АЙЧЫНА. А ЧАМУ?..
Паэмы
Ластаўка
· Паланэз · Ложак для пчалы
Ложак для пчалы
1 | 2
Маці
"Загляне сонца і ў наша ваконца..."
Беларускае народнае.
"Пчала якраз у макаўку ўпякла!.."
Паэма "Вера", 1970.
"Быў сон, які Маланкай звалі..."
Паэма "Маланка", 1981.
"Калі ты паэт ці калі ты званар -
Ты лішні, ты вольны..."
Паэма "Прошча", 1993.
"І што ў вас там, дальбог, за людзі?.."
Паэма "Паланэз", 2000.
Ч а с т к а п е р ш а я
Калявала
Чуваць, як адрастае барада, -
Так ціха тут...
У возеры, бы ў сподку,
Як вока поўным,
Круглая вада
Уздрыгвае, калі штурхаю лодку
Ад берага...
Слізгаюць па вадзе
І расхінаюць возера дзве хвалі...
Дзве хвалі... два жыцці...
Адно нідзе,
Другое ў Тэйска, дзе мяне схавалі
Ад фінаў фіны, каб лавіў вугроў,
Збіраў грыбы і ягады, і слухаў,
Як барада расце...
Маіх сяброў
І схоўшчыкаў завуць Ану і Юха,
Тут хутар іх...
Тут продкі іх жылі...
Аралі, жалі
І спявалі песні,
Як фіны ўсе, што маюць на зямлі
Па востраве, па возеры, па лесе
Пры хутары...
Я, увайшоўшы ў дом,
Убачыў печ з ляжанкай, скарб прыпечны,
Драўляны калаўрот з верацяном
Пашчэрбленым -
і кросны...
Дух спрадвечны
Над калаўротам з кроснамі лунаў,
І пахла лёнам, ніткамі, кудзеляй,
Аўчынай, на адну з шырокіх лаў
Насцеленай...
Я лёг.
Са сцен глядзелі
Дзяды і дзеці, мужыкі, жанкі,
Медсёстры, гімназісты і салдаты,
Пыталіся ў мяне: "Ты хто такі?
Адкуль ты тут? Сваёй не маеш хаты?
Згубіў Айчыну? Ну, чаго ты лёг?.."
"Каб паляжаць, - сказаў я. - На аўчыне
Даўно не спаў..."
У кут пусты, дзе Бог
Пыліўся ў кожнай хаце на Айчыне,
Я паглядзеў...
"Ты звык да абразоў? -
Стары ў капелюшы спытаў, прыўзняўшы
Свой капялюш... Я прамаўчаў. Ён зноў
Прыўзняў свой капялюш: - Багі ўсе нашы
У возеры і ў лесе, гэты край
Паганскі..." Я падняўся: "Наш таксама.
Вада ды лес. Не пекла і не рай".
Глядзелі са сцяны - да рамы рама -
Сям'я ўся, род... Тут Юха і Ану
Апошнія.
Суворы лёс...
Сяляне...
Сярод усіх убачыў я адну...
Яна на фотаздымку, бы ў тумане,
З'яўлялася, знікала, як са мной
У хованкі гуляла... Падміргнула -
І род сялянскі ўвесь
усёй сцяной
Так уздыхнуў, што ледзьве не пагнула
Цвікі ў сцяне...
Я глянуў на сцяну:
"Тут нешта ёсць, - падумаў. - Таямніца...
Дазнацца трэба ў Юхі і Ану,
Калі прыедуць з Тампэрэ..."
"Не спіцца?.." -
Спытаў Стары.
"А вам?.."
"Мне не да сну".
"Чаму?"
"Бо я памёр".
"Ну што ж, не дзіва..."
"Не дзіва? - ён здзівіўся
і крыўдліва
Падціснуў губы... - Што ж тады з дзівос
Цябе здзіўляе?.."
"Апрача нябёс,
Ужо нічога".
"Зорная імгла,
Што сонцы пухірамі надзімае,
Цябе здзіўляе?.."
"Так. А вас?.."
"Пчала".
"Вас муха мёдазборная здзіўляе?" -
Не даў я веры.
"Так".
"А смерць?"
"Пустая
Бяссонніца..."
"А хто жанчына тая?.." -
Абрыдла мне пра смерць і пра імглу.
Стары схмурнеў. "Лятучае лятае -
І хай сабе... Не прыручай пчалу".
І нешта празвінела над сталом...
Была нядзеля.
Белым палатном
З чырвонай вышыванкай стол заслаўшы,
Паставіў я, што меў: кансервы, кашы,
Сыры, вяндліну - стол быў не малы...
І ў сподку кропля мёду для пчалы.
"Прашу!" - я запрасіў, і на сцяне
Замерлі ўсе. Глядзелі на Старога...
Ён капялюш прыўзняў: "Не, дзякуй. Не.
Нам нельга тут. Ніяк. Сваё мы ў Бога
Застолле маем. Там не сыр. Не каша..."
Я перабіў: "А тут хіба не ваша?.."
Ён замаўчаў. Што адказаць, не ведаў.
Прамармытаў там нешта... "я ўжо снедаў..."
А я сваё: "Што маю, і чым хата
Багата..."
Медсястра ўспрасіла: "Тата...
Мы так даўно ўсе разам не сядзелі!..
Вы пагаворыце... Я дапраду кудзелю,
Перад вайною так і не дапрала..."
"А я ў адрыне так і не прыбрала,
Як сэрца тук - і стала... - да капрала
Старая павярнулася. - Сынок..."
"А я тым часам скочыў бы ў шынок,
Сустрэўся б з Пекам, Хоканам і Вілі,
Пакуль яшчэ нікога не забілі..." -
Ужо ўчапіўся гімназіст за раму...
Стары маўчаў.
"Ды пашкадуй ты маму! -
Сястра ўскрычала. - Ды скажы ты, брат!.."
Капрал азваўся ціха: "Я салдат", -
Але чакаў таксама...
На сцяне
Наструніліся так, што затрымцела
У вокнах шкло... І стала нават мне
Не па сабе... Адна глядзела смела
Пчала Старому ў вочы - і ўзляцела,
Як толькі ёй адной
сказаў ён: "Не!"
Сцяну хіснула...
У адным акне
Шкло лопнула - і ф-ф-ы-ы-р пчала ў акно...
"Яна чакала гэтага даўно! -
Стары, губу куснуўшы, сціснуў рот. -
Яна - пчала.
Мы - людзі. Род. Народ.
Не нам, не фінам парушаць закон!.."
І ў вокнах сціх, ледзь пастаяўшы, звон.
Я кінуўся за дзверы!.. Ды куды?..
Сцямнела ўжо, пакуль я прыбіраўся,
Стол гатаваў...
Я ў цемру азіраўся -
І нешта падказала: "Да вады".
Але ж тут возера... і мора... і рака...
Дык да якой вады?..
Яе рука
Маю руку ўзяла - і пацягнула:
"Хутчэй! Хутчэй!" - да рэчкі павяла,
І толькі я абняў яе - куснула,
Каб я не забываўся, што пчала...
"Як зваць цябе?.."
"Я Кася. Тут я - Кайса".
"А дзе ты - Кася?"
"Гэта ўсё - па часе,
Пасля, пасля... Вунь бачыш: там кастры...
Шкада, што не ўдалося медсястры
З капралам... У, Стары!.. На Міттумары
Не грэх павесяліцца..."
Як пажары,
Кастры над рэчкай іскрамі ўскіпалі!..
"На чым павесяліцца?.."
"На Купаллі!"
Купалле сёння! Юханас!..
Яна
Інакш чамусьці свята называла...
"Дык гэта па-паганску. Я не знала -
Стары сказаў..."
"А хто ён, той Стары?.."
Трашчалі, іскры сыплючы, кастры,
І дым лунаў - паганскі, пахкі, мройны...
"Зануда ён, стары наш Вяйнямёйнен!..
Ён мне сам спяваў пра Сампа
І пра чары хітрай Лоўхі,
І старэла Сампа ў песнях,
І старэлі ў песнях чары,
І не мог сам Вяйнямёйнен
З чэрава на свет з'явіцца...
Вось слупы вятроў паўсталі,
Камяні ўзыйшлі і скалы,
І стварыліся краіны,
Толькі вешчы Вяйнямёйнен
З чэрава ніяк не выйдзе...
- Як жа быць і што рабіць мне? -
У сябе ён сам пытаўся, -
У прасторы гэтай цеснай,
У нязручным, цёмным месцы,
Дзе ні зор святла, ні сонца,
Нават месяц не блукае...
І казаў тады ён словы:
- Месяц, сонца залатое
І Мядзведзіца на небе!
