Уладзімір Някляеў - афіцыйны сайт
Уладзімір Някляеў - афіцыйны сайт
Паэзія Проза Драматургія Публіцыстыка Песні
Біяграфія Пераклады Прэса Фатаграфіі Мультымедыа
на галоўную
зваротная сувязь | аб праекце | гасцёўня | спасылкі | пошук
У пачатак раздзелу


Вершы і паэмы

Выданне: Мінск, 1996

ПРОШЧА
вершы · паэма
ІНДЫЯ
вершы · паэма
ЗОНА
вершы · паэма
САРАКАВІНЫ
вершы · паэма

ІНДЫЯ
Вершы | Паэма

 

1

У сны ўвайшлi твае сланы.
Ступалi за сланамi сны
I не належалi мне болей.

Іх сніў
не ў сутарэннях болю,
А ў храме радасці
манах.

Я з босых ног ягоных прах,
Схіліўшыся, сабраў рукамі,
I прахам асвянціў чало...

I, паўшы ніц, спытаўся:
- Свамі,*
Скажы мне:
што са мной было?
* Свамі - святы.

 

2

- У сны твае
ўвайшлі сланы, -
Сказаў манах. - Але яны
Сваім ісці павінны шляхам.

Чало, што асвянціў ты прахам,
Вадой асвенчана святой.

Шлях з веры ў веру - шлях не твой.

 

3
"Чаму?" - спытаўся я не ўслых.

Не ўголас ён сказаў: "Ты з тых,
Чый шлях - зваротны.
Да чужых
Святых
ты рушыў са сваімі".

"Святыя могуць быць чужымі?" -
Здзівіўся я.

Нібыта ў шкло
Задымленае, глянуў Свамі,
I дым шкляны праплыў між намі,
Пусты, як тое, што прайшло.

 

4

- Устань, - сказаў манах. - Ты ніц
Дарэмна падаеш, прыкуты
Да саркафагаў і грабніц
Англійскіх могілак Калькуты.

Ты ў Індыі, - казаў мне Свамі, -
Але дарма марнуеш дні,
Упёршы вочы ў камяні.
Пустыя сны пад камянямі.

Усе, хто зараз сніць іх тут,
Дарма прайшлі свой шлях пакут,
Канаючы ад малярыі.

- Не, - я сказаў. -
Бо тут
Марыя.

- Ты знаў яе? - спытаў манах.

 

5
Гаруда, белы Божы птах
Ляцеў - далёка ад Калькуты,
I двух аблокаў парашуты
Нёс тым, хто страціўся ў гарах.

- Марыя, нам уніз пара, -
Прасіў я, змучаны гарамі.

"Ты знаў яе?" - пытаўся Свамі.

 

6

Мандара, Божая гара
Вяршыняй падпірала неба.

"Знямогшы без вады і хлеба,
Аслепшы без павадыра,
Зблукаўшы шлях - з якой пары я
I для чаго я тут, Марыя?"

- На тое, каб адолець шлях.

 

7

"Ты знаў яе!" - сказаў манах,
Падаў задымленае шкло,
I, як пры сонечным зацьменні,
Я ў шкло зірнуў...

Мільгалі цені,
Глядзеў я, што са мной было.

 

8

Увесь у жоўта-залатым
Стаяў манах на небасхіле,
Упэўнены ў спрадвечнай сіле
Таго, што свет заве пустым.

- Тут выйсце ў неба, - мовіў ён. -
Пераступаю я закон,
Наблізіўшы да зор жанчыну.
Ды шлях адолены. Прычыны
Для апраўдання мне стае,
Каб паказаць дарогу тую,
Дзе Веду зведаеш святую,
Марыя! Зоры ўсе - твае...

I ён накінуў на яе
Апратку жоўта-залатую.

 

9

- А хто за мной?
- Няма каму.
- А спадарожнік мой?
- Ён следу
Твайго не ўбачыць, бо яму
Час не настаў спасцігнуць Веду.

