коратка гісторыю Вашага выезду за мяжу...

- Сытуацыя, створаная Замяталіным вакол часопісу "Крыніца", стала невыноснай. Гэта адбівалася і на маёй псыхіцы, і на настроях у рэдакцыі. Відаць, падпісаная мною заява, якая асуджала прынятыя прэзыдэнтамі Беларусі і Расеі 25-га сьнежня дакумэнты, стала прычынай увагі да мяне. Я выехаў зь Беларусі 6-га чэрвеня. Думаю, што так хутка арыштоўваць мяне ніхто б ня стаў, аднак Лукашэнка вырашыў узяць мяне на яшчэ карацейшую шворку.

- Вы адчувалі сябе як на шворцы?

- Так. I ў мяне быў выбар - адысьці ад уладаў ці працягваць рабіць нешта, у тым ліку і для культуры, што без дачыненьняў з уладамі немагчыма.

- Калі "адысьці ад уладаў", чым бы Вы маглі займацца? I які мог быць грамадзкі водгук на такую зьмену Вашых інтарэсаў?

- Мог бы займацца выдавецкім бізнэсам. Атрымліваць грошы за песьні. За вершы надта ж не пражывеш. Што да грамадзкай думкі... А навошта яе кантраляваць?

- Дарэчы, якая і калі напісаная Вамі апошняя песьня?

- Апошняя песьня напісаная пра Менск. За дзень да ад'езду. Разам з Эдуардам Зарыцкім. Для аркестру Міхаіла Фінбэрга. I прымеркаваная да сьвята гораду - з ліпеня. Выглядае сымбалічна. Мая першая песьня была напісаная таксама з Эдуардам Зарыцкім. Даўгая вельмі - пра каханьне. Яе сьпявала Тамара Раеўская.

- Вы любіце Менск?

- Вельмі. Асабліва гэты раён - мост празь Сьвіслач паміж цыркам і плошчай Перамогі, зь якога можна глядзець на Опэрны. Гэта якраз увасабленьне таго, пра што гаварыў слынны архітэктар Карбузье: "Архітэктура - гэта не будынак, а арганізаваная будынкамі прастора". Замежнікі заўсёды былі ўражаныя пэйзажам, бачным з гэтага мосту. Я шмат глядзеў на Менск... I адчуваў прастору і настрой. Адтуль і пайшло...

- Паэзія?

- Так. Я ніколі б ня стаў празаікам. Ня ўмею пісаць і апісваць рэаліі - дамы, вуліцы... Патрабую паэзіі.

- А чаго патрабуе праўдзівая паэзія?

- Разьняволенасьці і фантазіі. Там ты зрэалізуеш тое, чаго ня спраўдзіў у жыцьці: не дакахаў - дакахаеш, не дапіў - дап'еш....

- Ці не рабілі Вам закіды ў злоўжываньні алькаголем?

- Я жыў і, відаць, цяпер жыву, аточаны плёткамі. Алькаголь - непазьбежны для творчага чалавека. Чаму? Бо шукаеш выйсьця з побыту. Любы побыт, самы ўладкаваны - гэта сумна. Яго можна памацаць толькі фізычна. Нат калі ты бярэш самую вытанчаную філіжанку, па вялікім рахунку, гэта звычайны прадмет. I без настрою - тое самае, што звычайная шклянка. Алькаголь - гэта слабасьць беларусаў, якія патрабуюць распружанасьці. Каб беларусы былі мацнейшымі, маглі б вырашаць пытаньне iншым шляхам - трэніраваць цела, дух. I даваць па лёгку мазгам...

- Чаму Вы ня сталі тэарэтыкам паэзіі?

- Сумна тлумачыць людзям тое, што яны павінны выказваць і што адчуваць. Ёсьць такая парода людзей - крытыкі. Сярод іх - таленты. Мне трактаваць сумна. Я ніколі не пісаў дзёньнікаў. Аднаго разу - у школе. Пасьля перачытаў і стала сорамна - для сябе пісаў у апошнюю чаргу. Дбаў пра форму... А ў беларускім кантэксьце я не ўваходзіў у нейкія групоўкі, колы. Сам па сабе. Ня быў набліжаным...