Дайце выйсці мне з цямніцы,
Каб убачыць месяц светлы,
Каб на сонца любавацца,
На Мядзведзіцу дзівіцца!..
Ды не даў свабоды Месяц,
Не дало свабоды Сонца.
І тады сам Вяйнямёйнен
Зрушыў пальцам безыменным
Цёмнай крэпасці вароты,
Іх рассунуў, касцяныя,
Меншым пальцам левай ножкі, -
Праз парог перапаўзае,
Цераз сені на каленях...
Ён упаў у сіне мора,
Ухапіў рукамі хвалі,
На якіх пракалыхаўся
Шэсць гадоў і сем, і восем,
Покуль выбраўся на водмель,
На бязлесы выплыў бераг...
Тут падняўся ён з каленяў
І ступіў з вады на сушу,
Каб убачыць светлы месяц,
Каб на сонца любавацца,
На Мядзведзіцу дзівіцца
І лічыць у небе зоры..."
- Ён на гэты выплыў востраў? -
Ціха я спытаўся ў Кайсы,
І яна мне даспявала...
"Так з'явіўся Вяйнямёйнен
З дзевы вольнага паветра,
Вешчы прашчур-песнятворца...
...Ды згубіў ён дар пяснярскі,
Капялюш сабе надзеўшы..."
Мы ўжо каля кастра былі.
Прысеўшы
На валуне, я ўсё ж яе абняў...
- А ты, скажы, дзе быў? Дзе ты блукаў?
Адкуль і як у гэты свет з'явіўся?
Вароты зрушыў?.. Збіў замок?..
Іскрыўся
У ёй агонь: у целе, унутры.
Я захінуў кашуляй:
- Не згары... -
Але знутры агонь не захінаўся.
І я падумаў: "Што ні гавары -
А як ніяк... Нібы і не з'яўляўся..."
Каб не адказваць, я спытаў:
- А ты?
- Сюды я замуж выйшла з беднаты, -
Зусім не тое, што чакаў, сказала
Яна ў адказ. - Ты бачыў... За капрала.
Але яго забілі на вайне.
- Цябе таксама, Кася?..
- Што ты! Не...
Хто мог забіць? Я нават не памерла...
Пчалою стала.
- А чаму пчалой?
- Бо мёд люблю. А ты мне, як малой,
На донца! Кроплю!..
- Кася, ты павер мне...
- Ды веру, веру... Думаў: я пчала?
Яна празрыста-голая была
У залатым агні: пчала?.. жанчына?..
Яна спытала раптам:
- Як Айчына?.. -
І тут жа крыльцы тонкія ўзняла
І паляцела...
Не, усё ж пчала.
- Скачы за мной! - цераз агонь ляцела
Пчала-жанчына... Я адчуў, як цела
Празрыста-голым стала - і ўзляцеў,
І слухаў над агнём пчаліны спеў,
Яму ў адказ гукаўся...
С п е ў д у э т а м...
"Што ты мне дасі за гэта,
Калі я цябе дастаўлю
На радзімую старонку,
Даімчу да самай хаты,
Каб ты слухаў, як зязюля
Там гады твае кувае?.."
"А чаго б ты захацела,
Калі ты мяне даставіш
На радзімую старонку,
Даімчыш да самай хаты,
Каб я слухаў, як зязюля
Там гады мае кувае, -
Шапку золата ты хочаш,
Ці ты возьмеш срэбра шапку?.."
"Ах ты хітры песнятворца,
Ведаеш, што абяцаеш,
Бо мне золата навошта,
Як сама я залатая,
Як яно - забаўка дзецям,
Срэбра - коням для убранства.
А ці можаш ты мне Сампа
Разам з накрыўкай стракатай
Адкаваць з пяра лябёдкі,
З малака кароў няцельных,
З воўны доеных авечак
І з ячменнага зярняці?
Вось за што цябе дастаўлю
На радзімую старонку,
Даімчу да самай хаты,
Каб ты слухаў, як зязюля
Там гады твае кувае".
"Я скаваў бы табе Сампа
Разам з накрыўкай стракатай
З лёгкага пяра лябёдкі,
З малака кароў няцельных,
З воўны доеных авечак
І з ячменнага зярняці,
Каб даставіла да дому,
Толькі сумна мне адному
Будзе слухаць, як зязюля
Там гады мае кувае".
"Дык дастаўлю з прыгажуняй,
Чараўніцаю-дачкою
Лоўхі, Пох'ёлы ўладаркі,
Каб яна табе спявала,
Каб не слухаў, як зязюля
Там гады твае кувае..."
- Я мрою, Кайса?.. Гэтак не бывае...
- Вазьмі зярнятка, воўну і пяро,
А малака надоіш... На дабро
Нічога не шкада. Адкуй мне Сампа!
- Калі б умеў, дык я даўно ўжо сам бы...
Хіба зашкодзіў мне б чароўны млын?
Сцішэла Кайса:
- Што ж... Жыві адзін.
Хто марыць пра чароўнае - умее
Чароўнае каваць...
Я ўбачыў: тлее
Адно крыло! І Кайсу падхапіў:
- Ты надта блізка да агню лятаеш!
- Яна спытала:
- Ты мяне кахаеш?..
Каго кахаць?. Пчалу-жанчыну... Кайсу,
Ці Касю?.. Хто яна?..
- Ды не кусайся! -
Усклікнуў я - уджаліла яна!
- Пайшлі купацца. Даставай да дна! -
Яна нырнула. - Што ты невясёлы?..
Адно я ведаў: не ныраюць пчолы.
- Калі ж купацца, як не на Купалле!
На Міттумары!.. Юханас!.. - Яна
Глыбей плыла... І ўся была відна,
І пад вадой свяцілася знутры...
Мяне перавярнула дагары -
І ўбачыліся зоркі, ясны месяц
Так нізка над вадой, нібы павесіў
Яго, скаваўшы, на цвічку каваль...
Мы праплывалі каля дна амаль,
Але ніяк да дна не даставаў я:
Вось-вось... вось-вось... а дно ніжэй, ніжэй...
Нарэшце, камень... і на камень стаў я...
- Табе жыццё, ці Кайса даражэй? -
Перавярнуўся пада мною камень
І нада мной - накрыў і прыдушыў,
І выціснуў з мяне, нібы ціскамі,
Мой дух увесь, я ўжо зусім не жыў,
Таму сказаў - што мёртваму? - што Кайса...
- О, Віпунен!.. Дарэмна... Не старайся...
Што скажа ён, не ведаючы, што?.. -
Шапнула Кайса каменю. - А хто
Цябе сюды закінуў, быццам камень?..
"Гэты вешчы Вяйнямёйнен,
Каве сын, паветра дзевы,
Мацеркі вады, што з хваляў
Падняла адно калена,
Каб на ім зляпіла вуця
Для сябе жытло-гняздзечка,
Залатых нанесла яйкаў
Шэсць, а сёмае - з жалеза,
Каб упалі яйкі ў воду,
Каве, Ільматар у лона,
І каб з яйка, з ніжняй часткі,
Цвердзь стварылася зямная,
І каб з яйка, з верхняй часткі,
Звод нябёс паўстаў высокі,
І з жаўтка каб, з верхняй часткі,
Сонца яснае паўстала,
І з бялка каб, з верхняй часткі,
Ясны месяц засвяціўся,
Са стракатай шкарлупінкі
Зоркі высыпалі ў небе,
А з жалезнай цёмнай часткі
Хмары ў ім павыплывалі...
Гэта вешчы Вяйнямёйнен,
Сын усёстваральнай Каве,
Скрозь пайшоў шукаць два словы,
Тры, не болей, для закляцця,
Што ў любой бядзе зратуе.
Ён шукаў заклёны-словы
У мазгах рачных касатак,
У галовах лебядзіных,
У лапатках у гусіных,
У малой вавёркі ў роце,
Пашчы летняга аленя.
І набіў ён шмат касатак,
Лебядзяў набіў чароды,
Процьму ён здабыў вавёрак,
Табуны злавіў аленяў,
Ды паўслоўца не знайшоў ён,
Што ў любой бядзе зратуе,
На зямлі і ў падзямельным
Царстве змрочнага Туоні.
Стуль дабраўся да мяне ён
Па канцах іголак тонкіх,
Па наточаных сякерах,
Вастрыях мячоў сталёвых,
Ссек з плячэй маіх асіну,
І са скроні ссек бярозу,
Вольхі высек з падбародку,
З барады лазняк пахілы,
З лобу елку векавую,
На зубах ссек бор сосновы,
І калом расціснуў зубы,
Каб сказаў яму тры словы
Віпунен, пясняр заклёнаў, -
Тут яго і праглынуў я.
