Паэт, празаік, эсэіст
Нарадзіўся 9 ліпеня 1946 года ў горадзе Смаргонь Гродзенскай вобласці. Бацька - Някляеў Пракофій Мікалаевіч, рускі, маці - Магер Анастасія Іванаўна, беларуска. Пражыў дзіцячыя гады ў Крэве - знакавым месцы беларускай гісторыі.
Вучыўся ў Мінскім элетратэхнікуме сувязі (1962 - 1966), на аддзяленні паэзіі Літаратурнага інстытута (1971, г. Масква), скончыў філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута (1973).
Працаваў сувязістам на Поўначы, у Сібіры, на Далёкім Усходзе, радыёмеханікам у мінскім тэлевізійным атэлье. Заняўся журналістыкай, супрацоўнічаў у газеце "Знамя юности", рэдагаваў бюлетэнь "Тэатральны Мінск", быў старшым рэдактарам галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання, галоўным рэдактарам часопіса "Крыніца", штотыднёвіка "Літаратура і мастацтва". З 1998 па 2001 - старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў.
У 1999 выехаў у Польшчу. На прэс-канферэнцыі ў Варшаве (20. 07. 1999) выступіў
з заявай супраць палітыкі беларускіх уладаў.
На 13-ым (пазачарговым) з'ездзе Саюза беларускіх пісьменнікаў, які адбыўся
напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2001 года, прапанаваў прыняць рэзалюцыю
наступнага зместу:
"З'езд Саюза беларускіх пісьменнікаў канстатуе катастрафічны стан беларускай
мовы і літаратуры, выкліканы палітыкай улады ў адносінах да ўсяго нацыянальнага
ў нашай дзяржаве. Зыходзячы з гэтага, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, з'езд
Саюза беларускіх пісьменнікаў:
1. Выказваецца ў падтрымку ўсіх дэмакратычных сіл і кандыдата ў прэзідэнты
Рэспублікі Беларусь ад дэмакратычнай апазіцыі.
2. Лічыць, што Аляксандр Лукашэнка, які, парушыўшы Канстытуцыю, незаконна
ўтрымлівае ўладу ў Беларусі з ліпеня 1999 года, не мае права на вылучэнне ў якасці
кандыдыта ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь".
Выходзілі кнігі: "Адкрыццё". Мн., 1976, "Вынаходцы
вятроў" Мн., 1979, "Знак аховы" Мн., 1983, "Местное
время" М., 1983, "Наскрозь"
Мн., 1985, "Дерево боли" М., 1986, "Галубіная пошта"
Мн., 1987, "Веда" Мн., 1989, "Прошча"
Мн., 1996, "Выбранае" Мн., 1998, "Так"
Мн., 2004. Па аповесці "Вежа"
Аляксеем Дударавым была напісана фантасмагарычная камедыя "Вавілон",
пастаўленая Мікалаем Мацкевічам.
Апошнім часам выступае пераважна як празаік (апавяданні "Хайбах",
"Чмель і вандроўнік", "Меў
Марык бомбу", аповесці "Прага", "Няхай жыве 1 Мая" і
інш.). Выдаў раман "Лабух". Мн., 2003.
|