- Ці былі Вы рэальна набліжаным да Лукашэнкі? Простая тэлефонная лінія і г.д...

- Не, ня быў. Калі да мяне прыходзяць і кажуць, што ты з прэзыдэнтам кожны тыдзень мыесься ў лазьні, я мала расказваю, што сапраўды хаджу ў лазьню з прэзыдэнтам. Але прэзыдэнт гэта ня той. У мяне свая кампанія, у якой, дзякуй Богу, няма ніводнага літаратара. Гэта былыя спартоўцы, мужыкі, якія займаюцца справай. Шточацьвер ходзім у лазьню. I абралі прэзыдэнта кампаніі - былога баксёра цяжкой вагі. Займаецца бізнэсам.

- Аляксандар Лукашэнка чытаў Вашыя вершы?

- Усім расказваў, што чытаў. Але ня мне. На сустрэчы з Радай (Саюзу Пісьменьнікаў. - "НН") сказаў, што сучаснай літаратуры, на жаль, ня ведае.

- А каго ён ведае?

- Лукашэнка ведае Мележа, таму што вывучаў яго ў школе. Ён нам расказваў, як некалі паехаў на Палесьсе. Апынуўся на востраве, дзе расло вялікае дрэва, здаецца, дуб. Лукашэнка стаў пад дубам і адчуў, што тут, на гэтай зямлі, Мележ мог напісаць "Людзі на балоце"...

- На Вашую думку, ці важна, каб кіраўнік дзяржавы быў гуманітарна асьвечаны?

- Безумоўна, важна. Гэта ж ня той сьвет, калі панаваць можа проста тыран...

- А хіба гэта ня так?

- Відаць, адмерана нам так. Ён абсалютна падобны да народу. Народ - да яго.

- Вы калісьці гаварылі, што дасягненьнем у сваёй творчасьці лічыце зборнік "Прошча"...

- Я сам зь мястэчка Крэва. Мой бацька, рускі чалавек, прыйшоў туды з Волгі, калі адваяваў. Яго, былога старшыню калгасу, паслалі ў Заходнюю Беларусь ствараць калгасы, раскулачваць майго дзеда, фактычна, разбураць тое, што дзед усё жыцьцё будаваў. Сустрэў маю маці. Я вават пачаў паэмку пісаць пра парадоксы, ад якіх залежыць тваё зьяўленьне. Каб не было тае жудаснае вайны, ці быў бы я, Вы?
Напрыканцы вёскі, мястэчка ёсьць прошча. Абавязкова з капліцай - гэта можа быць студня, камень, валун, векавое дрэва. Сымбаль. Толькі там можа здарыцца нешта неверагоднае ці фантастычнае. Там, дзе Прошча. Аднаго разу на Смаргоншчыне я ўбачыў возера. Маленькае, але глыбокае - я нырцом спрабаваў. Пытаюся ў мясцовага жыхара вёсачкі хат у пяць: "Як называецца?" - "Проста возерам". Так яно стала Прошчай. Так нарадзіўся назоў кнігі.

- У паэзіі жыць прасьцей?

- Менш умоўнасьцяў. У жыцьці нельга адысьці ад умоўнасьцяў. У паэзіі дапушчальная вялікая доза свабоды. А замест гэтага беларускае скарыстоўвалася і скарыстоўваецца дагэтуль як патэнт для магчымасьці існаваць.

- Шамякін? Прачытаўшы ягоныя дзёньнікі ў "Крыніцы", я падумала: "Чалавек пазбаўлены абстрактнага мысьленьня. Бачыць толькі тое, што відаць"...

- Шамякін, дарэчы, няшчасны чалавек. Мог бы стаць вельмі добрым пісьменьнікам. Прырода дала яму талент сюжэтніка. Ёсьць пісьменьнікі, якія ня могуць добра апэраваць фантазіяй. Шамякін з такіх. Але сюжэт будаваў, як мала хто. Умовы соцыюму прымусілі адпрацоўваць клішэ. У ягоных раманах два полюсы. Станоўчы - сакратар райкаму, адмоўны - старшыня выканкаму. Туды ўплеценае каханьне. Старшыня выканкаму адступае... А цяпер Шамякін няшчасны і па жыцьці. Жаліцца, што стаў бедным. Ёсьць людзі, якія ня могуць падумаць, што ўлада можа быць імі абвергнутая.