Ды ўва мне ён зладзіў човен,
Па маіх паплыў ён кішках,
Змайстраваў у бруху кузню,
Стаў каваць, як Ільмарынен,
Грукатаў і біў па сэрцы,
Па пячонцы, селязёнцы,
І з майго дыміўся роту
Жар палёнага жалеза.
Я пачаў заклёны-спевы,
Віпунен, пясняр заклёнаў,
Каб ён вылез з майго бруха,
Каб ён выплыў з маіх кішкаў, -
І ён выйшаў з майго роту,
Словы тыя ўчуўшы ў спевах,
Што зратуюць у няшчасці,
У любой бядзе памогуць...
...І падняў мяне, як камень,
З-пад зямлі ў бяздонне кінуў".
"Мне дазнацца тыя словы
Самы час было б", - падумаў
Я, канаючы, і камень,
Віпунен, пясняр заклёнаў,
Валадар тых слоў таемных
Так спытаў...
"А ты нядрэмна
Грукатаў у маім бруху,
Молатам ты біў па сэрцы,
Па пячонцы, селязёнцы?
Многа ластавак злавіў ты,
Процьму ты здабыў вавёрак,
Табуны дагнаў аленяў,
Лебядзяў набіў чароды
На зямлі і ў падзямельным
Царстве змрочнага Туоні?
Стуль дабраўся да мяне ты
Па канцах іголак тонкіх,
Па наточаных сякерах,
Вастрыях мячоў сталёвых,
Ссек з плячэй маіх асіну,
І са скроні ссек бярозу,
Вольхі высек з падбародку,
З барады лазняк пахілы,
З лобу елку векавую,
Бор з зубоў ты ссек сосновы
І калом расціснуў зубы,
Каб сказаў табе тры словы
Віпунен, пясняр заклёнаў?"
- З яго ўжо вылятае дух ягоны,
Пусці! - штурхнула Кайса. - Мы ляцім!..
І камень адваліўся - і над ім
Так нізка, як на нітачцы, плыў месяц,
І мы на месяц селі, дзе павесіць
Я быў гатовы Кайсу, ды была
Бязважкаю лятучая пчала...
"Пчолка, лёгкі чалавечак,
Моры два пералятае,
Тры, не меней, не спачыўшы
Ні ў чаротніку, ні ў лесе,
Цераз водныя бяздонні,
Вогненныя вадаспады,
Ледзяныя цераз горы,
Цераз неба ўсё да Сонца
Па здабытак: кроплю мёду...
Думаеш, не страшна пчолцы?"
"Дык нашто? - калі на сподку..."
"А адкуль?.." - яна спытала.
Па ёй, нібыта ў дожджык па вясёлцы,
Вада начная кроплямі сцякала...
Яна над цёплым месяцам лятала,
Які квітнеў мурожнымі лугамі -
Я думаў: тут пустэча...
Побач з намі
Мільгнуў хлапчук... той гімназіст! "Уцёк!" -
Ён пракрычаў, ударыўся ў ражок,
Ледзь зачапіўшы месяц - і за хмары!..
- Павесяляцца ўсе на Міттумары,
Нікога не ўтрымае наш стары
І вешчы Вяйнямёйнен!..
Ля гары,
Нібы пасечанай, стаялі граблі, вілы...
Я налятаўся, мне балелі крылы,
І я ўзмаліўся: "Адпачыць пара!.."
"Па-мойму, - голас Кайсы завагаўся, -
Яшчэ лятаць таму, хто налятаўся,
Не адпачыць... Бо гэта не гара".
Я дзвюх жанчын убачыў пад гарой,
Старую з маладой, і ў маладой
Спытала Кайса:
- Кюллікі, а колькі
Вы згрэблі?
Адказала тая:
- Толькі
Двух пальцаў не падгрэблі... Драбязы...
А так наш Леммінкяйнен цалкам цэлы,
Мой Каўкам'елі-валацуга... Цела,
Каб склеіць нажыва, у іншыя разы
Намазвалі мы мёдам... Ты злятаеш?..
"Кайса, пчолка залатая, -
Узмалілася старая, -
Сын мой, Ахці Леммінкяйнен,
Развясёлы валацуга,
Лоўхі ў парабкі наняўся,
Доннай Пох'ёлы ўладаркі,
Каб здабыць лася Гардэчу,
Жарабя ўскілзаць Нязлоўцу,
Лебедзя злавіць Святыню,
Заслужыць пасаг у Лоўхі
І дачку яе ў нявесты".
"Вецер..." - Кюллікі ўздыхнула.
"Ды пастух у мокрай шапцы,
Дзед сляпы з краіны Маны,
Падсцярог яго дарогу,
Перапоўз яе змяёю,
Вадзяной прабіў гадзюкай,
Найатрутнай, сэрца сына.
Потым сына сек сякерай,
Насадзіўшы востры месяц
На павалены маланкай
Дуб стотысячнагадовы,
Разляталіся, як трэскі,
Па зямлі далёка косці,
А скрываўленае мяса
На сякеру наліпала.
Векавечны Ільмарынен,
Што каваў для Лоўхі Сампа,
Мне скаваў такія граблі,
Адкаваў такія вілы,
Каб па ўсёй зямлі зграбала,
Каб да месяца дастала.
Я зграбла ўсе чыста косці,
Віламі знасіла мяса,
Склала цела майго Ахці,
Майго Каўкі, Каўкам'елі,
Не хапае ў ім двух пальцаў
І жыцця ў ім не хапае.
Кайса, пчолка залатая,
Два разы ты ўжо лятала,
Паляці яшчэ і ў трэці
За нябесныя вышыні,
За дзевятае за неба,
За Мядзведзіцы лапатку
Ды за спіну сямізор'я,
За касу сузор'я Дзевы,
Скуль да Боскага палацу
Недалёкая дарога,
Дзе ты возьмеш мёду ў Бога,
Што Ён толькі сам смакуе,
Толькі Ён ім валадарыць,
Каб зрасціць уцэла часткі,
Хай сабе і без двух пальцаў,
Майго Ахці, Каўкам'елі,
І ўдыхнуць у іх жывое..."
Я падумаў, што такое
Мне не менш, чым Каўку, трэба,
Каб раскіданыя часткі
У сабе зрасціць уцэла,
Хай бы нават без двух пальцаў,
Ды не стаў прасіць у Кайсы,
Бо ўжо ведаў, што спытае:
"Ці дачку ты сватаў Лоўхі,
Доннай Поўначы ўладаркі,
Ці здабыў лася Гардэчу,
Жарабя ўскілзаў Нязлоўцу,
Лебедзя злавіў Святыню,
І пасля цябе на часткі
Сек пастух у мокрай шапцы,
Насадзіўшы востры месяц
На павалены маланкай
Дуб стотысячнагадовы,
І ляцелі, нібы трэскі,
Па зямлі далёка косці,
І скрываўленае мяса
На сякеру наліпала?.."
Пакуль пчала нястомная лятала
Да Бога ў госці, я пабыў адзін
На Месяцы... Адтуль было відаць
Адразу ўсё, што бачыў я па частках,
Калі быў на зямлі і ў частках жыў...
Я там не бачыў, што я там згубіў,
А тут адкрылася:
і лебедзя Святыню,
і жарабя Нязлоўцу,
і лася...
І нават згуба гэтая - не ўся.
Ды тое - патаемнае... Няхай...
Не, не Айчына... Не зямля, не край,
Дзе я з усімі разам кукурэкаў -
Такое б лепш згубіць...
"Сустрэўся з Пеккам!" -
За Месяцам я ўчуў лятучы крык,
Які ў ражок ударыўся і знік.
І жаргнуў ён па мне, нібыта пуга!..
Я ж некалі лятаў! Ныраў на дно!..
У Крэве вечар... з танцамі кіно,
Мяне чакае Кася там даўно,
А я, як Леммінкяйнен-валацуга,
Пасечаны, на Месяцы ажно...
І там Купалле! Што мне Міттумары!..
А ў Менску сумна піва п'юць у бары
Лявон з Ляксеем... Кажа Аляксей:
"Давай шукаць Валодзьку, дзе ён дзеўся?.."
Глядзяць на месяц...
"Ён агню аб'еўся?.." -
Лявон пытае.
Кажа: "Не касей, -
Яму Ляксей. - Не астранаўт. Не Амстранг".
Я рваў для Касі ў Стапуліхі астры,
Крычала тая: "Ты свае пасей!.."
"Пайшоў па бабах", - кажа Аляксей.
Амаль што і ўгадаў... З нябёс дзевятых,
З-пад самага сузор'я Дзеў крылатых
Зляцела Кайса, лёгкая, як сон...