Ён вернецца. А ты - ідзі.

 

10

- Ты судзіш, Свамі?
Не судзі,
Я знаў яе, таго даволі.

Глядзі, як шкло іскрыць на сколе,
Ды што ў тых іскрах для сляпца?

Зваротны шлях - сляпы. Ніколі
Яго не пройдзеш да канца.

Па ім
вяртаешся ні з кім.

 

11

Плыў над зваротным шляхам дым
Ад Індыі да Беларусі...

- Я не хачу ісці па ім,
А незваротнага - баюся.

Шлях там,
дзе ўперадзе - сляды.

 

12

- Той шлях, - сказаў манах, - нікуды,
Па тых слядах мільёны люду
Сышліся ў гурт, у гарады.
У храмы іх, у іх суды
Ты б з Індыі вярнуўся, ды
Сюды прыходзяць адусюды -
Адсюль ісці няма куды.

 

13

Я ўніз ішоў.
Гара з гарою
Перагукаліся, сырою
Прасцінай поўз па схілах снег...
Лавіна!
Я дарма пабег
Па камянях,
па скалах слізкіх...

Дні прабягаючы, гады,
Не змог я збегчы гэтак нізка,
Каб падаць не было куды.

 

14

Лавіна падала -
на схіле
Раз'юшана, у самай сіле
Дагнала, душна абняла.

- Марыя! - крыкнуў я. - Марыя!.. -
I ўкрылі крык снягі сырыя.

 

15

Манах сказаў: "Яна дайшла
Дарогай Вед амаль да межаў,
3 якіх звароту ўжо няма,
А ты вярнуў яе. Дарма".

 

16

Я не вяртаў. Лавінай снежнай
Яна вярнулася сама
Па камянях, па скалах слізкіх.

 

17

- Ты дзе была, Марыя?
- Блізка.
- Чаму на могілках англійскіх
На камені тваё імя?

- Бо шлях адолела дарма, -
Сказаў манах. - Бо не жанчыне
Пакінуць свет дарогай Вед,
Бо светам стаўся ёй паэт
Англійскі ў афіцэрскім чыне.

 

18

За нораў дзёрзкі і бунтоўны
Ён з метраполіі раптоўна
Адпраўлены ў Калькуту быў.
Тут ён гібеў, страляўся, піў,
Блукаў, зваротны шлях згубіў -
I ў дом патрапіў малітоўны.
Бог ведае, што за хімеры
Жылі ў англійскім афіцэры,
Ды выдумаў сабе паэт,
Што вернецца місіянерам
Дамоў, што прагне новай веры
Стары ягоны добры свет.

Ён кінуў піць. Пісаў увішна
Евангелле ад Рамакрышны,
Ствараў хімеру: Веру Вер.

Як сноб, на англіцкі манер
Хрыста аспрэчваў афіцэр.

Паслаў ерэтыка Ўсявышні
У горы.
Перад ім гара
Мандара ўстала - брама ў неба.
Аслаблы без вады і хлеба,
Аслеплы без павадыра,
Караскаўся ён за хімерай
Дарогаю, якой не верыў,
Бо верыць не прыйшла пара.

I скінула яго гара
Лавінаю...

Яго ў снягах
Знайшла Марыя ледзь жывога,
Адняньчыла, нібы малога,
I, не адпрэчыўшы зямнога,
Згубіла свой нябесны шлях.

 

19

- Вам не ўзляцець, - сказаў манах,
Пакуль зямля цяжарыць крылы...

 

20

...Яна знайшла мяне, накрыла
Апраткай жоўта-залатой,
Сказала: "За мяжой пустой
Сырая снежная магіла -
I ў ёй усё, што я любіла".

 

21

"Шлях з веры ў веру - шлях не той?"-
Спытаўся я,
і з вуснаў строгіх
Пачуў адказ: "Адзін са многіх".

 

22

- То ў чым віна мая, Марыя,
Калі парывы ветравыя
Нясуць, нібыта дым шкляны,
Душу
зблуканымі шляхамі?

