Уладзімір Някляеў - афіцыйны сайт
Уладзімір Някляеў - афіцыйны сайт
Паэзія Проза Драматургія Публіцыстыка Песні
Біяграфія Пераклады Прэса Фатаграфіі Мультымедыа
на галоўную
зваротная сувязь | аб праекце | гасцёўня | спасылкі | пошук
У пачатак раздзелу

"Я быў і застаюся грамадзянінам сваёй краіны"

Апублікавана ў газеце "Народная воля" № 131 (713) 21 лiпеня 1999 года

20 ліпеня ў Варшаве ў будынку сейма адбылася прэс-канферэнцыя старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Уладзіміра Някляева. Вядомага паэта прадставіў журналістам дэпутат Сейма, намеснік старшынi камісіі Сейма і Сената Польшчы ў Савеце Еўропы прафесар Тадэуш Івіньскій. Уладзімір Някляеў зрабіў наступную заяву:

 

Заява
старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў, члена праўлення Саюза журналістаў Беларусі, члена міжнароднага РЕN-клуба, галоўнага рэдактара часопіса "Крыніца", паэта Уладзіміра НЯКЛЯЕВА.

20 ліпеня 1999 года ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь сканчаецца тэрмін паўнамоцтваў прэзідэнта Беларусі А.Лукашэнкі. Унесеныя ў Канстытуцыю па выніках непрызнанага міжнароднай дэмакратычнай супольнасцю антыбеларускага рэферэндуму 1996 года змяненнi, што доўжаць прэзідэнцкія паўнамоцтвы на два гады, не мелі і не маюць аніякіх прычын, якія можна было б вытлумачыць нацыянальнымі інтарэсамі дзяржавы. 3 гэтага вынікае, што змяненні ўнесены ў Канстытуцыю воляй А.Лукашэнкі, ініцыятара рэферэндуму, выключна ў асабістых, карыслівых мэтах.

Дэмакратыя - не універсальная мадэль дзяржаўнага ўладкавання, аднак для Беларусі, ад часоў Вялікага княства Літоускага, еўрапейскай краіны, яна найбольш арганічная і аптымальная. Таму дэмакратычнай супольнасці, у тым ліку Расіі, і перш за ўсё дэмакратычнай Расіі, варта без ваганняў не толькі выказаць, але і выявіць супраціў дыктатарскім тэндэнцыям на Беларусі, аказаць рэальную падтрымку яе дэмакратычным сілам. Падпісваць якія б там ні было палітычныя пагадненні з нелегітымнай уладай цывілізаваным краінам проста не да твару.

А.Лукашэнка скарыстаў дэмакратыю, традыцыі якой былі адноўлены на Беларусі рухам нацыянальнага Адраджэння, для ўсталявання рэжыму асабістай улады. Рэжым асабістай улады ён скарыстоўвае для ўсталявання дыктатуры. Ад 21 ліпеня 1999 года ёсць усе прававыя падставы для таго, каб сцвярджаць, што ў Беларусі існуе дыктатура i ўладарыць дыктатар - нелегітымны прэзідэнт.
Нацыянальная асаблівасць варыянту беларускай дыктатуры ў тым, што яна не ўсведамляе сябе дыктатурай, няўцямна разводзіць рукамі перад усім светам: ну дзе вы тут дыктатуру бачыце? Прэзідэнт А.Лукашэнка дэманструе пры гэтым найвялікшую здольнасць палітыка: быць гранічна няшчырым і не ўсведамляць таго. У тым якраз і асаблівая небяспека ягонага палітычнага таленту і ўсталяванага ім рэжыму.

Пяць гадоў таму А.Лукашэнка быў абраны прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь сапраўды дэмакратычным шляхам. Але народ галасаваў за дэмакратыю, а не за дыктатуру. Народ адмаўляўся ад таталітарызму, адвяргаў несвабоду, абіраў прэзідэнта незалежнаій краіны. Сёння гэтая краіна на мяжы страты суверэнітэту, якім прэзідэнт бессаромна гандлюе. Незалежнасць ён гатовы ахвяраваць уладзе і расправіцца з усімі, хто ў тым яму супрацьстаіць. Менавіта праз гэта я і вымушаны быў часова пакінуць Беларусь.

"Няхай знойдзе ў сабе мужнасць вярнуцца, у яго ў Беларусi няма пряблем", - перадалі мне словы прэзідэнта. Гэта не так, у Беларусі ёсць праблема, агульная для ўсіх. Гэтая праблема -- дыктатура. Гэта Аляксандр Лукашэнка павінен знайсці ў сабе мужнасць прызнаць рэаліі, перапыніць прэзідэнцкiя паўнамоцтвы, перадаць парламенту ўладу, якая болей яму не належыць, спраўдзіць закон, Канстытуцыю, на якой прысягаў ён верай праўдай служыць Беларусі.

Народу можа засціць зрок
Без дай прычыны.
Ды бачыць Божа кожны крок
На звод Айчыны.
Увочы вам адплаты час
Зірне сурова.
Каб дзеці апраўдалі вас -
Вярніце мову.
Няма пачаткау і канцоў,
Усё - працяг.
Каб не ўскіпела ў жылах кроў -
Вярніце сцяг.
Улады сверб,
што вас скубе,
І славы сверб -
Пакіньце ўсё сваё сабе,
Вярніце герб.
Дальбог, пра гэта не са зла
Малюся ў скрусе,
А каб зямля вас прыняла
На Беларусі.

У мяне няма запасной Радзімы, я быў і застаюся грамадзянінам сваёй краіны, ва ўсім гатовым падзяліць яе лёс, апроч несвабоды.

20 ліпеня 1999 гада.
Варшава.

Уверх
  © 2004-2005 Дызайн і распрацоўка - Венско Дзмітрый aka sEXEcutor
© Усе правы захаваны. Перадрук матэрыялаў толькі са спасылкай на Nekliaev.by.