"Тады за Месяц!" - піва ўзняў Лявон.
"Цудадзейным мёдам Бога
Маці сына націрае,
Мажа косці па расчэпах,
Мяса мажа па разрэзах,
Мажа зверху, мажа знізу
І ў сярэдзіне, дзе будзе
Ажываць у ім жывое,
Каб стаў гэткім, як ранейшы,
За ранейшага стаў лепшым..."
"Як ранейшым лепшым стаць?.."
А Леммінкяйнен стаў ужо ўставаць,
Пацягваўся спрасонку, валацуга...
"Я з Хоканам сустрэўся!" - крыкнуў з луга
Лятучы гімназіст. За ім сястра
Мігцела, як жарынка ад кастра:
"Раздумала я дапрадаць кудзелю!
Павесяліцца лепей у нядзелю
На Міттумары!.. Кюллікі! Сто год
Не бачыліся! Кінь ты граблі-вілы!.."
Размашысты ў Фінляндыі народ.
Вясёлы. А ўсё кажуць, што панылы...
"Я здабыў лася Гардэчу,
Жарабя ўскілзаў Нязлоўцу,
Лебедзя злавіў Святыню",-
Як ранейшы і як лепшы,
Абудзіўся Леммінкяйнен,
Кюллікі сказала: "Кінь ты..."
"Ты падзякаваў бы Богу,
Мне і Кюллікі, і Кайсе,
І занёс дахаты граблі,
Зацягнуў дахаты вілы,
Каб іх зноў наступным разам
Не каваў мне Ільмарынен", -
Маці стомлена сказала,
Толькі лепшы Леммінкяйнен,
Не падзякаваўшы Богу,
Маці, Кюллікі і Кайсе,
Згледзеўшы, што ясны Месяц
Плыў усё далей ад цёмнай
Пох'ёлы, дзе валадарыць
І дачок гадуе Лоўхі,
Ды такіх, што ў іх са скроняў
Срэбрана святло ліецца,
А з грудзей сцякае сонца,
З плеч - Мядзведзіцы блісканне,
Са спіны ўсіх зор зіхценне,
Скочыў з Месяца адчайна
Валацуга Леммінкяйнен,
Як стаяў, сторч галавою,
Пракрычаўшы: "Без двух пальцаў
Як цягнуць мне граблі-вілы?.."
"Што ж..." - тут Кюллікі сказала,
Узляцеўшы за сястрою
І лятучым гімназістам.
Было ў нябёсах велічна і чыста.
Мяне даўно ўжо ні адно з дзівос
І не здзіўляе, апрача нябёс.
Але стары здзіўляецца пчале
Таксама нездарма...
На поўні тле
Ляцелі мы, абняўшыся, да рэчкі,
Дзе, з вышыні падобныя на свечкі,
Кастры гарэлі - і каля кастроў
Скакалі, голыя, з капралам ("Будзь здароў! -
Яму я крыкнуў) пад вянкамі дзевы...
- Тады ляцім да мора... - ("Кайса! Дзе вы?" -
Скрозь полымя галёкаў нам капрал).
- Там ложак у мяне. Марскі карал.
Калі не заканапіў, не затахтаў
Мой ложак Ахта.
- Ахта?.. Хто такі?
- Слуп вадзяны. Зялёны бог марскі.
Сустрэча сёння ў іх з азёрным богам
І богам рэк... Уся вада ў адну
Зліваецца ў Купалле...
- Дай мне сну, -
Праплёскаў Ахта. - Не будзі старога...
- Цябе пабудзіш... З дзевамі зноў спіш?
- Я так і думаў: сёння прыляціш.
Я спытаўся: "Хто з ім злева?"
"Удутар, туману дзева".
Я спытаўся: "Хто з ім справа?"
"Мар'ята, таксама дзева,
Што ад ягады зачала."
"Як ад ягады зачала?"
"Так ад ягады зачала, -
Тут жа Кайса паказала:
Скокнула з зямлі брусніца
Ёй на чыстае калена,
З чыстага яе калена
На фальбону пад сукенку,
Скочыла вышэй на пояс,
С пояса на белы грудзі,
А з грудзей на падбародак,
З падбародку ўжо на губы...
З губ у рот яна слізнула..."
Ахта мовіў: "Я раўную".
"Велламу раўнуй!.."
"Старую
Раўнаваць вады царыцу,
Што сама не паляніцца
Збегаць сёння ў ягады?.."
Цягнула золлю ад марской вады
І ў Кайсы трохі ацяжэлі крыльцы...
- Давай паспім хвілінку, хай прысніцца
Табе Айчына... Ты хлапчук малы...
Не мог заснуць я ў ложку для пчалы.
Раптам трое падыходзяць,
З імі - лепшы Леммінкяйнен:
"Будзеш спаць ты ўночы, Ахта,
Не падымеш шторм у моры,
Па якім нам плыць на Поўнач,
Каб забраць у Лоўхі Сампа?"
"Буду спаць я, Леммінкяйнен,
З дзевай левай, Ільмарынен,
З дзевай правай, Вяйнямёйнен,
І царыца шторм не ўздыме,
Ноччу ў ягады адбегла".
Гэта вешчы Вяйнямёйнен!
Векавечны Ільмарынен!
З імі лепшы Леммінкяйнен, -
І плывуць яны па Сампа,
За які мяне даставіць
Пчолка Кайса да Айчыны,
Дзе пачне куваць зязюля -
Золата ліецца з роту,
І сцякае медзь па пёрках
На далінкі ды пагоркі...
Я ўзмаліў: "Мяне вазьміце!.."
Ды не ўзяў бы Вяйнямёйнен,
І не ўзяў бы Ільмарынен,
Калі б лепшы Леммінкяйнен
Не прамовіў: "Як два пальцы...
Разам мы былі на поўні,
Разам паплывем на Поўнач".
Разам стаўшы каля мора,
Мы да чоўна так сказалі:
"Як пухір, плыві па хвалях,
Кветкай па вадзе-быстрыцы.
Тры пяры ты дай, арол нам,
Тры - арол і два - варона".
- Тут нявыкрутка такая... -
Як свайму, мне Леммінкяйнен,
Калі човен мчаў у мора,
Давяраўся. - Я не маю,
Апроч вольнага занятку,
Аніякага другога,
Ды і вешчы Вяйнямёйнен,
Так бы мовіць, толькі вешчы,
Толькі кантэле і мае.
Лоўхі выбрала скупая
З трох зяцёў... каго б ты думаў?..
Я сказаў: "Цябе, вядома".
- Каваля!.. Бо Ільмарынен
Адкаваў ёй млын чароўны,
Каб муку адным ён бокам,
А другім ён соль малоў бы,
Трэцім - каб намолваў грошы...
Праз выпадак нехарошы
Ды праз час, што хуткацечны,
Ільмарынен векавечны
Стаў, канечне, удаўцом,
А той млын малоў і меле...
Ну дык мы на трох падзелім,
Забярэм у Лоўхі Сампа!..
"З ім дамоўлюся, бадай што", -
Усплыла ўва мне надзея".
Хутка лодка ў ноч нядзелі
На Купалле ў мора мкнула,
І расказваў Леммінкяйнен,
Каб яшчэ хутчэй плылося,
Як ён плыў і плыў аднойчы
І прыплыў на Востраў Дзеваў,
Дзе іх тысяча, нястомных,
І яшчэ тры сотні ўдоваў,
І як лепшы Леммінкяйнен
З іх ніводнай не пакрыўдзіў,
Апрача адной бабулі...
Тут і вешчы Вяйнямёйнен
Над кармой устрапянуўся,
Расказаў, як шчупачыху
Неяк быў злавіў такую,
Што з зубоў яе і пашчы
Кантэле такое выйшла,
Што зляталіся ўсе дзевы
Тое кантэле паслухаць,
І збягаліся ўсе ўдовы,
І прыйшла адна бабуля...
Векавечны Ільмарынен
Расказаў, як ён для Лоўхі
Адкаваў той млын чароўны,
Каб муку адным бы бокам,
А другім ён соль малоў бы,
Трэцім - каб намолваў грошы...
А цікавага нічога
Не паведаў Ільмарынен.
Так даплыў да Сарыёлы
Па спакойным моры човен,
І на бераг выйшла Лоўхі,
Снежнай Поўначы ўладарка,
І сказаў ёй Вяйнямёйнен:
"Прыплылі забраць мы Сампа,
Падзяліць на трох герояў".
"Паміж трох дзяліць вавёрку?
Разам грызці курапатку?
Я адна ўладарка млына,
Пох'ёле належыць Сампа".
