Уладзімір Някляеў - афіцыйны сайт
Уладзімір Някляеў - афіцыйны сайт
Паэзія Проза Драматургія Публіцыстыка Песні
Біяграфія Пераклады Прэса Фатаграфіі Мультымедыа
на галоўную
зваротная сувязь | аб праекце | гасцёўня | спасылкі | пошук
У пачатак раздзелу

Гэта ўлада татальнай маны
Прамова на XIII з'ездзе беларускiх пiсьменнiкаў 29 мая 2001 года

Апублікавана ў газеце «Народная воля» №98, 1 чэрвеня 1999

 

У нашай краіне столькі паўстала з балотаў нячыстай сілы, што я 12 разоў падумаў бы, перш чым склікаць з'езд пад нумарам 13... Дзе-нідзе ў свеце, каб не знацца з д'яблам, лічбу 13 проста прамінаюць. Тым не менш з'езд скліканы, ёсць нагода сустрэцца, што не так ужо і кепска. Я рады бачыць нават тых, хто зараз глядзіць на мяне і думае: як бы яму найспрытней галаву адарваць і сабакам кінуць. За сваё не такое кароткае жыццё - і асабліва за апошнія гады - я ўрэшце зразумеў, што гэта таксама нармальнае чалавечае жаданне. Таму не будзем адзін з адным занадта цацкацца.

У задуме з'езда, у яго сцэнарным плане дзве задачы: пераабраць старшыню і не прыняць выніковага дакумента, які б заўціў уладу.

Што да задачы першай, дык у вырашэнні яе я ніяк і нікому не збіраюся замінаць. У мяне дастаткова самапавагі, каб не браць удзелу ў выбарах старшыні, і я не буду гэтага рабіць. Што ж да вырашэння задачы другой, дык тут я маю колькі слоў да з'езда...

Мяне з усіх бакоў перасцерагаюць не рабіць рэзкіх рухаў, якія б маглі прывесці да расколу Саюза пісьменнікаў. Я іх не рабіў і не раблю, бо не хацеў і не хачу ніякага расколу, дакладна ведаючы, каму і для чаго гэта трэба. Нідзе і ніколі я не стаяў асобна, не аддзяляў сябе ад Саюза пісьменнікаў, бо як старшыня не меў на тое маранага права. Цяпер мы усе разам павiнны падумаць, якi нам зрабiць выбар, якія прыняць рашэнні, каб захаваць годнасць і аўтарытэт пісьменніцкай арганізацыі. За нас пра тое ніхто не падумае, і за нас гэтага не зробіць ніхто. I мы дапусціць не можам, каб за нас думалі і за нас рабілі, а тым больш, каб за нас нешта вырашалі.

Не да галавы мне зараз улада, час якой злічаны. I нават калі яна, як Рым ці Рэйх, разлічвае на тысячагоддзі, дык усё роўна скончыцца. А літаратура не скончыцца ніколі. Літаратура не сканчаецца ні са сканчэннем улад, ні са знікненнем дзяржаў, яна не сканчаецца нават тады, калі мёртваю робіцца мова, на якой яна стваралася. Напісанае застаецца - і адгукаецца ў вечнасці. Так было - і так будзе. Дык перад чым і перад кім мы прагінаемся? Пад што падстройваемся? Каго мы баімся засмуціць?

Усе мы, хто старэйшы, хто маладзейшы, - людзі мінулага стагоддзя. Людзі стагоддзя новага зусім яшчэ дзеці, немаўляты, якія не ўмеюць ні гаварьшь, ні думаць.

Ад іх пакуль нічога не залежыць - і тое, што падумаюць і скажуць яны пра нас, калі навучацца думаць і гаварыць, залежыць зараз таксама не ад іх...
У мінулым, у нашым стагоддзі, Беларусь займела незалежнасць. Можна колькі заўгодна спрачацца, высвятляць, якая гэта незалежнасць, але яна ёсць. Пытанне толькі ў тым, ці захаваецца яна, ці скарыстае яе Беларусь для годнага жыцця, альбо незалежнасць пррйдзе па нашай зямлі прывідам, прашіыве над ёй чарговым беларускім мітам.

Беларусы прыпазніліся з тым, каб успрыняць і рэалізаваць нацыянальную iдэю. Па сваёй ці па чужой віне, але прыпазніліся настолькі, што сам час нацыянальных ідэй прамінае, калі ўжо не прамінуў. Пачалося аб'яднанне народаў свету на прагматычных прынцыпах выжывання і развіцця. Нацыянальных прыярытетаў гэтыя прынцыпы не прадугледжваюць, а могуць толькі ўлічваць іх - і беларусам для таго, каб з намі лічыліся, тым больш неабходна захавацца народам са сваёй зямлёй і дзяржавай, прысутнічаць у свеце нацыяй, што адметная сваім духам, а гэта значыць найперш культурай, мастацтвам, мовай, літаратурай. Разам з тым мы павінны заставацца народам талерантным, большым за нацыю, у якім адчувалі б роднай беларускую зямлю і сваёй беларускую дзяржаву ўсе і кожны, хто тут жыве.

Магчымасць быць роўнымі сярод роўных у якасна новай чалавечай супольнасці беларусамі не страчаная, але спраўдзіцца яна можа толькі тады, калі з сённяшняй Беларусі, краіны недэмакратычнай і несвабоднай, мы здолеем стварыць Беларусь дэмакратычную, адкрытую, свабодную. 3 цяперашнім рэжымам, з сённяшняй уладай мы такой Беларусі мець не будзем, як бы мы і пра што з гэтай уладай ні дамаўляліся. Прайшоўшы свой шлях кампрамісаў і дамоўленасцяў, якія я тры гады таму яшчэ лічыў магчымымі, папярэджваю: дамовяцца - і падмануць. Гэта ўлада татальнай маны.

Кожны ў будучым бачыць сваю Беларусь, кожны сам вызначае, хто і што замінае ёй стаць Беларуссю, і робіць свой выбар, Толькі калі некаму можна таіцца і цягнуць да апошняга, да самага прыходу на выбарчы ўчасгак, дык пісьменнікам такой лёгкай долі не выпадае. Ну, вось давайце як заўгодна, як анучы, будзем выкручвацца, але не выпадае... У сённяшняй сітуацыі не аб'яўлены выбар і не заяўлена пазіцыя, - прычым любы выбар, любая пазіцыя - гэта не проста адсутнасць выбару і пазіцыі. Гэта значна горшае, пра што я, не любячы прылюдна ўжываць рэзкія, а тым больш крыўдныя словы, лепей перамаўчу. Калі мы калектыўна здрадзім Купалу, усім вялікім папярэднікам, на якіх прынародна маліліся самі і вучылі маліцца народ, здрадзім іх кнігам, на якіх, як на Святым Пісанні, кляліся, здрадзім усяму таму, што адстойвала, за што памірала і ў імя чаго ўваскрасала беларуская літаратура, дык адпаведныя словы ўслед Саюзу беларускіх пісьменнікаў знойдзецца каму сказаць. Людзі гэтыя толькі-толькі нарадзіліся і пакуль не ўмеюць ні думаць, ні гаварыць...

Уверх
  © 2004-2005 Дызайн і распрацоўка - Венско Дзмітрый aka sEXEcutor
© Усе правы захаваны. Перадрук матэрыялаў толькі са спасылкай на Nekliaev.by.