 

23

- Перад усімі, - мовіў Свамі, -
Нябесныя шляхі віны.
Зямным - зямное.
Дзеці самі -
3 малога цешацца яны. -

I шкло іскрылася між намі,
Клубіўся ў ветры дым шкляны.

- I Веда Вед,
I Вера Вер -
Хімерныя, калі на згубу,
Адняньчаны, ідзе да шлюбу
Паэт, англійскі афіцэр.

Калі спасцігнуць Веду свету
Жанчыну абірае лёс,
А тая таямніцу гэту
Лавінай кідае з нябёс
Пад ногі выхрысту-паэту,
То ўсё дарма: і рух, і мэта,
Куды б дарога ні вяла…

 

24

- Марыя, ты ўсё ж там была.
Скажы мне, што там?
- Дзе?
- У Бога.
- Нічога там няма. Дарога.

 

25

Сінеча холаду начнога
Над Гімалаямі плыла.
Сыходзіліся ў храм начны
Індусы -
там спявалі хорам,
Там пакланяліся яны
Таму, пра што і думаць сорам
У Англіі...

Крывёй жывой
Жыццё бруілася, як брага,
Густой хісталася травой
У хвалях Інда, водах Ганга,

Гатовае па волі Брамы
Само сабой ахвяраваць,
Яно глядзела ў вочы Ямы,
Не баючыся паміраць,

Спазнаючы сябе, вякамі
Зямную трушчыла кару
I ўзносілася ўвысь хрыбтамі
Высокай Хары і Меру,

Каб там, дзе ўжо няма нічога,
Дзе абрываецца дарога
I зноў вяртае на зямлю,
Змяя пацалавала Бога,
I Бог пацалаваў змяю.

 

26

- Злуеш, Марыя?
- Не злую.

 

27

- Адзін адному вы не суддзі, -
Сказаў манах. - Яна праз суцці*
Прайшла, застаўшыся ўдавой.

Той афіцэр англійскі, той
Паэт, сасланы за разбой,
Сектантам стаў,
ахвяраваў
Марыю, што жыла ў Марыі,
Прызначыўшы яе кастру,
Як сам сканаў ад малярыі...

*Суцці - абрад спальвання ўдавы ў дзень пахавання мужа.

 

28

За ёй падняўшыся ўгару -
Адзін спускаўся ўніз з гары я:

"Марыя, калі я памру,
Дзе мы сустрэнемся, Марыя?"

- Тут, дзе маланкі шаравыя
Высокай Хары і Меру,
У храме, лотасам сагрэтым,
Дзе Вішну абвіла змяя;

Тут, толькі тут, бо ў свеце гэтым
Ёсць Індыя, адна планета,
I ўся астатняя зямля.

Чакай свой час, сваю пару.

 

29

- Марыя, калі я памру,
Ты скажаш, што там?
- Дзе?
- У Бога.

 

30

"Нічога там - адна дарога
Ды зор ахвярнае святло..."

 

31

- А ты 6 хацеў, каб там было
Што-небудзь? - запытаўся Свамі.

- Каб Індыя была...

 

32

Над намі
Нябёс задымленае шкло
Мігцела зорамі і снамі.

Са сноў сыходзілі сланы.

 

33

Ступалі след у след яны
На свой зваротны шлях.
Манах
Мне ў прыгаршчы насыпаў прах,
Сказаў: "Ідзі, нясі дадому,
Развей на родных берагах.
Не суддзі мы адзін адному".

- Марыя!.. -
голас у гарах
Прапаў, не чутны мне самому.

Гаруда, белы Божы птах,
Сарваў з Мандары
кветку сому
I кінуў на зваротны шлях.

Уверх
  © 2004-2005 Дызайн і распрацоўка - Венско Дзмітрый aka sEXEcutor
© Усе правы захаваны. Перадрук матэрыялаў толькі са спасылкай на Nekliaev.by.