І пайшлі, каб Сампа сілай
Адабраць у гор скалістых,
Вяйнямёйнен, Ільмарынен,
Самы лепшы Леммінкяйнен.
Верны вешчы Вяйнямёйнен
Распачаў заклёны-спевы
Каля скал меднакаменных,
Перад крэпасцю гранітнай -
Пахіснуліся вароты,
І крукі ў іх затрашчалі...
Векавечны Ільмарынен
Раскаваў замкі рукамі,
Пазрываў з варот засовы -
Расчыніліся вароты...
Стаў вясёлы Леммінкяйнен
Вырываць са скалаў Сампа,
Што карэнні запусціла
У граніт на дзевяць сажняў -
І не вырваў... Бык здаровы,
У чатыры сажні морда,
Кожны рог ягоны ў сажань,
Побач пасвіўся на скалах,
Жэр гранітнае каменне,
І, бычыну ў плуг упрогшы,
Выкарчаваў млын чароўны
Самы лепшы Леммінкяйнен...
Паплылі назад пад песні...
Тут усіх і папрасіў я,
Леммінкяйнена найболей:
"Вы мне дайце частку Сампа,
Каб яе аддаў я Кайсе,
Што дамчыць мяне дадому,
На далёкую Айчыну,
Каб я слухаў, як зязюля
Там гады мае кувае".
Тут вясёлы Леммінкяйнен
І пачаў: "А ты?.." Чакаў я,
Што закруціць ён катрынку
Зноў пра тое: пра Гардэчу,
Пра Нязлоўцу, пра Святыню
Ды яшчэ быка-бычыну
З мордаю ў чатары сажні, -
Не!.. Адно ўсяго спытаўся
Самы лепшы Леммінкяйнен:
"Ты на Востраў Дзеваў плаваў?.."
"А якую хочаш частку? -
Запытаўся Вяйнямёйнен. -
Млын, што соллю пасыпальны,
Ці мукою павявальны,
Ці грашымы пакружальны?.."
Мне б не ў шкоду пакружальны
Млын займець было б, вядома, -
Весялей бы слухаў дома,
Як зязюля мне кувае, -
І насыпаў бы ён солі,
І мукі б ён мне навеяў -
А які прасіць для Кайсы?
Што б яна займець хацела?.."
І пчала на вуха села:
"Мець хачу душу я ў целе -
Тую частку мне, што меле,
Проста меле, як спявае,
Як душа млына жывая..."
Векавечны Ільмарынен
Не спытаўся анічога,
Быццам ведаў, што патоне
У марскім бяздонні Сампа,
Што раз'юшаныя хвалі
Трэскі выкінуць на бераг,
І што ўсё, што застанецца -
Песня і душа жывая...
Калі словы, што на вуха
Прашапталіся пчалою,
Паўтарыў я - Вяйнямёйнен
Так сказаў: "Прасі, што хочаш,
Анічога не шкада нам,
Ані хлеба, ані солі,
Ані грошай незлічоных,
Ды аддаць табе не можам
Песню і душу жывую...
А калі аддаць не можам -
І не можам не аддаць мы,
Бо ты з намі плыў на Поўнач
І спяваў са мной заклёны,
І стаяў каля варотаў,
І быка памог упрэгчы,
Дык тады - у мора Сампа,
У палац падводны Ахты!.."
Тут як крыкнуўАхта:
"Ах ты!.."
Як ускочыў Ахта:
"Што вы?!." -
Ды як грозна ўзбушаваўся:
- Хто млынамі на голавы
Сярод ночы раскідаўся?!.
Я прачнуўся, дзе паклаўся...
"Ты лепшы, чым я думала, у снах", -
Шаптала Кайса, як вада шумела,
І цалавала... На яе губах
Брусніца недаспелая кіслела.
Былі ўдваіх мы ў ложку для пчалы -
Ні Удутар, ні Мар'яты, ні Ахты...
"А дзевы дзе?.."
Пчала сказала: "Ах ты
Мой Леммінкяйнен!.."
З мора, з-за скалы
Вясёлы голас тут жа даляцеў
І каля вуха прасвістаў, як куля:
"Мы прамінулі ўночы Востраў Дзеў!
Там засталася для цябе бабуля..."
"Чаму ты анічога ў іх не ўзяў?" -
Пчала куснула.
"Я хацеў... ты ж чула..."
"Але ж не ўзяў..."
"А ты мне што шапнула?..
Я тое і прасіў, чым млын спяваў:
Душу млына. Яго жывую сілу...
На лішні грэх мяне ты спакусіла,
І так грахоў тых..."
"Я не спакуша…"
"А хто
прасіў душу?!"
"Дык для цябе прасіла!"
"Як - для мяне?.. Свая ўва мне душа".
"Ты гэтак думаеш?.."
Я ўстаў.
"Ну ты спытала!.."
"А ты дачуўся, што пытаю я?..
Ну вось карал. У ім душа карала.
Ва ўсім - ягоная. А ў чым твая - твая?
Глядзі: сусвет які ў адным карале...
Якія звівы... Космасу вузлы...
Ён луг... Ён неба... Вулей... Для пчалы
Карал - найлепшы ложак... І не злы
Карал, як ты! - пчала ўзляцела, краля
Празрыста-голая. - Да возера ляцім!
А то праспім усё тваё Купалле
І Міттумары наша ўсё праспім!.."
Не надта мне ляцелася... Я цела
Абмацваў: дзе душа?..
Яна была,
Яна ўва мне, нібы пчала, звінела,
Ва ўсе бакі ляцела, як пчала...
Адно здзіўляла толькі: не балела.
Так не балела, быццам не жыла.
Ля возера - наўкол - жанкі стаялі,
Вязалі з ніцяў сеці,
і луналі
Над імі спевы - тыя ж, што і ў нас,
Калі жанкі спявалі ў даўні час...
"Ты, лянок, што ўночы вырас,
Месяцам напасяваны,
У вадзе ты мякка вымак,
Абабраны, ачасаны,
І пад сонцам хутка высах,
Цвёрда біты, цвёрда драты,
Растрапаны на валокны,
У кудзелю перамяты,
Скручаны на верацёнцы,
Спрадзены ў тугія ніці,
Сплецены ў тугія сеці -
Сонца ў Алуэ лавіці..."
Было іх многа... Столькі - не злічыць...
І столькі ж у жанок, сплятаўшых сеці,
Мужчын было, каб кожную - любіць.
І Кайса да мяне прыльнула -
вецер...
Спляталі палюбоўнікам вянкі,
У луг і лес апранутыя, дзеці...
- Скажы мне, Кайса: для чаго ім сеці? -
А Кайса: "Ах!.. Няўважлівы які!..
Ты нават не заўважыў, што такая,
Як сеці, ноч купальская даўгая...
Скажы: так доўга
ты кахаў?.. любіў?.."
І ўджаліла, каб я яе не сніў,
Мой мёд сабраўшы, залатая муха!..
Я ўбачыў Ільмарынена: ён плыў
У чоўне тым, што мне пакінуў Юха.
Ляцела Кайса лёгка над вадой,
Спяваючы - верацяно пустое!
Абы круціцца ёй!..
"Прысядзь са мной, -
Сказаў мне Ільмарынен. - Залатое
Ты меў што-небудзь у сваім жыцці?.."
"Пчалу".
"І ўсё?"
"Бадай што..."
"Адпусці!"
"Чаму?"
"Бо залатое ўсё - не тое...
Адкаваў я неба кроквы,
Дах лятучаму паветру,
Караблі каваў і зброю,
Рыб каваў, звяроў і птушак,
Анічога ў Калявале
І няма, што не скаваў я,
Ды таго скаваць не выйшла,
Што хацеў скаваць найболей.
Браў я золата марское,
Срэбра браў з рачных быстрыцаў,
Кідаў іх у плаўкі горан,
Каб скаваць сабе нявесту,
Жонку любую для ўцехі -
Выйшла з горана авечка
Серабрыста-залатая.
Хай бы бэкала авечка,
Ды я кінуў яе ў горан
І каваў з яе нявесту,
Жонку любую для ўцехі -
Выйшаў з горана жарэбчык
Серабрыста-залацісты.
Хай іржаў бы той жарэбчык,
Ды яго я ў горан кінуў
І каваў, каваў нявесту,
Жонку любую для ўцехі -
І нарэшце выйшла дзева
З залатымі валасамі.
Адкаваў я рукі, грудзі,
Губы, вочы, як жывыя,
І паклаў сваю нявесту,
Жонку любую для ўцехі
На высокія падушкі,
На пуховую пярыну,
На засланы шоўкам ложак -
А яна не абдымае.