- Асабліва чалавек, які пісаў пра каханьне?

- Я ведаю выпадкі, калі беларускія паэты спачатку пісалі прысьвячэньні жанчынам, якіх кахалі, а як даходзіла да друку, здымалі гэтыя прысьвячэньні, баючыся жонкі...

- Што Вы ўзгадваеце з уласнага жыцьця? Вучобу, працу на БАМе, перажытыя пачуцьці?

- БАМ. Падабалася, таму пісаў пра гэта. У нас адзін аднаго амаль не чытаюць, а ацэньваюць са словаў іншых. Крытыкавалі мяне за апяваньне БАМу, а я надта не апяваў. Упэўнены, што "Паэму пра БАМ" прачытаў адзін са ста крытыкаў. БАМ - падабалася. Пакуль БАМ ня стаў пляцоўкай для махінацыяў - сталі красьці, японцы прывозілі самалётамі шмоткі...

- Рамантычныя 60-я. Вашая маладосьць засьпела моду на джынсы?

- Не. Штаныдудачкі, кашуля ў пеўні і шырокі гальштук. Дудачкі разразалі і вешалі на разрэз ад нізу да калена значкі. Мяне ледзьве з тэхнікуму ня выгналі за гэта.

- Зь якога тэхнікуму?

- Сувязі. У Менску. За тое, што я студэнту з Цэнтральнай Афрыкі тры зубы выбіў.

- ???

- Не, не за дзяўчат. Была такая песьня. "Жил да был чёрный кот за углом, и кота ненавидел весь дом..." Дык той цемнаскуры студэнт сьпяваў "Жил да был белый кот за углом..." Уратаваў мяне дырэктар тэхнікуму Тумас.

- Але ж Вы ня толькі ў Менскім тэхнікуме сувязі вучыліся?

- Так. Перад тым - у Кіеве, на геоляга. Адтуль, не давучыўшыся, зьехаў. Пакахаў дзяўчыну. Мне было 14 гадоў, а мясцовым суседзям па інтэрнаце пад 20. Вось яны мяне моцна й білі, каб адчапіўся ад яе. Пару разоў завярнулі ў коўдру і білі кедамі. Я цярпеў, бо кахаў. А калі ўжо кашлянуў крывёю, ня вытрымаў. Таму мама і прыехала з завернутымі ў хустачку 25 рублямі і фразай "Уся вуліца кажа, што ты нідзе не давучысься"... Памянёны Тумас таксама мяне павыхоўваў. Рукой.

- А Вы часта кахалi?

- Вельмi. Наймацней пакахаў цяперашнюю жонку.

- Чаго нельга рабіць з каханым чалавекам?

- Наўмыснай крыўды.

- Як Вы будзеце жыць у Варшаве? Як бачыце сябе?

- Два шляхі маю - мастацтва і вера. Чалавек не закон, не падлягае перагляду. Я б хацеў зьмяніць сябе. Я ўсё жыцьцё сабой незадаволены.

- Якое апошняе расчараваньне?

- Я ўбачыў, што мой асабісты стан тут не палепшыўся, і мой лёс мала каго цікавіць. Як было там, у Беларусі, так і тут. Нікога не цікавіць, што ты, усіх цікавіць, як цябе скарыстаць.

- Ці пішаце вершы?

- Так.

Вазьму ў далонь лязо калёнае
I кроплю выцісну зь ляза
Агню - агнём наканаванае
Вадзе - сьляза
У цемру болем перакулены
Па-азіяцку торгну скуламі
Сусьвет, што бачыўся ў сьлязе
Шыпіць зьмяёю на лязе.

- А пра Беларусь?

- Беларусь у душы.

  © 2004-2005 Дызайн і распрацоўка - Венско Дзмітрый aka sEXEcutor
© Усе правы захаваны. Перадрук матэрыялаў толькі са спасылкай на Nekliaev.by.