Насцяліў я цёплых коўдраў,
Шалікаў, накідак, хустак,
Дываноў ваўняных, мяккіх,
Воўчых і мядзвежых футраў -
Толькі холад пранізае
Ды марозам цягне лютым.
І рашыў я: Вяйнямёйнен,
Што дачку не ўзяў у Лоўхі,
Хай маю нявесту возьме,
Жонку любую для ўцехі.
Верны вешчы Вяйнямёйнен,
Падарунак мой не ўзяўшы,
Так спытаўся: "Ты ўсчадзіўся,
Ці агню аб'еўся ў кузні?..
Кінь ты ў горан гэту дзеву
І накуй карысных рэчаў".
Стаў тады каваць я Сонца,
Кінуў дзеву ў горан плаўкі
І каваў тры дні і ночы,
Адкаваў, падняў на елку
Над святой палянай Восма -
Толькі сонца не свяціла.
Верны вешчы Вяйнямёйнен,
Што зірнуць прыйшоў на сонца,
Так спытаўся: "Ты ўсчадзіўся,
Ці агню аб'еўся ў кузні?..
Золата не стане любай.
Сонцам золата не стане".
Не стрываў я:
- Ільмарынен!..
А нашто каваў ты жонку?.."
- Бо адна, што ўзяў у Лоўхі,
Жонка першая, памерла,
А другую жонку ў чайку,
Не стрываў, перакаваў я,
Каб лятала ў дальнім моры
І на хвалі там крычала.
- А нашто каваў ты сонца?..
- Бо варонай чорнай Лоўхі,
Каб за Сампа нам адпомсціць,
Узляцела, сонца ўкрала,
Цёмнай стала Калявала.
"Вось чаму яна такая
Ноч купальская даўгая!" -
Зірнуў я ў ноч... І ўбачыў на вадзе
І пад вадой святла блуканні... Плямы,
Што ў возеры ўсплывалі дзе-нідзе...
- Там камяні... карчы... прадонні... ямы... -
Сказаў каваль, з тугой пацёршы скронь. -
Знайдзі, дзе ён стаіўся...
- Хто?..
- Той самы
Шчупак... ці сіг, які зглынуў агонь.
"Як не стала ў небе сонца,
Як яго не адкаваў я,
Дык здзівіўся нават Ука,
Цар нябесны, Бог вярхоўны,
Што так светла ва ўсім свеце -
І так цёмна ў Калявале.
Ён на межы неба выйшаў,
Стаў у сіненькіх панчошках,
Выбіў Ён агонь з пазногця,
З пальца выпусціў зарніцу,
І аддаў іскрынку тую
Дзеве вольнага паветра,
Каб яна злюляла Сонца
З той іскрынкі Калявале.
Дзева села на аблоках,
На крайку высокай хмары,
Каб агонь на ёй люляці,
Закалыхваці зарніцу
У чырвоназлотай люльцы
На сярэбраных падвязках,
Каб хутчэй расло з дзіцяці
Сонца цёмнай Калявале.
Ды ўсчалася навальніца,
Перагнуўся дах нябесны,
Выпала дзіця з калыскі,
Тая кропля залатая,
Праляцела, прышыпеўшы,
Вокамгненная, праз хмары,
І ў глухую ноч упала -
Невядома, як далёка...
Тую вогненную іскру
Я пайшоў шукаць па свеце,
І пайшоў шукаць са мною
Іскру тую Вяйнямёйнен,
Праплылі Няву-раку мы,
За Нявой сустрэлі Каве,
І сказала маці сыну
Дзе шукаць агонь нябесны.
Ён у Алуэ скаціўся,
Многа бедаў натварыўшы,
Паў-Карэліі спаліўшы,
Пох'ёлы і Савы хаты,
І яго ў вадзе халоднай
Сіні сіг зглынуў галодны,
Сіга - хуткая пяструшка,
А яе - шчупак зубаты.
Ды ўскіпець паспелі воды,
Алуэ катлом бурліла,
І кідаўся сіг на сіга,
І пяструшка на пяструшку:
"Дзе мужчыны Калявалы?
Шчупака чаму не ловяць?
Можа, ім не трэба Сонца,
Калі ўжо агню баяцца?
Дык на тых, хто жыць баіцца,
Бог з нябёс праклён абрыне!.."
Над берагамі іскрай, бліскавіцай
Лятала Кайса... Ноч маўчала глуха...
Закідваў сеці ў воды Ільмарынен,
З той лодкі, што пакінуў схоўшчык Юха.
І падляцела Кайса: "Не баішся?
Як што - паспі. Тут ложак у мяне
На шчупаку. На самым-самым дне..."
"Ты б не іскрыла так... Пераіскрышся..." -
Сказаў я ёй, узяўшыся за сеці...
Мужчыны і жанкі,
Старыя, дзеці,
Увесь народ па берагах усіх
За сеці ўзяўся...
Толькі так у іх -
Калі ўсе разам! -кінуты з нябёс
Агонь злавіцца можа: доля, лёс,
Злавіцца Сонца можа з цемнаты -
І той шчупак, што зжэр агонь святы...
Праз імглу, праз ноч, праз вецер
Ставяць сеці, цягнуць сеці
Мужыкі, жанкі і дзеці -
Да крывавых мазалёў!
Вось што значыць
Жыць у свеце,
Дзе адзін агонь:
Любоў.
Выйшаў волат з вод азёрных,
Сеці там да дна давёўшы,
Кажа волат: "Трэба нехта,
Хто пагнаў бы тую рыбу
Найвялікай самай палкай", -
І герой, ад немаўляці
Трохі большы, ссек асіну,
Прывязаў скалу да верху,
Грукануў з пляча ў прадонне...
Воды Алуэ ўзбурлілі,
Сеці рваў шчупак зубамі,
Рваў хвастом і плаўнікамі,
Сам сябе парваў - не іх:
Сеці, сплеценыя з бітых,
Сеці, сплеценыя з мятых,
Сеці, сплеценых з дратых,
Вечных нітак ільняных.
Верны вешчы Вяйнямёйнен,
Шчупака наверх падняўшы,
Запытаў: "Хто возьме рыбу
Без жалезных рукавіц?"
І другі герой - скалаю
І яшчэ скалой другою -
Распластаў імгненна рыбу,
Як маланкамі нажніц.
Трэці ўзрэзаў так пяструшку
І ў пяструшцы ўзрэзаў сіга,
Сіні клуб з яго дастаўшы -
Разматаўся сіні клуб,
І пабег па сіняй нітцы
Сам-агонь, клубок чырвоны,
Вяйнямёйнену спаліўшы
Бараду да самых губ.
І ад возера пабег ён
Па ядлоўцу - берагамі,
Па сасонніку - раўнінай,
Па пагорках - дубняком,
Паў-Карэліі спаліўшы,
Пох'ёлы і Савы хаты..."
...Востраў, хутар спапяліўшы -
Дом Ану і Юхі дом.
"Дзе ж мне жыць цяпер?.." -
я ўсплакаў...
Верны вешчы Вяйнямёйнен,
З кантэле з касцей шчупачых -
І таму такіх шчыпачых -
Са спалёнай барадой,
Распачаў заклёны-спевы
На святой паляне Восма,
Па-над Пох'ёлай і Савай,
Над зямлёй і над вадой.
Голас плыў, бы ў моры хвалі,
Па ядлоўцы - берагамі,
Па сасонніку - раўнінай,
Па пагорках - дубняком,
І ён выспяваў нанова,
І, як новыя, паўсталі
На святой паляне Восма
Кожны хутар, кожны дом.
А агністы той клубочак,
Як пачуў заклёны-спевы,
Так схаваўся ў залацістых,
У дубовых жалудах,
І яго на іх сабрала
Залатая пчолка Кайса
І па горанах разнесла
Ды па хатніх ачагах.
Ты, агонь, у іх гары,
Плаў жалеза, боршч вары.
Верны вешчы Вяйнямёйнен,
Што ўсё выспеваў нанова
У далёкіх і найдальніх
Калявалаўскіх краях,
Блізка - і не нахіліўся,
Побач - і не азірнуўся
На Ану і Юхі хутар,
На ягоны пыл і прах...
"Ё-маё... - я думаў ціха. -
Не было, дык стала ліха...
Што скажу Ану і Юху?
А казаў жа мне Стары...
Бляха-муха, гэту муху,
Гэту муху-палятуху,
Залатое яе бруха -
Кожнай ножкай дагары!..
Хоць за джала... хоць за крылы...
Хоць на граблі... хоць на вілы...
Ды згары яно, каханне...
Хоць уночы... хоць уранні...
Не хачу ўжо анічога:
Ні расстанняў, ні сустрэч...
Калі ўсё, што ёсць у Бога
Для мяне на белым свеце:
Дым пусты жытла чужога
Ды задымленая печ.
- Паслухай, Кайса... Лёс мой чалавечы
Пчаліным мог бы доўжыцца... але...
- Бывай! - пчала ўзляцела. - Не на печы
Задымленай
Спаць залатой пчале.
І знікла з ветрам... човен загайдала...
Над востравам, як стала, ноч стаяла.
Да берага я човен падагнаў
І лёг на печ, дзе ўсё дзяцінства спаў.
Заснуў каменна. Як на дне. Глыбока.
З глыбокіх сноў відаць усё далёка...
На пагорку найвысокім
Крэўнакрэўскага Святгор'я
Плача, як спявае, маці
І спявае так, як плача,
Каля гуры белых трэсак...
Ой, жураўку, жураўку,
Чаго крычаш на ранку?..
Ой, як жа мне не крычаць? -
Трэба высака лятаць...
Ой, высока, высака
Ды ад дому далёка...
Упаў камень дый ляжыць -
На чужыне цяжка жыць...
Як прыдзецца захварэць -
Няма каму пажалець...
Як прыдзецца паміраць -
Няма каму пахаваць...
"Што ты плачаш, мая маці,
Гэтак плачаш, як спяваеш,
І спяваеш так, як плачаш,
Каля гуры белых трэсак,
Каля ссечанага вецця,
Каля змеценай лістоты?.."
Плача маці, кажа маці:
"Гэтым летам на Святгор'і
Паваліла Дуб Маланка,
Што з табой жыла ў пячоры,
Што прапала-знікла ў моры, -
Помніш?.."
"Помню..."
"Што спаліла
Крыж над нашаю царквою,
Калі ты ішоў да шлюбу,
Калі браўся ты з другою, -
Не забыўся?.."
"Не..."
"І ўзяўся
Цар нябесны наш Пяруне
Дуба секчы, Дуба трушчыць,
За дачку з табой квітацца.
Верхавіны абламаў ён,
Тысячы сукоў-галінаў,
Ствол ушчэнт пабіў, на трэскі,
І кару парваў на крыльцы
Меншыя за матыльковы,
Ды яшчэ лісцё развеяў..."
"І няхай пасек, патрушчыў,
Што мне тыя верхавіны,
Тысячы сукоў-галінаў,
Трэскі ўсе, кара ды лісце?.."
Ціха маці праўздыхала:
"Тое ёсць, што не казала...
Я сем год цябе чакала,
Дзевяць месяцаў насіла,
А пасля і сем, і дзевяць
Дзён яшчэ ты не з'яўляўся,
І жывы ўва мне ты?.. Мёртвы?.. -
Не было на тое знаку.
А калі я на Святгор'е
Паднялася памаліцца -
Так у мне ты скалануўся,
Што замглілася я цёмна.
І пачула голас з Дуба:
"Сына ты тады народзіш,
Калі мне паабяцаеш
Даць душу яго жывую".
"Душы Богу абяцаюць!..
Хто ты?.." - стала я хрысціцца.
Голас быў: "Тады нікому -
Хай не выйдзе ён з цямніцы".
Можа, Боскі голас?..
"Як мне
Абяцаць душу-жывіцу
Ды на страту ці на згубу?.."
"Ёсць дупло ў грудзях у Дуба,
Дно пасыпана травіцай,
Што былінку да былінкі,
Кожну-розну, па Святгор'і,
А чатыры па ўсім свеце
Назбіраў лятучы вецер.
Падыміся, пакладзіся
Ты на ложа траў гаючых,
На якім народзіш сына,
Паляціць які па свеце,
А душою, першым крыкам,
Будзе жыць у шуме Дуба
І лунаць па-над Святгор'ем
У яго зялёным шуме".
"Ой ты бедны мой жураўку,
Мой ты вецер, мой ты сыне...
То ж не дуба павалілі,
Не яму пасеклі вецце,
А душу тваю пабілі,
Раскідалі па ўсім свеце...
Я сабрала, мой ты сынку,
Жураўку ты мой жураўку,
І душы тваёй галінкі,
І кару яе, і трэскі,
І лістоту зеляную,
І гадаю, як жа сілу
У яе ўдыхнуць жывую?..
Помніш, сыне, тыя вуллі,
Што ты ставіў з дзедам разам
На сямідзевяцігор'і
За сямідзевяцізор'ем,
Дык з таго, мой сынку, мёду
Нават камень ажывае,
Толькі дзе такая пчолка,
Што так высака лятае?.."
Туман, туман па даліне,
Ліст шырокі на каліне.
Яшчэ шырэй на дубочку,
Кліча галуб галубочку.
Хадзі, міла, пацалую,
Хоць не сваю, а чужую.
Нашто ж маеш цалаваці,
Сэрцу жалю задаваці?
Сэрцу жалю, а мне тугі,
Ты не возьмеш - возьме другі.
Ты не возьмеш - возьме трэці,
Майму сэрцу вас жалеці.
- Ты як?.. - пчала вярнулася. - Са сталі,
Каб вечнае было, дадаўшы медзь
І золата, і срэбра... не скавалі.
Не свеціцца, не грэе... Мне ляцець.
Пасунься ты... Спачну перад дарогай...
- Куды табе ляцець?..
- Пчале - да Бога.
А мухам-палятухам - хоць куды.
- Прабач... я не стрываў... з такой бяды...
- Хіба гэта бяда?.. Бяда тады,
Калі не дом згарае - а што ў доме...
Вакол яго... над ім... душа млына...
Вось бачыш ты: пабілася адна -
І цёмна як ва ўсіх дамах Суомі.
- А ты па што да Бога? Не па мёд?..
Дык кропля ёсць на сподку...
- Я пад'ела...
З'еш ты... Глядзі ты: кропля не згарэла...
Мёд са Святгор'я...
- Скуль?
- Адсюль на ўсход
І ледзь на поўдзень... Я туды ляцела
Тры дні і ночы... Там на Дубе села
Перапачыць - і бачу ў ім дупло,
Засланае гаючаю жывіцай,
І ў ім такое дрогкае святло...
А тут якраз ідзе жанчына... жніца...
І стала там... і пачала маліцца,
Каб Бог памог ёй нарадзіць дзіця,
Якое, як у Каве Вяйнямёйнен,
Блукала ў ёй... І голасам падвойным,
З самога Дубу і з яго лісця
Святло ў дупле сказала...
Ну, спытайся, -
Сама сябе перапыніла Кайса, -
Што ёй сказала дрогкае святло?..
Я ўрос у печ...
- Дык там была ты... Кася?..
І ты?.. тым голасам...
- Там шмат чаго было, -
Пчала мяне куснула бесклапотна,
Пацалавала ў лоб, ад страху потны,
Ад жаху, што аўчынай мёртвай пах...
Пчала адчула...
- Што за мёртвы страх?..
Аднойчы ў печ мае ўрасталі плечы
З такога страху... Я сядзеў на печы,
Калі туды мне ўскінулі кажух
Нябожчыка:
"Насі!.."
Кажух дзіцяці
Суседскага... І крык мой ва ўсёй хаце
Па ўсіх кутах ударыўся - аглух! -
Як сам памёр я... вырвалі мой дух...
- Дуб вырвалі... - сказаць я змог. - Зваліла
Яго маланка...
- Тая?.. - і ўкусіла
Сябе самую Кайса за язык!
Ці Кася?
Ці Маланка?..
Я ўжо звык,
Што залатая, срэбная лятала
І медная пчала ў пчале, з карала,
З агню, з вады, з паветра - з усяго...
А тут адчуў:
зашмат на аднаго,
Калі ў адной пчале - сусветны вулей...
- Там хата... на адной з бліжэйшых вуліц
Да могілак у Крэве... - працяла
Душу мне несмяротная пчала
Гадзюкай вадзяною, найатрутнай -
І я памёр...
Не адчуваў душы
Ні цэлай, ні пасечанай...
Мне рутай
І медуніцай выслалі труну -
Хаваць панеслі... Юха і Ану,
І гімназіст... Стары ў капелюшы,
Што зняў свой капялюш... капрал і Пекка...
Сястра і Хокан... Вілі... сотні тры
Прыстойных фінаў...
І ва ўсіх Стары
Спытаў: "Ці так хаваюць чалавека?..
Без крэўных... без Айчыны... нават без..." -
На неба ён зірнуў...
"Спыніць працэс!" -
Не стаў даслухваць - без чаго? - капрал.
Мяне з труны паклалі на карал...
Там Ахта з дзевамі...
спіхнуў...
"Ды йдзі ты прэч!.."
Тады я ўстаў і зноў залез на печ.
"Так лепей... - падаслала мне Ану. -
А то спаліў нам хутар - і ў труну".
А Кайса па мне ўсплакала... Я слёзы
Паспеў заўважыць, покуль іх яна
Не скінула...
- На вуліцы бярозы
Былі... - сказаў я ціха.
- Навіна,
Што Дуба паваліла, мне да дна,
Як камень той, накрозь душу прабіла! -
Глядзела ветрам Кайса...
- Паваліла,
Дык што ж цяпер паробіш?..
- Так... але...
- Да Бога шлях ні доўгі - ні кароткі...
- Але яго не праляцець пчале,
Не адпачыўшы ў тым святле дрыготкім
На ложку траў гаючых у дупле.
У печ пастукаў нехта...
- Хто?..
- Каваль...
- Давай залазь...
- Свяцілася амаль,
Амаль што грэла... Кайса, ты ляціш?..
Пчала яго - кусаць!
- За што ты? Кыш! -
Махаў рукамі, як вятрак, каваль. -
За сонца ты?..
- Амаль! Амаль! Амаль! -
У неба звон узнёсся за пчалой...
- Ну, злючая... Як ты на печы з ёй?..
Там Вяйнямёйнен...
- Кліч...
- Ты гаспадар...
Залез на печ асмалены пясняр...
- За хутар і за дом які ты дар
Хацеў бы?..
- Дом не мой... Я тут чужы...
- А выглядаеш фінам...
- Пакажы
Яму прапіску... - рагатнуў каваль.
- Зусім чужы?
Амаль... амаль... амаль...
- Тады праблема, гром яе скасі, -
Зірнуў каваль на прысак... - Не з'ясі,
Не вып'еш на чужыне ў смакату...
Пчала - кусаць!
- Чаго? За што? Ату! -
Па пчолцы ляснуў кантэле пясняр! -
І печ у друз...
Ну ўсё...
- Дык быў пажар... -
Сказаў, што мне сказаць гаспадарам,
Пясняр, калі мы з горам папалам
Ледзь выбраліся з-пад гары цаглін...
- За гэта - дар.
Любы.
Але адзін.
- Вазьмі з яго ты грошай натрасі, -
Сказаў каваль, чыхнуўшы сажай чорнай,
І з чыху птах зляпіўся, чорны воран -
І за пчалой!..
Яна то ў печ!..
То ў горан!..
Нарэшце ў вуха: "Дуба папрасі!.."
Падумаў я: "І праўда... Дуб - не млын.
Ён і ў пчалы,
Ён і ў мяне
Адзін".
"Выспявай ты, Вяйнямёйнен, -
Як ты выспяваў быў елку
На святой паляне Восма,
Верх і вецце залатыя,
Месяц у якой на версе
І Мядзведзіца на вецці,
І якая аж за хмары,
Аж за неба высягала,
На якую Ільмарынен
Ускараскаўся і ветрам
Перанёсся ў Сірыёлу, -
Выспявай ты, Вяйнямёйнен,
Гэткі Дуб мне на Святгор'і,
Як павалены маланкай,
На які пастух у шапцы
Насадзіў сякеру-месяц,
Каб ён сотні верхавін меў,
Тысячы сукоў-галінаў,
Меў карэнняў больш, чым Сампа,
Каб і бык яго не вырваў,
І яшчэ каб гэны Дубе
У грудзях сваіх магутных
Меў дупло, каб вольна дыхаць,
Каб у тым дупле дубовым,
У Сусвеце ўсім, што з яйка
Дзева Ільматар стварыла,
Нарадзіўся я ў матулі,
Ускрычаўшы першым крыкам,
І душа мая ўзлунала
Над пагоркамі Святгор'я
У зялёнавечным шуме..."
З прадоння мора, у якого гора,
Пчала глядзела на мяне балюча,
І быў яе пагляд, як соль, сыпучы,
Нібы мука, развеены на ветры, -
Бо я забыўся...
"Вяйнямёйнен! -
Я абняў пчалу-жанчыну, -
Даспявай яшчэ ў выспевах
Драбязу зусім малую,
Не Мядзведзіцу на вецці -
За пчалу яна не болей,
За адну з пчаліных ножак,
І ты горла не намучыш,
У дупле травой гаючай
Для пчалы заслаўшы ложак".
Верны вешчы Вяйнямёйнен
Так пачаў свае выспевы,
Што ў мяне, як соль, сыпучы
Стаў пагляд - мука на ветры...
"Лепей лапцем воду чэрпаць
На радзімай на старонцы,
Чым на дальняй на чужыне
Мёд - хоць чашай залатою.
З тым, што вольна не пяецца,
З тым, што здушваецца ў горле,
Жыць - як з ранаю пад сэрцам.
Я хадзіў па свеце з ранай.
Не пакінуў ні пясчынкі,
Што не змочана слязою,
Не пакінуў ні травінкі
Не залітае крывёю.
Ці ты за багатай доляй,
Ці за доляю-жанчынай -
Толькі на гадзючым полі
Знойдзеш долю на чужыне.
Векавечны Ільмарынен,
Каб араць такое поле,
Выкаваў са сталі боты,
Порткі з медзі ды кашулю
Адкаваў сабе з жалеза
І жалезныя пальчаткі...
Каб там зайца ўпаляваці,
Ён каваў ваўка з туману,
Каб там рыбіну злавіці,
Ён каваў арла з агніска.
Птушцы вогненнай праз горла,
Зверу дымнаму праз зяпу
І па лёдзе цераз бездань
Паўз змяінай агароджы
І паўз плоту з чарапамі
Па чужыне прабіраўся
Верны вешчы Вяйнямёйнен,
Каб глынуць з мядовай чашы
Жаб з гнілымі чарвякамі...
Хоць ядлоўцам стань пад елкай,
Хоць альхою над ракою,
Стань хоць ягадай, хоць рыбай,
Ці хоць воўкам, хоць мядзведзем -
А туга ў грудзях збалелых
Застанецца там тугою,
Як яе не выракайся...
...Вырас дуб.
Пчала, збірайся".
Залатая Кайса - ф-ф-ы-ы-р па Сонца
Ветрам у пабітае аконца,
Калі вырас дуб на Свят-гары...
Капялюш услед
прыўзняў Стары.
Верны вешчы Вяйнямёйнен выпеў
Дом і хутар...
Каб я з'еў і выпіў,
Наспяваў гарэлку і кансервы...
Выпіў я...
заплакаў...
мусіць, нервы...
Ой, жураўку, жураўку,
Чаго крычаш на ранку?..
Ой, як жа мне не крычаць? -
Трэба высака лятаць...
Ой, высока, высака
Ды ад дому далёка...
Упаў камень дый ляжыць -
На чужыне цяжка жыць...
Як прыдзецца захварэць -
Няма каму пажалець...
Як прыдзецца паміраць -
Няма каму пахаваць...
Кулікамі над балотам
Плачуць тут па мне і ў Крэве...
Не такі ўжо я гаротны!
Што вы ўсе, як падурэлі?
Я жывы - дык я здаровы,
А здаровы - дык багаты,
А багаты - дык шчаслівы,
А шчаслівы - дык крылаты, -
І магу я сам ускрыліць,
Паляцець да роднай хаты!..
"Не бывае, каб бяскрылы,
А лятаці можа.
Ды бывае, што нямілы,
А такі прыгожы.
І бывае, што крылаты,
А не трэба крылы.
І бывае, што багаты,
А такі нямілы..." -
Плача і спявае маці
Над калыскаю маёй...
...Я ўсё прыбраў, спарадкаваў у хаце
І паляцеў за залатой пчалой.
Пакуль ляцеў, вярэдзіла адно:
Што не зашкліў пабітае акно.
На дальняй старане
Мне наплывае ў сне
Дом з Дубам пад акном
За дымам-туманом...
А там, у тумане,
А там, у тым акне,
А там няма мяне
На роднай старане...
Там босыя сляды,
Там неба ў галубах,
Там ад жывой вады
Так горка на губах...
Там жытам узыйшлі
І запляліся ў лёс
Спеў сцішанай зямлі,
Гнеў зрушаных нябёс...
Мне птушкай з выраю
Да Дому прылятаць
І абдымаць зямлю,
І неба цалаваць...
А як таму не быць -
Дык хоць бы сном праплыць,
Хоць дымам-туманом
Над Дубам пад акном...
З дальняй стараны да Дому
Сам гукаюся самому,
Тому Дому, Дубу тому -
І плывуць, як сны,
З дальняй стараны дадому
З дальняй стараны дадому
З дальняй стараны дадому
Дым ды туманы... |